Мой свет растае Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене Лінэ Нагель Ільвісокер

Мой свет растае

Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер

Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
44.28 МБ
Магчыма, з’явіцца новая тэхналогія, пры якой не будзе выкарыстоўвацца паліва выкапневага паходжання, магчыма, тут пачне хадзіць хуткасны паром на мацярык. Час ад часу яе таксама апаноўвае трывожнасць праз кліматычныя змены, але ад таго, што ў цябе стрэс, няма ніякага толку.
—	Табе будзе карысна сонца, едзь да сонца, — кажа яна.
Я пачуваюся трошкі лепей, калі выходжу ў завіруху, хоць і не да канца згодная. Мы не мо-
жам проста шукаць такіх рашэнняў, якія дазволяць нам жыць, як сёння. Нам трэба змяніць лад жыцця. Прадукаваць меней, купляць меней, падарожнічаць меней і дыхаць болей.
Торгайр з вежы
У той час як Сіры Вікстром вывучае надвор’е з тэарэтычнага боку, кансультант у метэаралогіі Торгайр Мёрк даследуе яго на практыцы. Гэта наш лонг’ірскі аналаг Табіяса з вежы, персанажа нарвежскай папулярнай дзіцячай кніжкі, які сядзеў у вежы і адтуль прадказваў надвор’е. Замест доўгай калматай барады ў Мёрка каштанавы хвост з сівымі пасмачкамі, якія ён называе «метэавалоссе».
Ужо доўгія гады ён дзеліцца сваімі ведамі з аматарамі турызму, палявымі навукоўцамі і капітанамі самалётаў. Упершыню Мёрк прыехаў у Лонг’ір у 1991 годзе і заставаўся тут тры гады. У 2004-м ён вярнуўся і, хоць гэтай вясной зрабіўся пенсіянерам, усё адно працуе на вахтах.
Найбольш значныя змены, якія заўважыў кансультант, — гэта тое, што ідзе больш дажджоў.
—	Цяпер перыяды дажджоў могуць быць больш працяглымі і ападкі выпадаюць часцей, — кажа ён.
Дажджлівыя перыяды ўзімку за яго часамі бывалі і раней. Аднойчы ў 90-х здарылася адліга перад Калядамі ці ў студзені. Аднак жа тады дождж ішоў дзень-паўтара, так мала, што гэта ніяк асабліва не адбілася на наваколлі.
Дождж і адліга нагадваюць метэаролагу пра тое, што абрысы архіпелага пачалі раставаць. Ён мяркуе, што раставанне ледавікоў перанесла фактычны дзень вяртання сонца ў Лонг’ір з 8 сакавіка, калі яно афіцыйна святкуецца, на 6 сакавіка. У першы раз сонца паказваецца над ледавіком Ларса ў Лонг’ірдален. Чым болей растае ледавік, тым раней вяртаецца сонца.
3 дыспетчарскай вежы Мёрк глядзіць на Ісф’ёрд на захадзе і на ўсход у Адвентдален, у тыя два кірункі, адкуль найчасцей прыходзяць змены надвор’я. Кожныя паўгадзіны ён робіць рассылку з дадзенымі пра вецер, яго сілу, пра бачнасць, вышыню аблокаў і іх колькасць, тэмпературу, вільготнасць і паветраны ціск. Кожную трэцюю гадзіну ён складае прагноз надвор’я на наступныя дзве гадзіны — прыкладна столькі часу займае палёт самалёта ад Тромсё ў Лонг’ір. Так ён можа сказаць, што цяпер, да прыкладу, туман, але праз пару гадзін, верагодна, будуць добрыя ўмовы для пасадкі ці наадварот. Для таго, каб скласці прагноз, ён выкарыстоўвае інфармацыю
з усіх метэастанцый на архіпелагу, а таксама спадарожнікавыя здымкі.
За ўсе гады назірання за надвор’ем больш за ўсё яму ўрэзалася ў памяць лавіна 2015 года. Паколькі была субота і палярная ноч, рэйсаў не было, і ён быў дома па адрасе вуліца 222 ля падножжа Сукертопэн. Ён быў на двары, спрабаваў адкапаць машыну з-пад снегу. Ад яе быў бачны толькі пражэктар на даху. Ягоная жонка, як звычайна, пайшла на працу, але вымушаная была вярнуцца, калі снег дасягнуў ёй да пояса. Ніколі раней яны не бачылі столькі снегу ў Лонг’іры.
—	Гэта было проста нерэальна, — кажа Мёрк.
Ён не бачыў, што a 10.23 лавіна сышла з Сукертопэн крыху далей за ягоным домам, а прачытаў пра гэта ў фэйсбуку. Калі ён дабраўся да зоны апоўзня, ратавальнікі ўжо капалі. Мёрк далучыўся да доўгага ланцуга людзей, гатовых дапамагаць. Пазней ён выправіўся ў аэрапорт, каб ацаніць умовы надвор’я для самалёта, які мусіў даставіць дапамогу.
Ён дастае журнал назіранняў і адгортвае да 19 снежня 2015 года. Там напісана, што ён быў у вежы з 11-й па 19-ю гадзіну. Ён не памятае, якім чынам сюды дабіраўся, і не ўпэўнены ў тым, што пазначаны час дакладны, але мяркуе, што ён патрапіў адкапаць машыну і паехаў сам. У яго пазначана, што тым днём прызямліліся
тры самалёты хуткай дапамогі і рэгулярны рэйс Norwegian.
Калі летам 2004-га Мёрк прыехаў на Шпіцберген другі раз, яны з сям’ёй жылі ў Лія ў доме, найбліжэйшым да горнага схіла. Пасля лавіны 2017-га іх эвакуявалі без магчымасці вярнуцца. Чырвоны дом іх сям’і пустуе ў зоне схода лавіны з чырвоным узроўнем небяспекі. Цяпер ён з жонкай і сабакам жыве ў маленькай кватэрцы над крамай, дзе жонка працуе. Дзеці выраслі і паехалі.
—	Вы не думалі пра рызыку лавіны, калі там жылі? — пытаюся я.
— Да таго, як лавіна спаўзла, не, але потым ужо я думаў, што добра, што пераехалі. Абвесткі ж пра рызыку лавіны прыходзілі, і няма нічога добрага ў тым, каб недзе жыць і трывожыцца. Месца для жыцця было неверагодна цудоўнае, я б хацеў туды вярнуцца, але толькі не з Сукертопэн на заднім двары.
Мёрк таксама валодае хацінкай у Фоксдален, адной з тых, міма якіх мы з Кецілем Ісаксенам і Осіль Энвік Педэшэн праходзілі на шляху да Янсансхаўген. Цяпер Мёрк з сям’ёй не ездзяць туды, калі ідзе дождж. Ягоны жыццёвы досвед навучыў яго інакш глядзець на прыроднае наваколле і быць больш абачлівым.
Ён заўважае, што зямля нестабільная і над ягонай хацінкай у ёй ёсць расколіны. Пасля невялікага землянога апоўзня тэрасу хацінкі па суседстве засыпала жвірам, хоць мясцовасць вакол амаль раўнінная. Магутныя сілы прыходзяць у рух.
Як і стары дом, паводле аднаго з нядаўніх прагнозаў, ягоная хацінка знаходзіцца ў чырвонай зоне небяспекі. Цяпер сям’я чакае, калі ім прапануюць бяспечнейшае месца, каб перасунуць туды сваю хацінку.
Іншае надвор’е, якое ён асабліва добра памятае, здарылася ў пачатку 90-х. Адна кампанія збіралася ў паездку на снегаходах ад Лонг’іра да ўсходняга ўзбярэжжа вострава Шпіцберген. Яны пазванілі Мёрку і спыталі пра надвор’е. Ён адказаў, што ўсё выглядае файна, так што можна ехаць. Кампанія сустрэла чорную сцяну шторму. Яны развярнуліся і спрабавалі дабрацца да хацінкі непадалёк, але ў выніку ім давялося начаваць пад палоззем снегаходаў. Прачнуўшыся раніцай з абмарожанымі тварамі, яны ўбачылі, што былі за пару соцень метраў ад жытла. 3 наяўнымі метэададзенымі Мёрк не здолеў прадказаць, як хутка зменіцца мясцовае надвор’е. У тыя часы спадарожнікавыя здымкі дасылалі толькі зрэдку. Цяпер яны больш дасяжныя. Станцыя, на якую яны загружаюцца, знаходзіцца на Пла-
тобергет у Лонг’іры. Там ставяць усё болей новых купалаў, якія нагадваюць мячы для гольфа. Яны «перамаўляюцца» з усё большай колькасцю спадарожнікаў, што ходзяць па палярных арбітах.
Пакуль мы размаўляем, перад ангарам на захадзе ад узлётна-пасадачнай паласы заводзіцца ратавальны верталёт. Мёрк каментуе, што экіпаж верталёта любіць трэніравацца, калі надвор’е так сабе. Аднойчы ў 90-х яму давялося прайсці пяцьдзясят метраў ад дыспетчарскай вежы да верталётнага ангара ў шторм пры мінус 28 градусах. За такі кароткі тэрмін у яго адмёрзлі мочкі вушэй. Яны зрабіліся зусім белымі, і, калі ён ушчыкнуў іх, яны дзінькнулі. Цяпер, калі лёд на ф’ёрдзе амаль знік, тут рэдка бывае настолькі холадна, і мочкі вушэй больш так не замярзаюць.
Сіноптык збіраецца заставацца ў Лонг’іры, пакуль ягоная жонка не выйдзе на пенсію праз некалькі гадоў. Як я і апасалася, ён бачыць шмат прыкметаў таго, што праз гады тут будзе мокра і непрыемна.
— На жаль, такое маё меркаванне. Шэра і мокра ўлетку, бела і мокра ўзімку, — кажа Мёрк.
Немагчыма ўсё зрабіць бяспечным
У той час як гэтай восенню і зімой над намі круціўся цыклон з нізкім ціскам, мясцовыя ўлады працавалі над бяспекай жылога раёна Лія.
Згодна плану, загарода ад снегу і супрацьснежныя бар’еры над дамамі на самай поўначы Лія былі гатовыя ўжо ў кастрычніку. Бракавала толькі дамбы, каб спыняць меншыя апоўзні ніжэй за бар’еры. У дачыненні ж астатніх дамоў у Лія і часткі цэнтра мясцовым уладам трэба зрабіць выбар. Ці варта будаваць большыя дамбы, тармазныя насыпы, ставіць некалькі кіламетраў супрацьлавінавай агароджы, рабіць камбінацыю з усяго, ці ўмацаваць толькі часткі раёна?
Вырашаць на нарадзе 10 снежня. Яны выступаюць за 15 шэрагаў супрацьлавінавай агароджы агульнай даўжынёй 1500 метраў над той часткай Лія, што знаходзіцца ў цэнтры. Пад імі прапануюць насыпаць дамбу вышынёй у пяць з паловай метраў. Даліну з трубамі водазабеспячэння плануюць абараніць вялікімі насыпамі, але раён паміж гэтай далінай і цэнтрам
палітыкі хочуць збольшага пакінуць без абароны. Большасць дамоў тут у настолькі кепскім стане, што эканамічна выгадней пабудаваць новыя ў якой-небудзь іншай частцы пасёлка. Акрамя таго, выдаткі на эксплуатацыю і абслугоўванне агароджы верагодней за ўсё будуць істотнымі.
Такое рашэнне азначае, што 142 жылыя дамы ў Лія павінны быць знесеныя. У тым ліку стары дом Торгайра Мёрка і тое жытло, дзе мы з Трондам жылі перш, чым купілі ўласны дом. Абодва знаходзяцца ў шэрагу, найбліжэйшым ад Сукертопэн, дзе жыхары адселеныя назаўжды. За жоўтым домам, дзе я жыла, выразныя трэшчыны ў зямлі пасля мяккай і мокрай восені. Калі я там жыла, мне ніколі не прыходзіла ў галаву думка пра лавіну. Цяпер тое, што дом у зоне рызыкі, кідаецца ў вочы.
Аднойчы я зазірнула ў сваё старое жытло. Яно знаходзіцца на першым паверсе і выходзіць вокнамі на вуліцу — там віселі тыя ж шторы, што і раней. Той жа кухонны стол, за якім я пісала магістарскую. У алюміневых скрынях у гасцёўні мы захоўвалі турыстычны рыштунак, штопятніцы елі така. Цяпер гэта проста шкарлупінка ад мінулага жыцця. Хутка яна ператворыцца на кучу паламаных дошак.
Засяленне ў бяспечныя дамы
17 снежня прэсу запрасілі на афіцыйную здачу першага этапу будоўлі ў Груведален. Жылыя блокі павінныя замяніць разбураныя і пашкоджаныя дамы ў Лія і дапамагчы справіцца з бракам жыллёвага фонду ў пасёлку. Будзе дырэктар ад Дзяржбуда, прадстаўнікі падрадчыкаў, журналісты газет і тэлебачання і я. За некалькі дзён да гэтага я назірала, як сантэхнікі злучылі апошнія часткі каналізацыйнай трубы, што праходзіць за нашым домам. Труба пойдзе па натуральным схіле мясцовага рэльефу, і яе змесціва будзе выкідацца ў мора неачышчаным, як і змесціва ўсёй каналізацыйнай сістэмы пасёлка. Я бачыла, што ў новых кватэрах запалілі свечкі і што людзі павесілі калядныя звёзды на вокны. Цяпер дзве сям’і стаяць напагатове, каб камеры маглі засняць, як яны заязджаюць.