Мой свет растае Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене Лінэ Нагель Ільвісокер

Мой свет растае

Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер

Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
44.28 МБ
На наступны дзень ніякіх слядоў на свежым снезе не відно. Падчас сняданку мы вырашылі выбрацца ў паход на мыс Мядзведжы, каб паглядзець на новае абсталяванне станцыі надвор’я, што нагадвае крыж. Тронд і дзеці ідуць першыя, а я прыбіраю са стала і іду за імі. Спыняюся і фатаграфую марскіх пясочнікаў, якія тэпаюць па беразе і пішчаць, і ледавіковы лёд, вымыты на бераг. Лёд трашчыць і покае, калі паветра з бур-
балак у ім вырываецца вонкі. Маленькія хвалі шумяць жвірам, адкатваючыся назад.
Калі я наганяю Тронда з дзецьмі, чуецца трэск. У мяне душа ў пяты. Гэта што, мядзведзь? Ці ільдзіна з ледавіка ўпала? Ці тыя два чалавекі, якіх мы бачылі на схіле гары, падстрэлілі белую курапатку? Мы разглядаемся ва ўсе бакі, але — цішыня. Ніякіх жывёл, ніхто нам не махае і не крычыць з гары ці кацера, што стаіць на якары ў бухце. Мусіць, тое былі паляўнічыя.
Калі мы даходзім да мыса Мядзведжы, я фатаграфую сям’ю каля таго крыжа для назірання за надвор’ем. Праз вочка камеры бачу, што Лотэ паказвае на нешта за маёй спінай, а ў Тронда робіцца азадачаны выгляд. Я паварочваюся. Тры мядзведзі рушаць проста да нас. Мая першая думка: добра, што гэта мядзведзіца з медзведзянятамі, бо яны звычайна асцярожнічаюць. Але мядзведзяняты ўжо падрослыя, ці не могуць яны тады быць болып агрэсіўнымі?
Быў у мяне страх напароцца на мядзведзяў на блізкай адлегласці разам з дзецьмі. I вось мядзведзяў трое, і яны за пяцьдзясят метраў ад нас, а мы ідзем пехатой і далёка на мысе. Мы з Трондам абменьваемся позіркамі.
— Я бяру дзяцей, ты адпужвай мядзведзей, — кажу я.
Рашучым крокам ён кіруецца да бруднажоўтага сямейства. Трэск і чырвоны сполах — і, на шчасце, яны кідаюцца наўцёкі. Пасля гэтага Тронд падымаецца на ўзгорак, каб трымаць у полі зроку іх і нас. У ягонай руцэ сігнальны пісталет і рэвальвер на поясе. Я шыбую па беразе: сэрца бухае, па дзіцёнку ў кожнай руцэ, вінтоўка б’ецца аб спіну. Мне трэба прыспешыць дзяцей, але пры гэтым не напалохаць.
—	Мядзведзі могуць быць небяспечнымі для нас, а мы для іх. Зараз нам трэба вярнуцца ў хацінку, а пакуль тата папільнуе там мядзведзяў, — кажу я спакойна.
Мы прабіраемся вязкім берагам па жвіры. Трохгадовае малое стамляецца і запінаецца.
—	Я больш не магу, — ціха кажа ён.
—	Давай, зараз мы скарыстаем нашыя суперсілы і дойдзем да хацінкі, — падахвочваю я.
Мы складаем рыфмаванку: «Раз-два-трычатыры, пяць-шэсць-сем-восем, па сваёй іду дарозе». Гэта працуе, мы паўтараем рыфмаванку зноў і зноў, і я абяцаю дзецям, што, калі дойдзем, яны атрымаюць шмат шакаладу. На паўдарозе мы бачым сляды. Мядзведзі прыйшлі ад мора і падняліся на ўзвышша адразу пасля таго, як прайшла я. Для нас яны былі незаўважныя тут. Потым яны накіраваліся проста за намі.
У кірунку да нас павольна плыве надзіманая лодка. Гэта паляўнічыя на іншым баку заліва, якія бачылі наш чырвоны сігнальны стрэл і прыехалі паглядзець, што здарылася. Я паразважала, ці не папрасіць іх адвезці мяне і дзяцей да хацінкі, але вырашыла, што лепш ісці пехатой. Лодка замалая для нас усіх, вада сцюдзёная, у дзяцей няма ратавальных камізэлек, а Тронд трымае мядзведзяў пад кантролем.
Па вяртанні ў хацінку Лотэ патрабуе ў мяне вечкі ад рондляў, каб яна магла палохаць мядзведзяў, калі яны вернуцца. Мы трэніруемся шумець: бразгочам, крычым і вішчым. Пасля гэтага я правяраю тэлефон. Прыйшло паведамленне з кацера, які стаяў на якары ў заліве. Гэта яны рабілі папераджальныя стрэлы, што мы чулі.
«Вітанні, белы мядзведзь з двума медзведзянятамі ляжыць проста перад вашай хацінкай», — пішуць яны.
«Дзякуй за паведамленне. Яны падышлі даволі блізка на Мядзведжым мысе. Болыл іх не бачыла. Вы бачылі іх тут на схіле?»
«Ага, яны прайшліся кругам і цяпер ляжаць на гары проста над вашай хацінкай».
У бінокль нам іх не відно. Магчыма, у гары ёсць бярлог для сну альбо яны схаваныя за адным з вялікіх валуноў. Каб пазбегнуць нова-
га супрацьстаяння, мы пакуем рэчы, зачыняем аканіцы і выбіраемся з заліва як мага хутчэй. На другім баку заліва мы бачым мядзведжыя сляды. Яны толькі трошкі адбегліся ад нас, перш чым павярнуць назад да хацінкі.
Вярнуўшыся дадому, я праглядаю здымкі з паездкі. Павялічваю фота заліва з выявай ледавіка. У левым куце аднаго здымка я заўважаю, што ўдалечыні з вады вытыркаюцца тры маленькія белыя галавы.
Больш мядзведзяў
Раней, калі на мішак яшчэ палявалі, сустрэць белага мядзведзя ў Ісф’ёрдзе было рэдкім здарэннем. Паляўнічыя выкарыстоўвалі пасткісамастрэлы, а медзведзянят забіралі жывымі. Іх прадавалі ў заапаркі, цыркі і вар’етэ па ўсім свеце. Апроч таго, для заможных амерыканцаў ладзілі сафары на белых мядзведзяў улетку.
3 1870-га па 1970-ы год на Шпіцбергене здабывалі каля трохсот мядзведзяў штогод. Па стагоддзі палявання белых мядзведзяў амаль знішчылі на Заходнім Шпіцбергене і вакол мясцовых паселішчаў. У 1973-м белага мядзведзя ўзялі пад ахову паводле міжнароднага пагаднення аб белых мядзведзях. Цяпер праз сорак пяць гадоў мішкі вярнуліся на Заходні Шпіцберген. I мы, людзі, мусім быць гатовыя да таго, што сустрэч зробіцца болей.
Назіраць белых мядзведзяў — адна з самых захапляльных для мяне рэчаў у падарожжы. Галоўнае, каб яны былі на дастатковай адлегласці ад мяне, ці каб я была ў бяспецы ў хацінцы і глядзела праз акно. Але павелічэнне колькасці мядзведзяў у ваколіцах пасёлка — гэта страшна, напэўна, і таму, што цяпер я маці, і мая цярпімасць да рызыкі ніжэйшая, чым была раней. У апошнія гады мядзведзі заходзілі ў гасцініцы ў расійскай Пірамідзе і на радыёстанцыю «Ісф’ёрд Радыё». Яны пастаянна залазяць у хацінкі, а з кацера, якім ладзяць аднадзённыя падарожжы, за тры тыдні гэтага лета налічылі шэсцьдзясят назіранняў белых мядзведзяў.
Магчыма, мясцовыя мядзведзіцы, якія забіраюцца ў хацінкі, навучаць гэтаму сваіх медзведзянятаў. Займацца актыўным адпачынкам і хадзіць у паходы больш не захочацца, калі занадта шмат мядзведзяў будуць наведваць мясціны для паходаў і начовак у хацінках.
У Нарвегіі ёсць уласны план, як абыходзіцца з белымі мядзведзямі. Паводле яго, белы мядзведзь — наш галоўны сімвал зменаў клімату. Верагодна, гэта від з найбольшым патэнцыялам, каб ілюстраваць сабой сур’ёзнасць небяспекі.
Губернатар можа закрыць ф’ёрды для маторнага руху на зіму і вясну, каб не турбаваць цюленяў, якія выводзяць дзіцянят на лёдзе, і мядзведзяў, якія палююць на іх. Гэтай вясной
унутраная частка Тэмпельф’ёрда, дзе знаходзіцца Мядзведжая бухта, была закрытая. Людзям са снегаходамі паміж ног нельга было турбаваць мядзведзіц з медзведзянятамі, якія толькі што вылезлі з бярлогаў.
Клапоцячыся пра сімвал кліматычных зменаў, Нарвегія пры гэтым хоча, каб у Лонг’іры было больш нарвежскіх сем’яў і развіваўся турызм. Гэта мала сумяшчальна. I мы, тыя, хто тут жыве, і ўлады мусім мець план, як быць з тым, што людзі і мядзведзі будуць сутыкацца ўсё болей. Ці нармальна гэта, што мядзведзі прызвычайваюцца да нападаў на чалавечае жытло? А што, калі адпужваць іх больш не будзе атрымлівацца, бо яны прызвычаяцца? Колькі яшчэ разоў ім можна будзе набліжацца да пасёлка?
Да таго, як завесці дзяцей, мы з Трондам часта хадзілі ў паходы з намётамі. Мы нацягвалі папераджальны дрот і ахвотна бралі з сабой сабаку, які б папярэдзіў пра набліжэнне мядзведзя. У той год, калі нарадзілася Лотэ, Тронд купіў вялікі намёт з паходнай кухняй, а мне на дзень нараджэння падарылі ложак для кэмпінга. Мы дагэтуль імі не карысталіся. Больш не цягне начаваць у намёце. Дакладней, я з задавальненнем спала б у намёце з дзецьмі, але тады з намі мусіла бы быць яшчэ некалькі дарослых, каб мы маглі чаргавацца на мядзведжай варце ўночы. Пакуль гэта так і не здзейснілася.
На шчасце, сустрэчы мядзведзяў з людзьмі нячаста заканчваюцца трагічна. Апошняе здарэнне, калі мядзведзь задраў чалавека, было летам 2011 года на Тэмпельф’ёрдзе. На брытанскі моладзевы летнік пад эгідай British Schools Exploring Society (BSES) напаў стары нямоглы мядзведзь. Папераджальны дрот, які яны нацягнулі вакол намётавага мястэчка, не спрацаваў, а начной мядзведжай варты не было. Памёр сямнаццацігадовы юнак, яшчэ чацвёра атрымалі сур’ёзныя траўмы галавы і шыі. Пасля таго выпадку яшчэ двое былі параненыя мядзведзем.
Мядзведзі церпяць больш. Пасля забароны на мядзведжае паляванне на архіпелагу штогод у мэтах абароны забіваюць у сярэднім каля трох мядзведзяў.
Няма дзе размнажацца
Даследчык белых мядзведзяў на пенсіі Top Ларсен у 1973 годзе адыгрываў цэнтральную ролю ў міжнароднай працы па іх абароне. За тымі часамі яго вельмі непакоіла, як шмат забіваюць мядзведзяў. Цяпер жа праз скарачэнне колькасці марскога лёду белым мядзведзіцам цяжэй выжываць, нараджаць медзведзянят і гадаваць іх.
На сённяшні дзень існуе дзевятнаццаць папуляцый агульнай колькасцю дваццаць пяць тысяч белых мядзведзяў. Папуляцыя Баранца-
вага мора, якая ў нас агульная з Зямлёй Франца Іосіфа на расійскім баку, налічвае ад 1900 да 3600 мядзведзяў. Даследчыкі мяркуюць, што добрая палова з іх жыве і размнажаецца на Шпіцбергене. Ад гэтай колькасці прыкладна трыста застаюцца на архіпелагу круглы год. Астатнія вандруюць разам з лёдам.
Са старых паляўнічых нататак Ларсен ведаў, што тэрыторыя на паўночны ўсход ад Шпіцбергена, асабліва архіпелаг Зямля караля Карла, былі важнымі мясцінамі, дзе размнажаліся белыя мядзведзі. 3 лёдам дрэйфавалі ў асноўным мядзведзіцы, якія ладзілі там бярлогі і нараджалі медзведзянят.
У 70-80 гадах XX ст. Ларсен рэгулярна хадзіў праз Зямлю караля Карла на лыжах. Штораз ён адзначаў ад 40 да 50 бярлогаў. У 2009 годзе навуковец на пенсіі зноў стаў на лыжы — каб вучыць навічкоў знаходзіць і весці ўлік бярлогаў. За год да таго восенню на паўночна-ўсходнім Шпіцбергене стаў трывалы лёд, і вучоныя знайшлі 37 бярлогаў. У наступны год лёду было меней. У 2011 годзе зарэгістравалі 13 бярлогаў, у 2012-м іх было 5, і ў 2013-м толькі 2. Тэрыторыя для нараджэння медзведзянят практычна страчаная.
Калі вакол астравоў няма лёду позняй восенню, у той час як цяжарныя самкі мусяць залегчы ў бярлог, каб нарадзіць, яны не змогуць туды дабрацца. Адпаведна, будзе нараджацца меней медзведзянят.
Цяжарныя мядзведзіцы, якім з лета давялося застацца на зямлі, могуць хадзіць без ежы месяцамі. Але верагодна, ім будзе бракаваць тлушчу, каб выгадаваць медзведзянят. Сёння да двух гадоў дажывае толькі адно з трох. Ларсен лічыць, што, калі яшчэ ў дадатак меншая колькасць мядзведзіц будзе нараджаць, карціна зробіцца адчайнай.