Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
«Яшчэ не таму вас навучу,— хваліўся Кляйн.— Толькі вы мне пабудуйце лабараторыю».
Мы яшчэ не ведалі, што такое «лабараторыя». Але раз Кляйн захацеў — трэба будаваць. Кожны стараўся дагадзіць яму.
Пабудавалі лабараторыю, калючым дротам яе абнеслі. Калючы дрот Кляйн навучыў рабіць. Мы дзівіліся, чаму так абгароджваецца, а ён тлумачыў, што дзікіх звяроў баіцца.
I стаў Кляйн жыць у лабараторыі. Некалькі дзясяткаў індзейцаў з сабою забраў. Я таксама да яго трапіў. Зусім малым хлапчуком. Мяне і яшчэ трох хлапчукоў ён стаў розным навукам вучыць. Вучоба мне лёгка давалася. Неўзабаве я стаў першым вучнем у Кляйна. Кляйн вучыў фізіцы, астраноміі, геаграфіі, анатоміі.
Тады і пачаў ён расказваць мне пра сваё жыццё. «Я — немец. У Баварыі жыў, я доктар, прафесар,— казаў Кляйн.— Я шмат для навукі зрабіў. У мяне і ў Германіі свая лабараторыя была. Але тут мы з табой болей зробім. Увесь свет нам пазайздросціць».
Пазней я даведаўся, што Кляйн — фашыст. Ён казаў, што немцы — вышэйшая нацыя, якой усе павінны служыць.
Ён навучыў мяне гаварыць па-нямецку, а пасля — па-беларуску. Па-нямецку ён вучыў гаварыць ўсіх, хто ў яго працаваў. У яго пакоі вісела радыё. Калі мы слухалі перадачы з вашай краіны, ён ажно шалеў. Бегаў па пакоі і праклінаў вас. Ён расказваў, як яны, фашысты, ваявалі з вамі, беларусамі. Хваліўся, што сам вашых палонных расстрэльваў. А ў канцы вайны яго пасадзілі на самалёт і загадалі ляцець у адну маленькую лаціна-амерыканскую краіну. Каб там працаваў. Але самалёт загарэўся. Адзін ён цудам выратаваўся.
Я слухаў Кляйна і стараўся зразумець, чаму ён так моцна ненавідзіць вас. Ваша радыё многа мне расказала. Я даведаўся, што ваша краіна — вялікая краіна, што ваш народ — вялікі народ, што вы за шчасце для ўсіх, хто супраць такіх, як Кляйн.
А тут яшчэ такое стала рабіцца, такое... Са звычайнага маленькага павука-крыжавіка за некалькі тыдняў Кляйн вырасціў павука велічынёю з цялё. I пачаў гэтага павука, як ён сам казаў, выпускаць на паляванне. На нашых людзей. Павук лавіў іх і забіваў. А Кляйн ажно рукі паціраў: «Гэта мая новая біялагічная зброя. Я яшчэ не такое прыдумаю».
Людзі абурыліся, хацелі знішчыць Кляйна і ягоную лабараторыю, але ён, калі яны падышлі да лабараторыі, атруціў іх газам.
Нашы індзейцы сталі нейкімі бязвольнымі, бездапаможнымі. На Кляйна яны глядзелі як на ўсемагутнага чарадзея. I не дзіва. Ён паветра атручвае, яму павукі служаць. Хіба такога адолееш? Ён яшчэ пусціў пагалоску, што бессмяротны. Спачатку і я ў гэта паверыў. Дый як было не паверыць! Колькі гадоў ён у нас пражыў і амаль зусім не пастарэў!
Кляйн загадаў, каб вакол лабараторыі выкапалі вялікі роў, напоўнілі яго вадою і напусцілі туды піраньяў. Гэтыя маленькія рыбкі такія ж драпежныя і пражэрлівыя, як і сам Кляйн. Нават буйную жывёлу за некалькі хвілін здольныя аб’есці да костачак. У лабараторыю можна было трапіць толькі праз пад’ёмны мост. Дзень і ноч стаяла каля моста варта.
Ужо тады я здагадаўся, што Кляйн не бессмяротны. Здагадаўся, што ён дрыжыць за сваю скуру. Я стаў думаць, як мне знішчыць Кляйна і ягоную лабараторыю. Але за мною сачылі. Дый Кляйн адзін ніколі не хадзіў. I ў нас знайшліся такія, што, як сабакі, служылі Кляйну. Раней сярод нашага народа такога не страчалася.
А нядаўна Кляйн захварэў. Ніхто пра гэта не ведаў, бо ён зачыніўся ў сваім пакоі і нікога да сябе не пускаў. Сам лячыўся. Праз некалькі дзён ён выйшаў з кабінета схуднелы, згорблены. Я здагадаўся, што ён хварэў.
Кляйн выклікаў мяне да сябе і сказаў: «Кока-Кола, ты паляціш у Баварыю. Вось пакет. Апусціш яго ў паштовую скрынку і прыйдзеш на дамоўленае месца праз некалькі сутак. Цябе сустрэнуць маладыя людзі. Магчыма, хлапчукі. Яны скажуць пароль: “Доктар Кляйн прыслаў нам прывітанне”. Гэтых людзей прывядзеш да нас».
Я не сказаў вам, што Кляйн сканструяваў лятальны апарат, які ляціць далей і хутчэй, чым птушка. Гэтым апаратам ён навучыў кіраваць мяне. Сам Кляйн не часта лятае, не хоча на доўга пакідаць лабараторыю.
Я згадзіўся. Кляйн паслаў са мной яшчэ двух індзейцаў — Банана і Кальмара. Яны ў тэхніцы не вельмі разумеюць, але затое Кляйну аддана служаць. I вось утрох мы паляцелі ў Баварыю. Я цішком разарваў канверт, бо здагадаўся, што Кляйн задумаў нядобрае.
Я не памыліўся. Кляйн пісаў, што нядаўна пачуў пра тое, што на ягонай радзіме, у Баварыі, ёсць сапраўдныя патрыёты — нашчадкі Гітлера, якія стварылі арганізацыю
«Агонь і меч». Ён просіць, каб сюды, у Эльдарада, прыслалі здольных хлапчукоў, адданых фюрэру. Ён хоча зрабіць з іх сапраўдных вучоных, перадаць ім сакрэты новай біялагічнай зброі, якая дапаможа ім, нашчадкам Гітлера, заваяваць увесь свет. Яшчэ Кляйн пісаў, што вынайшаў такі прэпарат, які на пяцьдзясят гадоў падаўжае жыццё. Толькі на пяцьдзясят, не болей, і таму вучняў трэба прыслаць хутчэй, бо жыць яму не бясконца.
Я вырашыў не ляцець у Баварыю. Мы селі ў вас, у Беларусі. Кальмар і Банан, канечне, не ведалі, дзе мы спусціліся, а я сказаў, што мы ў Баварыі. Яшчэ сказаў ім, што пайду ў бліжэйшую вёску і кіну ў паштовую скрынку канверт. A яны заўпарціліся, відаць, здагадаліся, што за нос ваджу. Яны хітрыя, вельмі хітрыя. Кальмар забраў у мяне канверт і сам пайшоў у вёску. Ды ў кустах сустрэў нейкую бабулю, уцякаў ад яе і згубіў канверт. Банан вельмі раззлаваўся, крычаў на яго. Ну а я, пакуль яны сварыліся, непрыкметна кінуў у ваду бутэльку з запіскаю. Бутэльку ў кустах знайшоў. Я спадзяваўся, што хто-небудзь прачытае запіску, дапаможа нам пазбавіцца ад Кляйна.
А Кальмар і Банан, параіўшыся, вырашылі каго-небудзь у палон захапіць, у Эльдарада прывезці. Яны разумеюць, што Кляйн не даруе за згублены канверт. I тады, тады...
Кока-Кола закрыў твар рукамі. Яму, відаць, не хацелася ўспамінаць ні пра Кляйна, ні пра ягоных памагатых — Банана і Кальмара.
— Кока-Кола, гэта ты нас нядаўна ў парку сустрэў? — запытаўся Міхась.
— Я. Даруйце, што напалохаў. Вы смелыя хлапчукі. Я верыў, што вернецеся.
— А Наташа дзе? Банан і Кальмар яе схапілі?
— Банан і Кальмар. Гэтыя імёны Кляйн прыдумаў. Ён усё на нашай зямлі перайначыў. Вы яшчэ пабачыце.
— Пабачым? Як? — вырвалася ў мяне.
— Я вельмі хачу, каб вы паляцелі з намі ў Эльдарада. Вы дапаможаце мне знішчыць лабараторыю Кляйна.
Я скажу яму, што гэта вы з Баварыі, што вас накіравалі да яго. Вы не бойцеся: я пасля вас абазязкова назад прывязу.
— Мы не баімся,— сказаў Міхась.— Але Банан і Кальмар ведаюць, што ліст у арганізацыю «Агонь і меч» не дайшоў.
— Скажу ім, што хтосьці знайшоў канверт і апусціў у паштовую скрынку. Яны павераць. Хадзем са мною. Кожная хвілінка дарагая. Невядома, што з Наташай.
Кока-Кола надзеў на галаву агідную скуру і пайшоў у кусты. Мы з Міхасём пашыбавалі за ім.
«Яшчарка» доктара Кляйна
Праз некалькі хвілін мы падыходзілі да развалін панскага палаца. У мяне не было вялікага жадання ляцець у Эльдарада. 3 фашыстам Кляйнам страчацца, з павукомлюдаедам? He. Хацелася хадзіць на рэчку, чытаць кнігі, гуляць у футбол. Хацелася жыць, як жыў да гэтага, як жывуць усе.
«Наташу вызвалім, а там пабачым, як складзецца»,— прыкладна так разважаў я.
— Глядзі, глядзі,— тузануў мяне за руку Міхась.
Каля руін сцяны я ўбачыў штосьці вялікае, падобнае па сваёй форме да яшчаркі: зеленавата-бурага колеру, круглае, спераду завостранае, з доўгім хвастом. Яно стаяла на гэтым хвасце, падняўшы ўгору завостраны канец.
У маёй галаве мільганула думка: яшчарка-людаед, новая зброя доктара Кляйна. Зараз яна кінецца на нас.
Мы з Міхасём спыніліся. А незвычайная яшчарка, хутка-хутка вібрыруючы, стала зарывацца ў зямлю. Вось ужо да паловы схавалася.
— О-го-го! — моцна крыкнуў Кока-Кола, падбягаючы да яшчаркі.
Яшчарка пачала падымацца ўгору, вылазячы з зямлі.
Такога дзіва мы з Міхасём яшчэ ніколі не бачылі.
— Хадзіце сюды,— паклікаў нас Кока-Кола.
— А яшчарка не людаед? — гукнуў я здалёку.
— He. Гэта лятальны апарат доктара Кляйна. Вы адгадалі: ён называецца «Яшчарка».
Мы падышлі бліжэй.
— Дзіўна,— сказаў Міхась.— Апарат сам закопваецца ў зямлю.
— Сам,— кіўнуў Кока-Кола.— Вы калі-небудзь бачылі ў прыродзе яшчарку-кругагалоўку?
— He бачылі,— прызнаўся я.— Нам у школе расказвалі пра яе. Яна, як і гэты лятальны апарат, таксама закопваецца ў зямлю. Становіцца на хвост і вібрыруе.
■— Правільна,— сказаў Кока-Кола.— Кляйн, як бачыце, падобны апарат сканструяваў.
Нечакана «Яшчарка» тоненька-тоненька запішчала.
— Кальмар і Банан мне сігналяць, клічуць,— прагаварыў Кока-Кола.— Пачакайце. Я хутка вярнуся.
Кока-Кола падышоў да «Яшчаркі». У сцяне адчыніліся дзверцы. Кока-Кола залез у «Яшчарку», і дзверцы за ім зачыніліся. Быццам самі сабою.
Мы з Міхасём моўчкі пазіралі на «Яшчарку». «А што, калі гэты Кока-Кола заадно з Кальмарам і Бананам? — думалася.— Што, калі зараз усе яны кінуцца на нас? Уцякаць? Але ж Наташа там. Як яе выратаваць?»
Нясцерпна цягнуўся час. I вось дзверцы адчыніліся, на зямлю саскочыў Кока-Кола. Я адступіў на колькі крокаў.
— Дзе Наташа?
Кока-Кола ўсміхнуўся:
— Чаму Андрэй так злуецца? Наташа ў «Яшчарцы». Кальмар і Банан яе сцерагуць, не пусцілі да вас. У Эльдарада павязуць. Я сказаў ім, што вы з арганізацыі «Агонь і меч». Сказаў, што і Наташа з гэтай арганізацыі. Крыху палагоднелі. Ужо так скрыва не пазіраюць на Наташу. Вы паляціце ў Эльдарада? Дапаможаце нам?
3 «Яшчаркі» высунулася агідная жабіна галава.
— Кальмар,— шапнуў Кока-Кола.
— Хутчэй. Залазьце,— хрыпла крыкнуў Кальмар.
Кока-Кола падштурхнуў нас у плечы.
Што было рабіць?
Мы палезлі ў «Яшчарку».
Мы ляцім у Эльдарада
Наташа вельмі здзівілася, калі ўбачыла нас у «Яшчарцы». Яна памкнулася наперад, хацела штосьці крыкнуць, але Міхась прыклаў палец да вуснаў: «Тс-с-с...»
Кальмар і Банан заўважылі гэта, зашапталіся. Кока-Кола нешта сказаў ім, і яны супакоіліся. Пасля ўзяў за руку Наташу.
— Ідзі да сваіх сяброў. Ідзі.
— Ну што, цяпер папросіце ў мяне прабачэння? — першае, што пачулі мы ад Наташы.— Казала ж вам...
А ўсё-такі малайчына Наташа. Іншая дзяўчынка, калі б гадзіну пабыла з Бананам і Кальмарам, усю «Яшчарку» слязьмі заліла б. Вунь як Банан і Кальмар зыркаюць на нас. Штосьці не падабаецца ім. Ага, ужо скуры скідаюць. Узмакрэлі. Быццам пацукі. Век на такіх не глядзеў бы. Мне хацелася плюнуць, ды пашкадаваў прыгожых дываноў. I сцены, і падлога былі ў прыгожых дыванах. А столь дык люстраная.