Мой свет растае Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене Лінэ Нагель Ільвісокер

Мой свет растае

Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер

Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
44.28 МБ
У найбліжэйшай будучыні ў верасні Арктыка будзе цалкам бязлёдная. Пасля гэтага бязлёдныя сезоны зробяцца даўжэйшымі, да 4-5 месяцаў.
Гэта будзе мець вялікія наступствы. Мора забірае нашмат болей сонечнай энергіі,чым лёд. Калі лёд адбівае сонечныя промні, мора іх паглынае.
Адкрытае мора награе паветра на некалькі градусаў. Цяплейшая вада можа размарозіць вечную мерзлату ў неглыбокіх частках акіяна так, што метан у ападкавых пародах з апошняга ледавіковага перыяду вызваліцца і ўзмацніць пацяпленне.
Уодэмс цяпер рыхтуецца да развітання з лёдам. «Нашыя ўласныя сквапнасць і глупства забіраюць прыгожы свет арктычнага марскога лёду, які колісь абараняў нас ад экстрэмальных кліматычных зменаў. Цяпер неабходныя тэрміновыя меры, калі мы хочам пазбегчы наступстваў», — піша ён у прадмове да кнігі.
Я адкладаю кніжку ў мяккай вокладцы. He ўпэўненая, што потым змагу заснуць, калі працягну чытанне. Сёння я не п’ю таблеткі ад марской хваробы і хутка адключаюся пад манатонны грукат «Хельмера Хансена».
У адкрытым моры
На наступны дзень мы ў адкрытым моры. Ад гайдання карабля мяне крыху нудзіць, таму я прымаю таблетку ад марской хваробы, перш чым падняцца ў рубку. Элі Аннэ і Top Гамельс-
род здымаюць паказнікі па Заходняй Шпіцбергенскай плыні. Цяпер мы тут, на захадзе ад вострава Шпіцберген, крыху на поўдзень ад вусця Ісф’ёрда. Эхалот паказвае ад ста да двухсот метраў. Хутка прыборы апусцяцца ў падводную даліну глыбінёй 2000 метраў. Цёплая плынь, як правіла, ідзе з гэтага боку даліны. Па дарозе ад адной стаянкі да іншай Гамельсрод атрымлівае паведамленне, што луснуў кабель ад прыбораў, і яго трэба адрамантаваць перад тым, як узяць пробы.
— Мы з Лінэ можам спусціцца і дапамагчы, — кажа Элі Аннэ.
Пакуль я спускаюся па лесвіцы, млосць падступае пад самае горла, мне трэба пратрымацца, пакуль не дайду да каюты. Калі я апынаюся там, мяне складае над віскатлівым вакуумным унітазам, які шыбае ў нос пахам хлёркі.
На дварэ практычна штыль, на вадзе толькі рабізна, але набліжаецца шторм. Дабром гэта не скончыцца. Ці здолею я пратрымаць унутры сябе таблеткі ад марской хваробы дастаткова доўга, каб яны падзейнічалі?
Надзяваю вязаную павязку на галаву, абуваю чаравікі і выходжу на палубу да прыбораў. Брыгада адмацоўвае кабель і адразае пашкоджаныя кавалкі. Элі Аннэ згортвае яго, тым часам я дыхаю свежым паветрам і гляджу на дзвюх касатак зусім блізка ад борта судна. Яны плы-
вуць у нашым кільватарным следзе, чорна-белыя з выразнымі плаўнікамі на спінах. Я падымаю камеру, але іх ужо след прастыў.
Я пачуваюся лепей пасля таго, як трошкі паспала, і падымаюся ў лабараторыю да Гамельсрода. Эхалот паказвае 1473 метры.
— Знайшлі што-небудзь цікавае? — пытаюся я.
— Штосьці знайшлі, зараз пакажу табе. Тэмпература паверхневай вады плюс 8 градусаў, тут на паверхні спрэс атлантычная вада, — адказвае Гамельсрод. Ён нахіляецца і паказвае пальцам на экран з лічбамі па апошняй станцыі.
— Сусветны рэкорд! — выгукае ён, перш чым дадаць, што гэта вельмі дзіўна, што так далёка на поўначы вада можа стабільна заставацца цёплай. — Магчыма, ля берагоў Нарвегіі вада ахалоджваецца менш, чым раней, і такім чынам не робіцца дастаткова халоднай і цяжкай, каб апусціцца пад мясцовую прэсную ваду? — разважае ён.
Насустрач шторму
Пасля вячэры я пішу ў аўдыторыі. Па дарозе ў лабараторыю з прыборамі сюды заходзіць кіраўніца экспедыцыі Эва Фальк. Яна кажа мне,
што мы прайшліся па ўсіх станцыях Заходняй Шпіцбергенскай плыні. Цяпер мы будзем ісці дваццаць чатыры гадзіны. Спачатку да вострава Сёркапоя, потым далей на ўсход у Стурф’ёрд.
—	Трэба знайсці, як іх замацаваць, — кажа яна і крыху падпіхвае дзве металічныя скрыні, якія стаяць пад лавай.
Ля Сёркапоя прагназуецца шторм. Эва раіць мне ўсё надзейна спакаваць у маёй каюце. Аднойчы, каля яна ляжала, пакутуючы на марскую хваробу, на падлозе апынуўся аловак, пра які яна забылася. Ён качаўся з аднаго боку ў другі. Ад гэтага яна проста шалела. Урэшце давялося паднімацца і лавіць яго.
Я вырашаю прыпыніць сваё пісанне і прыняць таблеткі ад марской хваробы. Усё начынне я раскладаю па шуфлядках і шафках. Цяпер я пэўная, што нічога не будзе качацца, стукаць і падаць, калі мы будзем скакаць паўз Сёркапоя сёння ноччу.
Засынаю з яшчэ адной кніжкай Маі Лундэ ў руках — «Сінеча». Бацька з маленькай дачкой уцякаюць са свайго дома ў Францыі ў 2040-м годзе. Яны туркі і ратуюцца ад пажараў, па дарозе яны згубілі маці і малодшага браціка. Бацька з дачкой прыбываюць у лагер уцекачоў, дзе бракуе ежы і вады. Умовы робяцца ўсё горай, але героям няма куды ісці. Яны чакаюць, што да іх вернуцца маці і брат, але тыя так і не вяртаюцца.
Паралельна ў іншым часе і месцы нарвежская жанчына змагаецца з тым, што ў яе родным горадзе разбіраюць на кавалкі і прадаюць ледавік.
Прачынаюся а палове на шостую ад гучнай абвесткі: «Сняданак накрыты». Мне ўяўляецца шторм, які завывае, і 3-4-метровыя хвалі, мне млосна ўжо ад адной думкі пра гэта. Я ляжу, пакуль не ўваходзіць Элі Аннэ і не запальвае святло. Яна кажа, што цыклон так да нас і не дабраўся, пайшоў іншым шляхам.
Мы выходзім на палубу, каб паглядзець на поўдзень вострава Шпіцберген і ваколіцы. Так далёка на поўдні архіпелага я ніколі не бывала, апроч як калі верталётам наведвала метэаралагічныя станцыі Хопэн і Мядзведжы востраў. За намі лятуць буравеснікі з цёмнымі разумнымі вачыма. Распрастаўшы крылы, яны грацыёзна лунаюць у плынях ветру. Буравеснікі — птушкі шторму. Яны могуць жыць да пяцідзесяці гадоў і з’яўляюцца адным з самых распаўсюджаных відаў птушак на архіпелагу. Яны з лёгкасцю адольваюць падарожжы ў 300 кіламетраў, каб здабыць харчаванне для свайго адзінага на год птушаняці. Калі яны лятуць, з кончыка дзюбы ў іх часта звісае кропля. Гэтыя птушкі п’юць марскую ваду і фільтруюць яе, вылучаючы салёную фракцыю праз ноздры. А вось перастрававаць смецце яны не так добра ўмеюць. Толькі 4 з 40 дасле-
даваных у 2013 годзе на архіпелагу Шпіцберген буравеснікаў не мелі пластыку ў страўніку.
Над намі ярка-блакітнае неба, пад намі цёмна-сіні акіян, а на сушы ўзвышаюцца чорна-белыя пікі гор. Паміж гарамі ледавікі растаюць у вадзе, што струменіцца міма.
—	Уяві, што ўсю гэтую карціну бачыў Нансен, што ён змог зразумець схему тутэйшай плыні пры дапамозе таго абсталявання, якое мелася на той час, — прамаўляе Элі Аннэ, гледзячы на акіян.
Фрыцьёф Нансен лічыцца адным з заснавальнікаў сучасных акіяналогіі і кліматалогіі. Ён вымяраў тэмпературу, салёнасць вады, даследаваў плыні і ўдасканаліў прыборы, каб вымярэнні былі болыіі дакладнымі і інфарматыўнымі. Апроч таго, ён нанёс на карту ландшафт марскога дна і спрабаваў патлумачыць, якім чынам і чаму клімат мяняецца.
У 1912 годзе Нансен узяў з сабой на Шпіцберген свайго сына Корэ. Яны хадзілі на поўнач на невялікай і надзейнай англійскай яхце «Веслемёй»5 з дубовага бруса. Hoc судна быў узмоцнены жалезнай пласцінай, каб абараняць яго ад лёду.
5 Veslemoy — «дзяўчыначка» (нарвежск.).
Мэтай падарожжа Нансен меў даследаванне водных масаў, плыняў і мора вакол вострава Шпіцберген, а таксама дрэйф лёду. Таксама ён мераў глыбіню і апісваў падводныя даліны і вяршыні.
У кнізе «Паездка на Шпіцберген» ёсць дэтальная мапа. На ёй паказаная не толькі Заходняя Шпіцбергенская плынь, якая ўпадае ў Паўночны Ледавіты акіян, але больш халодная і прэсная плынь, што рухаецца са Стурф’ёрда на ўсходзе. Яна часта прыносіла з сабой лёд з паўночна-ўсходніх ф’ёрдаў да Сёркапоя і ў Ісф’ёрд, дзе лёд ламаўся ўлетку.
Нансен хацеў змераць тэмпературу і ўтрыманне солі па Заходняй Шпіцбергенскай плыні каля Конгсф’ёрда, дзе знаходзіцца Ні-Олэсун, на поўначы Ісф’ёрда. Першы раз такія вымярэнні былі зробленыя двума гадамі раней.
«Было б цікава узяць новыя пробы пры дапамозе добрых прыбораў, каб паглядзець, ці зазналі водныя масы вялікія змены з мінулага года», — піша Нансен.
Ён выявіў, што і тэмпература, і салёнасць былі ніжэйшымі, і вада мела менш «атлантычны характар». Ён меркаваў, што гэта звязана з тым, што лета было халодным і штармавым.
У Нансена была доктарская ступень у заалогіі, але ён усё болей уцягваўся ў вывучэн-
не мора. Пачынаючы з 1893 года ён тры гады хадзіў на караблі «фрам»6 па Паўночным Ледавітым акіяне і змог пацвердзіць існаванне там плыні, скіраванай на захад. У сваім падарожжы ён таксама вымяраў фізічныя параметры вады: тэмпературу, утрыманне солі, — і высветліў, што донная вада запаўняе ўвесь Паўночны Ледавіты акіян пад слоем больш цёплае вады. «3 некалькіх прычын мне хацелася даследаваць гэта пры дапамозе навейшых і лепшых метадаў, якія мы вынайшлі з таго часу», — пісаў ён у «Паездцы на Шпіцберген». Менавіта ў падарожжы на «Фраме» ён выявіў, што Паўночны Ледавіты акіян неверагодна глыбокі. Праз 2100 метраў свінцовы адвес усё яшчэ не дасягнуў дна. Нансен не зразумеў гэтага. Найбольшая глыбіня, якую памералі на той момант, была 150 метраў. Каманда экспедыцыі звязала ўсе вяроўкі і драты, што знайшліся на борце. Праз 3475 метраў ім давялося здацца, не дасягнуўшы дна. Калі яны паспрабавалі падняць адвес, ён адарваўся. Нансен зрабіў жартаўлівую нататку: «Вынікі наступныя: дна няма, і два грузы, кожны па 50 кг свінцу, на шляху ўніз. Бог ведае, ці дасягнулі яны дна цяпер! Я думаю, што, далібог, Бентсен меў рацыю: мы шукаем дно ў дзірцы каля зямной восі».
Пазней Паўночны Ледавіты акіян быў грунтоўна картаграфаваны. Найглыбейшае месца,
6 Fram — «наперад» (нарвежск.).
5450 метраў, знаходзіцца на 200 кіламетраў на поўнач ад Шпіцбергена. А самае глыбокае месца ва ўсіх трох акіянах — Бездань Чэленджэра ў Ціхім акіяне, 11034 метры ад паверхні вады.
Крыху пазней гэтым летам пачнецца новы даследчыцкі круіз па акіяне імя Нансена. «Спадчына Нансена» — гэта нацыянальны праект супрацы вучоных, які дасць новыя веды пра акіянічны клімат і экасістэму на поўначы Баранцавага мора. Калі колькасць лёду змяншаецца, наступствы з’яўляюцца не толькі для экасістэм уздоўж краёў ледзянога покрыва, але і для відаў рыб, што мігруюць на поўнач, і для дасяжнасці такіх рэсурсаў, як нафта і газ. Каб гаспадарыць на гэтай тэрыторыі як найлепш, мы мусім валодаць ведамі.
Астравы на поўдзень ад Шпіцбергена бачацца быццам у смузе, Гамельсрод выходзіць на палубу ў трэніровачным касцюме. Ён ходзіць і ходзіць кругамі ў хуткім тэмпе, пакуль не знікае, задаўшы калегам спартыўнага запалу. Гэта натхняе Элі Аннэ пазаймацца ёгай у каюце. Я вырашаю яшчэ трошкі пасядзець і пацешыцца адсутнасцю шторму, які так і не пачаўся.