Мой свет растае
Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер
Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
Ёсць некалькі чалавек, якія працавалі над тым, каб Лонг’ір павярнуўся ў лепшы бок, што да экалогіі. У 2006 годзе тагачасны дырэктар Гунар Санд і прафесар геалогіі Альвар Браатэн прадставілі ва ўніверсітэцкім цэнтры сваю візію:
вольны ад выкідаў СО2 Лонг’ір да 2025 года. Снегаходы і машыны прапаноўвалася перавесці на вадароднае паліва, у выніку чаго выкідалася б толькі вада, а Лонг’ір мусіў зрабіцца першым населеным пунктам, дзе вугальная электрастанцыя мела б СО2 ачыстку. Прапаноўвалася, каб гэта быў пілотны праект для даследавання і развіцця тэхналогій, якія прыдаліся б у падарожжах на Месяц. Зрабіўшы свідравіны ў Адвентдален, даследчыкі прыйшлі да высновы, што парніковыя газы магчыма адпампоўваць і захоўваць пад гарамі. Усё было гатова, але дзяржава не падтрымала праект. Яго ініцыятары так і не дачакаліся ўцямнага адказу чаму.
Сёння мясцовыя палітыкі выступаюць за аднаўляльныя крыніцы энергіі, за тое, каб пасёлак спрабаваў новыя тэхналогіі і перадаваў свой досвед далей. У той самы час яны апасаюцца трапіць у сітуацыю, калі ім давядзецца забараніць ставіць сонечныя батарэі прыватным чынам. Інакш цэны на электраэнергію для тых, хто не мае сродкаў паставіць сонечныя батарэі, вырастуць астранамічна. Электрастанцыя старая і дарагая ў эксплуатацыі, яна мусіць працаваць на поўную магутнасць, каб забяспечыць цэнтральнае ацяпленне для дрэнна ізаляваных будынкаў.
Цяпер дэпартамент нафты і энергіі працуе над вырашэннем пытання: якой павінна быць
крыніца энергіі ў будучыні на Шпіцбергене. Адзінае, што пэўна: гэта будзе не вугаль.
У лютым 2014 года Store Norske адкрыла новую вугальную шахту ў Лункеф’еле над Свея, шахцёрскім пасёлкам прыкладна з 230 рабочымі, у паўднёва-ўсходнім кірунку ад Лонг’іра на адлегласці кароткага пералёту. Гэта мусіла забяспечыць далейшую здабычу вугалю пасля таго, як паўночная шахта ў Свея будзе цалкам выпрацаваная. Кампанія выдаткавала 1,3 мільярда крон на падрыхтоўку і запуск шахты ў Лункеф’еле. Вугаль быў добрай якасці, і горназдабыўчая кампанія магла прадаваць большую яго частку для выкарыстання ў металургіі, напрыклад, у вытворчасці прэс-формаў. Але цэны на вугаль упалі, і Свея разам з Лункеф’елет спынілі здабычу.
Восенню 2016-га я была ў Свея ў журналісцкай камандзіроўцы. У сталовай падчас абеду было пуста — заняты быў толькі адзін стол. Большасць работнікаў страцілі працу, і ў супрацоўніка, з якім я планавала пагутарыць, была апошняя змена. Але ўсё яшчэ заставаўся спадзеў. У 2017-м цэны на вугаль падняліся, і ў Store Norske меркавалі, што вытворчасць зноў зробіцца прыбытковай.
Міністэрства гандлю і прамысловасці, а пазней і Стортынг выказаліся за закрыццё. Афіцыйнай прычынай называлі нерэнтабельнасць.
Цяпер навюткі горназдабыўчы комплекс у Лункеф’еле павінны быць знесены, а месца — прыведзенае да ранейшага выгляду, якое мела да ўмяшання чалавека. Вугаль застанецца ў гары. Шахту замуруюць, каб ніхто іншы таксама больш не мог весці здабычу. Дарогу, якая праходзіла праз старую паўночную шахту ў Свея і праз ледавік, знясуць. Ліквідацыя Свея і Лункеф’еле, падобна што, найбуйнейшы прыбіральны праект у нарвежскай гісторыі. Электрастанцыя, аэрапорт, сталовая, жылыя пабудовы, майстэрні, машыны і дарогі мусяць быць прыбраныя. Павінныя застацца толькі помнікі культуры. Горназдабыўчае абсталяванне мусяць прадаць у такія краіны, як Польшча і Турцыя.
Многія толькі пакруцілі галовамі, не разумеючы логікі. Замест здабычы тут высакаякаснага прамысловага вугалю, патрэбнага металургічнай прамысловасці для вытворчасці сонечных панэляў і электракараў, абсталяванне хутчэй за ўсё будзе выкарыстоўвацца для здабычы на паліва нізкаякаснага бурага вугалю ў іншым месцы.
Закрыццё Свея і Лункеф’еле, мяркуючы па ўсім, проста выкарысталі для зарабляння палітычных ачкоў. Вуглездабыча шкодзіць іміджу незалежна ад таго, як будзе выкарыстоўвацца вугаль.
У той самы час старая электрастанцыя ў Лонг’іры пакінутая кашляць і рыпець на невядомы час, а ўрад ладзіць пошук новых радовішчаў нафты і газу ў Баранцавым моры. Пасля закрыцця радовішча ў Свея дзяржаўныя ўлады абвясцілі, што трэба развіваць турызм, які дасць працоўныя месцы і дабрабыт сем’ям. Самалёты і круізныя лайнеры заменяць вуглездабычу, і ў той самы час Шпіцберген зробіцца адным з найлепш кіраваных і захаваных раёнаў дзікай арктычнай прыроды ў свеце, прыцягальным для наведвання.
У пэўным сэнсе праект дабіўся поспеху. Колькасць насельніцтва ў нарвежскіх паселішчах на Шпіцбергене вырасла з 2152 чалавек у 2016 годзе — пасля пацвярджэння закрыцця шахт — да 2310 чалавек у 2018 годзе. Але гэтыя лічбы выклікаюць таксама палітычную занепакоенасць. Доля нарвежцаў зніжаецца. Многія малыя, а таксама найбуйнейшая турыстычная кампанія Hurtigruten маюць выключна замежных уласнікаў. Некалькі новых кампаній, што з’явіліся ў апошнія гады, зусім не маюць сувязі з месцам, яны тут проста, каб зняць вяршкі.
Працы, якія прапануе турыстычная індустрыя, звычайна сезонныя і не прывабліваюць нарвежскія сем’і. Калі ўвесну 2018 года я збірала матэрыял для публікацыі пра сацыяльны дэмпінг і няпэўнасць у турыстычнай галіне, то знай-
шла толькі аднаго гіда, працаўладкаванага на пастаяннай аснове.
Шэрагі снегаходаў з надпісам «Есо friendly snowmobile» ўсё даўжэюць. Наколькі разумею, снегаходы аўтаматычна зрабіліся экалагічнымі, калі перайшлі з двухтактных рухавікоў на чатырохтактныя. Цяпер на падыходзе электраснегаходы — «Very есо friendly snowmobile». Іх, відавочна, будуць зараджаць ад сонечнай энергіі, але я не магу зразумець, якім чынам кампаніі забяспечаць іх абслугоўванне ў дастатковай колькасці, каб пазбегнуць таго, што частка снегаходаў будзе зараджацца ад электрастанцыі на вугалі. Колькасць ездавых сабак надзвычай узрасла. Тое ж тычыцца і тон сабачага корму, і саломы, якія дастаўляюцца ў Лонг’ір морам. He кажучы ўжо пра наведнікаў, якія ездзяць на сабачых запрэжках і дастаюць камеру, як толькі сыдуць з самалёта. У 2004 годзе, калі я прыехала на журналісцкую практыку, было 93100 падарожнікаў. У 2017 годзе лічба тых, хто наведаў Шпіцбергенскі архіпелаг, дасягнула 169278 чалавек.
Шпіцберген ляжыць далёка ў акіяне. Ад Тромсё — гадзіна 55 хвілін самалётам альбо тры дні грузавым караблём. Свежыя прадукты, пошту і людзей дастаўляюць самалётам, а іншыя рэчы — караблём з Тромсё. Ва ўніверсітэцкім цэнтры Шпіцбергена падлічылі, што тэарэтычна пры
падарожжы аднаго пасажыра ў два бакі з Осла ў Лонг’ір выкідаецца дастаткова СО2, каб растапіць адзін квадратны метр летняга марскога лёду ў Арктыцы. Калі ўзяць пад увагу ўсе паездкі па працы і на адпачынак пастаянных жыхароў і наведванні турыстаў, то атрымліваецца вялікая тэрыторыя.
«Плывучыя гарады» з «насельніцтвам» болып, чым у нашым пасёлку, заходзяць у ф’ёрды, дзе няма забароны на цяжкае паліва. Пасажыры высыпаюць на бераг. Цяпер чакаецца вялікі рост прыездаў круізных лайнераў, асабліва невялікіх экспедыцыйных.
Чыноўнікі працягваюць распрацоўваць абарончыя меры, бо ўсё больш і больш людзей прыбываюць у мясціны, якія робяцца датклівейшымі ў сувязі са зменамі клімату. Таксама працягваюцца дыскусіі па абмежаванні колькасці круізаў. Мне цікава: чаму чынавенства не пачне з гэтага канца. Чаму яны не ўсталявалі ліміт на колькасць караблёў і людзей, якія могуць сюды прыехаць? Чаму ім не патрэбныя сертыфікаваныя гіды, якія б дбалі пра турыстаў і інфармавалі іх пра датклівасць тутэйшай прыроды?
Паводле Шпіцбергенскага трактата, Нарвегія мае права і абавязак прымаць меры па абароне флоры і фаўны архіпелага. Вось мы і абара-
няем пасля таго, як клімат змяніўся. Наколькі б дапамагло, калі б мы наогул не чапалі выкапневыя крыніцы энергіі ў гарах і пад зямлёй?
30 мая 2018 года прыбыў першы ў сезоне круізны лайнер з вялікага свету. Невялікая група людзей вітала яго. Яны махалі сцяжкамі і елі дацкія слойкі. 3 карабля рушыў народ, хто на роварах, хто на сігвэях, хто пешкі, з хадункамі для пажылых, з дзіцячымі вазкамі. Для абеду ў кавярні дзень быў непрыдатны. На наступны дзень я бачыла апытанне ў газеце Svalbardposten: «Што найлепшае ў турыстычным сезоне?» Найбольшую колькасць галасоў набраў варыянт: «Турысты? Я зматваюся!»
Мінулым летам мы так і зрабілі. Суботняй раніцай мы спакавалі рэчы на свой кацер, каб пазбегнуць нашэсця турыстаў з круізнага лайнера. Мы патрапілі зняць хацінку, адзіную ў Скансбукта — адным з найпрыгажэйшых заліваў Ісф’ёрда. Марскія птушкі луналі над высокімі пікамі гор — бесклапотнае жыццё. Непадалёк ад хацінкі на зямлі ляжала вялікая закінутая драўляная лодка. Парэшткі іржавай чыгуначнай дарогі засталіся з пачатку XX стагоддзя, калі ў горнай шахце за хацінкай здабывалі гіпс. To бок у гарах тут не толькі вугаль. Быў час, калі кампаніі, апроч ін-
шага, спрабавалі зарабляць грошы на гіпсе, мармуры і капралітах — скамянелых выпаражненнях птушак і жывёл, якія выкарыстоўваюць як угнаенне.
Мы радаваліся, што будзем насалоджвацца цішынёй і даследаваць наваколле разам з дзецьмі, кідаць каменьчыкі ў ваду, вывучаць красачкі і дыхаць паветрам. Толькі мы прышвартавалі кацер і зайшлі ў хацінку ля самай берагавой лініі, у дзверы пагрукалі. Гэта была гід з невялікага круізнага карабля, якая сказала, што тут у іх будзе прыпынак, але толькі на пару гадзін. Высыпаўся народ і пачаў фатаграфаваць нас, дзівакоў ля хацінкі. Яны хадзілі паміж намі і берагам. Дзецям гэта не падабалася. У адзін момант я апынулася тварам да твару з дамай, якая накіравала на нас сваю камеру. Тады я дастала сваю камеру, і яна, пабачыўшы гэта, пайшла.
Каменьчыкі мы так і не пакідалі. На шчасце, у нас былі паветраныя змеі, але запускаць іх атрымлівалася кепска. Змеі некалькі разоў уразаліся ў зямлю, і турысты абачліва трымаліся на адлегласці. Яны заставаліся, пакуль не надышоў час карміць дзяцей вячэрай і ўкладаць спаць.
Каралеўская занепакоенасць
7 жніўня 2018 г. Кеціль Ісаксен твітнуў артыкул з The Guardian: «Domino effect of climate events could move Earth into a “hothouse" state»3.
Ha календары 9 жніўня 2018 года. Вільготныя хмары вісяць над горнымі вяршынямі, у паветры імжа. Каралеўскі карабель «Нарвегія» стаіць у Адвентф’ёрдзе, яго раздвоены сцяг ледзь калыхаецца на ветры. Каралеўская сям’я наведвае Шпіцбергенскі архіпелаг у адпачынку. Цяпер яны ўшаноўваюць дваццаціпяцігоддзе ўніверсітэцкага цэнтра. Я трымаюся ў задніх шэрагах, тады як менеджар па інфармацыі Каралеўскага палаца пасвіць прэсу. Верталёты, якія перавозілі мяшкі з цэментам да бар’ераў у Лія, прыпынілі сваю працу. Школьнікі прыйшлі з пазашкольных заняткаў, каб паглядзець на прынцаў і прынцэс, але агулам наведнікаў няшмат.