Мой свет растае Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене Лінэ Нагель Ільвісокер

Мой свет растае

Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер

Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
44.28 МБ
супрацоўнікі прыватных кампаній, як правіла, не атрымліваюць ніякай эканамічнай дапамогі з жытлом. Іх арэндная плата такая ж, як у Заходнім Осла, калі ім наогул пашанцавала нешта зняць, бо жытла пад арэнду моцна бракуе. Сярод маіх знаёмых шмат хто туляецца па канапах сяброў альбо нелегальна жыве ў лодачных буданах.
Калі б вырашала толькі я, то мы з Трондам маглі б жыць у адным з крайніх дамоў, якія накрыла лавінай у 2015-м. Летнім дзяньком дзесяць гадоў таму мы веславалі праз Адвентф’ёрд да арандаванай хацінкі. Я ляжала галавой на яго каленях у святле палярнага дня, і мы размаўлялі пра будучыню. Змяніўшы некалькі маленькіх арэндных кватэр, мы ўрэшце набылі кватэрку ў шматкватэрным доме па вуліцы 236. Перад тым, як завесці дзяцей, нам трэба ўзбіцца на нешта больш прасторнае. На вуліцы ніжэй прадаваўся блакіраваны дом, па мерках Шпіцбергена вельмі нават неблагі. Я падбівала мужа на тое, каб мы яго набылі. Тронд — цясляр, і яму хацелася будаваць самастойна. Тады за тыя ж грошы мы змаглі б атрымаць найлепшую якасць і нашмат болей. За тым часам планавалася новая забудова ў Груведален, дзе цяпер будуе Дзяржбуд. Прынамсі адзін з пустыроў мусіў быць адведзены пад прыватнае жытло, але планы на гэта ўвесь час пераносіліся.
Мы дбайна павывучалі карту забудовы і прыйшлі да высновы, што пры доме, кватэрай у якім мы ўжо валодалі, хапае месца для яшчэ аднаго будынка. Землеўласнік Стурэ Норске даў дабро. Мы намецілі на карце контуры для фундамента і пад’езднай дарогі, але мясцовая рада Лонг’іра адмовіла яшчэ да таго, як мы падалі заяўку.
Калі мы грукнуліся галавой у сценку з самастойнай будоўляй, я пачала паглядаць на іншыя дамы на продаж. У вока мне ўкінуўся дом у Лія. Прадавалася палова двухкватэрнага дома, усё на адным паверсе і фантастычны від на цэнтр горада і ф’ёрд. Жытло знаходзілася на найбліжэйшай ад гары Сукертопэн вуліцы. Тронд сказаў — не. Мы атрымаем нашмат болей за нашыя грошы, калі пабудуемся самі. Пазней я ўгаварыла яго паглядзець на іншы дом на крайняй вуліцы ў Лія, але не. У доме трэба было перарабляць абсалютна ўсё: праводку, дах, ізаляцыю, палі, гэта зашмат працы і зашмат грошай. У снежні 2015 года гэты дом накрыла лавіна.
Першы дом, які я глядзела, набыла іншая сям’я. Бацька сямейства лічыў, што з купляй пашанцавала.
Калі лавіна ў лютым 2017 года засыпала адзін з суседніх дамоў, яго разам з жонкай і дачкой эвакуявалі да таго часу, пакуль не растае снег. Калі 17 снежня таго ж года зноў нападала
снегу, ім зноў давялося выехаць і нельга было вярнуцца ажно да пачатку чэрвеня.
Штораз, калі ідзе дождж ці снег, я думаю, як жа мне пашанцавала, што Тронд такі незгаворлівы. Бо мы пабудавалі свой уласны жоўты дом на добрай адлегласці ад зоны дасягальнасці лавіны. Разам з тым, калі людзей у іншых частках горада эвакуююць, я адчуваю згрызоты сумлення праз тое, што ў нас усё добра, тады як іншым даводзіцца жыць у няпэўнасці: у любы момант можа стацца так, што трэба будзе пакаваць рэчы і выязджаць. Многія страцілі свой дом, а дзве сям’і — сваіх блізкіх.
Як і большасць іншых дамоў, наш стаіць на палях, забітых у вечную мерзлату. Вечная мерзлата — гэта пастаянны мароз у зямлі. Яна можа быць у грунце і гары і можа ўтрымліваць шмат лёду. Праз вечную мерзлату большасць дамоў прыўзнятыя над зямлёй на высокіх палях, каб халоднае паветра судакраналася з тундрай пад домам, і вечная мерзлата цярпела як найменей.
Роўна дваццаць гадоў таму Кеціль Ісаксен з калегамі прабурылі стометровую свідравіну ў гары Янсанхаўген за дваццаць кіламетраў ад Лонг’іра. Тэрмометры, спушчаныя ў свідравіну, паказваюць, як цеплавая хваля ідзе ў зямлю. Найніжэйшая тэмпература вечнай мерзлаты — мінус
5-6 градусаў, а побач з паверхняй — вышэй. За дваццаць гадоў тэмпература на глыбіні дзесяць метраў павысілася на 2 °C.
Па-над вечнай мерзлатой ляжыць слой зямлі, які ўлетку адтайвае, так званы актыўны слой. На Янсанхаўген гэты слой зямлі дваццаць гадоў таму сягаў 1,5 метра. Цяпер ён — 1,8 метра.
Паколькі цяпер вечная мерзлата і лёд у зямлі награюцца, іх устойлівасць падае.
Для інфраструктуры горада раставанне стварае праблему. На гарадскіх дарогах — калдобіны і абмежавальнікі хуткасці прыроднага паходжання. Бывае, ідзе хто па ўзбочыне і хістаецца, быццам падвыпіўшы, хоць і цвярозы.
На схілах актыўны слой рухаецца і ссоўвае палі, на якіх стаяць дамы. Ледзь-ледзь, але пэўна. Апроч гэтага развянчаны міф, нібыта на Шпіцбергенскім архіпелагу праз сухое паветра нічога не гніе. Многія палі прагнілі. Цяпер буйныя землеўласнікі горада мяняюць палю за паляй і выкарыстоўваюць драўніну з прамочкай, сталь альбо тэлескапічную металічную сістэму, якую тэарэтычна могуць рэгуляваць.
Царква — адзін з будынкаў, якія патрабуюць рамонту. Тронд непакоіцца, што яна можа абры-
нуцца, і кажа, што не хоча, каб мы хадзілі туды, калі падымаецца вецер.
Многія дамы пашкодзіліся ад таго, што зямля прасела. Можна было б вінаваціць змены клімату, але, калі верыць мясцовым інжынерам, у большасці выпадкаў гэта беспадстаўна. Кампетэнтнасць землеўласнікаў пры планаванні, улічванне пры будоўлі вечнай мерзлаты як фактара, а таксама якасць выкананай працы і тэхабслугоўванне — галоўнае, што ўплывае на ўстойлівасць будынкаў.
У 1970-я, калі будавалі самыя вядомыя каляровыя дамкі Лонг’іра, свідравіны пад палі бурылі двухсотміліметровымі свердзеламі даўжынёй чатыры метры. Такім чынам, драўляную палю можна было забіць у зямлю і вечную мерзлату на 3,8 метра. Новыя дамы ў Груведален ставяць на стальныя палі, заглыбленыя ў зямлю на 9-10 метраў, на 3 метры — у горную пароду. Наш дом таксама на палях, забітых у горную пароду. За метр ад дома мы паставілі сцяну, каб яна бараніла яго ад эрозіі глебы з Груведален. I сцяна таксама на такіх палях. Мяне пераканалі, што гэтых перасцярог дастаткова, каб наш дом быў падрыхтаваны да будучыні. I ўсё адно мне не дае спакою найгоршы сцэнар: што раён у Груведален цалкам едзе ўніз. Што зямля саслізгвае з вечнай мерзлаты пад ёй і з’язджае ў даліну.
У гэтым жахлівым сцэнары наш дом і новыя дамы ў Груведален вытрымліваюць і застаюцца стаяць на сваіх даўгіх палях, тады як іншыя дамы па суседстве і дарогі апаўзаюць.
Я спытала Кеціля Ісаксена, ці можа здарыцца такі апоўзень. Ён адказаў, што важна правільна картаграфаваць раён новай забудовы, паглядзець, колькі лёду ў зямлі і якія там структуры. Калі там ёсць коўзкі слой, то, як і са снежным покрывам, гэта благі знак. Тады апоўзень можа здарыцца ў выпадку моцных ападкаў ці ад працяглай адлігі, калі актыўны слой зробіцца таўсцейшым і цяжэйшым. Гэты адказ неяк не развеяў маёй трывогі.
Паляўнічы і Папа Рымскі
Суровыя звераловы здавён будавалі маленькія хацінкі на архіпелагу, зімавалі ў апраметнай цемры, трывалі бураны і таросы. Росквіт палявання з зімоўкай прыйшоўся на час паміж 1890 і 1941 гг., але больш за ўсё зімовак на рахунку сямідзесяцісямігадовага Харальда Арнфіна Солейма з Бергена. Ён зімаваў сам-адзін у хацінцы на беразе Ісф’ёрда сорак гадоў запар. Там ён біў цюленя, пясца, паўночага аленя, гусь і белую курапатку.
Калі хтосьці і можа расказаць пра змены ў тутэйшай прыродзе, дык гэта ён.
Увосень 2012 года я сустрэла Солейма ў Лонг’іры, калі ён закупляў харч да наступнага сезона. Мы дамовіліся, што як-небудзь я наведаю яго на паляўнічай стаянцы Кап Вік (толькі каб ваду і туалетную паперу везла свае, «бо жанкі расходуюць чорт ведае колькі»), Дзве мае цяжарнасці з кароткім перапынкам паміж імі адклалі гэты візіт. Калі летам 2017 года я зноў сабралася туды з’ездзіць, паляўнічага павезлі ў Тромсё самалётам хуткай дапамогі. Яму было блага з сэрцам.
Солейму параілі трымацца бліжэй да вялікай бальніцы, але ён лічыць, што і Лонг’ірскага медпункта яму даволі.
Падчас маёй з ім сустрэчы ў чэрвені 2018 года паляўнічы сядзіць на канапе, шырока расставіўшы ногі. Ён жыве ў маленькай кватэрцы ў жыллёвым комплексе Бломіра, але збіраецца ў Кап Вік і хоча заставацца там да восені. На сцяне ў яго — здымак паляўнічай стаянкі, у вітальні вісіць заплямлены касцюм для снегахода з лапікамі цюленевай скуры на каленях, ад касцюма злёгку тхне алівай для двухтактнага рухавіка.
—	Глабальныя змены клімату абумоўленыя чалавекам, анягож. Найбольшая праблема ў тым, што мне няма як бараду пастрыгчы, — ён хмыкае. Вочы пасміхаюцца, калі ён чухае пальцамі сівое кусцістае валоссе на твары.
—	Я ж заўжды абразаў бараду, калі ў Кап Віку сыходзіў лёд. Але апошнія гады лёд наогул не з’яўляецца. Hi ў чым парадку няма.
Пачалося ўсё абсалютна выпадкова: у 1977 годзе Солейм падаваўся на пасаду кансультанта губернатара Шпіцбергена па ахове прыроды, але яму адмовілі. Замест гэтага ён наняўся на карабель «Сандсвален», які мусіў везці груз на поўнач. Проста перад адбыццём рэйс адмянілі,
але таварыш па камандзе прапанаваў Солейму арандаваць хацінку ў Мядзведжай бухце, што ў Ісф’ёрдзе, і перазімаваць там. Бергенец пагадзіўся. Ён даўно марыў пра зімоўку на Шпіцбергенскім архіпелагу.
Солейм думаў пазаймацца паляваннем толькі адзін год. Падчас бясконцай палярнай ночы ён збіраўся не толькі паляваць на пясца, але і вучыць партугальскую, каб выправіцца ў сплаў па Амазонцы. Нягледзячы на тое, што ён быў дасведчаным студэнтам-мікрабіёлагам са спецыялізацыяй у кішэчнай флоры пацукоў, ён так аніразу і не разгарнуў падручнік. Дужа захапіла яго паляўнічае жыццё, і, калі раптам палярная ноч скончылася, найпрасцей аказалася застацца паляваць на яшчэ адзін год.
У адной са сваіх далёкіх вылазак Солейм прыкмеціў незанятую старую паляўнічую стаянку крыху далей у Ісф’ёрдзе. Гэта быў Кап Вік. Ён даслаў заяўку губернатару, каб арандаваць яе, і атрымаў дазвол.
Першая зіма там была найхаладнейшая на ягонай памяці, хацінку пастаянна заносіла снегам. Збольшага відно было толькі комін і флагшток, якія вытыркаліся з сумёту. У самы халодны дзень градуснік Солейма паказаў мінус 46 градусаў, а Ісф’ёрд цалкам заледзянеў. Людзі маглі ездзіць па ім як заўгодна — і за ф’ёрд, і на поўнач да паселішча Ні-Олэсунд.
Наступным пасля гэтага летам у аэрапорце Шпіцбергена зафіксавалі рэкордныя 21,3 градуса цеплыні. У той дзень Солейм быў у Лонг’іры, прыехаў па вугаль — яго трэба было столькі, каб хапіла тапіць печку, калі зноў прыйдуць снежныя бураны.