Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
Вы, вы... Бабы ў штанах.
Павярнуўшыся, яна шпарка пакрочыла дарогаю.
Вось дык Наташа! Узнагародзіла нас мянушкаю! «Бабы ў штанах...» Няўжо мы так да іх падобныя?
— Глянь, пайшла! У Дворны сад! — вырвалася ў мяне.
— Пайшла,— заморгаў вачыма Міхась.
Няёмка яму стала. Што ж, лішняга ён нагаварыў.
Да Дворнага саду было два кіламетры, не меней. Спачатку трэба было ісці праз поле, да рэчкі, і ўжо далей, паўз рэчку, дарога вяла проста да Дворнага саду.
Дворным садам называюць у нас былую панскую сядзібу. Некалі, як расказвалі старэйшыя, у Дворным садзе стаяў вялікі панскі палац. А вакол палаца быў прыгожы парк з сажалкамі, дзе гадаваліся карпы, карасі.
Цяпер ад палаца засталіся толькі напаўразбураныя сцены, густа парослыя кустамі. Да падмурка вядуць ўтравелыя дарожкі між старых ліп. Скрозь у Дворным садзе зараснікі бэзу, дзікай шыпшыны. 3 гэтых кустоў іншы раз і днём нялёгка выбрацца. А цяпер, калі цямнее, калі шэры паўзмрок ахутаў наваколле?..
— Наташа, вярніся! — крыкнуў я.
А яна нават не павярнулася.
— Яе цяпер і на ровары не дагоніш,— прагаварыў Міхась.— Пайшлі за ёю. Нядобра адну пакідаць.
I мы пайшлі за Наташай.
Вось яна павярнула на поле. Праз поле да рэчкі — гэта мы добра ведалі — вяла ўтаптаная сцежка. Ды ў цемры не заўважылі, мінулі яе. Вяртацца, шукаць тую сцежку не было калі. Наташа ўжо даволі далёка адышлася ад нас. Месячы чаравікамі коўзкую зямлю, пайшлі напрасткі. Зямля прыліпала да падэшваў, чаравікі сталі як пудовыя, мы ледзь выцягвалі ногі. Здавалася, што полю не будзе канца.
— Наташа! — галёкнуў Міхась.
Наташа не азвалася.
— Каб спынілася, то адразу прабачэння папрасіў бы,— цяжка сапучы, прамовіў Міхась.
Нарэшце выйшлі да ракі, на дарогу. Хутчэй, цяпер можна хутчэй. Там, удалечыні, у змроку, маленькая Наташына постаць.
— Дворны сад ужо недалёка,— глуха прагаварыў Міхась.
— He. Яшчэ далёка,— кажу я.
— Табе проста здаецца. Сёння туман па зямлі сцелецца. У такое надвор'е дрэвы заўсёды здаюцца больш аддаленымі.
— Я пра гэта не чуў.
— Закон оптыкі трэба ведаць. Ад дрэваў адбіваецца святло, а туман яго рассейвае. Таму дрэвы меней асветленыя. Вось і здаецца, што яны знаходзяцца далёка ад нас.
Па праўдзе сказаць, мяне цяпер не цікавіў закон оптыкі. Лепей я фільм па тэлевізары паглядзеў бы. Вёска далёка ззаду, здзічэлы панскі парк наперадзе.
— Пабеглі,— прапанаваў я Міхасю.— Дагонім Наташу, вернем яе. Калі і прабачэння папросім, то карона з нас не спадзе.
— Пабеглі.
Мы пабеглі, пазіраючы наперад. Дзе ж Наташа? Ага, здаецца, вунь, на ўскрайку парку спынілася, стаіць. Усё-ткі баіцца ісці ў парк.
— Стаіць. Бачыш?
— Угу,— выдыхнуў Міхась.
— Хай крыху палекаціць. Хутка сама вернецца.
Мы спыніліся. А Наташа ўсё стаіць, чамусьці не вяртаецца. Няўжо ёй зусім не страшна?
— Трэба клікаць,— сказаў Міхась.
I ў гэты момант да нас данёсся крык, тоненькі-тоненькі: «О-о-ой!» Гэта, я мог прысягнуць, крычала Наташа.
Мы з Міхасём як аслупянелі. He ведаю, як у Міхася, але ў мяне валасы на галаве, здалося, падняліся.
Некалькі хвілін мы стаялі як у здранцвенні. Першым апамятаўся Міхась.
— Ты чуў?
— Чуў. Наташа крыкнула.
— А дзе яна? Дзе? Яна стаяла там. Цяпер няма.
Сапраўды, там, дзе мы нядаўна бачылі Наташыну постаць, цямнеў здзічэлы кустоўнік.
Сустрэча з чалавекам-жабай
— Што будзем рабіць? — запытаўся Міхась.
Я пацепнуў плячыма.
— Схаваемся і будзем назіраць за паркам,— кажу я.— Магчыма, заўважым кагосьці. Нам пакуль нельга туды ісці.
— Чаму гэта?
— А калі і нас там схопяць? Хіба не разумееш?
Міхась уздыхнуў.
Мы прыселі і пачалі назіраць за паркам. А ў парку хоць бы сучок трэснуў
— Пакрычым? — нахіліўся да мяне Міхась.
— А калі той, што Наташу схапіў, сюды прыйдзе?
- Марозік, а мы не верылі ёй,— сказаў Міхась.— Смяяліся. Той, з Эльдарада, яе схапіў. Мы вінаватыя.
Так, вінаватыя. Што ж рабіць? Што? Вярнуцца ў вёску і паклікаць людзей? Вядома, людзі прыбягуць, калі даведаюцца, што здарылася. Але ці не наробім гэтым самым яшчэ горшай бяды? Тыя альбо той (хто ведае, колькі іх там) таксама ў шапку не спяць. Падымуцца і паляцяць. Хіба ім доўга? I Наташу з сабою забяруць. I мы ўжо ніколі не ўбачым яе.
На мае вочы набеглі слёзы. Я выцер іх рукавом і звярнуўся да Міхася:
— Трэба ў Дворны сад ісці. Пакуль не позна. Трэба выратаваць Наташу.
— Трэба,, бо пасля хоць з вёскі ўцякай. Што мы людзям скажам?
Асцярожна, трымаючыся побач, мы пайшлі ў Дворны сад. Вось і той ускраек, дзе была Наташа. Сцяною стаіць бэз, далей, шырока расхінуўшы галіны,— ліпы.
— Направа дарожка,— прашаптаў Міхась.
Мы звярнулі на дарожку. Што там чакае нас? Адзін крок, другі, трэці... Я азірнуўся. Ззаду шырокаю палоскаю
цягнецца поле. А тут, у парку, цемрадзь, хоць вока выкалі.
— Кар-р-р, кар-р-р,— пачулася над галавою.
Я спыніўся. У грудзях пахаладзела.
— В-варона. Н-не бойся,— прашаптаў Міхась.
Яшчэ крок, яшчэ. Здаецца, там, далей, паваротка. За гэтай павароткай руіны палаца. Туды нам трэба, туды... Там тыя, з Эльдарада, хаваюцца.
I тут... He ведаю, хто першым з нас убачыў перад сабою чалавека-жабу. Увесь ён быў зялёны, а вочы вялізныя, пукатыя. Пра такога нам бабка Тэкля расказвала.
Гэтая пачвара, пэўна, таксама не чакала, што нас убачыць, бо спынілася, пазіраючы сваімі вялізнымі вачыма.
— Чалавек-жаба! — вырвалася ў мяне.
Мы з Міхасём імгненна павярнуліся на сто восемдзесят градусаў і як мага хутчэй памчаліся назад, на поле.
Міхась апярэдзіў мяне. «Дагоніць чалавек-жаба. Зловіць. Мяне зловіць»,— мільганула ў галаве.
He ведаю, адкуль сілы з’явіліся, але я за якую секунду абагнаў Міхася. Мы беглі, беглі, нічога не цямячы, пакуль, зняможаныя, не ўпалі на мяккую раллю.
Мы сядзелі на зямлі. Вясенняя ноч атуляла ласкавым цяплом наваколле. Паўсюль было ціха і спакойна. He верылася, што ў такую лагодную ноч можа здарыцца штосьці страшнае. I тое, што згінула Наташа, і тое, што мы сустрэлі ў Дворным садзе агіднага чалавека-жабу, здавалася сном.
— Міхась, мы ўсё гэта не снім?
— He снім,— адгукнуўся Міхась.
— А калі гэта нам здаецца? Я чытаў пра бельгійскага хіміка Жака Перо. У яго ўзарвалася лабараторыя. Дык пасля ўсе прадметы ён стаў бачыць толькі перавернутымі. Ці не здарылася і з намі нешта падобнае?
— Няшчасце беднага Жака Перо яшчэ паўбяды,— сказаў Міхась.— Свой зрок, я думаю, ён вылечыў. Для гэтага
прызматычныя акуляры носяць. А вось у нас сапраўдная бяда. Нам цяжэй. Цяжэй, бо нічога нам не здаецца. Ёсць чалавек-жаба. Дарма бабцы Тэклі не паверылі. Блукае ён у Дворным садзе.— Міхась скрыгітнуў зубамі: — Як уяўляю, у чые рукі Наташа трапіла, дык... Чаму гэтая пачвара, як гаспадар, ходзіць па нашай зямлі? Чаму?
Я крануў Міхася за плячо.
— Міхась, хадзем зноў у Дворны сад. Крыху адпачнём і пойдзем. Мы выратуем Наташу.
У прышэльцаў з Эльдарада
Пра тое, што здарылася з Наташай, мы даведаліся пазней. Паспрабую перадаць тое, што яна нам расказала. Наташа, паспрачаўшыся з намі, цвёрда вырашыла ісці ў Дворны сад адна. Яна чула, як мы з Міхасём крычалі, як клікалі яе. Падышоўшы да Дворнага саду, яна заўважыла, што ў кустах мільганулі дзве постаці. Падумала, што мы з Міхасём апярэдзілі яе, што хочам напалохаць. «Хлопчыкі, вылазьце»,— паклікала.
Але ніхто не азваўся. Толькі на самым ускрайку трэснула сухая галінка. Нібыта на яе нагою наступілі. Цяпер Наташа пашкадавала, што пайшла ў Дворны сад. Толькі азірнулася — і тут на яе накінуліся. «Аво-о-ой!» — крыкнула яна. Памкнулася, каб вырвацца, ды дарэмна. Ёй закруцілі рукі назад, моцна звязалі вяроўкаю. А пасля, штурхаючы ў спіну, павялі. Яна спатыкалася, галінкі балюча сцёбалі па твары, а яе штурхалі, вялі наперад. Двое, якія вялі яе, былі ў зялёных камбінезонах. А твары... Твары да жудасці агідныя: пукатыя вочы, скура на шчаках абвіслая, шэрая...
Нарэшце Наташа ўбачыла камяніцу панскага палаца. Яе прывялі ў скляпенне. У гэтае скляпенне яна не раз лазіла з намі. Тады было цікава, а цяпер...
У скляпенні гарэла свечка. Прыхінуўшыся да сцяны, сядзеў чалавек, як дзве кроплі вады падобны да тых двух,
якія яе прывялі: і вочы пукатыя, і шчокі шэрыя, абвіслыя, і гэткі ж зялёны камбінезон.
— Палонную прывялі,— звярнуўся да яго адзін з тых, хто вёў Наташу.— Яна нам усё раскажа.
Другі моцна піхнуў яе ў спіну.
— Сядай.
Наташа села ў самы куточак, каб толькі далей ад іх.
— Прагаладаліся мы, Кока-Кола,— прагаварыў той, які піхнуў Наташу.
Гаварылі яны па-нямецку. Наташа ведала нямецкую мову. У нашай школе нямецкую мову вывучалі ўжо з першага класа. «Эксперыментальная, з лінгвістычным ухілам»,— вось так крыху мудрагеліста называлася наша школа.
Наташа не паказвала, што разумее іх.
Той, які сядзеў, устаў, выцягнуў з кутка пакоўную сумку, паставіў пасярод скляпення.
«Кока-Кола яго зваць»,— здагадалася Наташа.
— Бяры, Банан,— глуха прагаварыў Кока-Кола.— Ніколі ты не наясіся.
Банан расшпіліў сумку, дастаў з яе некалькі апельсінаў, падаў таму, з якім вёў Наташу.
— Частуйся, Кальмар.
«Кока-Кола... Банан... Кальмар... Якія ў іх дзіўныя імёны! А калі гэта не імёны, а мянушкі? Бандыты яны,— з жахам падумала Наташа.— He з Эльдарада людзі, проста бандыты».
Банан і Кальмар аблупілі апельсіны, пачалі есці, гучна цмокаючы жабінымі ратамі.
— Палонную пачастуйце,— прагаварыў Кока-Кола.
— Пацерпіць,— засмяяўся Кальмар.
Па спіне ў Наташы мурашкі забегалі.
— Рукі развязалі б,— сказаў Кока-Кола.— He ўцячэ.
Кальмар зыркнуў на яго пукатымі вачыма.
— Яна мяне за палец укусіла!
Кока-Кола падышоў да Наташы, выняў з кішэні нож, разрэзаў вяроўку.
Кальмар хацеў штосьці сказаць, але Кока-Кола апярэдзіў яго:
— He зыркай на мяне, не зыркай. Ведаю, што раблю.
Кальмар даеў апельсін.
— Мазалі баляць,— буркнуў.
— Будзе дождж,— сказаў Кока-Кола.
— Дождж? — падалося Наташы, з трывогаю перапытаў Кальмар.
— Будзе,— упэўнена сказаў Кока-Кола.— Перад дажджом заўсёды мазалі баляць. Атмасферны ціск паніжаецца. I пашыраюцца тканкі нагі. А цвёрды мазоль не здольны аднолькава пашырацца з мяккімі часткамі цела. Вось і раздражняюцца нервы.
— Бач ты! — здзіўлена прагаварыў Кальмар.— Залатая галава ў цябе, Кока-Кола. Нездарма сам Кляйн цябе паважае.
Наташа ўспомніла пра запіску. Кляйн, Кляйн... I там было такое прозвішча. Значыць, яны з Эльдарада. Значыць, прыляцелі. Кляйн, Кляйн...