• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

    Мой сябар Дон Кіхот

    Аляксей Якімовіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 333с.
    Мінск 2018
    50.59 МБ
    — Даўно вуліцу носам не падмятаў?
    — Чаравікі ціснуць?
    — Ведаеш, як у нас марш іграюць?
    — Паказаць?
    — Бацька не навучыў, то людзі навучаць!
    Алік з рогату аж заходзіцца. А Дон Кіхот то бялее, то чырванее. I раптам, чаго ніхто не чакаў, як крыкне:
    — Маўчаць!
    Стасік і Валік сумеліся, змоўклі, вачыма лыпаюць. I Алік нібы здзервянеў. Найшла каса на камень.
    — Вам захацелася пабіцца? — прамовіў Дон Кіхот.— У школу надакучыла хадзіць?
    — Ты ведаеш, што мы ў школу ходзім? — падаў голас Стасік.
    — Яшчэ ведаю, што сёння цыгарэты курылі і віно пілі. Хто так для вас пастараўся, хто пачаставаў? Які дабрадзей?
    — Мы толькі адну цыгарэту на дваіх выкурылі,— азваўся Валік.
    — Няхай дакажа, што віно пілі,— прамармытаў Стасік.
    Спалохаліся. Гаў — і зубы сцяў. Відаць, уцякуць. He давядзецца мне дарослых клікаць.
    — На крывую дарожку вы сталі! — прамовіў Дон Кіхот.
    — А ты не выхоўвай нас! — зноў узбурыўся Стасік.
    — Мы даўно выхаваныя,— агрызнуўся Валік.
    Я заўважыў, што Алік устаў з крэсла і накіраваўся да выхаду. Стасік і Валік бокам-бокам і за ім. Каля дзвярэй Алік шапнуў ім:
    — Цяпер не лезьце. Падумаем, як правучыць.
    — Падумаем,— сказаў Стасік.
    — Ад нас не ўцячэ,— хіхікнуў Валік.
    Значыць, не даруюць. Абавязкова нешта будзе. He даходзіць да Дон Кіхота. I навошта ён на ражон лезе? Няхай танцавалі б гэтыя дзесяцікласнікі, няхай галёкалі б. Нагалёкаліся б і разышліся.
    Неўзабаве і Дон Кіхот выйшаў з клуба. Я тузануў яго за рукаў.
    — Дон Кіхоцік, не лезь на ражон. Галава гуза шукае?
    — Ты чаго тут круцішся? — накінуўся на мяне Дон Кіхот.— Каму сказаў? Дадому!
    — Ведаеш, што мне Валік аднаго разу расказваў?
    — Што?
    — Расказваў, як Алік яго і Стасіка навучыў курыць. Даў цыгарэту і сказаў: «Пацягніце па разу». Яны пацягнулі. Кепска ім стала. Алік зарагатаў і пайшоў. А праз тыдзень зноў прычапіўся: «Пацягніце». Аднекваліся, ды Алік стаў смяяцца: «Вы не хлопцы, а бабы ў нагавіцах». Пацягнулі, каб даказаць, што не бабы. Так і прызвычаіліся. Алік спачатку ім сам цыгарэты купляў, а цяпер яны яму купляюць. Алік іх і піва піць навучыў. Ведаеш, як першы раз было? Алік у полудзень, калі поле араў, піва выпіў. У той дзень Валік і Стасік непадалёку круціліся. Паклікаў іх да сябе: «Выпіце і вы». Яны, канешне, пачалі адмаўляцца: «Не будзем. He будзем». Алік тады са злосцю кінуў: «Загадчыку ўчастка хочаце данесці на мяне?»
    — I выпілі?
    — Выпілі, бо баяліся, што на іх падумае, калі раптам загадчык участка праведае, як ягоны трактарыст на полі палуднуе.
    — Я буду змагацца за іх,— выслухаўшы, прамовіў Дон Кіхот.
    — За каго? — не дайшло да мяне.
    — За Стасіка і Валіка. На крывую дарожку яны збочылі.
    Я хацеў сказаць, што калі цялё нарадзілася з лысінкай, то з лысінкай і застанецца, але Дон Кіхот штурхнуў мяне ў плечы.
    — Дахаты. На адной назе!
    Я адбегся і зноў, як першы раз, назіркам падаўся за ім. Хіба я мог пакінуць аднаго? Што, калі Стасік, Валік і Алік дзесьці ў цемры стаіліся, пільнуюць?
    Да самай хаты правёў Дон Кіхота, крыху пастаяў і паімчаўся дадому.
    Батлейка ды іншае
    Так здарылася, што з Дон Кіхотам я не бачыўся некалькі дзён. Узлаваліся на мяне тата і мама. Усё-ткі ў нядзелю позна прыцягнуўся. Загадалі: «Каб з хаты ні нагою». Толькі ў сераду дазволілі пагуляць. Дый не дзіва: у гэты дзень я тры дзявяткі прынёс.
    А Дон Кіхот... Дон Кіхот у гэты дзень сядзеў каля хаты на лаўцы, абклаўшыся саломаю.
    — А-а, Санча Панса! — узрадаваўся, убачыўшы мяне.
    — Дон Кіхот, навошта табе салома? — здзівіўся я.
    Дон Кіхот выняў з кішэні маленькага лялечнага чалавечка, падобнага да даўняга селяніна. У яго былі ільняныя валасы, рудыя вусы, бровы, кірпаты нос, вочы з хітрынкаю. На нагах лапці, сам у доўгім каптане, торба за плячыма, вышываная кашуля.
    — Ведаеш, як яго завуць? — здалёк пачаў Дон Кіхот.
    Я паціснуў плячыма.
    — He.
    Дон Кіхот паглядзеў на мяне і ўздыхнуў.
    — Гэх ты!
    I чаго ён уздыхае? Гэтую ляльку па-рознаму можна назваць: і Міхасём, і Базылём, і яшчэ як. Хіба адгадаеш?
    — Яго завуць Максім,— сказаў я, каб не ламаць галаву.
    — He Максім, а Несцерка. Чуў пра такога?
    — He чуў,— шчыра прызнаўся я.— У нашай вёсцы ніводнага Несцеркі няма.
    — Гэх! — працягла ўздыхнуў Дон Кіхот.— Несцерка — герой нашых легенд і паданняў, наш нацыянальны герой. Гэта хітры, дасціпны селянін, які не толькі багацеяпана, але і цара разам з ягонымі баярамі вакол пальца мог абвесці. Чуў?
    — Краёчкам вуха.
    — Трэба было не краёчкам слухаць, а двума,— папракнуў Дон Кіхот.
    Неяк няёмка стала. Шмат даўніх герояў ведаю. I з нямецкіх паданняў і казак, і са шведскіх, і з дацкіх, і з арабскіх, а пра героя беларускіх паданняў — Несцерку — толькі краёчкам вуха чуў.
    — Ты сам Несцерку зрабіў? — запытаўся я ў Дон Кіхота.
    — Сам.
    Во які мой сябар! He толькі трактар умее рамантаваць, але і розныя лялькі рабіць. Майстар на ўсе рукі. А не прызнаваўся.
    — I кашулю сам вышыў?
    — Бабку Вольку папрасіў. Яна пастаралася.
    — Дон Кіхот, навошта табе Несцерка?
    — Для батлейкі.
    — Для якой яшчэ батлейкі? — здзівіўся я.
    — Э-э, ды ты нічога не ведаеш. Батлейка — гэта адзін з відаў лялечнага тэатра,— прагаварыў Дон Кіхот.
    I давай апавядаць. Упершыню я даведаўся, што быў батлеечны тэатр у Беларусі, што беларуская батлейка ўзнікла прыблізна ў шаснаццатым стагоддзі. Даведаўся, што слова «батлейка» мае і такое значэнне: скрынка накшталт невялікага дамка, падзеленая на верхнюю і ніжнюю часткі, у якіх пры дапамозе лялек разыгрывалася драма. Расказаў, што батлеечныя драмы ставілі студэнты і вандроўныя артысты.
    — I ў нас будзе свая батлейка? — усклікнуў я.
    — Некалі будзе,— прамовіў Дон Кіхот.— Гэта мая даўняя мара. Цяпер некалькі інтэрмедый хачу паказаць.
    Я вырашыў удакладніць:
    — Інтэрмедыя — гэта невялікая сцэнка?
    — Санча Панса, ты нешта ведаеш! — пахваліў мяне Дон Кіхот.
    — А калі ты іх хочаш паказаць?
    — На днях.
    «На днях...» Хлусіць і не смяецца. Каб падрыхтаваць інтэрмедыю, трэба не адзін дзень. Вось у нас у школе
    настаўнік, бывае, дасць невялікую сцэнку, каб падрыхтавалі на якое-небудзь свята, а пасля цэлы месяц за намі бегае, просіць, каб словы вывучылі. А Дон Кіхот, як відаць, хоча паказаць тыя інтэрмедыі, у якіх лялькі будуць дзейнічаць. Няпроста гэта.
    — He выйдзе ў цябе,— сказаў я.
    — Выйдзе,— прамовіў Дон Кіхот.
    Я не стаў з ім спрачацца. Выйдзе дык выйдзе.
    — Для чаго табе Несцерка патрэбны? — пацікавіўся я.
    Несцерка будзе галоўным героем інтэрмедый.
    — А другім героем?
    — Другім героем будзе Металіст.
    Мне здалося, што не пачуў.
    — Металіст?
    — Але, Металіст, які не любіць народную музыку і прызнае толькі цяжкі метал. Несцерка будзе высмейваць яго. Мы і дэкарацыю намалюем, і лялькі зробім. Паклічу малых, Стасіка, Валіка. Няхай Стасік і Валік збоку на сябе паглядзяць. Магчыма, нешта дойдзе. Буду за іх змагацца.
    Ну й Дон Кіхот! He Дон Кіхот, а сапраўдны дзед Усёвед. Ведае і пра батлейку, і пра Несцерку. Значыць, не адступаецца ад свайго, будзе змагацца за Стасіка і Валіка. Хоча, каб збоку на сябе паглядзелі. Ці дапаможа, ці дойдзе? Іх кожны тыдзень у школе на лінейку выводзяць. Настаўнікі так стараюцца, каб дайшло! Пра што толькі ім не гавораць! I пра культуру, і пра гонар, і просяць, і пагражаюць. А яны стаяць ды крыва ўсміхаюцца. У адно вуха ўлятае, а з другога вылятае. Добра таго страшыць, хто баіцца. Няхай працуе, няхай стараецца Дон Кіхот. Можна збоку паглядзець.
    — Давай, падводзь міну! — падахвоціў я.— Трэба падцерці нос нашым металістам.
    — Трэба,— кіўнуў Дон Кіхот.
    — I салома для інтэрмедыі патрэбна? На ёй Металісту захочацца спаць? — зноў пацікавіўся я.
    Дон Кіхот засмяяўся.
    — Санча Панса, я выберу лепшыя саломінкі і зраблю Несцерку брыль — саламяны капялюш. Такія капелюшы некалі сяляне насілі.
    А што калі крыху дапамагчы яму? Вунь колькі ў яго працы! I брыль трэба зрабіць, і Металіста, і дэкарацыі намаляваць. Вядома ж, Металіст у мяне не выйдзе. Я ў маляванні не такі ўжо вялікі спецыяліст. А лепшыя саломінкі змагу выбраць.
    — Дон Кіхот,— сказаў я,— давай дапамагу табе. Лепшыя саломінкі выберу.
    — Саломінкі я і сам выберу. Санча Панса, у цябе якая адзнака па мове?
    — Дзявятка.
    — Цудоўна! — прамовіў Дон Кіхот.— Напішаш інтэрмедыю.
    -	He змагу. Пасівею, а не змагу, Дон Кіхоцік!
    — Зможаш. У цябе дзявятка.
    Дон Кіхот выцягнуў з-пад саломы аркуш паперы, ручку і тыцнуў пальцам, паказаўшы на калодку, на якой звычайна колюць дровы.
    — Сядай там і пішы.
    Што было рабіць? Я ўзяў аркуш, ручку і сеў на калодку. Анічога ў галаву не лезе. I навошта прызнаўся, што дзявятка па мове? Трэба было схлусіць, сказаць, што чацвёрка альбо тройка. Саломінкі выбіраў бы. 3 чаго ж пачаць гэтую інтэрмедыю? 3 чаго? Зараз Дон Кіхот скажа, што мая дзявятка ліпавая.
    — Адным героем маёй інтэрмедыі будзе Несцерка, a другім хто? Дон Кіхот, як ты думаеш? — не вытрываў я.
    — Думаю, што другім героем можа стаць Драч-металіст.
    Я ледзь з калодкі не зваліўся, пачуўшы гэта.
    -	Драч-металіст? Птушкі, па-мойму, да такога яшчэ не дайшлі!
    — Драч — гэта алегорыя. Санча Панса, чытаў байкі Кандрата Крапівы?
    — He толькі чытаў, але і на памяць вучыў,— пахваліўся я.
    — У байках Крапівы дзейнічаюць звяры, птушкі, а мы разумеем, што гэта людзі. Так будзе і ў тваёй інтэрмедыі. Дайшло?
    — Дайшло. Як пачаць? — прамовіў я.
    — Можна так. «Жыў на свеце Драч».
    — Ты пачнеш расказваць за дэкарацыяй, а потым Драча-металіста пакажаш? — здагадаўся я.— Так?
    — Так,— кіўнуў галавою Дон Кіхот.— He перапыняй. Пачынаю спачатку.
    — Пачынай.
    — Жыў на свеце Драч. Ды сумна яму стала. Захацелася нешта такое паказаць, каб усе птушкі здзівіліся.
    — Памалей! — закрычаў я.— He паспяваю запісваць.
    — Далей сам прыдумай,— сказаў Дон Кіхот.
    «Прыдумай...» Проста сказаць. He лезуць думкі ў галаву, хоць ты плач.
    — He думаецца! — паскардзіўся я.
    Дон Кіхот і вухам не павёў.
    — Паварушы мазгамі, Санча Панса.
    Я наморшчыў лоб, галаву рукамі абхапіў. Думаю, думаю... Аж нешта ў носе засвярбела. He вытрываў і чхнуў:
    — Апчхі!
    — Што з табою? — уздрыгнуў Дон Кіхот.
    —■ Ад вялікага думання чханне на мяне напала.
    — Меней чхай, болей думай,— параіў Дон Кіхот.
    Я гучна прамовіў:
    — Можна так: «А калі мне металістам стаць? — падумаў Драч і давай крычаць на ўсё наваколле. Пачула Курапатка, крыламі замахала: «Перастань, перастань!» Драч не сціхае, дзярэ: «Я металіст! Я металіст!» Уцякла Курапатка, схавалася. Жаўрук азваўся з вышыні: «Годзе, надакучыла!» Драч яшчэ мацней крычыць: «Я металіст!» Паляцеў Жаўрук. Усе-ўсе птушкі паляцелі. Драч адзін застаўся. Сумна яму».