Мой свет растае
Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер
Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
пад лёд, гінулі пад лавінай, замярзалі да смерці, танулі альбо рабіліся здабычай белых мядзведзяў. Дзікая прырода была часткай таго, што прыцягвала мяне, калі я прыехала. Тут важна чытаць ледавікі і марскі лёд, навучыцца ратаваць таварыша на каяку, страляць з сігнальнага пісталета і вінтоўкі. Калі ідзеш у паход, заўжды трэба пільнавацца, але калі я ў самім горадзе, то я ў бяспецы. Так я думала да дзевятнаццатага снежня 2015 года. I нават тады я працягвала лічыць, што лавіна — адзінкавае трагічнае здарэнне.
Яшчэ з 1992 года справаздачы прагназавалі магчымасць лавіны ў Лія. У іх рэкамендавалася распрацаваць меры перасцярогі альбо сістэму папярэджання і эвакуацыі з дамоў у гэтым раёне. Калі прагнозы клімату ў пачатку двухтысячных паказалі, што зімы будуць цяплейшымі і больш снежнымі, уладам паведамілі, што рызыка лавіны можа ўзрасці. Паміж мясцовымі ўладамі Лонг’іра і кампаніяй Стурэ Норске, якая ў свой час будавала дамы, не было згоды ў тым, хто мусіць адказваць за меры бяспекі. У 2008 годзе абодва бакі падпісалі заяву аб рознагалоссі і накіравалі гэтае пытанне вышэй кожны ў сваё ведамства. Напрыканцы 2013 года была прынятая пастанова, што адказваць за гэта будзе Дэпартамент водных рэсурсаў і энергіі Нарвегіі гэтаксама, як і на мацерыку. Наступнай вясной
яны пачалі картаграфіраваць розныя небяспечныя прыродныя аб’екты.
Пасля снежня 2015 года мясцовыя ўлады атрымалі шмат крытыкі. Людзі злаваліся праз тое, што не прымаліся рэгулярныя меры бяспекі, што ніхто не падбаў пра эвакуацыю пасля папярэджання пра ўраган, што многім здымшчыкам кватэр у дамах ніхто нават аніразу не паведаміў, што іх дамы — у раёне высокай рызыкі сходу лавіны. Некаторыя абураліся, што больш ніхто не збіраў інфармацыю пра тое, колькі снегу ляжыць на схіле за дамамі. А раней жа там стаялі вымяральныя шасты.
Пазней спецыяльны аддзел паліцыі прыйшоў да высновы пра адсутнасць падстаў кагосьці караць.
Прайшло няшмат часу да таго моманту, як лавіна заняла сваё месца ў шырэйшым кантэксце.
Чорная дажджлівая восень і новая лавіна
Кепскае надвор’е 2015 года не абмежавалася толькі лавінай. Пасля снежнага бурану пайшоў дождж, што зрабіла Каляды яшчэ больш змрочнымі, хоць, падавалася, куды ўжо болей. Восень 2016-га была рэкордна дажджлівай, і змрок зрабіўся ўсёпаглынальным, бо на гарах больш не было снежнага покрыва.
Я была на працы і асвятляла блышыны рынак, што ладзіўся ў сувязі з тэлеаўкцыёнам, калі атрымала паведамленне пра земляны і гразевы апоўзень са схілу гары Платобергет, які накрыў могілкі і выпаўз на дарогу. Я фатаграфавала залеву, ваду, гразь і дарожныя бар’еры. Кастрычнік быў настолькі дажджлівым, што ў мясцінах вакол горада здарылася больш за дваццаць падобных гразевых апоўзняў.
У лістападзе, акурат тады, калі мароз толькі пачаў шчыпаць за шчокі, зноў раскрылася бездань нябесная. За адзін толькі дзень выпала траціна гадавой нормы ападкаў. Зямля на чорных горных схілах спаўзла і ў многіх месцах разышлася. Таксама здарыліся апоўзні і паводкі.
Мясцовыя ўлады эвакуявалі з дамоў дзвесце пяцьдзясят дзевяць чалавек, дарогі закрылі, і я выправілася ў гарадскі сабачы гадавальнік, дзе апоўзень разбурыў дзясятак вальераў. На шчасце, сабак у бліжэйшых да гары вальерах паспелі эвакуяваць.
Над далінай Лонг’іра гулі верталёты і асвятлялі пражэктарамі горныя схілы, каб выявіць, дзе можа спаўзці зямля.
У паслякалядныя дні 2016-га Метэаралагічны інстытут паведаміў пра надвор’е, аналагічнае таму, што выклікала сход смяротнай лавіны ў папярэдні год. Да таго часу горад ужо меў уласную сістэму папярэджання пра лавіну. Тронд адпрацаваў пажарную вахту, схадзіў на падрыхтоўчую сустрэчу і ўдзельнічаў у эвакуацыі з гасцявых дамоў, кватэр і інтэрнатаў у Нібіэн. Я фатаграфавала снегапрыборачныя машыны ў завірусе. Адзінае мне вядомае пашкоджанне — гэта ўвагнутасць і разбітае люстэрка на маім уласным аўтамабілі, аб які вецер бразнуў санкамітабоган.
Калі буран суняўся, можна было падвесці наступныя вынікі года: 2016-ы быў найцяплейшым і наймакрэйшым годам, зарэгістраваным на Шпіцбергене, — на цэлых 6,6 градусаў вышэй
за тэмпературную норму. Гаворачы пра нармальную тэмпературу, нарвежскае бюро надвор’я мае на ўвазе сярэднюю за перыяд з 1961 па 1990 гг. У раёне вакол аэрапорта Шпіцбергена выпала 310 мм ападкаў, што на 120 мм вышэй за норму. Калі б мы сабралі ўсю гэтую ваду ў дзесяцілітровыя вёдры, то нам спатрэбілася б паставіць 31 вядро на кожны квадратны метр Лонг’ірдален.
Для ўсёй планеты 2016-ы таксама быў найцяплейшым годам за ўсю гісторыю назіранняў.
Але на тым не скончылася. Я яшчэ не паспела звярнуцца ў страхавальную кантору па кампенсацыю пашкоджанняў на машыне ад паслякаляднага бурану, як зноў грымнула. Уначы 21 лютага 2017 года падняўся вецер з усходу з парывамі больш за дваццаць метраў на секунду. Ляжала шчыльнае снежнае покрыва, і вецер перанёс вялікую масу снегу на падветраны бок Сукертопэн. Гарадскія ўлады Лонг’іра абвясцілі пра вялікую рызыку сходу лавіны з агаворкай, што яна не пагражае будынкам у горадзе. Апублікавалі свежы прагноз па прыродных небяспеках з камп’ютарнымі мадэлямі, якія паказвалі, дзе і наколькі далёка можа сысці лавіна.
Едучы на працу, я захрасла ў сумёце каля сметніц на нашай вуліцы. Калі нарэшце я ўселася за свой стол у офісе «Свальбардпостэн», то заўважыла, як нешта жоўта-блакітнае троху
захутка праехала па дарозе Хільмара Рэкстэна ля падножжа Сукертопэн. Гэта была хуткая дапамога. Праз некаторы час за ёй пачаў рухацца народ, хто на снегаходах, хто пешкі. 3 шуфлямі. У мяне ўнутры ўсё сціснулася.
Прыбыўшы на 228-ю вуліцу з фотаапаратам і нататнікам, я ўбачыла, што шасцікватэрны дом стаіць крыва. У адной з кватэр зеўрае вялікая дзіра. Вакол валяюцца аўтамабілі, кантэйнеры для смецця, гусенічны ўсюдыход і снегаходы. Людзі павыбіраліся праз акно гасцёўні ў адных шкарпэтках. Ратавальная брыгада хадзіла паміж дамамі і па сістэме правярала сумёт лавіннымі зондамі. Адзінаццаць чалавек былі дома, калі сышла лавіна. На шчасце, ніхто не пацярпеў, і, на шчасце, ніхто не быў на дварэ і не ішоў па дарозе падчас сходу снегу гэтым разам. Але ўстурбаванасць была вялікая. Сістэма папярэджання пра лавіну дала збой. Што бацькам казаць сваім дзецям, калі наступны раз уздымецца вецер?
Мы расказалі Лотэ і Нуру, што была новая лавіна і што тыя, хто павінны былі пра яе папярэдзіць, памыліліся. Але да нашай вуліцы ніякая лавіна не дабярэцца.
Спі, маленькае зярнятка
У лютым 2018 года, калі пачынала вяртацца дзённае святло і мусіў напоўніцу пачацца сезон паездак на снегаходах, на шаноўных гасцей з усяго свету крапаў дождж. Міжнароднаму падземнаму сховішчу насення на Шпіцбергене, найбуйнейшаму ў свеце складу насення з усяго зямнога шара, спаўнялася дзесяць гадоў.
Сховішча змяшчаецца ўнутры гары над аэрапортам Лонг’іра. Ліхтар над ім пераліваецца блакітнаватым святлом, як дыямент. У гары пад дыяментам ляжыць у камерах насенне пяці тысяч раслінных культур, фасолі, кукурузы, збажыны і рысу. Яно мусіць надзейна захоўвацца ў холадзе вечнай мерзлаты нават у выпадку збою сілкавання халадзільнай устаноўкі. Насенне павінна быць абароненае ад вайны, хваробаў, стыхійных бедстваў і павышэння ўзроўню мора. Восенню 2015 года 128 скрыняў насення з Сірыі перамясцілі сюды пасля бамбёжкі склада з насеннем у Алепа. Менавіта ў Сірыі бярэ пачатак культываванне шматлікіх найважнейшых харчовых раслін. Большасць звычайных збожжавых культур, такіх як пшаніца і ячмень, паходзяць адтуль.
Дбаючы пра зерне, мы можам адаптаваць харчовыя расліны да зменаў клімату, выкарыстоўваць тыя, якія паказваюць сябе найлепш. Іронія лёсу ў тым, што сховішча выявілася непрыстасаваным да новых кліматычных умоў на Шпіцбергене. Пры яго пабудове нарвежскі Дзяржбуд пракапаў глыбокую траншэю, каб дабрацца да самай гары. Потым праклалі ўваходны тунэль і засыпалі яго з бакоў і зверху грунтам. Але насыпаная зямля не ўзялася зноў вечнай мерзлатой, як задумвалася. Калі ідзе дождж і растае снег, вада залівае тунэль і спускаецца да камераў з насеннем. Некалькі разоў пажарнай брыгадзе даводзілася спускацца і адпампоўваць ваду, але насенне пры гэтым было ў бяспецы.
У звязку з падмоклым дзесяцігадовым юбілеем міністр харчавання і сельскай гаспадаркі Юн Геарг Далэ з партыі прагрэсу меўся ўручыць падарунак на сто мільёнаў крон. Сховішча насення, апроч іншага, мусіла абзавесціся новым гідраізаляваным уваходным тунэлем, магутнай бетоннай канструкцыяй.
У гонар насення адбылося танцавальнае прадстаўленне «Замерзлыя песні» ў Доме культуры. Элі Аннэ сядзела побач са мной у глядацкай зале. На сцэне ногі басанож адбівалі такт па падлозе, кветкамі гайдаліся целы, маці сядзела над сваім дзіцём, дзіцём, якое замерзла. На экране мы маглі бачыць вялізную трубу, якая
выкідала з сябе газ і часцінкі сажы. Пастаноўка трапіла мне ў балючае месца. Мне падалося, што я бачу перад сабой сваіх дзяцей. Якой будзе іх будучыня? Гэта што ж такое мы чынім з прыродай, з нашым жыццём?
На гэтай сур’ёзнай ноце танцы скончыліся, і мы выйшлі ў мокрую і бліскучую, як люстэрка, цемру.
— Я думаю, добра, што сёння ідзе дождж, — сказала Элі Аннэ, шчыльней захутваючыся ў шалік.
— Бо ты возьмешся за сваю дысертацыю, так? — спытала я, таму што, калі дні стаялі марозныя і ружовыя, яна збольшага бавіла іх, ходзячы на лыжах.
Мы пакрочылі да дарогі, пакрытай жвірам, які амаль не блішчэў лёдам.
— He, добра, што ідзе дождж цяпер, калі тут сабралася так шмат важных людзей. Хай пабачаць, што адбываецца, што з надвор’ем нейкая бяда.
Тым вечарам я пастанавіла прысвяціць рэшту года таму, каб прасвятліць гэтае пытанне. Што ў рэшце рэшт такое дзеецца?
За кліматам не ўгнацца
У першы летні дзень 2018 года я сяджу ў сваім хатнім офісе ў нашым жоўтым новым доме ля вусця даліны Лонг’ірдален. Хутка будзе два гады, як мы змаглі засяліцца. Большасць карцін ужо развешаныя па сценах, цацкі для вулічных гульняў раскіданыя па верандзе перад домам, а я маю працоўны кабінет з панарамным акном на другім паверсе. Я гляджу ўніз на незаледзянелы Адвентф’ёрд і гару Х’ёртф’елет на іншым беразе, ахутаную цяжкімі хмарамі. Снег ляжыць на горных схілах плямамі, зямля цяпер гразкая. Дзецям, якім тры і амаль пяць гадоў, гэта дужа даспадобы. Яны скачуць па лужынах, плёскаюцца і размалёўваюць сябе граззю.