Мой свет растае Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене Лінэ Нагель Ільвісокер

Мой свет растае

Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер

Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
44.28 МБ
Месяц май, які толькі скончыўся, найцяплейшы за гісторыю назіранняў у Лонг’іры.
Тры тыдні таму рака талай вады цякла па вуліцы, дзеці пераходзілі яе ўброд і пускалі там папяровыя караблікі. Пад вадой ляжаў тоўсты лёд са слядамі аўтамабільных пакрышак. На нашай вуліцы з’явіліся суседзі з новапрыбылых з маленькім дзецьмі, якія не маглі дачакацца, калі ўжо можна будзе катацца на ровары. Мы таксама,
але я сарыентавала новенькіх па тэрмінах: лёд сыдзе не раней як праз некалькі тыдняў. Мой прагноз мясцовай усёзнайкі быў абвергнуты ўсяго праз тыдзень. Мы вывелі ровары на сухую гравійку, і наша дачка ўпершыню паехала на двух колах.
Майскія тэмпературы далучыліся да доўгага спісу рэкордаў. Раёны Шпіцбергенскага архіпелага і Баранцавага мора — часткі планеты, якія награюцца найхутчэй. У той час як ААН папярэджвае пра шкодныя наступствы глабальнага пацяплення больш чым на 1,5-2 градусы ў параўнанні з даіндустрыяльным перыядам, сярэднегадавая тэмпература ў Лонг’іры ўжо вырасла на 3,8 градуса з пачатку яе рэгістрацыі ў 1898 г.
Калі лічыць ад 1961-га, пачатку «нармальнага» перыяду, то сярэдняя тэмпература на архіпелагу вырасла на 5,6 градуса. Для параўнання: тэмпература на тэрыторыі ўніверсітэта Осла вырасла на 2 градусы за той самы перыяд. Тэмпература па планеце вырасла на 0,9 градуса. Такім чынам, на Шпіцбергенскім архіпелагу тэмпература расце ў тры разы хутчэй, чым у Осла, і ў шэсць разоў хутчэй, чым у сярэднім па планеце.
3	моманту, як я сяджу і назіраю за караблямі, што ходзяць па ф’ёрдзе ўнізе, засталося няшмат да новага рэкорду: калі тэмпература будзе перавышаць норму цягам ста месяцаў запар.
Што змушае архіпелаг Шпіцберген награвацца настолькі хутчэй за астатні свет? Гэта пацяпленне вінаватае ў лавінах у горадзе? Разбірацца мне дапамагае кліматолаг Кеціль Ісаксен з Метэаралагічнага інстытута. Даследчык вядзе назіранні на архіпелагу з 1995 года, калі ён прыехаў сюды яшчэ студэнтам. Першае, на што ён звярнуў увагу, — тое, што ў дамах Лонг’іра не было рынаў на дахах. Дождж амаль ніколі не ішоў — такое было тлумачэнне, гэта арктычная пустыня. Цяпер жа многае паказвае на тое, што тут адбудуцца змены.
«Як даследчыка клімату мяне цікавяць тэндэнцыі, і тыя тэндэнцыі, што я бачу цяпер тут на архіпелагу, як паводле ўласных, так і чужых даследаванняў, палохаюць мяне. He бянтэжаць. He выклікаюць занепакоенасць. Палохаюць», — напісаў ён у «Афтанпостэн» пасля цёмнай, надзвычай мокрай восені 2016-га.
За кароткі час здарыліся і незвычайная колькасць ападкаў, і анамальныя тэмпературы.
Ісаксен пачуваецца ўсё гэтак жа — страшна, што мы нічога не кантралюем. Даследчыкі выкарыстоўваюць мадэляванне, але клімат цяжка змясціць у камп’ютарную праграму. Напрыклад, марскі лёд растае больш імкліва, чым паводле мадэляў, вечная мерзлата растае хутчэй, а нядаўнія даследаванні паказваюць, што глабальнае пацяпленне можа быць
нават мацнейшым, чым вучоныя прадказвалі ў 2016 годзе.
Ісаксен заўважна ўстурбаваны тым, што сусветныя лідары, падаецца, не разумеюць усёй сур’ёзнасці, нягледзячы на адназначныя вынікі даследаванняў за многія гады і рэкамендацыі вучоных з усяго свету. Неабходна тэрмінова скараціць выкіды, але няма прыкмет таго, што свет рухаецца ў кірунку мэты Парыжскага пагаднення, каб утрымаць глабальнае пацяпленне на 2, а лепей на 1,5 градуса вышэй за тэмпературу ў даіндустрыяльныя часы. Няма гарантый, што, калі тэмпература падымецца вышэй за гэтыя межы, нешта яшчэ можна будзе кантраляваць.
Але ён мае надзею. Аб’ёмы выкідаў можна рэзка зменшыць, калі мы заключым і будзем строга датрымлівацца міжнародных пагадненняў датычна клімату альбо калі аднаўляльныя крыніцы энергіі змогуць канкурыраваць з выкапневымі крыніцамі.
Галоўная прычына таго, што рэгіён вакол Шпіцбергена награецца хутчэй за астатні свет, — гэта раставанне марскога лёду. Раней пакрыты снегам лёд служыў ізалятам паміж цёплай вадой і халодным палярным паветрам. Калі лёд ляжаў на ф’ёрдах, мінус дваццаць пяць градусаў былі звычайнай тэмпературай у халодныя
ясныя дні красавіка і мая. Цяпер, як лёду няма, вада награе паветра, і яно рэдка бывае халаднейшым за 15 градусаў. 3 1961 года шпіцбергенскія зімы зрабіліся ў сярэднім на 9 градусаў цяплейшымі.
Хутчэйшы за астатнія рэгіёны Арктыкі рост тэмпературы — наступства таго, што страта зімовага лёду тут найбольшая. Апроч абароны халоднага паветра ад цёплай вады зімой, лёд адбіваў сонечнае выпраменьванне, тады як акіян яго паглынаў. Свежы снег адбівае 90% сонечнай энергіі, летні марскі лёд — 60%, тады як акіян адпраўляе назад толькі 10%. Астатняе награвае ваду. Таксама скараціліся снежныя перыяды, вясна надыходзіць раней, а восень — пазней. Там, дзе раней снег адбіваў сонечную энергію, зямля паглынае яе і награецца. Усё спрыяе павелічэнню награвання.
Акіян таксама звязаны з атмасферай і надвор’ем. Усе працэсы ўплываюць адзін на аднаго.
«На раён Шпіцбергена ўплываюць і марскія, і паветраныя плыні, меншая колькасць лёду і снегу ўзмацняюць пацяпленне. Гэта асабліва складаная карціна. Калі гаварыць з даследчыкамі, то яны будуць трымацца розных меркаванняў датычна таго, што найбольш уплывае на пацяпленне. Мусіць, таму, што ўсе яны найлепш абазнаныя ў сваёй уласнай тэме», — кажа Ісаксен.
Тады як надвор’е мяняецца з дня ў дзень, з года ў год, статыстыку па клімаце збіраюць працяглы перыяд.
Што наконт лавін? Ці можам мы вінаваціць у іх клімат? Ісаксен мяркуе, што яшчэ зарана казаць, ці была лавіна 2015 года непасрэдным наступствам павышэння тэмператур, альбо прырода акурат тым днём выдала гары Сукертопэн поўны камплект: коўзкі ніжні слой, багата снегу і моцны вецер у «правільным» напрамку. Ці магло б здарыцца гэтае стыхійнае бедства трыццаць гадоў таму пры такім самым надвор’і, альбо большая колькасць ападкаў і адмысловы стан снежнага покрыва былі абумоўленыя павышанымі тэмпературамі — задаецца пытаннем вучоны.
Калі разглядаць тую лавіну ў кантэксце, разам з лавінай 2017-га і ўсімі іншымі апоўзнямі, землянымі, гразевымі, вадаснежнымі плынямі, што здарыліся за апошнія гады, вымаўлёўваецца відавочная тэндэнцыя. Калі тэмпература павышаецца, паветра можа ўтрымліваць больш вільгаці, і мы можам атрымліваць болей ападкаў. А з большай колькасцю ападкаў расце небяспека самага рознага кшталту апоўзняў.
Сярэдняя тэмпература ў Лонг’іры з вялікай верагоднасцю перасягне нуль градусаў у некаторыя зімы ўжо ў гэтым стагоддзі, калі нашыя
выкіды CO, застануцца на цяперашнім узроўні. Для параўнання: сярэдняя тэмпература ў зімовыя месяцы пасля 1898 года — мінус 13,6 градуса. У такі мароз з рота ідзе пара, снег, як наждачка, і храбусціць, а вейкі пакрываюцца інеем.
Усё больш і больш зімовых ападкаў будуць выпадаць у выглядзе дажджу, як на юбілей сховішча насення ў лютым 2018-га. У сакавіку таго года зіма вярнулася. Дажджавая вада замерзла ледзяным панцырам. Суседскія дзеці каталіся на каньках па заледзянелым полі пад нашым домам, рабілі васьмёркі і піруэты ў тундры. Іншыя каталіся на каньках і далей у даліне Адвентдален. Мы таксама выкаціліся на лёд, грукалі па яго паверхні і разглядалі жоўтакарычневыя купіны пад ім. Было холадна, усё навокал ружовае, блакітнае, ліловае і бясконца прыгожае. Мы не маглі дачакацца 8 сакавіка — дня вяртання сонца, калі яго промні праб’юцца праз горныя вяршыні і асветляць нашую даліну.
Неўзабаве пасля гэтага прыйшла рассылка, што тры толькі прамінулыя зімовыя месяцы былі найцяплейшымі за гісторыю назіранняў.
Пасёлак
Лонг’ірдален ляжыць сярод стромкіх схілаў гор, паміж якімі цячэ рака. Унутры даліны — гара Саркафаг паміж двух невялікіх ледавікоў, Лонг’ірскага і ледавіка Ларса. Вусце даліны выходзіць у Адвентф’ёрд, «мезенец на доўгай і магутнай руцэ» Ісф’ёрда.
Цэнтр Лонг’іра перасоўваўся ў залежнасці ад таго, дзе ў гарах здабывалі вугаль. Цяпер часткі горада зноў перасоўваюцца. Гэтым разам падалей ад прыродных небяспек.
Пасля лавіны мясцовыя ўлады прадставілі новыя мадэлі і карты з небяспечнымі мясцінамі з улікам таго, што мы на шляху да цяплейшага і больш вільготнага клімату. Дзіцячы садок, у які першы год хадзіла Лотэ, паміж царквой і цвінтаром на захадзе пасёлка, зачынілі праз пагрозу сходу лавіны. Прыкладна сто пяцьдзясят дамоў у Лія, жылым раёне паміж цэнтрам і Сукертопэн, ва ўсходняй частцы пасёлка, давядзецца знесці. У гарах будуць пабудаваныя ўмацаванні, каб абараніць тыя дамы, што там застануцца, а таксама часткі цэнтра, якія знаходзяцца адразу за Лія.
Раён Лія на поўдні мяжуе з далінай Ванледнінг. У 1953 годзе вадаснежная плынь, ці снежны сель, у даліне адняў жыцці трох чалавек, і яшчэ 30 пацярпелі. Пазней там здаралася яшчэ некалькі снежных селяў, апошні раз — у 2012 годзе, калі сель разбурыў пешаходны мост над ракой. Некалькі невялікіх дамбаў там пабудавалі, але яны не дастаткова моцныя, каб не даць буйнейшаму селю дабрацца да дамоў. У веснавы перыяд рэчышча расчышчаюць бульдозеры, каб запабегнуць утварэння плаціны і наваднення, але, калі ў самы цёмны зімовы час ідзе дождж і стаіць мяккае надвор’е, такі метад робіцца немагчымым. Трэба будаваць умацаванні.
Мне цяжка гэта ўявіць. Як гэта будзе, калі сто пяцьдзясят дамоў у Лія знясуць, калі горны схіл спрэс пакрыюць агароджамі і насыпамі? Ці будзе тады адчуванне бяспекі мацнейшым, ці гэта будзе ранай, якая заўжды будзе нагадваць пра нашую безабароннасць, пра тое, што мы часта дзейнічаем запозна, што чалавечая памяць такая кароткая, што прырода заўжды на крок нас апераджае?
Рызыка сходу лавіны таксама ёсць і ў Нюбіен, ніжэй у даліне, дзе жывуць студэнты. Студэнцкая асацыяцыя плануе новыя інтэрнаты ў цэн-
тры. У зоне небяспекі знаходзяцца і часткі электрастанцыі, а таксама воданапорная вежа.
Святарыня царквы і блізкія памерлых баяцца, што магілы з 1917 года і пазнейшыя будуць змеценыя апоўзнямі. Цяпер царква пачала планаванне новых могілак, дзе як жывыя, так і мёртвыя будуць у бяспецы. Уласна царква таксама знаходзіцца ў небяспечнай зоне, і напэўна, за ёй насыплюць земляны вал.
3 акна нашага ваннага пакоя я бачу агромністыя машыны, якія рыюць і б’юць на вуліцы вышэй. Гарадскія ўлады ўзводзяць новае жытло наўзамен дамоў у Лія — як знесеных, так і тых, што дагэтуль у неабароненай зоне. Праца павінна быць зробленая ў рэкордныя тэрміны. Гатовыя модулі пабудуюць на фабрыцы ў Стайншэры і морам пераправяць у Лонг’ір, дзе іх змантуюць. Трыццаць кватэр будуць гатовыя да ліпеня, то бок праз шэсць месяцаў, а яшчэ трыццаць — наступным летам. Гэтыя дамы прызначаныя для дзяржслужбоўцаў і лонг’ірскіх улад. Ля рэчышча ракі пабудуюць новыя трохпавярховыя жылыя блокі для прыватных асоб, іх можна будзе купіць альбо арандаваць. Асаблівасць мясцовага жыллёвага рынку ў тым, што большасць жытла знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы альбо грамадскіх устаноў. Гэта азначае, што іх супрацоўнікі жывуць бясплатна альбо па ільготнай арэндзе. Многія