Мой свет растае Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене Лінэ Нагель Ільвісокер

Мой свет растае

Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене
Лінэ Нагель Ільвісокер

Выдавец: Пфляўмбаўм
Памер: 220с.
Вільня 2023
44.28 МБ
Нерпы — галоўная здабыча белых мядзведзяў. Яны палююць на іх на марскім лёдзе каля ледавікоў. Менш марскога лёду — значыць менш ежы. Апроч гэтага белыя мядзведзі моцна церпяць ад таксічных рэчываў, якія прыносяць на поўнач паветраныя і водныя плыні, гэта пагаршае імунную сістэму мядзведзяў, парушае гарманальны баланс і адмоўна ўплывае на здольнасць размнажацца.
Ларсен лічыць, што, калі гэтыя праблемы ўзнікнуць і ў іншых мясцінах, апроч Шпіцбергена, белых мядзведзяў чакаюць цяжэйшыя часы. Большасць дарослых асобін выжывуць, але, калі
будзе нараджацца менш медзведзянят і калі большасць з іх будзе паміраць, агульная папуляцыя скароціцца ў найбліжэйшай будучыні.
Даследчык белых мядзведзяў з Нарвежскага палярнага інстытута Юн Ош назірае за імі апошнія шаснаццаць гадоў. Яго каманда надзела ашыйнікі з GPS-перадатчыкамі на некалькі сотняў мядзведзіц у раёне Шпіцбергенскага архіпелага. Паводле сабраных пры іх дапамозе дадзеных можна сказаць, дзе ходзяць мядзведзіцы і ці залеглі яны ў бярлогі, каб нарадзіць. Аніводная не зрабіла бярлог на лёдзе. На жаль, Ош не мае дадзеных, каб адказаць на пытанне, ці тыя самкі, што раней нараджалі медзведзянят на Шпіцбергене, цяпер залеглі ў бярлогі на Зямлі Франца Іосіфа, крыху далей на ўсход у Баранцавым моры, альбо ў іншых мясцінах.
Вучоны мяркуе, што страта тэрыторый для размнажэння на ўсход ад Шпіцбергена можа быць трывожным знакам. У апошнія гады на моры вакол Зямлі Франца Іосіфа таксама перыядычна не станавіўся лёд, праз што самкам было цяжка туды дабрацца.
Нягледзячы на складанасці, нічога не паказвае на тое, каб у Баранцавым моры за апошнія пятнаццаць гадоў зменшылася колькасць белых мядзведзяў. Праз маштабнае паляванне
да 1973 года папуляцыя яшчэ, верагодна, ніжэйшая, чым была раней. Праз дзесяць гадоў мядзведзяў у Баранцавым моры можа быць болей, чым сёння. Але ўмовы жыцця ў гэтых мясцінах пагаршаюцца, і ў пэўны момант можа стацца так, што мядзведзяў будзе болей, чым ежы для іх і мясцінаў для бярлог. На думку Оша, тады колькасць мядзведзяў можа рэзка скараціцца.
На Шпіцбергене знайшлі самую старую сківіцу белага мядзведзя, ён блукаў тут прыкладна 130 тысяч гадоў таму. Белы мядзведзь паходзіць ад бурага, у асобны від ён, імаверна, вылучыўся каля 5 мільёнаў гадоў таму і, адпаведна, перажыў ужо некалькі перыядаў пацяплення. Ці значыць гэта, што від адаптуецца і перажыве і гэтае?
Ош не думае, што белыя мядзведзі вымруць. Магчыма, яны знікнуць з вялікіх тэрыторый, але дадуць рады ў іншых мясцінах.
— Калі праз семсот гадоў зноў пахаладае і невялікая папуляцыя ў тры тысячы мядзведзяў выжыве ў Паўночна-Заходняй Грэнландыі, праз 70 тысяч гадоў іх можа быць ужо каля 50 тысяч.
А што наконт Шпіцбергена, мы страцім нашых белых мядзведзяў? Ош не ўпэўнены, але не выключае, што памер папуляцыі можа кар-
дынальна змяніцца. Мядзведзі, што выжывуць, могуць апынуцца ў ізаляцыі.
—	Я спадзяюся пражыць дастаткова доўга, каб паглядзець. Паводле прагнозаў, колькасць марскога лёду працягне скарачацца, і тут гэта будзе адбывацца хутчэй, чым у іншых мясцінах, — кажа Ош.
Пяцігадовае дзяўчо і мядзведзь у пасёлку
Адным днём пасля нашага паходу я вяла пяцігадовую дачку з дзіцячага садка. Яна спытала мяне, што ёй рабіць, калі раптам сустрэне мядзведзя ў пасёлку. Шэсць гадоў таму я сказала б, што ёй ніколі не давядзецца сутыкнуцца з белым мядзведзем у пасёлку. Мне было троху смешна з людзей, якія гэтага баяліся. У пасёлку шумна і вачэй тут шмат. Але кастрычніцкай раніцай 2014-га белы мядзведзь падышоў зусім блізка да жылога дома на вуліцы 238, паралельнай нашай, ніжэй па схіле. У студзені 2017-га той самай вуліцай прайшлі мядзведзіца з медзведзянятамі. Яны тупалі міма а пятай раніцы. Звычайна а такой гадзіне я не сплю і паглядаю ў акно. Але акурат той раніцай мой малы позна заснуў, так што мы прапусцілі здарэнне.
Таксама было некалькі выпадкаў, калі мядзведзі падыходзілі блізка да пасёлка, і іх адганялі
губернатарскія верталёты. Калі мядзведзь вяртаўся некалькі разоў, здаралася, што рашэннем губернатара і Нарвежскага палярнага інстытута яго ўсыплялі і транспартавалі падалей ад пасёлка.
Я адказваю дачцэ, што шанцаў сустрэць мядзведзя ў пасёлку вельмі мала. Калі раптам такое здарыцца, яна мусіць зайсці ў найбліжэйшы дом, не грукаючыся і без званка.
—	Калі ты сустрэнеш мядзведзя ў пасёлку, можна ўсё, — кажу я. — Калі ў доме нехта будзе, трэба расказаць, што здарылася, і папрасіць пазваніць у паліцыю і маме з татам.
Яна ківае і паўтарае тое, што я сказала.
Бабуля ў завірусе
Мне заўжды робіцца сумна, калі надыходзіць восень і палярная ноч. I лягчэй не робіцца, калі паглыбляешся ў праблематыку кліматычных зменаў. 8 кастрычніка 2018 года апублікавалі новы даклад па клімаце групы ААН. У ім сцвярджаецца, што пацяпленне адбываецца хутчэй, чым прадказвалі разлікі навукоўцаў, і што свет мусіць прыняць меры, каб абмежаваць пацяпленне 1,5 градуса і пазбегнуць непрадбачаных наступстваў. Каб мець надзею дасягнуць гэтай мэты, за дзесяць наступных гадоў мы мусім абмежавацца выкідамі парніковых газаў, удвая меншымі ад цяперашняй колькасці. У дакладзе сказана, што гэта тэрміновая мэта, але дасягальная. 3 папяровым кубкам кавы, каб у галаве праяснілася, я кіруюся ў офіс Элі Аннэ (і саромеюся, што прыехала на машыне). У той самы дзень абвяшчаюць дзяржбюджэт. Лонг’іру вылучылі грошы на агароджы ад лавін, на будову бяспечнага ад лавінаў жытла ў Груведален і на новую запасную электрастанцыю, якая будзе працаваць на дызельным паліве. Але дзе тут праца па змяншэнні нашага ўплыву на прыроднае наваколле? — пытаюся я ў Элі Аннэ. — Чаму больш няма гаворкі пра скарачэнне выкарыстання электрычнасці,
чаму пытанне новай крыніцы энергіі і запасной электрастанцыі не разглядаецца ў шырэйшым кантэксце?
Нам не ўдаецца знайсці прымальных адказаў на свае пытанні.
Пралятаюць дні, і кроплі дажджу пачынаюць замярзаць на лабавым шкле маёй машыны, як жамчужынкі. Цемра адразае ўсё большыя кавалкі дня. 19 кастрычніка прыходзіць папярэджанне, што ўсе, хто жыве паблізу Сукертопэн, павінныя эвакуявацца на ўвесь зімовы перыяд. I куды яны ўсе паедуць? Дамоў, гатовых іх прыняць, няма.
У сярэдзіне лістапада дні робяцца такімі ж цёмнымі, як ночы. Летась выявілася, што ў мяне нізкі ўзровень вітаміну D. Цяпер я папоўніла нястачу, але настрой усё адно гэткі ж прыгнечаны.
Праз некалькі дзён залевы пры сямі плюсавых градусах горныя схілы губляюць свой тонкі слой снегу і робяцца яшчэ цямнейшымі. Паміж царквой і старым домам культуры Хусэт быў каменяпад, і дарога з Платобергет закрытая. Сяброўка, якая доўга жыла на Шпіцбергене, напісала ў фэйсбуку, што часцейшыя дажджы ўвосень і ўзімку і рызыка сходу лавіны — прычына, па якой яна вырашыла пераехаць адсюль.
Калі надвор’е палепшылася, да мяне прыехала бабуля. У свае восемдзесят сем яна вельмі энергічная. Бабуля наракае, што восень і зіма ў Согне цёмныя і цяжкія. Я спадзяюся, што яна ўбачыць умовы ў сябе дома ў лепшым святле, калі паглядзіць на сапраўдную палярную ноч. Тое, наколькі далёка мы можам бачыць, вызначаюць не сонца, а неба, месяц, зоркі і паўночнае ззянне.
—	На Шпіцбергене няма снегу напрыканцы лістапада? — пытаецца бабуля, калі мы ўжо ў машыне кіруемся дадому з аэрапорта.
На шчасце, на градусніку цяпер мінусавая тэмпература, і яе першыя дні тут мінаюць пад чыстым зорным небам. Таксама з’яўляецца паўночнае ззянне. Зялёнае, яно танчыць у небе над Адвентдален. Такімі цёмнымі днямі яно неверагодна прыгожае, але часта, каб паглядзець на яго, трэба выходзіць далей за бурбалку святла над пасёлкам.
Праз два дні пайшоў снег. Буйныя белыя камякі ападаюць у вялікай колькасці. Наступнай раніцай я пакідаю сваю таёту на стаянцы. Машына дакладна не праедзе па вуліцы. На шчасце, да таго, як я забіраю бабулю, каб звадзіць на абед у кавярню і зрабіць ёй экскурсію па пасёлку, праязджае снегаачышчальная машына. Такім чынам, мы можам паехаць у Лія, і я паказваю ёй, дзе здарылася лавіна ў 2015-м. Дворнікі працу-
юць усю дарогу, пакуль мы едзем да жылога раёна Груведален паглядзець, як там будуюць дамы, абароненыя ад лавіны. Хутка будуць гатовыя першыя трыццаць кватэр. У наступным месяцы мусяць засяліцца жыхары.
Калі мы ўжо вяртаемся дахаты, тэлефануе Тронд.
—	Заедзь таксама за дзецьмі, будзе эвакуацыя, — кажа ён.
Я забіраю нашых малых і кажу ім, што тата сёння на абед не прыйдзе. Цяпер нападала так шмат снегу, і перадаюць, што будзе вецер, ёсць небяспека лавіны. Тата і іншыя чальцы пажарнай каманды павінныя пераканацца, што ўсе выбраліся з дамоў у Лія.
Дзеці хочуць паглядзець, таму я збочваю да Лія па дарозе дадому. На бакавых дарогах да Сукертопэн мы заўважаем пажарныя машыны. Пажарныя ходзяць па дамах, грукаюцца ў дзверы і кажуць тым, хто тут жыве, што ў іх ёсць дзве гадзіны на тое, каб спакаваць рэчы і знайсці сабе іншае месца, дзе перабыць. Некаторым шанцуе, і яны могуць арандаваць кватэру ў працадаўцы, іншым даводзіцца апытваць сяброў і калег, ці можна ў іх троху пажыць.
Некаторыя лічаць, што ўлады ажно занадта перасцерагаюцца і зачаста абвяшчаюць эвакуацыю, што пачуцці бяруць верх над глуздам, што
эвакуацыя вядзе да стрэсу і выкарыстання рэсурсаў, якіх можна было б пазбегнуць. У іншых яшчэ свежыя ўспаміны пра лавіну 2О15-га, таму яны мяркуюць, што не трэба выпрабоўваць сваю ўдачу.
—	Вунь тата, — паказваюць малыя, і гэта напраўду ён, у белым шлеме і з рацыяй у руцэ.
Лотэ зноў пачынае задаваць пытанні пра лавіну. Ці можа лавіна быць там, дзе мы жывем. Яна гаворыць пра Нікалінэ, якая памерла і якая дагэтуль усміхаецца з фотаздымка ў садку. Эвакуацыю ў дзіцячым садку таксама абмяркоўваюць, бо некаторым дзецям часта даводзіцца пераязджаць на некаторы час, калі кепскае надвор’е.
Праз дзень пасля эвакуацыі бабуля мусіла ляцець назад на поўдзень авіякампаніяй Norwegian. Калі яна прыязджала, я забірала яе з Согндала. Цяпер яна першы раз паляціць адна. Я хачу, каб усё прайшло гладка, але далёка не ўпэўненая ў гэтым. За сценамі дома завывае вецер, і снег круціцца ў паветры за вокнамі. Мая бабуля вырасла на ферме Хаў, што ў Согне. Першы раз яна выехала з камуны, калі ёй было пятнаццаць. У іх з сястрой была сяброўка па перапісцы праз «Нарвежскую дзіцячую газету», якая жыла ў Юстэдален таксама ў Согне, толькі крыху на поўнач, і яны паехалі да яе ў госці. Паездка заняла два дні караблём і аўтобусам.