Мой свет растае
Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер
Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
Мы чакаем на двары, пакуль збяруцца ўсе госці. Неба чыстае, тэмпература мінус дзесяць градусаў, і, калі Дзяржбуду вельмі пашанцуе, на некаторых фота з гэтага дня можа быць паўночнае ззянне.
Першыя, хто адчыняюць дзверы аператару нарвежскага тэлебачання, — гэта Нільс Лорэнтсен з сынам. Лорэнтсен — адзін з тых, хто быў дома, калі ў 2017-м лавіна абрынулася на блакіраваную забудову і засыпала кватэры па суседстве ў Лія. Пасля гэтага ён часова жыў у арандаваным Дзяржбудам жытле.
Цяпер у ягонай вітальні на свежапакладзеным паркеце здымаюць зімовыя чаравікі дзясяткі людзей.
— Вы б лепей прыйшлі ў суботу. Тут будуць улазіны, — кажа Лорэнтсен і пасміхаецца. Стоячы ў шкарпэтках, госці каментуюць тое, як цудоўна, што падлога з падагрэвам, файна, што ў лесвіцу ўбудуваныя шафкі. I толькі паглядзіце на гэта! Тут сейф для зброі! А што за від будзе з гасцёўні, калі вернецца палярны дзень!
Дырэктар Дзяржбуда Харал Ваагаасар Нікалайсен стаіць у яшчэ неабстаўленай гасцёўні на другім паверсе і распавядае пра праект.
— Прыемна вітаць тут людзей яшчэ да Раства, дзякуючы хуткім тэмпам будаўніцтва. У звязку з драматычнымі абставінамі праз сход лавіны нам хацелася дамагчыся як добрай якасці, так і хуткага выканання работ, — кажа ён.
Менавіта таму абралі модульнае будаўніцтва, каб збольшага кватэры маглі быць пабудаваныя на фабрыцы ў Штайнхеры ўжо тады,
як у Лонг’іры пачалася праца над фундаментам. Чатырохпакаёвая кватэра на сям’ю складаецца з чатырох боксаў агульнай плошчай 110 кв. м. Будынкі энергаэфектыўныя, маюць лічыльнікі спажыванай электраэнергіі і датчыкі, якія кантралююць фундамент.
Падрадчыкі вельмі задаволеныя, не ў апошнюю чаргу і тым, што не збавілі тэмп і ўклаліся з будаўніцтвам у тэрміны. Калі ўсё мусіць ісці так хутка, ніхто не задае пытанняў пра лішнія выдаткі. Таксама ніхто не пытаецца пра тое, як хуткасць будаўніцтва паўплывала на план забудовы і ці могуць з гэтымі будынкамі ўзнікнуць якія-небудзь праблемы ў будучыні. Усе паляпваюць адно аднаго па плячы і задаволеныя.
Лорэнтсен атрымлівае ў падарунак кававарку, дзякуе і ўсміхаецца прэсе і начальству. Ягоны сын стаіць побач з ім, амаль увесь час прыклеены да свайго тэлефона.
Мы зноў завязваем матузкі і праходзім далей праз пару пад’ездаў. Дзверы нам адчыняе дачка даследчыцы паўночных аленяў Осіль Энвік Педэшэн. А вось і сама даследчыца, усміхаецца нам шырока.
— Запраша-аем, мы засяліліся з касмічнай хуткасцю!
Энвік Педэшэн паціскае руку ўсім, хто увайшоў, а мяне абдымае. Я заўважаю, што на
акне ў вітальні ўжо знайшлі сваё месца два біноклі, аранжавы і зялёны. На століку стаіць фота дзяцей, якія трымаюць у руках рыбу. На падваконні стаіць кніга Энвік Педэшэн пра шпіцбергенскіх паўночных аленяў.
— Дагэтуль я жыла ў адным з самых старых дамоў у Лонг’іры, і мы думаем, што нам здорава пашанцавала пераехаць сюды, — кажа яна.
Элі Аннэ пераязджае
Хутка ў жыллёвым комплексе Бломіра апусцее яшчэ адна кватэра. Элі Аннэ вырашыла ўзяць курс па лавінах і хадзьбе на лыжах у інтэрнацыянальнай народнай школе. Яна павязе сваю дысертацыю ў Канаду, Францыю, Швейцарыю і ў нарвежскія вобласці Норд-Тромс і Фінмарк. Г эта адзін з недахопаў жыцця ў Лонг’іры — тое, што сябры з’язджаюць. Штогод у сярэднім з’язджае пятая частка насельніцтва. I растанні з абдымкамі і слязамі — частая з’ява.
Я паабяцала дапамагчы Элі Аннэ з пераездам. Яна спакавала свае рэчы ў скрыні, якія будуць перанесеныя ў фургон, а потым — у транспарціровачны кантэйнер у порце. У адной са скрыняў — парэшткі кухоннай шафкі, якая выратавала яе хутка ўжо як тры гады таму. Яны паедуць з Элі Аннэ ў яе кватэру ў Тромсё. Элі Аннэ пажартавала, што добра, што на
Шпіцбергене так шмат будаўнічага матэрыялу кепскай якасці і што кухня была не з цэльнай драўніны. Інакш было б цяжка разбіць яе галавой. Таксама ў кантэйнер пойдуць фінскія санкі, гідракамбінезон сухога тыпу, кайт, чаравікі для сноўборда, тэлевізар, кухоннае начынне і іншыя парэшткі яе жыцця тут за апошнія гады. Фургон, якім я кірую, захрас у цяжкім мокрым снезе на паркоўцы, але нарэшце я змагла развярнуць машыну як трэба ля ўвахода.
Элі Аннэ зусім не ў курсе таго, што прагноз хутка абяцае мяккае надвор’е. Выглядае, што думкамі яна ўжо далёка ад Шпіцбергена і таго, што тут з надвор’ем. Я буду сумаваць па ёй. Мабільны дадатак, які я паставіла на тэлефон, паведамляе, што да нас ідуць некалькі цыклонаў, яны прынясуць нам дождж.
Пазней я пытаю Элі Аннэ, чаму яна вырашыла пайсці на паўгадавы курс па лыжах і лавіне ў народную школу, папрацаваўшы з сістэмамі папярэджання лавін у Метэаралагічным інстытуце. Яна пачала баяцца снегу пасля сходу лавіны? Яна адказвае, што курс дасць ёй грунтоўную падрыхтоўку ў ацэнцы рызыкі сходу лавіны і палепшыць яе ўменні хадзіць на лыжах. Пасля таго, як яна трапіла ў лавіну, яна пачала баяцца аварый, як аўтамабільных, так і на лыжні. Магчыма, яе цела ўспрыняло лавіну 19 снежня 2015 года
як аўтааварыю. Курс, які яна збіраецца ўзяць, — гэта яе доўгатэрміновая інвестыцыя ў тое, каб працягваць атрымліваць асалоду ад катання на лыжах.
— He хачу, каб страх браў нада мной верх, што відавочна зрабілася са мной у Лонг’іры, — кажа яна.
Праз тры гады пасля таго, як выжылі
19 снежня Элі Аннэ, Эльке Моргнер, Мальтэ Ёхман, пяцігадовая Эліда і трохгадовая Свала ідуць па вуліцы Хільмара Рэкстэна. Струменямі дажджу вецер паласуе іх фігуры, якія з цяжкасцю прасоўваюцца па гладкім, як шкло, лёдзе. Яны паснедалі разам, дарослыя выпілі кавы з малаком. Сёння гадавіна — тры гады таму яны трапілі ў снежны палон, і я іду разам з імі, каб запаліць знічы.
На развітальнай вечарыне, якую Элі Аннэ ладзіла для сябровак два дні таму, Эльке сказала ёй, што Элі Аннэ — анёл іх сям’і. Калі б тая не пагрукалася да іх у дзверы, Мальтэ і іх старэйшая дачка апынуліся б у той дзень на дварэ, накрытыя лавінай. Калі б яна не папрасіла малака да кавы, ён бы не падняўся. Ці адужаў бы ён адкапаць сябе, жонку і немаўля, калі б лавіна заспела яго ў сядзячым стане?
Цяпер ён каціць ровар па мокрым лёдзе, побач з ім клыпае малодшая дачка. Эліда сядзіць у роварным вазку маці.
— Глядзі, у мяне каптур ад дажджу, — кажа пяцігадовае дзяўчо.
— А ты ведаеш, што ў яго ёсць іншая назва і мы таксама называем яго «зюйдвестка». Гэта таму, што ён нам патрэбны, калі надвор’е прыходзіць з кірунку зюйд-вест, паўднёвага захаду. Яно нясе з сабой ваду і вецер.
— Анягож! — кажа мне Элі Аннэ і ўхвальна ківае з-пад каптура, з якога цячэ вада. — I я думаю, што яно акурат з паўднёвага захаду.
Яна падымае падбароддзе ўгару і ловіць шчакой вецер. Потым адкрывае мабільны дадатак з надвор’ем на сваім тэлефоне, каб і там праверыць.
— Так, проста з паўднёвага захаду, — пацвярджае яна.
Праз колькі гадзін дождж перастане, і ў нас зноў будзе дзьмуць паўночны вецер і ўсталюецца марознае надвор’е. Мы размаўляем пра надвор’е і пра тое, што тэмпература скача, як цацка ё-ё. Ад мінус дзесяці да плюс трох і назад. Так прамінуў апошні месяц.
На вуліцы 230 мы зварочваем налева. У светла-зялёным доме праваруч на вялікім акне гарыць калядная звязда. На невялікай адлегласці за ім — пустка, дзе раней стаяў дом сям’і, які свяціўся каляднай звяздой тры гады таму. Пры дарозе нехта накідаў снежную гурбу
і зрабіў там укрыццё для зніча. Эльке, Мальтэ і Элі Аннэ робяць палічку ніжэй на схаванай ад ветру сцяне і запальваюць свой зніч. Зніч у гонар жыцця і ў гонар тых, хто мусіў жыць.
Я ведаю, што гэта страшнае клішэ, але ў гэты момант мне падаецца, што неба плача.
Эльке падбірае троху снегу і лепіць з яго нешта. Гэта сэрцайка. Кішэнным ножыкам яна раўняе краёчкі перш, чым змясціць сэрца ў снег па-над знічом.
Эльке і Мальтэ вядуць дзяцей туды, дзе стаяў іх дом. Адзінае, што засталося на сваім месцы, — гэта трансфарматарная будка. Яны тупаюць па мокрым снезе. Вось тут была вітальня, а тут — кухня, — расказваюць бацькі, як бы ходзячы па былым доме.
Элі Аннэ стаіць крыху наводдаль.
— Чуеш гэты гук? Гэта што, вецер дзьме праз загароду ад снегу? — пытаецца яна ў мяне.
Я прыслухоўваюся. Скрозь пошум ветру і плёскат дажджу я чую слабы гул.
— Чую. Напэўна, — адказваю.
Паслямова
Люты 2019 года прынёс мароз ніжэй за дваццаць градусаў, яснае зорнае неба і танцы паўночнага ззяння. Дні зрабіліся сінімі, пазней — фіялетавымі і ружовымі. Рукавы Ісф’ёрда пачалі замярзаць. I валасы, і вейкі. Снег рыпіць. Мы дасталі фінскія сані і катаемся па тых вуліцах, якія не пасыпалі пяском.
Аднойчы ў пачатку месяца, калі ў сярэдзіне дня неба з чорнага робіцца сінім і вакол Лонг’ірдален праступаюць абрысы гор, увесь пасёлак запрасілі на народны форум. Для яго некалькі дзясяткаў вучоных падрыхтавалі прагноз па клімаце на Шпіцбергенскім архіпелагу ў 2100-м. Праз скайп мае прысутнічаць міністр аховы навакольнага асяроддзя. Кліматолаг Кеціль Ісаксен таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы прагноза. Ён сядзіць у зале.
Прагноз не абяцае нічога добрага. Калі чалавецтва будзе трымацца бягучага ўзроўню выкідаў СО„ да 2100 года на архіпелагу можа быць на сем градусаў цяплей. Найлепшае, на што мы можам спадзявацца, — гэта павышэнне на адзін
градус. Тады тутэйшае пацяпленне ў параўнанні з даіндустрыяльным перыядам складзе чатыры градусы.
Найболып павысіцца тэмпература ўзімку. На паўночным усходзе архіпелага, дзе верагоднасць страты марскога лёду найбольшая, да 2100 года зімой можа быць на 15-20 градусаў цяплей, чым сёння. Цяжка спрагназаваць дакладнейшыя лічбы, але галоўнае, што кажуць вучоныя: чым менш вугляроду мы выкідаем у атмасферу, тым меншым будзе пацяпленне.
Аўтары прагнозу зрабілі асобны разлік для пасёлка Лонг’ір. Калі рост выкідаў CO. працягнецца, будзе болей ападкаў, значную долю якіх складуць дажджы. Частымі зробяцца перыяды моцных ападкаў. Вырасце пагроза сходу вадаснежных плыняў і лавін з мокрага снегу. Бліжэй да канца стагоддзя снегу зробіцца меней, снежныя сезоны скароцяцца, і небяспека сходу лавіны з сухога снегу зменшыцца. У выніку болып інтэнсіўных ападкаў і таўсцейшага актыўнага слою вырасце рызыка земляных і гразевых апоўзняў.
Я выходжу з форуму ў халодны вечар зусім не ў гуморы. He тое каб прагноз заспеў мяне знянацку. Мы павінныя рыхтавацца да зменаў у прыродзе і ўжо робім гэта. Прымаюцца меры бяспекі, і, мусіць, мы маем найлепшую