На скрыжаваннях лёсу
Вольга Казлова
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 255с.
Мінск 2009
« HA КАМНІ, ЖАЛЕЗЕ I ЗОЛАЦЕ...» (ЗАІР АЗГУР)
Масква. Зіма 1942 г. як быццам некаму на злосць паўтарыла папярэднюю сцюдзёную зіму. Сталіца запружана не пешаходамі, а доўгімі «каўбасамі»аэрастатамі, якія дзяўчаты — байцы паветранай абароны — перасоўвалі з адной вуліцы на другую. Сцены дамоў расфарбаваны пейзажнымі малюнкамі. Плошчы таксама былі расфарбаваны малюнкамі — будоўлямі, якіх побач нават не існавала. На дахах стратэгічных аб'ектаў стаялі замаскіраваныя сеткамі зеніткі, што пачыналі дзейнічаць падчас паветраных варожых налётаў.
Вось такой памятаецца мне Масква, у якую патрапіла наша сям'я, калі восенню 1942 г. мой бацька, камандзір Мінскага партызанскага
155
злучэння, сакратар падпольнага абкама партыі, Васіль Іванавіч Казлоў быў выкліканы ў ЦК КП(б)Б на першую справаздачу аб дзейнасці падполля і развіцці партызанскага руху на Беларусі. «Камандзіроўку» гэту несправядліва называць толькі справаздачаю. Помніцца, што ў бацькі не было спакойнага дня, ночы, сугак.
Аднойчы ранкам у гасцінічны нумар зайшоўда нас хударлявы мужчына ў лёгкай вопратцы з цёмным вялікім бантам на грудзях. Прадставіўся беларускім скульптарам Заірам Ісакавічам Азгурам. Ён паведаміў, што мае заданне ад Цэнтральнага штаба партызанскага руху і асабіста сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі тэрмінова вылепіць скульптурны партрэт Героя Савецкага Саюза Казлова. Пазней Заір Азгур успамінаў, што Васіль Казлоў на поўным сур'ёзе папытаўу яго, ці не рана яму ўвогуле займацца пазіраваннем скульптару, адзначыўшы, што ёсць іншыя, больш вартыя ўвагі мастака, людзі.
У майго бацькі час быў разлічаны проста па хвілінах. Збіраючыся ў майстэрню скульптара, якая размяшчалася на ПятроўскаРазумоўскай алеі ў доме 15, ён узяў з сабой і мяне. Першае, што ўразіла ў прамерзлым, з інеем па кутках пакоі, — параскіданыя незразумелыя мне рэчы: драўляныя рэйкі, нажылапаткі, усе ў засохлай гліне, кавалкі мешкавіны, зашэрхлая ледзяком вада ў вёдрах, невялікія грудкі зямлі і гліны. Скульптар, стоячы каля высокага невялікага століка, грэў ля электрычнай лямпачкі рукі і гладзіў імі глыбу мокрай гліны, расціраў яе ў руках, як добрая гаспадыня цеста, хукаў на гліну цёплым дыханнем, нібы ўсяляў у яе душу. Працэс выкрышталізацыі з неаформленага кавалка гліны аблічча твару чалавека з асобнымі яго дэталямі заварожваў. Зачарованая працай скульптара і зместам яго размовы з маім бацькам, я сядзела і баялася варухнуцца, каб не парушыць гармонію музы і ваяра.
Азгур закідаў майго бацьку пытаннямі. Яго цікавіла ўсё: лёс насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі, баявыя аперацыі партызан, выратаванне дзяцей, пошук страчаных родных. У самых трагічных месцах аповеду Азгур на хвілінку перапыняў працу, каб праглынуць даўкі камяк горычы і для прыліку кашляў.
На наступных сеансах працы Заір Азгур запрасіў тады ўжо вядомага скульптара свайго калегу М. В. Томскага, які, пагутарыўшы з Казловым, у далейшым выказаў некаторыя парады і пажаданні. Па ўспамінах самога Азгура, М. В. Томскі пацвердзіў яго мастацкае рашэнне і яго ўяўленне пра гэтага чалавека: «Не згубі тое, што дала Казлову прырода. Бачыш, сіла духа ўгадваецца, валявая энергія, ясны розум праступае ў гэтых пранікаючых, з нейкай затоенай тугой, вачах. He ўпусці і фізічную гатоўнасць да подзвігу...» Парады сябра Заір Ісакавіч
156
выслухаў і здзейсніў: «не ўпусціў» у партрэце гатоўнасць Героя Савецкага Саюза В. I. Казлова аддаць сваё жыццё за шчасце народа. Помнік Казлову работы Азгура часу вайны размешчаны ў экспазіцыі Музея Савецкай Арміі ў Маскве, а яго копія ўстаноўлена на магіле майго бацькі на Паўночных могілках горада Мінска.
Вялікая Айчынная вайна для нашага народа — сплаў гераічнага і трагічнага, што ў поўнай меры адлюстравалася і ў скульптурных партрэтах народных змагароў, створаных Заірам Азгурам. У скульптурным партрэце камандзіра першай Беларускай партызанскай брыгады Міная Шмырова мужнасць спалучаецца з празорлівасцю, нязломная воля з чалавечнасцю. Яму даверана жыццё кожнага байца брыгады і лёс насельніцтва рэгіёна. Фашысты пайшлі на агідны ўчынак: чацвярых дзяцей Шмырова (чатырнаццацігадовую Лізу, дзесяцігадовага Сяргея, сямігадовую Зіну і чатырохгадовага Міхала), а таксама сястру Ганну і цешчу Ганну Макараўну ўзялі ў заложнікі, намагаючыся паставіць камандзіра і яго брыгаду на калені. У скульптурным партрэце бацькі Міная ўражвае кожная дэталь, насычаная вялікім зместам: удумлівы суровы позірк, напружаная поза, паварот галавы, выразна праступаючыя пульсуючыя жылкі на адкрытых грудзях і шыі. Знешняе аблічча адпавядае ўнутранаму псіхалагічнаму стану гневу, трывогі. Мускулістай левай рукою камандзір ухапіўся за партупею, шукаючы ў думках выйсця для выратавання дзяцей. Гэтай дэталлю скульптар аб'ядноўвае душэўны стан і думкі героя. У яго душы адначасова гарыць агонь помсты і бушуе бура нянавісці да ворага. Трагедыя сям'і Міная Шмырова была надзвычай адчувальнай і ддя самога скульптара: Азгур у вайну страціў жонку Маргарыту Міхайлаўну Шашалевіч — актрысу тэатра Янкі Купалы.
Партызанскім пабрацімам у скульптурным радзе работ Заіра Азгура, вельмі блізкім да Шмырова, стаў скульптурны партрэт Герасіма Маркавіча Гальчэні, партызанскага разведчыка з мінскага злучэння, пра якога Якуб Колас у свой час сказаў: «чалавекдока». Разам з жонкай і дочкамі Вольгай і Розай яны абмывалі, кармілі, лячылі партызан, хадзілі разам з імі ў разведку, удзельнічалі ў баявых аперацыях па падрыву чыгункі. Сям'я Гальчэні нямала зрабіла для набліжэння Перамогі. Мы з сястрою Тамараю стараемся падтрымліваць памяць пра іх у народзе, даглядаем магілы, саграваем цяплом і клопатам унучак беларускіх герояў.
Жыццёвай праўдай вызначаецца і скульптурны вобраз Героя Савецкага Саюза Феадосія Арцёмьевіча Смалячкова работы Заіра Азгура. Беларускі вясковы хлопец трапіў перад вайной на вучобу ў Ленінград, дзе пазней, калі пачалася Вялікая Айчынная, здзейсніў свой сал
157
дацкі подзвіг. Смалячкоў добраахвотна пайшоў на фронт, са стараннасцю авалодаў майстэрствам снайперскай стральбы. 3 вялікай годнасцю выканаў ён сваё вайсковае прызначэнне: на яго рахунку 125 знішчаных гітлераўцаў. Але 15 студзеня 1942 г. загінуў і сам снайпер. У яго скульптурным партрэце Азгур вызначыў тыповыя сацыяльныя рысы выхадца з сялянскага асяроддзя. Твар юнака свеціцца дабрадушнасцю, цеплынёй, прыхаванай усмешкай, спакоем і ўпэўненасцю ў перамозе сваёй справядлівай справы.
Праца над серыяй партрэтаў Герояў Савецкага Саюза, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны займала ўвагу Заіра Азгура ўсё яго жыццё. У гэтым цыкле ён імкнуўся знайсці і адкрыць людзям сакрэт іх сілы, духоўнай мужнасці, патрыятызму і чалавечай прыгажосці. Народны мастак Беларусі заўсёды жыў клопатамі сваёй бацькаўшчыны, яе людзей, таму пра ягоную тытанічную творчую працу хочацца сказаць словамі Максіма Танка: «Пакуль не стамілася джала разца і рукі ад працы не зморацца, я мушу пакінуць адбітак жыцця на камні, жалезе і золаце...»
УНІВЕРСІТЭЦКІ ШЛЯХ ІВАНА ПАЎЛАВІЧА МЕЛЕЖА
Путн господнн ненсповеднмы... Лёс людзей, якіх спасцігла ліхалецце Другой сусветнай вайны, бясспрэчнае сведчанне гэтаму біблейскаму сцвярджэнню. Біяграфія сусветна вядомага літаратурнага творцы, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Івана Паўлавіча Мележа — найяскравы прыклад яго прадвызначанага Богам ратнага, грамадзянскага шляху.
У палескай вёсцы Глінішча, зямлі і людзям якой у XX ст. наканавана было зведаць шматлікія сацыяльныя, палітычныя, экалагічныя буры, лютай зімой 1921 г. сялянская сям'я Марыі Дзянісаўны і Паўла Фёдаравіча Мележаў святкавала народзіны сына Івана, які пазней, здаецца, нічым асаблівым і не вылучаўся сярод вясковай дзятвы. Праўда, ва ўспамінах аднагодкаў, аднакласнікаў, тых, хто быў з ім добра знаёмы, неаднойчы адзначалася непаўторная знітаванасць знешняй і ўнутранай прыгажосці іх земляка Вані Паўлікава. Размашыстыя крылы броваў на акруглым яго твары былі своеасаблівым барометрам настрою, рэакцыі на паводзіны людзей, а блакітныя вочы адбівалі святло думак, хвалі якіх пакідалі баразёнкі на высокім чыстым ілбе. Дасканалую характарыстыку Мележупадлетку ў школьныя гады, адзначала Насця Паўленка, даў дзядзька Васіль. «Вось, тым часам, ты, можа, і вучоным
158
станеш, — казаў ён. — Памяць у цябе добрая. I матэматыку, і мову ведаеш. Малюеш прыгожа, а ўжо які прыгожы казачнік — як Пушкін» (Успаміны пра Івана Мележа. Мінск, 1982. С. 21).
Пасля заканчэння школы з атэстатам выдатніка першай спробай самастойнасці для юнака стала праца ў раённым Хойніцкім камітэце камсамола. Працоўны энтузіязм запаўняў усе гадзіны сутак. Маладога хлопца хвалявалі новыя формы гаспадаркі, культмасавая работа, піянерскі і камсамольскі рух. 3 цягам часу на шырокіх прасторах штодзёншчыны Іван Мележ пачаў адчуваць нястачу як тэарэтычных, так і практычных ведаў, вярэдзіла думка аб набыцці вышэйшай адукацыі. У верасні 1939 г. ён быў залічаны на вучобу ў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. 3 Палесся ды адразу ў Маскву! Аднак сталічны шок быў кароткі: Мележа прызвалі на вайсковую службу, якую пачаў праходзіць на паўднёвазаходнім рубяжы савецкай дзяржавы (у Карпатах), дзе на рахманага беларускага хлопца, чырвонаармейцаартылерыста, і насунулася чорная хмара Вялікай Айчыннай вайны. Смяротны агонь Дантавага пекла вырваўся з сутарэнняў на паверхню нашай зямлі 22 чэрвеня 1941 г. і бушаваўна ёй чатыры гады, перамолваючы лёсы і жыцці людзей. У жорнах вайны апынуўся і малады, але фізічна загартаваны і маральна выхаваны воін Іван Мележ. Пазней ён адзначыць: «Вайна... аказалася... нечаканай, незвычайнай, непараўнанай ні з чым, страшнай бядою. Доўга, балюча гнёў душу разлад паміж нядаўняю лагоднасцю, маладой любоўю да зямлі, да жыцця і жорсткасцю бамбёжак, страхоццем першых пажараў і першых смерцяў» (Мележ I. Жыццёвыя клопаты. Мінск, 1975. С. 183).
У паслужным яго спісе адзначана, што ў снежні 1941 г. атрымаў першае раненне, а ў жніўні 1942 — другое цяжкае (асколкамі бомбаў быўпатрушчаны правы плечавы сустаў, ключыца, парваны звязкі). Зведаўшы горыч адступленняў, выпрабаванні варожых акружэнняў, на ўласныя вочы пабачыўшы бяспрыкладны гераізм воінаў Савецкай Арміі, пасля ранення трапіў у шпіталь, дзе ляжаў доўгі час і меў мажлівасць асэнсаваць перажытае. На вялікім вогненным гарызонце перад вачыма Мележа бясконца паўставала роднае Палессе. «Я суткамі мерз у акопах, а перад маімі вачыма стаяла маё гарачае Палессе. Я месяцамі валяўся ў шпіталях — ля майго ізгалоўя стаялі палешукі. Я пісаў раман аб вайне — яны стаялі за маімі плячыма, узбуджаючы маю фантазію...» (Мележ I. Жыццёвыя клопаты. С. 15).