Мой свет растае
Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер
Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
Лінэ Нагель Ільвісокер
Мой свет растае
Жыццё з кліматычнымі зменомі на Шпіцбергене
Пераклад з нованарвежскай
Алены Казловай
Вільнюс ПСрЛЯЦМБПуМ 2023
Copyright © Line Nagell Ylvisaker, 2020 Det Norske Samlaget Published in agreement with NORTHERN STORIES. (All rights reserved) Belarusian edition arranged through Livia Stoia Literary Agency.
Ільвісокер Нагель, JI.
Мой свет растае : Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене / Лінэ Нагель Ільвісокер. Пер. з нованарвежскай Алены Казловай. — Вільнюс: Пфляўмбаўм, 2023. 220 с.
Нарвежская журналістка Лінэ Нагель Ільвісокер жыве з сям’ёй у Лонг’іры, самым паўночным населеным пункце-тысячніку, што на Шпіцбергенскім архіпелагу, дзе глабальнае пацяпленне ідзе хутчэй, чым дзе-колечы на планеце.
У 2015-м лавіна накрыла цэнтр пасёлка, забраўшы жыцці маленькай дзяўчынкі і бацькі іншай сям'і. Наступная восень прынесла дажджы і земляныя апоўзні. 3 надыходам зімы новая лавіна абрынулася на дамы Лонг’іра.
Усё часцейшыя буры і адлігі выклікаюць трывогу Лінэ. Што адбываецца з яе пасёлкам і Арктыкай? У пошуках адказаў яна гутарыць з метэаролагам, якая сама трапіла пад лавіну. Лінэ наведвае паляўнічага, які вытрымаў 40 зімовак у суворых умовах Шпіцбергена. Яна разбіраецца ў тым, што адбываецца з марскімі плынямі і надворём, шукае сляды дагістарычных лясоў на архіпелагу, а ў паходзе з дзецьмі сустракае трох мядзведзяў. На сваім даследчыцкім шляху яна апісвае змены, праз якія праходзіць Лонг’ір, і разважае пра парадоксы пасёлка, які жыве з вуглездабычы і турызму.
Гэта бясстрашны і шчыры аповед ад першай асобы пра А.рктыку.
Бібліяграфічная інфармацыя аб выданні прадстаўлена на партале Літоўскай інтэграванай бібліятэчнай інфармацыйнай сістэмы (L1BIS) ibiblioteka.lt.
Выдавецтва «Пфляўмбаўм»
© Лінэ Нагель Ільвісокер, 2023
© Алена Казлова, пераклад на беларускую мову, 2023
© Рагнхіль Утнэ, вокладка, фота, 2023
© Лінэ Монрад-Хансен, карты, 2023
© Выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023
ISBN 978-609-96371-7-4
Прадмова
У суботу 19 снежня 2015 года, калі пасёлак Лонг’ір толькі прачынаўся, з гары Сукертопэн на яго абрынулася лавіна. Загінулі двухгадовая дзяўчынка і бацька сямейства. 21 лютага 2017 года новая лавіна з той самай гары ўдарыла проста ў шэраг дамоў. Увосень 2016 года праз моцныя залевы ад землянога апоўзня пацярпеў цвінтар і гарадскі сабачы гадавальнік.
Неаднакроць, калі вада з неба рабіла зямлю гразкай і няўстойлівай, калі зімовая залева ператварала снег на горных схілах у мокрую снежную кашу і ветры наносілі зашмат снегу на горы, людзей у пасёлку эвакуявалі з дамоў.
У 2006 годзе я пачала працаваць журналісткай газеты «Свальбардпостэн». Той год быў найцяплейшы з зарэгістраваных на архіпелагу. Тады ж адна мая каляжанка напісала, што ў 2100-м на Шпіцбергене будзе цяплей на восем градусаў. Найбольш вырасце зімовая тэмпература. Я не ўпэўненая, што чытала той яе артыкул, неяк ён прайшоў міма мяне. Градусам болей, градусам меней. Мне і ў галаве такое не было, калі я насілася на снегаходзе з ветрам у валасах
і рабацінкамі на носе. Вакол усё такое прыгожае, дзікае, неўтаймаванае і сапраўднае.
Ад мясцовых старажылаў я чула пра лёд, якім браўся ўвесь агромністы Ісф’ёрд. Пра тое, як ганялі на поўнай хуткасці да хацінак і паляўнічых стаянак на іншым беразе, і пра цюленяў, якія выводзілі бялькоў на лёдзе Адвентф’ёрда. Колісь ад таго часу, як лёд браўся ўвосень, да таго, як ён раставаў увесну альбо нават напачатку лета, жыхары Лонг’іра жылі ў ізаляцыі. Апошнія ж гады грузавыя судны могуць заходзіць у порт круглы год. Ф’ёрд цёмны і непакрыты лёдам.
«Лёд вернецца, надвор’е, вецер і шляхі заўжды мяняліся», — казалі тыя, хто шмат сезонаў ездзіў на снегаходзе. Колісь гэта мяне суцяшала, але цяпер я больш не пачуваюся спакойнай.
Тут, у пасёлку, мы пабудавалі жытло, завялі дваіх дзяцей, называем гэтае месца домам. I раптам я заўважыла, што трывожуся, калі ў прагнозе надвор’я шторм. Палярную ноч асабліва цяжка трываць, калі часта ідзе дождж. Я набыла непрамакальны плашч на падшэўцы, думаю пра дом і пра тое, ці разважліва было ўкласці ў яго ўсе грошы. Я страціла ўпэўненасць у тым, што хадзіць у горы, як я рабіла раней, бяспечна. Мяне пачала апаноўваць трывога, і я адчула патрэбу высветліць, у чым тут справа, зразумець, што
ў рэшце рэшт вакол мяне адбываецца, як звязаныя паміж сабой прыродныя з’явы, што ўяўляе сабой клімат, як будзе змяняцца надвор’е тут на архіпелагу і наогул у свеце, і ці растае Арктыка, а калі так, то калі.
Адным з мокрых, бліскучых, як люстэрка, цёмных дзён зімы 2018 года я вырашыла прысвяціць яго рэшту таму, каб разабрацца ў гэтым.
Гэтая кніга пра тое, як я пражываю змены клімату, і пра Лонг’ір, які спрабуе запабегчы прыродным катаклізмам. Ці ўрэшце магчыма цалкам абараніць пасёлак ад лавін, паводак і экстрэмальнага надвор’я, якія, як прагназуецца, будуць усё часцейшымі. Ці варта мне са сваёй сям’ёй заставацца тут?
Абвал
Яе цела ўшчэмленае з усіх бакоў. Элі Аннэ Эшдал мяркуе, што яна ляжыць на жываце, магчыма, пад кухонным сталом, бо каля яе твару — расцярушаныя дошкі. Яна можа крыху варушыць правай рукой і адчувае пад ёй кавалкі драўніны. Яна чуе, як недзе ў снезе плача двухгадовае дзяўчо. Потым робіцца ціха. Яна думае, што цяпер усе мёртвыя: сямейная пара, з якой яна сябруе, і двое іх дзяцей. Зараз памрэ і яна, ва ўзросце трыццаці трох гадоў, за пяць дзён да Раства, 19 снежня 2015 года.
Было б лепей, каб яна памерла летам. Яе бацька гэтага не перажыве. Трэба неяк выкараскацца, яна спрабуе трохі капаць рукой, але марна.
Адзінае, што яна чуе, — гук уласнага страху смерці. Паніка і гіпервентыляцыя — кепскія сябры. Яна гэта ведае, таму прымушае сябе пераключыцца ў рэжым ёгі, спакойна ўдыхаць і выдыхаць, і кажа сабе: «Зараз нельга капаць. Праз пятнаццаць хвілін пасля сходу лавіны шанцы на выжыванне падаюць. Але ў цябе перад тварам паламаныя дошкі, а гэта — паветраная кішэ-
ня і дадатковы час. Пра тое, мёртвыя ці жывыя астатнія чацвёра ў доме, толькі потым зможаш думаць».
Тым самым суботнім днём я сяджу ў гасцёўні на гульнявым дыванку разам са сваімі дзецьмі — Лотэ, якой два з паловай гады, і Нурам, які будзе сустракаць сваё першае Раство. Перад імі — куча падарункаў. У нас несапраўдны перадкалядны вечар, бо сапраўдны будзем сустракаць з блізкімі на мацерыку.
Наш невялікі блакіраваны дом знаходзіцца на краі пасёлка пры ўсходнім вусці вузкай даліны, якая называецца Лонг’ірдален. Мы пачалі будаваць новы большы дом, сцяна ў сцяну з цяперашнім, крайні на вуліцы. Першае, што я зрабіла, прачнуўшыся, — паглядзела з акна на сцены, узведзеныя ніжэй. Учора Метэаралагічны інстытут упершыню з 1997 года даслаў папярэджанне пра моцны вецер. Абяцалі ўраган з асабліва моцнымі парывамі.
Mae калегі па «Свальбардпостэн» заставаліся на працы ўсю ноч. У пасёлку Нібіэн знесла дах з пустога студэнцкага інтэрната. Паадрываліся панэлі на даху школы. 3 труб каля галерэі сарвала металічнае пакрыццё, машыны па~ скатваліся з дарогі, але ніхто не пацярпеў. I сцены вытрымалі. Пашанцавала.
Цяпер нам можна было любавацца тым, як дзіцячыя ручкі змагаюцца з абгорткай на падарунках, і піць каву.
Раптам пішчыць пэйджар майго мужа Тронда. Менш за ўсё нам хацелася пачуць гэты гук, бо была не ягоная дзяжурная змена. Абвясцілі агульную трывогу для ўсіх пажарных і ратавальнікаў у Лонг’іры. Я пачула толькі частку паведамлення, нешта пра лавіну і дамы. Тронд выскачыў у вітальню, апрануў працоўную форму і бразнуў дзвярыма. Яны адскочылі і засталіся адчыненымі за ім. Паміж дзвярыма і дзвярной рамай троху намяло снегу, як гэта часта здараецца. Калі я зачыняла іх, то бачыла, як Тронд на іншым баку вуліцы завёў снегаход і вывеў яго з сумёта. На машыну можна забыцца. Вуліца заваленая снегам. Я ніколі не бачыла нічога падобнага.
Хутка 10.30 раніцы. Я ўключаю камп’ютар і заходжу на старонкі «Свальбардпостэн» і «НРК Тромсё». Ніякай інфармацыі. Пастаянна клікаю на «абнавіць» паміж зменай падгузнікаў, грудным кармленнем і гульнямі на падлозе. Праз паўгадзіны змяшчаюць першую навіну. Сітуацыя хаатычная, пішуць так: «Паліцыя, пажарная брыгада і іншыя ратавальныя службы на месцы, праводзяць агляд і рухаюцца ад дома да дома. Лавіна з гары Сукертопэн абрынулася на дамы пад ёй. Памер нанесенай шкоды няясны.
Маштаб лавіны пакуль таксама невядомы, але паліцыя з месца падзей паведамляе, што пацярпела дзесяць дамоў». Што гэта значыць? He магу ўявіць, што там адбываецца.
Я раблю скрын экрана з навіной і дасылаю блізкім на мацерыку, каб яны за нас не хваляваліся: «Дзесяць дамоў трапілі пад лавіну. Тронд паехаў на снегаходзе з усім пажарным рыштункам дапамагаць, але з намі ўсё добра. Лавіна была ў іншай частцы пасёлка. У нашым раёне няма рызыкі».
Метэаролаг і акіянограф Элі Аннэ Эшдал цешылася таму, як шмат снегу нападала за ноч. 3 акна яна бачыла, што яе фінскія сані перад жыллёвым комплексам Бломіра' цалкам замяло. Яна хацела адкапаць іх і паехаць паглядзець на пасёлак пасля шторму. Перад выхадам Элі Аннэ ўзяла лавінны мац і шуфель, але дзверы немагчыма было адчыніць. За імі ляжаў сумёт. Ля блока дамоў праз дарогу яна заўважыла мужчыну і паклікала на дапамогу.
Мужчына раскідаў снег, і Элі Аннэ выйшла з дома ў снежаньскую раніцу. Яна адчула захапленне ад таго, як вецер нанёс снег. Вышэй па дарозе сумёт сягаў недзе двух метраў і закрываў машыны. Ніжэй снегу амаль не было, 1 Blamyra — сіні мураш (нарвежск.).
апроч сумёта, які намяло пад яе дзвярыма. Яна не стала чапаць сані, а вырашыла пайсці зірнуць, як там яе снегаход, што стаяў троху бліжэй да цэнтра. На шчасце, ён аказаўся не замецены.
3 палёгкай яна вырашыла адкласці выкапванне саней, а лепей прыняць запрашэнне на каву, якое атрымала днём раней ад свайго сябра Мальтэ Ёхмана. Элі Аннэ накіравалася да знакамітых «спісхуса»2 — шэрага дамоў ля падножжа гары Сукертопэн, у адным з якіх Мальтэ жыў са сваёй жонкай Эльке Моргнэр і іх дочкамі, двухгадовай Элідай і васьмітыднёвай Свалай.
Тым жа шляхам перад ёй ішла пара, Элі Аннэ крочыла па іхным следзе, пакуль не збочыла да чырвонага дома сяброў, першага справа ў другім шэрагу ад гары. У вокнах цёпла гарэла жоўтае святло, а праз шыбу гасцёўні ззяла калядная звязда. Вецер сціх. I толькі рэдкія камякі снегу, кружляючы, ападалі на зямлю. За часамі яе працы прагназісткай надвор’я ў Метэаралагічным інстытуце роднага горада Тромсё ў яе абавязкі ўваходзіла папярэджваць пра лавіну. У святле агнёў пасёлка яна заўважыла навіслую снегавую шапку на Сукертопэн. Сабралася вялікая гурба снегу, якая навісала больш, чым звычайна, нібы вялікі горб на схіле гары.