Мой свет растае
Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер
Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
2 Spisshusa — дамы са спічастымі дахамі (нарвежск.).
Элі Аннэ патупала, страсаючы снег з абутку, і пагрукалася ў дзверы.
— Я ніколі не бачыла, каб снегавая шапка выглядала настолькі буйной, — сказала яна, праходзячы ў вітальню.
Мальтэ збіраўся выйсці са старэйшай дачкой паглядзець сумёты, але вырашыў затрымацца на яшчэ адзін кубачак кавы. На кухні Элі Аннэ паспрабавала паказаць Эльке гурбу снегу праз акно, але вулічны ліхтар замінаў яе разгледзець. Эльке была каардынатаркай службы дапамогі Чырвонага крыжа ў Лонг’іры і ў тэме снегу зналася больш за сярэдняга чалавека. Мальтэ быў геолагам у горназдабыўчай кампаніі «Стурэ Норске» і пісаў дысертацыю ва ўніверсітэцкім цэнтры Шпіцбергена.
Усе захацелі выйсці паглядзець, што там са снегам, але спачатку — па каве. Эльке прыклала Свалу да грудзей. На высокім дзіцячым крэселку побач з Элі Аннэ сядзела Эліда, а яе тата ўзяўся гатаваць каву.
— Малако да кавы будзеш? — спытаў ён.
— Буду, — адказала Элі Аннэ.
I тут — грымнула. Яе кінула праз увесь пакой, яна ўдарылася галавой аб нешта цвёрдае. Спачатку патыліцай, потым ілбом. Затым яна пачула ціхі шоргат і зразумела, што гэта гук, з якім той самы новы снег запаўняе пакой.
Мальтэ спачатку быў падумаў: як дзіўна, што снегаачышчальная машына кідае снег у акно. 1 раптам яго намертва заціснула проста як ён стаяў у белай футболцы і джогерах, над галавой — недзе паўметра снегу. Сам не ведае як, але малымі рухамі, што каштавалі неверагодных намаганняў, ён неяк змог вызваліцца. Снег сягаў амаль да верху кухонных шафак, але не да канца заваліў вокны. На дварэ было зусім чорна. Пагасла святло — і дома, і на вуліцы.
Ён што, толькі што страціў усю сваю сям’ю?
Мальтэ пачуў крык жонкі. Голымі рукамі ён раскапаў галаву Эльке. Яна папрасіла яго знайсці штосыді, чым можна капаць. Адзінае, што ён знайшоў, — накрыўка ад патэльні вок, якая ляжала на кухоннай шафцы.
Свалу вырвала з рук Эльке, але чутно было, як малая плакала. Яна не магла быць далёка.
Эльке крыкнула:
— Трымайся, мая Свалачка, трымайся!
Мальтэ знайшоў дачку там, дзе Эльке чула яе плач, асцярожна вызваліў немаўля ў цемры і паклаў яе ў манежык у гасцёўні. Потым ён адкапаў Эльке. Яна дабралася да гасцёўні і спрабавала накарміць і супакоіць немаўля, якое плакала. He атрымлівалася. Эльке паклала дачку, быццам у яе галаве шчоўкнуў пераключальнік і яна пачала працаваць у іншым рэжыме. Усе яны павінны
выбрацца на двор! Элідэ ўсё яшчэ была пад снегам. Трэба было знайсці яе і Элі Аннэ.
Яны капалі і капалі. Здранцвелымі пальцамі. Адзежную шафу знесла, але яны знайшлі пальчаткі, якія падышлі Эльке. Пасінелымі ад холаду рукамі Мальтэ працягваў капаць, не маючы ніякай для іх абароны.
Яны не перамаўляліся, толькі капалі і крычалі ратунку. Паказаўся паліцэйскі з шуфлямі, але пакрочыў далей аглядаць месца здарэння.
Раён было не пазнаць. 3 Сукертопэн абвалілася пяць тысяч тон снегу. Даўжыня лавіннага наносу складала дзвесце метраў, таўшчыня — дватры метры. Пацярпела адзінаццаць дамоў у двух шэрагах па вуліцы 230. Дом Эльке і Мальтэ троху павярнула, тады як іншыя дамы ссунула снегам на трыццаць-восемдзесят метраў. Усё валялася кучай уперамешку. Машыны, снегаходы і абломкі дошак у белізне.
У адным з іншых дамоў паўсядзела-паўляжала Аннэ Крысцін Якабсен, зашчэмленая ў снезе, бітым посудзе, паламаным начынні са сцяны кухні, але ў яе атрымалася грукаць аб сценку мікрахвалёўкі. Яна грукала і грукала.
У суседнім доме бацька трох дзяцей Top Сэлнес прачнуўся ад таго, што яго ніжнюю
частку цела заціснула снегам і кавалкамі сценаў. Ён змагаўся за сваё жыццё, спрабаваў уратавацца. Потым ўсё зрабілася чорна. Калі ён апрытомнеў, то зразумеў, што ўсё навокал перакручана. Top змог вызваліцца і выкараскаўся вонкі, па дарозе напароўшыся на цвікі. Амаль голым стоячы па пояс у снезе, ён убачыў, што парэшткі ягонага зялёнага дома не на сваім месцы. Дом зрушыла снегам на восемдзесят метраў.
А дзеці, што з ягонымі трыма дзецьмі?
Top пачаў крычаць, гукаючы большага.
— Я тут! — пачуў ён з-пад абломкаў.
— Іншыя двое жывыя? — спытаў ён.
— Жывыя, — азваўся хлопчык.
Эльке і Мальтэ працягвалі капаць, пакуль малая румзала ў суседнім пакоі. Нарэшце прыйшла дапамога.
Эльке адкінула шуфель і занялася малодшай дачкой. Яна зняла з той халодную баваўняную вопратку і загарнула яе ў коўдру. Прайшло паўгадзіны пасля сходу лавіны.
Эльке не была рэлігійнай, але маліла бога, каб Эліда была жывая.
Элі Аннэ чула рыпенне снегу і крыкі Эльке. Яна спрабавала адказаць, але снег глушыў гукі. Паніка
накрывала хвалямі, але жанчыне рабілася лягчэй, калі правай рукой яна мацала кавалкі дошкі перад тварам. Для курса ва ўніверсітэцкім цэнтры Шпіцбергена яна колісь чытала старыя справаздачы пра лавіны. Яна ведала, што горны схіл побач лавінанебяспечны і што тэарэтычна лавіна магла накрыць шэраг дамоў на вуліцы вышэй. Цяпер, лежучы намертва заціснутай, яна здзіўлялася таму, што снег насамрэч мог дайсці так далёка. Ажно да дамоў другога шэрага ад гары.
Яна замярзала. Правай рукой, што была каля твару, яна здолела зашпіліць маланку на гарлавіне ваўнянага швэдра. Падцягнула яе ўверх настолькі, наколькі магчыма. Мо гэта дапаможа ад холаду.
Праз некаторы час Элі Аннэ пачула новыя гукі. Людзей і шуфляў, але далёка, вельмі далёка. Яна дыхала. Удых і выдых. Удых і выдых.
Раптам з’явілася паветра, а над ёй — ратавальнікі.
— Нас было пяцёра. Я чула, як Эліда плакала недзе побач са мной, — сказала яна.
Адзін з ратавальнікаў паклаў ёй руку на плячо.
— Цяпер у нас ёсць вы, — сказаў ён.
Тут да яе дайшло, што зараз трэба выбірацца. Трэба, каб ратавальнікі змаглі дабрацца туды, дзе хутчэй за ўсё была двухгадовая дзяўчынка.
3 моманту сходу лавіны прайшло трыццаць восем хвілін.
Аказалася, што, пераляцеўшы праз кухню да шуфлядак, Элі Аннэ ўрэзалася ў другую зверху, дзе захоўваліся наточаныя нажы. На шчасце, яны ляжалі лязом да сцяны.
Без абутку яе правялі праз зону сходу лавіны і на снегаходзе завезлі ў бальніцу.
Неўзабаве ратавальнікі адкапалі Эліду. Яна ляжала спінай да кухонных шафак у тонкай ваўнянай бялізне пад двума метрамі збітага снегу. Падлога ў тым месцы прасела на сорак сантыметраў. Калі пажарны папляскаў яе па шчацэ, двухгадовае дзяўчо падало ціхі гук.
— Цяпер дзіцячыя крыкі я буду інакш успрымаць, — пазней скажа адзін з ратавальнікаў. Ён адламаў дзверку кухоннай шафы. Яе выкарысталі як насілкі.
Тронд прыйшоў дахаты позна ўвечары. Выраз яго твару казаў, што здарылася трагедыя.
Ратавальнікі пачулі, як Аннэ Крысцін Якабсен грукае ў мікрахвалёўку, і праз трыццаць восем хвілін яе таксама адкапалі. Але пасля таго, як яе, Элі Аннэ і Эліду вывезлі з зоны сходу лавіны, не хапала яшчэ трох чалавек з двух дамоў.
Трохгадовая Пэрніле і двухгадовая Нікалінэ Рэкенес жылі ў доме на найбліжэйшай ад гары вуліцы. Сястрычкі акурат збіраліся пайсці пакатацца на снегакаце, які ім падарылі на Каляды. Яны апраналіся ў вітальні, пакуль іх бацька зайшоў у прыбіральню. Калі тата і мама праз секунды кінуліся глядзець, дзе дзеці, вітальня адсутнічала. На яе месцы былі толькі паветра і снег.
Доўгі ланцуг валанцёраў, гатовых дапамагаць, працягнуўся ад месца апоўзня па дарозе Хільмара Рэкстэна. Людзі ў першым шэрагу адкідалі шуфлямі снег і пілавалі электрапіламі парэшткі будынкаў у сумётах, каб прабірацца праз іх. Праз гадзіну пяцьдзясят пяць хвілін пад спрэсаваным снегам ратавальнік знайшоў малодшую Нікалінэ. Праз восем хвілін адкапалі большую сястрычку. Абедзвюх адправілі на верталёце хуткай дапамогі ў Тромсё.
3 моманту здарэння прайшло больш за тры гадзіны, калі знайшлі Атле Хюсбі, у спальні пад спрэсаваным снегам і абломкамі сценаў. Ён быў адзін дома, калі сышла лавіна. Трое ягоных дзяцей тым днём былі ў доме іх маці, троху далей у Лія. Фізічна яны не пацярпелі, але белы кашмар іх таксама накрыў.
Наступным днём я пакаціла дзіцячы вазок па вуліцы ў святле ліхтароў уздоўж сумётаў, каб на
ўласныя вочы ўбачыць тое, што не магла ўявіць. Пражэктары асвятлялі парэшткі снегу на гары. Дамы былі згрувашчаныя.
Па дарозе я даведалася, што маленькая Нікалінэ наўрад ці акрыяе. У гэта было цяжка паверыць. I Нікалінэ, і Пэрніле хадзілі ў садок з маёй дачкой. Амаль штораніцы мы снедалі там разам. Нікалінэ памерла, але яе старэйшая сястра цудам выжыла.
Увесь пасёлак стаў на ногі па сігнале трывогі. Людзі капалі, гатавалі ежу, глядзелі дзяцей, кіравалі машынамі хуткай дапамогі, падрыхтавалі бальніцу, адкрылі аэрапорт, дзяліліся інфармацыяй, суцяшалі, давалі начлег і ўсё неабходнае эвакуяваным. Яшчэ доўга пасля сходу лавіны людзі абдымаліся ў крамах і кавярнях, размаўлялі і глядзелі адно аднаму ў вочы. He ўсе глядзелі ранейшымі вачыма.
Прайшлі паніхіды, пахавальныя цырымоніі, публічныя інфармацыйныя сходы, прысвечаныя таму, што здарылася, і сістэме папярэджання лавіны, якую планавалі запусціць.
Прайшло шмат часу перш, чым я зразумела маштабы катастрофы і тое, што ўсё магло быць нават горш. Усяго дваццаць пяць чалавек у адзінаццаці дамах трапілі пад лавіну. Дзесяць засыпала снегам. Выжыла восем.
Здароўе Эліды ў бальніцы Тромсё ацанілі як добрае. Там на двары яна паспела паесці новага снегу.
Нам параілі расказаць маленькай Лотэ двух з паловай гадоў пра тое, што здарылася, каб яна не прыдумала сабе, што рэчаіснасць яшчэ горшая, чым была. Мы расказалі, што лавіна накрыла дамы і што ў адным з іх была Эліда, але з ёй усё нармальна, што было двое памерлых і адна з іх — Нікалінэ. Дачка па-свойму зразумела гэта і шмат гаварыла пра сваю сяброўку па дзіцячым садку. Пазней яна пачала трывожыцца, калі падымаўся вецер. Больш яна не хацела чытаць кніжку пра троля, умерзлага ў лёд, які дзьмуў так, што дамы ў горадзе схадзілі са сваіх месцаў.
Мы расказалі, што людзі цяпер навучаныя. I што цяпер ёсць нехта, хто дбае, каб людзі не жылі ў дамах, якія могуць трапіць пад лавіну. Мы часта гаварылі пра смерць. Што мы дакладна дажывем да старасці, як бабуля.
— Але не ўсе. Некаторым можа не пашанцаваць. Нікалінэ вельмі не пашанцавала, — сказала яна на гэта.
Прырода на Шпіцбергенскім архіпелагу заўжды была дзікай, прыгожай і непрадказальнай. Неасвоеныя абшары забіралі жыцці многіх. Людзі падалі ў расколіны ў ледавіках, правальваліся