Мой свет растае
Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер
Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
Пазней агромністыя кантыненты падзяліліся на меншыя часткі і змянілі акіянічныя плыні. Калі кантыненты сутыкнуліся адзін з адным, горы, што ўтварыліся, змянілі паветраныя плы-
ні. Усё мела свае наступствы для клімату і таго, як размяркоўвалася цяпло. Лясы з’яўляліся і знікалі. Спачатку хваёвыя, потым лісцевыя.
Пахмурным днём першага жніўня я шыбую камяністай сцяжынай да Лонг’ірскага ледавіка. Злева ад мяне грыміць карычневая рака талай ледавіковай вады, справа — узвышаецца гара. Перада мной крочыць лектарка музея і геолаг Аннэ Біркелан і садоўнікі Нільс-Петэр Бэргешэн і Андрэас Лёвэл з музея прыродазнаўства і батанічнага саду ў Осла. У 2016 годзе я дапамагала ім пакаваць скамянеласці з адбіткамі лісця продкаў вяза, ляшчыны і бярозы. Лісце апала прыкладна 50 мільёнаў гадоў таму. Гэта апошні лес, сляды якога знаходзяцца на Шпіцбергене.
Наступнай зімой камяні перавезлі на снегаходзе ў порт і адправілі ў Осла ў батанічны сад, дзе яны служаць ілюстрацыяй эвалюцыйнай гісторыі дрэў. Самая вялікая скамянеласць важыла 250 кг.
Сёння яны займаюцца новым каменем. Ён ляжыць акурат пад языком Лонг’ірскага ледавіка.
Усё вакол нас карычневае: камяні, бруд, порыстыя і слаістыя горныя схілы, з якіх камяні валяцца на сцяжыну, і грымлівая ледавіковая рака.
— Некаторыя людзі лічаць, што гэта рай на зямлі. Калі разглядаешся, то паўсюль бачыш жыццё, — кажа Біркелан. Яна прыўзнімае пластыкавую накрыўку, якая абараняе прадмет сённяшніх даследаванняў. Гэта шырокая каменная пліта, спрэс пакрытая адбіткамі лісця.
Я спрабую ўявіць сабе тое жыццё, сведкамі якому былі скамянеласці. Што я стаю ў вялікім лісцевым лесе і што сонца, якое цяпер перамагло імглу, прабіваецца промнямі праз верхавіны дрэў. Я чую птушак і адчуваю цеплыню, удыхаю вільготнае лясное паветра, я бачу лісток, які марудна ападае на зямлю.
Каля 50 мільёнаў гадоў таму архіпелаг знаходзіўся толькі на некалькі градусаў паўднёвей, чым цяпер, альбо, магчыма, ён знаходзіўся паўночней, бо літасферная пліта, на якой ён ляжыць, павярнулася і пасунулася. Вучоныя працуюць над тым, каб даведацца пра гэта болей. Тое, што ім дакладна вядома, — гэта што ўзровень мора быў вышэйшым, а вада ў ім — градусаў на 10 цяплейшай. Дрэвы пражывалі палярны дзень і палярную ноч у асяроддзі, якога больш няма на зямлі.
Садоўнікі паліваюць выкапні ледавіковай вадой. Калі яны выціраюць вільгаць, праяўляецца бліскучае мокрае лісце, некаторае з тонкімі чорнымі рысачкамі вугалю.
Андрэас Лёвэл на кукішках разглядае скамянеласць.
— Вось некалькі колішніх пародаў бярозы і бука. Таксама тут у нас вымерлая парода клёна і, верагодна, вяза, — ён не зводзіць вачэй з каменнай пліты.
Некаторае бярозавае лісце амаль ідэнтычнае таму, што расце на дрэвах у Батанічным садзе сёння, іншае — большае.
— Бяроза перажыла кардынальна розны клімат. У гэтай лістоце — пяцьдзясят мільёнаў гадоў досведу, — кажа Лёвэл.
Прэч з ледавіковага перыяду
Акурат перад тым, як сфарміраваліся выкапні, якія мы назіраем цяпер ля Лонг’ірскага ледавіка, прыкладна 55 мільёнаў гадоў таму тэмпература на планеце расла надзвычай хутка. Аналіз выкапняў сведчыць, што сярэдняя тэмпература на Шпіцбергенскім архіпелагу магла вагацца ад 15 да 18 градусаў. Пасля гэтага зямля ўжо не была настолькі цёплай. Некаторыя вучоныя праводзяць паралелі паміж гэтым і тым, што адбываецца сёння.
Імклівае павышэнне тэмпературы 55 мільёнаў гадоў таму магло быць выкліканае вулканічнымі выкідамі парніковых газаў, калі перамяшчаліся літасферныя пліты, альбо падзеннем метэарыта, у выніку чаго ўзрасла канцэнтрацыя CO, у атмасферы. Ланцуговая рэакцыя магла ўзмацніць пацяпленне: на сушы расталі снег і лёд, акіян пацяплеў, і метан, які быў замарожаны на акіянічным дне, вызваліўся.
Паступова клімат зноў пахаладнеў, верагодна, у значнай ступені дзякуючы падняццю сушы
і фарміраванню высокіх горных ланцугоў. Калі дажджавая вада цячэ па камені, пачынаецца хімічны працэс вывятрэння, у выніку чаго звязваецца вуглярод. Чым больш гор і дажджу, тым болей вуглярод звязваўся праз вывятрэнне.
Прыкладна тры мільёны гадоў таму адбылося нешта важнае. Тэмпература настолькі панізілася, што вар’іраванне арбіты Зямлі вакол Сонца і змены ў цеплавым выпраменьванні змаглі як закручваць планету ў ледавіковы перыяд, так і выкручваць з яго. Збег некалькіх экстраардынарных падзей прывёў да таго, што Зямля змерзлася ў адну агромністую вільготную снежку, і ўсё адно была празмерна цёплай, каб заставацца ў ледавіковым перыядзе пастаянна. Але праз усю гісторыю чалавецтва клімат падпарадкоўваўся пэўнай сістэме ўваходжання ў ледавіковы перыяд і выхаду з яго, дзе ўзровень CO,, і тэмпературныя крывыя змяняліся сінхронна. Сістэму абумоўліваюць тры астранамічныя фактары і варыяцыі ў іх цыкламі ў 100, 41 і 23 тысячы гадоў: эліптычная форма арбіты Зямлі вакол Сонца, вугал восі Зямлі і ваганне гэтай восі.
Апошні ледавіковы перыяд скончыўся 11700 гадоў таму. Цяпер мы мусім уваходзіць у новы перыяд ахаладжэння, але нашыя выкіды могуць гэтаму перашкодзіць. Мы маглі выпусціць дастаткова СО„ каб нашу планету выключыла з яе натуральных астранамічных
цыклаў кліматычных зменаў. Магчыма, мы цалкам паклалі канец цыклам ледавіковых перыядаў. Магчыма, пацяпленне будзе адбывацца гэтак жа хутка, як 55 мільёнаў гадоў таму. Магчыма, мы ўваходзім у новую фазу, дзе планета пастаянна цёплая, цяплей, чым калі-кольвек заспела яе чалавецтва.
За 500 мільёнаў гадоў існавання пазваночных жывёлаў было пяць масавых выміранняў. Цяпер, падобна што, пачалося шостае, і вінаватыя ў ім мы, людзі. Мы разбуральна ўздзейнічаем на клімат і займаем усё большыя плошчы зямлі.
Летнім вечарам я чытаю «Гісторыю пчол» Маі Лундэ. У рамане некалькі паралельных ліній, але я пераскокваю праз некаторыя раздзелы, каб даведацца, што будзе ў 2098 годзе. Еўропа і ЗША распадаюцца праз мор і голад. Экасістэма разбураецца. Пчолы практычна выміраюць праз пестыцыды, экстрэмальнае надвор’е і неразумнае вядзенне сельскай гаспадаркі. У Кітаі сямейная пара ўручную апыляе фруктовыя дрэвы ў змаганні за дастатковую колькасць ежы. 3 іх сынам нешта здараецца ў лесе, і ён знікае пры містычных абставінах. У роспачы маці выпраўляецца шукаць яго па свеце, дзе ўсе інфармацыйныя сістэмы абрынуліся, а інфраструктура не працуе. Я сачу за адчайным падарожжам маці і шуканнем пчол, неабходных для жыцця.
Вось так усё пойдзе? Жыццё пераадолела вялікія перапады ў клімаце, але што, калі праз некалькі соцень гадоў не будзе існаваць відаў, разумных настолькі, каб спасцігнуць, што ка~ жуць вугляродныя графікі?
На мацерыковай частцы Нарвегіі праз мякчэйшы клімат лес паўзе вышэй. Калі я зрэдчас езджу ў летні дамок, які мае баба з дзедам пабудавалі паміж возерам Тыйін і камунай Ордал, я заўважаю, што лес набліжаецца. Ён захапіў некалькі дамкоў ніжэй у даліне, але, на шчасце, не наш. Пакуль не. Можа быць, новы лес пусціць свае карані і ў зямлю Шпіцбергенскага архіпелага, і, можа быць, ён дапаможа нам ачысціць атмасферу ад нашых грахоў у прадказаны цёплы перыяд.
Вялікі парадокс
Шпіцберген ёсць вялікім прыродным парадоксам. Архіпелаг знаходзіцца ў частцы свету, якая награецца найхутчэй. У той самы час, калі мераць па колькасці выкідаў CO, на аднаго жыхара, населеныя пункты тут забруджваюць наваколле больш за ўсіх у свеце. У 2015 годзе гэты паказчык складаў каля 75 тон на жыхара. Гэта без уліку выкідаў ад самалётаў і караблёў. Для параўнання: у 2017 годзе сярэднія выкіды па Нарвегіі былі 8,4 тоны, а па свеце — 4,8 тон на чалавека. Галоўная прычына такога высокага паказчыка — гэта вугальная электраэнергія і тое, што нас тут мала, на каго можна падзяліць гэтыя выкіды.
Шпіцбергенскія лясы забяспечылі грунт для больш чым стогадовай прамысловасці.
Каля 60 мільёнаў гадоў таму часткі рэльефа Шпіцбергена пачалі павольна апускацца, а прыбярэжныя балоты — пашырацца. Там, дзе і раней раслі трава, папараць і хвошч, з’явіліся продкі ляшчыны, бярозы, вяза, бука, а пазней і вялікія хвойныя дрэвы. Зямля затаплялася рэкамі, якія неслі ў акіян глей і пясок. Нарэшце былыя твані
і балоты пакрыліся пластом наносаў таўшчынёў у некалькі кіламетраў. Іх вага выціснула ваду з парэшткаў раслін, і за мільёны гадоў тыя высахлі ў чорны бліскучы вугаль.
У 1901 годзе амерыканскі бізнесмен Джон М. Лонг’ір разам з жонкай Мэры і пяццю іхнымі дзецьмі прыбыў на Шпіцберген на круізным лайнеры «Аўгуста Вікторыя». Ён пачуў пра вугаль, якім паляўнічыя ацяплялі свае хацінкі, і што ў гарах было багата гэтага чорнага золата.
У 1906 годзе ён заснаваў «Арктычную вугальную кампанію». Горназдабыўчая кампанія пабудавала жылыя баракі, чыгунку, канатную дарогу, якой вугаль перапраўляўся з шахты да пагрузачнага комплексу ў порце і да электрастанцыі. Шахцёрскі пасёлак каля Арвентф’ёрда атрымаў назву Лонг’ір Сіці. Але здабыча вугалю каштавала болей, чым прыносіла прыбытку, таму Лонг’ір пачаў шукаць пакупнікоў.
Кампанія пад назвай Store Norske Spitsbergen Kulkompani AS заступіла на змену ў 1916 годзе, каб забяспечыць бесперабойныя пастаўкі вугалю ў Нарвегію падчас Першай сусветнай вайны. I дагэтуль кампанія з’яўляецца краевугольным каменем у пасёлку Лонг’ір.
Шпіцберген доўга быў нічыйнай зямлёй, але ў 1920 годзе Нарвегія атрымала «поўны
і неабмежаваны» суверэнітэт над архіпелагам паводле Шпіцбергенскага трактата. Хоць Шпіцберген і нарвежскі, але ў той жа час і ўсіхні. Апроч іншага, паводле Шпіцбергенскага трактата, грамадзяне ўсіх краін, што яго падпісалі, маюць права прыязджаць, жыць і весці тут эканамічную дзейнасць на роўных умовах. Вось таму наш суседні пасёлак, крыху далей на Ісф’ёрдзе, — расійскі Баранцбург, таксама з вугальнай электрастанцыяй і насельніцтвам каля пяцісот чалавек.
У гарах вакол Лонг’іра мноства ўваходаў у шахты. Пачалося ўсё з шахты 1а ў Платобергет, альбо амерыканскай шахты, як яе таксама называюць, за царквой. Наступнай была шахта 2а ў Сукертопэн. Пазней з’явіліся шахты lb, 2Ь, 3, 4, 5 і 6. На сённяшні дзень (2018 год) Store Norske мае толькі адну дзейную шахту — гэта шахта 7. Там шахцёры здабываюць каля 150 тысяч тон вугалю на год. 3 іх электрастанцыя Лонг’іра спажывае 30 тысяч тон. Астатняе галоўным чынам ідзе на металургічную прамысловасць Германіі.