Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
— Толькі падыдзі!..
— Пан Вацлаў, ратуйце! — залямантаваў маленькі чалавечак у шэрай сутане і, павярнуўшыся, пабег да дзвярэй.
Петрык пусціў у яго шабляй. Маленькі чалавечак у шэрай сутане паваліўся, працягнуўшы рукі праз парог. Побач з ім упала свечка. Кволы язычок агеньчыка мільгануў у цемры і патух.
Петрык выскачыў з акна і паімчаўся дадому.
Песня продкаў
3 таго вечара, як Яніна перад гасцямі зняла шапку з галавы Адама, ціха стала ў маёнтку Вацлава Станішэўскага. Навакольныя шляхціцы за вярсту аб’язджалі маёнтак, а, заўважыўшы самога Вацлава, уцякалі ад яго як ад халеры. Шэптам (не дай Бог д’ябал пачуе) яны перадавалі адзін аднаму, што д’ябал не толькі паставіў метку на лбе гайдука Адама, але і манаха знішчыў.
Вацлаў Станішэўскі пасля ўсёй гэтай калатнечы неяк адразу змізарнеў, пастарэў. Ён амаль не выходзіў са свайго кабінета і нікога да сябе не падпускаў. А Адам быццам здзічэў. Насунуўшы да вушэй шапку, цэлымі днямі лазіў па кустах, як бы чагосьці шукаючы. Баяліся яго людзі, стараліся не сустракацца з ім. А калі, здаралася, сутыкаліся нос у hoc, то хрысціліся і потым доўга маліліся, просячы Бога, каб не дапусціў, адагнаў ад іх д’ябла.
Пра ўсё гэта Петрык праведаў ад Яніны.
— Наш манах галаву сабе разбіў. Кажуць, што ад д’ябла ўцякаў,— паведаміла Яніна.
— Напэўна,— паціснуў плячыма Петрык.
— Мусіць, нехта з п’яных гасцей яго штурхнуў, а звалілі на д’ябла,— выказала здагадку Яніна.
— Мусіць,— кіўнуў галавою Петрык. Так і не прызнаўся ён Яніне, што пусціў шабляй у маленькага чалавечка ў шэрай сутане. Чамусьці не павярнуўся язык сказаць ёй пра гэта.
Маленькі чалавечак у шэрай сутане некалькі начэй запар у сне да яго прыходзіў. Прыйдзе, сядзе ў парозе і сядзіць, трымаючы ў руках згаслую свечку. А праз колькі дзён раніцай Петрык сустрэў каля ракі Адама. Адам ішоў сцяжынкаю, якая вяла ўздоўж берага, парослага лазняком.
«Чаго ж ён тут лазіць? Нешта вынюхвае, няйначай»,— думаў Петрык, стаіўшыся ў кустах.
Калі Адам мінуў яго, ён назіркам накіраваўся за ім. Петрык не баяўся Адама, бо ведаў: у густым лазняку Адаму яго не дагнаць.
Сцяжынка бегла ўздоўж лесу, які злучаўся з лазняком.
Каля самага лесу Адам спыніўся, азіраючыся, а з лазняку вылез бацька.
— Чаго ты мяне клікаў? — звярнуўся да яго Адам.
— Такі ж паставіў табе сваю метку д’ябал! — з дакорам прагаварыў бацька.
— Чаго клікаў? — паўтарыў Адам.
— Справа ёсць.
«Бацька сам паклікаў Адама, дамовіўся сустрэцца з ім. Няўжо прапануе яму мір заключыць? Дык лепей з галодным шалёным ваўком, чым з гэтым гайдуком»,— падумаў Петрык.
— Якая справа? — буркнуў Адам.
— Хачу дапамагчы табе.
Адам аж языком прыцмокнуў.
— Ты — мне?
— Я. Табе. Рана ці позна, а знішчыць цябе Вацлаў Станішэўскі. Адляжыцца, ачомаецца і знішчыць. Ты для яго цяпер як скула ў баку.
— Сам ведаю,— буркнуў Адам.
Петрык слухаў і ніяк не мог даўмецца. Чаму бацька стараецца дапамагчы Адаму? Няўжо так моцна шкадуе яго?
— Слухай, Адам. У лесе мой бацька...
— Юстын? — перапыніў Адам.
— Юстын... Юстын... Ён скарб у лесе закапаў. Якраз перад апошнім паходам, нібы адчуваў, што гора пастукаецца ў наш дом.
— Ты мне бацькаў скарб падаруеш? — зарагатаў Адам.
— Хачу адкупіцца ад цябе.
Петрык не пазнаваў бацьку. Адаму аддае дабро, нажытае дзедам Юстынам. He пахваліў бы бацьку дзед Юстын, калі б раптам праведаў пра гэта.
«Татка, што робіш?» — хацелася крыкнуць Петрыку, але ён маўчаў, ловячы кожнае слова.
А бацька дастаў з куста рыдлёўку і працягнуў яе Адаму.
— Бяры! Завяду цябе. Выкапаеш скарб.
— Пістолю аддай,— чмыхнуў Адам.
— Пістолю не аддам, бо не веру табе,— адказаў бацька.
Штосьці падобнае да ўсмешкі прабегла па Адамавых вуснах.
— I правільна робіш, што не верыш. Гэтымі днямі я часта круціўся каля вашай хаты.
— Ведаю,— сказаў бацька.
Адам узяў рыдлёўку.
— Паўлюк, а не застрэліш ты мяне?
— Калі б хацеў, то застрэліў бы, як набліжаўся ты да мяне.
— Але,— кіўнуў галавою Адам.— Значыць, забяру я скарб. А потым?.. Што ты ад мяне хочаш?
— Змыешся адгэтуль. Перабярэшся туды, дзе ніхто цябе не ведае. 3 золатам і без Станішэўскага пражывеш. Згодзен?.. Глядзі, бо перадумаю!..
— Хадзем,— сказаў Адам і пашыбаваў сцяжынкаю.
Бацька накіраваўся за Адамам.
I Петрык падаўся следам. He, ён не пакіне бацьку самнасам з Адамам. Невядома, што ў гайдука ў галаве. Як малы, даверыўся яму бацька.
Сонца ўжо стаяла ў зеніце, а бацька ўсё вёў Адама па лесе. I Петрык, крадучыся, ішоў за імі.
Знаёмы лес даўно скончыўся. Яны ўвайшлі ў густы, змрочны ельнік, дзе, як здалося Петрыку, ні разу не ступала нага чалавека.
— Паўлюк, куды ты мяне вядзеш? — занепакоіўся Адам.
— Туды, туды! — два разы паўтарыў бацька.
— Хутка дойдзем?
— Хутка. Пацярпі.
«Ніколі мы не выберамся з гэтай глухамані,— тахнула Петрыку ў галаву.— Бацька знарок вядзе Адама ў самы гушчар. Ахвяруе сабою. Каб мы жылі. Каб не кружляў Адам каля нашай хаты, як галодны воўк. Ды не ведае бацька, што і я за ім увязаўся. Усе траіх мы тут застанёмся».
Неспадзявана з гушчару данёсся стогн. Так стогне карова, якая, трапіўшы ў багну, сіліцца вылезці...
— Паўлюк, што гэта? — закруціў галавою Адам.
— Зараз яшчэ не тое пачуеш! — прамовіў бацька.
I праўда, з гушчару данеслася гудзенне пчалінага рою. Гнеўнае, трывожнае... А затым быццам хвалі на бераг набеглі, плёснулі...
«Дзе ж мы? Дзе? — з трывогаю думаў Петрык.— Няўжо на тым свеце?»
— Я далей не пайду,— упёрся Адам.
— Як хочаш,— абыякава сказаў бацька і пакрочыў далей.
Адам дагнаў яго.
— He адставай,— кінуў на хаду бацька.
Стогн жывёлы, плёскат хваляў, гудзенне пчалінага рою усё мацней, усё выразней...
Лес нечакана расступіўся, і Петрык убачыў незвычайную паляну. Уся яна была пакрытая белым, што снег, пяском. Нібы дзівосныя іскрынкі, у пяску блішчалі, пераліваліся залацінкі.
А плёскат хваляў, стогн жывёлы, гудзенне пчалінага рою, быццам незвычайны спеў, гучыць мацней і мацней, разрываючы скроні...
— Тут скарб закапаны,— тыцнуў рукою бацька, паказаўшы на белы пясок.
— Мой! — нібы лось, зароў Адам. Ён з разбегу ступіў у пясок і праваліўся, як у дзірку. I войкнуць не паспеў. Быў — і няма.
Дзіўны спеў адразу сціх.
— Татка!..— Петрык падбег да бацькі.— Татка, я за вамі ішоў...
— Бачыў я цябе, сынок.
— Татка, Адам...
— He шкадуй яго. Ён даўно пагібель сабе шукаў
Ён праваліўся, бо пракляцце на ім ляжыць?
— He. Гэты пясок што дрыгва. Макам рассыпаюцца пясчынкі, калі раптам ступіш. Нямногія ведаюць пра гэтае месца. Калісьці дзед Юстын мне яго паказаў. Расказваў, што даўным-даўно тут было паселішча, якое засыпаў пясок. Чуў, як праз пясок галасы нашых продкаў даносіліся?
— 3 таго засыпанага паселішча?
— Але, адтуль, з глыбіні стагоддзяў.
— А чаму пясчынкі так блішчаць?
— У пяску бурштын залацінкамі рассыпаны. Ён і блішчыць.
— Тут няма дзядулевага скарбу? Падмануў ты Адама?
— Ён сам сябе падмануў.
Зноў пачуўся плёскат хваляў, зноў гнеўна загудзеў пчаліны рой...
Продкі зноў завялі сваю адвечную песню.
Нясуцца коні...
У гэты дзень, калі белы пясок паглынуў сквапнага Адама, Яніна і Мар’яна сядзелі каля сажалкі.
— Баюся я,— прызналася Мар’яна.— Бяда будзе, калі твой бацька нас заспее.
— He бойся,— супакоіла сяброўку Яніна.— Я ж табе казала, што ён у кабінеце зачыніўся і сядзіць.
Спакойна, непрыкметна прабеглі апошнія дні для Яніны. He з’язджаюцца госці, ніхто не пільнуе, не забараняе. Ідзі куды хочаш, рабі што ўздумаецца. Праўда, ўвечары, калі раз’ехаліся госці, доўга дапытваўся ў яе бацька, як яна даведалася, што метка д’ябла на лбе ў Адама.
«Буду маўчаць як рыба»,— вырашыла яна. I маўчала, зарок сабе даўшы. Hi слова не вымавіла. Мусіў адступіцца бацька.
Да берага падплылі лебедзі з падрэзанымі крыламі. Глядзяць на дзяўчынак, час ад часу галовамі ківаюць.
— Мар’янка,— кажа Яніна,— бацька хацеў бы, каб і я была, як гэтыя лебедзі з падрэзанымі крыламі. Каб дома сядзела, анікуды не выходзіла. А мне вольнай птушкай хочацца быць.
— I птушкам нялёгка,— адказвае Мар’яна.— На зіму ў чужыя краі трэба ляцець.
Яніна пазірае на Мар’яну.
— Мар’янка, калі б ты раптам стала птушкай, змагла б паляцець у чужыя краі на ўсю зіму?
— He,— круціць галавою Мар’яна.—У чужым краі мне і адзін дзень годам здаўся б. He вытрывала б я там. Мне тут добра. Каб толькі твой бацька не палохаў нас...
Цяжка ўздыхнула Яніна.
— Янінка, а ты, як птушка, змагла б у чужыя краі паляцець? — цікавіцца Мар’яна.
— Мар’янка, тут магілка маёй мамы...
Нездарма хвалявалася Мар’яна. Бывае, што і мядзведзь з берлагу сярод зімы вылазіць.
Як з-пад зямлі, з’явіўся Вацлаў Станішэўскі, загрымеў, бы гром нябесны:
— Яніна, у Варшаву завязу! Там будзеш жыць!
— Уцяку з тваёй Варшавы! — усклікнула Яніна.
— He ўцячэш. Сам там застануся, цябе буду пільнаваць. Збрыдзела мне тут! — Вацлаў Станішэўскі пляснуў Яніне па твары.
— Мар’янка, ратуйся! — крыкнула Яніна.
Мар’яна павярнулася і паляцела, не чуючы зямлі пад сабою.
Хутчэй, хутчэй... У Варшаву Яніну павязуць. Петрыку пра гэта трэба паведаміць. Мо ён што-небудзь прыдумае... Мо яшчэ тут застанецца Яніна...
А Петрык толькі што вярнуўся з лесу. Здалёк заўважыў сястру і пабег насустрач.
— Сястрычка, што зноў нарабілася?
— Братка, бяда! — цяжка дыхаючы, прамовіла Мар’яна.— Ён Яніну ў Варшаву павязе! Што нам рабіць?
Петрык не паспеў адказаць. На дарозе паказалася карэта, запрэжаная парай коней. Яна імкліва набліжалася.
— Братка-а! — праз плач крыкнула Мар’яна.
Нясуцца коні... Зусім блізка карэта... Параўнялася на імгненне... Прамільгнуў у акне заплаканы Янінін твар...
Над лесам апускалася сонца. Заўтра прачнецца яно. Прабіўшыся праз змрок, святло падорыць наваколлю.
ЭЛЬДАРАДА ПРОСІЦЬ ДАПАМОГІ
Прыгодніцка-фантаст ы чная аповесць
Частка першая
Няпрошаныя ГОСЦІ
Ці ёсць краіна Эльдарада?
Той цёплы сакавіцкі дзень — першы дзень нашых школьных канікулаў — памятаю як сёння.
Зранку я пайшоў за вёску, на раку. Непрыкметнай тоненькай нітачкай цягнецца на карце наша рака. А мы ведалі, што тут і віры круцяць на паваротках, што ёсць і яміны-бухты трохметровай глыбіні, і брод. Ведалі, дзе пантоны ляжаць, засмоктаныя пяском. Тут у тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртым годзе нашы салдаты перапраўляліся...