• Газеты, часопісы і г.д.
  • На суд гісторыі Успаміны, дыялогі Барыс Сачанка

    На суд гісторыі

    Успаміны, дыялогі
    Барыс Сачанка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 303с.
    Мінск 1994
    81.93 МБ
    НА СУД ПСТОРЫІ
    НА СУД
    ГІСТОРЫІ
    УСПAMIH Ы
    дыялоп
    Мінск «Мастацкая літаратура» 1994
    ББК 83.3Бел 7
    Н 12
    УДК 008 (-826) (100—87) (093.3)
    Укладанне, прадмова і звесткі пра аўтараў
    Б. I. Сачанкі
    Тэксталагічная падрыхтоўка С. Б. Сачанка
    4603020102—138
    Н М302(03)—94
    Укладанне. прадмова. звесткі пра аўтараў. Б. I. Сачанка, 1994
    ISBN 5-340-01158-5
    Жывыя сведкі мінулага
    Успаміны, сабраныя ў гэтай кнізе, пісаліся на працягу многіх гадоў самымі рознымі аўтарамі і друкаваліся ў пераважнай большасці на старонках выданняў, што выходзілі за межамі Беларусі, і таму не дзіўна, былі недаступныя шырокім чытацкім колам. Толькі сёння, быццам птушкі вясною, вяртаюцца яны з далёкага выраю ў родны край. Раней, да тых пазітыўных змен, што адбыліся за апошнія часы ў нашым грамадстве, пра іх вяртанне не магло быць нават і гутаркі. I справа не толькі ў падзеях, фактах і імёнах, якім яны прысвечаны, але і ў іх аўтарах — людзях нялёгкага, a то і зусім незвычайнага, пакручастага лёсу. Пра многіх з іх не згадвалася ў нашым друку, а калі і згадвалася, дык не інакш як пра нацыяналістаў, здраднікаў, ворагаў. Так, сёй-той з гэтых людзей сапраўды меў свае, адрозныя ад агульнапрынятых, прынцыпы і погляды; больш таго, у дні суровых выпрабаванняў, што выпалі на Беларусь, не пайшоў бараніць Бацькаўшчыну, а прымкнуў да акупантаў, зрабіўся вольным ці нявольным сведкам, a то і ўдзельнікам жудасных злачынстваў, што чыніліся на нашай зямлі. У кожнага з іх на тое былі свае прычыны, якія можна ўлічваць, а можна і не ўлічваць, асуджаць. Тым не менш, мы не абмінулі і такіх аўтараў, палічылі патрэбным уключыць у кнігу тое, што яны напісалі, пакінулі пасля сябе. Чаму? Ды таму, што яно ўяўляе несумненную цікавасць. Гэта ж жывыя галасы свайго часу, далёкага ці
    усім блізкага мінулага, уражанні і думкі сведак падзей, што так ці інакш прычыніліся да гісторыі Беларусі, тых, хто потым стаў яе гонарам і славай. Ды і праліваюць жа яны святло на тое, што адбывалася на нашай Бацькаўшчыне, дадаюць шмат чаго новага, чаго мы не ведалі ды і ведаць не маглі, бо не жылі ж у тым часе, не бачылі ўсіх яго перыпетыйг нават ке ўяўлялі ўсіх складанасцей і цяжкасцей. He лішне тут нагадаць і яшчэ пра адно: цікавых, напоўненых роздумам і фактамі, успамінаў у нашай літаратуры захавалася мала, а калі быць дакладным — лічаныя адзінкі. I каштоўнасць кожнага з іх на вагу золата. Вядома, не ўсё, што напісана ў гэтых успамінах, варта прымаць на чыстую веру. Трэба спадзявацца, вучоныя-даследчыкі з часам дадуць праўдзівыя ацэнкі кожнаму з іх, аддзеляць зерне ад плевел. Наша ж задача сціплейшая — пазнаёміць чытачоў з тым, што доўгія гады хавалася, было малавядома ці зусім невядома.
    Барыс Сачанка
    (1)
    Ю. ВІТАН-ДУБЕЙКАУСКАЯ
    COR ARDENS
    Успаміны пра Цётку — Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс
    Мая большая сястра Жэня і я пайшлі вучыцца ў віленскую прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай таму, што ў казённую гімназію прымалі толькі дачок расейскіх чыноўнікаў і трэба было мець пратэкцыю, каб туды трапіць. У нашай гімназіі быў пераважна мясцовы элемент: шмат польскіх шляхцянак, яўрэйкі, была і караімка, і татарка, і колькі расеек. Тады (1895—1905 гады) быў час строгай русіфікацыі, і нам было забаронена гаварыць іншымі мовамі, як расейская. Памятаю, што мы, вучаніцы, знаходзілі гэта недарэчным і, каб пазлаваць нашую класную даму, гутарылі часта па-польску. Наагул мы раслі без расейскага патрыятызму, хоць нам стараліся яго ў гімназіі прышчапіць. А знаходзячыся паміж розных нацыянальнасцяў і вераў, мы раслі ў духу талеранцыйным і што да рэлігіі.
    I беларуска знайшлася ў нашай гімназіі, і то асаблівая. У вышэйшым класе разам з маёй большай сястрою вучылася Алаіза Пашкевічанка. Яна здала экзамен у і4-ты ці 5-ты клас і была старэйшаю за іншых дзяўчатаў у класе. Казалі, што яна прыехала з вёскі. Трымалася яна асобна ад іншых, была малагаваркая, але з маёй сястрой зышлася бліжэй, бо сястра ёй памагала адрабляць лекцыі французскай і нямецкай моваў, якімі Алаіза Пашкевічанка слаба валодала. Аб сваёй сям’і і сваім жыцці Алаіза Пашкевічанка наогул ніколі не гутарыла. Сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесці.
    Але раз у гімназіі паўстаў вялікі перапалох. Алаіза Пашкевічанка, вучаніца тады ўжо сёмага класа, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што гэта ад недаядання яна гэтак аслабела. Памятаю, мая сястра із слязьмі апавядала ў хаце, што Алаіза Пашкевічанка гэтак бедная, што на яду ёй не стае, але яна вельмі амбітная і не хоча прымаць памогі. Мая маці сказала тады: «Я буду табе даваць булкі на дзвюхх
    а ты кладзі ў ейны столік, калі яе няма ў класе». Мне рабіла асаблівую прыемнасць прыходзіць у клас сястры і класці няўзнак булкі ў пюпітр Алаізы Пашкевічанкі. Яна спачатку пыталася ў класе, хто гэта палажыў свае булкі ў ейны пюпітр, аднак вінаватая не аказвалася, а класная дама супакойвала яе, што гэтау мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі. 3 часам Алаіза Пашкевічанка мо і зацеміла, што гэта мы аб ёй дбаем, але нічога не казала і снедала разам з усімі ў сталоўцы, дзе нам давалі яшчэ гарачую гарбату.
    Наагул гэты выпадак узварушыў не толькі нас, вучаніцаў, але і нашае пачальства. Нашая Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца і на радзе бацькоў парупілася, каб Алаізе Пашкевічанцы прызначылі стыпендыю, бо яна была вельмі старанная і добра вучылася (плата за навуку была вельмі высокая: 100 рублёў на год, якраз удвая як у казённай гімназіі — 50 рублёў). Ад таго часу Алаіза Пашкевічанка, калі адчула агульную спагаду, мела больш даверу і апавядала сястры, што яна можа мала мець грошай ад бацькоў з вёскі, мусіць дарабляць лекцыямі і таму ёй гэтак цяжка прабівацца. Алаіза Пашкевічанка позна трапіла ў школу і з вялікімі натугамі і працаю на вёсцы прырыхтавалася да экзамену ў гімназію. Яна і сваімі гадамі і сваёй павагаю вылучалася сярод вясёлых, бестурботных дзяўчатаў. Памятаю, яна кідалася ў вочы сваім бледным паважным тварам, які не бліскацеў свежынёй і красой маладосці, але сваімі паважнымі вачыма, крыху выступаючымі сківіцамі, тонкімі і сцятымі вуснамі казаў аб сіле і цвердзіні характару. Да мяне яна мела асаблівую сімпатыю, бо калі выпуск сястры рыхтаваўся да апошніх экзаменаў, я прыходзіла пасля лекцыяў у VIII клас і памагала ўсім паўтараць арыфметыку, якая ўваходзіла ў экзамен агульнае матэматыкі. Я тады axpas закончыла арыфметыку і магла на свежую памяць выкладаць усе правілы працэнтаў, сумесяў і г. д.
    Алаіза Пашкевічанка знаходзіла, відаць, што я вельмі здольная і паважаная дзяўчынка, і ахвоча гутарыла аб гісторыі, у якой я мела вялікую начытанасць. У нас у хаце Алаіза Пашкевічанка была рэдкі госць, хоць мая маці яе ветліва прымала і запрашала. Усё яна тлумачыла, што не мае часу, бо мусіць не толькі вучыцца, але яшчэ даваць лекцыі, каб зарабляць на сваё
    ўтрыманне. Мы яе ўважалі за польку, бо яна была каталічка і ніколі ні слова не гаварыла аб сваёй беларускасці і палітычных ідэалах. Праўда, і сястра, і я былі шмат маладзейшымі за яе.
    Па сканчэнні гімназіі Алаіза Пашкевічанка паехала ў Пецярбург на курсы прафесара Лесгафта (прыватныя курсы, дзе выкладалі прыродазнаўства ва ўсіх яго дысцыплінах і рыхтавалі масажыстак ды настаўніцаў гімнастыкі). Гэтак мы згубілі сувязь з Алаізай Пашкевічанкай. Мая сястра, якая выйшла замуж у 1904 г., перад сваім выездам з мужам ва Уладзівасток апавядала, што чула ад аднае прыяцелькі, што Алаіза Пашкевічанка сталася сацыялісткай і далучылася да беларускага руху.
    У 1905 годзе, пасля прайгранай японскай вайны, калі першая рэвалюцыя вылілася ў генеральную забастоўку і ўвесь рух на чыгунках спыніўся,— у местах кіпела і на частых мітынгах выносіліся розныя жаданні і рэзалюцыі. У гэтым часе я ўжо скончыла гімназію, збіралася на курсы і вучылася лацінскай мове. 3 вялікай цікавасцю пачала я прыглядацца да моднага тады сацыялістычнага руху і, ведама, хадзіла на мітынгі і зборкі. I вось на адным мітынгу я ў прамоўцы пазнала Алаізу Пашкевічанку, якую я ўжо колькі год не спатыкала. Як яна змянілася!
    Я ж яе знала як малагаваркую, спакойную, а тут перад намі была аратарка, якая з вялікай сілай і перакананнем усім сваім сэрцам будзіла ў слухачоў запал і любасць да прыгнечанага рабочага люду і беларускага сялянства, за вызваленне і лепшую долю якога трэба ахвяраваць усе свае сілы і жыццё.
    Слухаючы Алаізу Пашкевічанку, я добра разумела, што яна сапраўды адчувае тое, да чаго ўсіх заклікае, і, таму, што гэта плыло ў яе ад душы, яна мела вялікі ўплыў на ўсю аўдыторыю. Пагутарыць мне з ёй тады не давялося, за натоўпам нельга было дабіцца да прамоўцы.
    Але неўзабаве ўздым першага рэвалюцыйнага руху быў здушаны, і ўсе дзеячы-правадыры гэтага руху апынуліся ў астрозе ці на эміграцыі. У лік апошніх трапіла і Алаіза Пашкевічанка. Яна выехала ў Кракаў, каб там закончыць сваю навуку. Аб ейным жыцці ў Кракаве мне апавядала сп. Алёна Бірыч-Л., якая была аднакласніцай маей сястры і Алаізы Пашкевічанкі ў
    гімназіі. Спаткаліся яны ў Кракаве. Алёна Бірыч-Л. з вялікай любасцяй і пашанай успамінала Алаізу Пашкевічанку і расказвала, з якой нязломнай энергіяй Алаіза Пашкевічанка прабівала сабе дарогу. Яна ўцякла за мяжу без грошаў і мусіла сама зарабляць сабе на жыццё. У Пецярбурзе яна гэтаксама зарабляла і вучылася, але там было лягчэй знайсці лекцыі або пацыентку для масажу, якому яна навучылася. У Кракаве ж было ёй куды цяжэй, і трэба толькі дзівіцца, як яна патрапіла знаходзіць працу і заработак. Але не толькі навуцы і грамадскай дзейнасці аддавала яна ўсе свае сілы. Яна захаплялася думкаю ўзгадаваць свой беларускі народ і праз тэатр. I вось яна, не меўшы сцэнічнага навыку і асаблівых здольненняў у гэтым кірунку, бярэ лекцыі дэкламацыі і ігры на сцэне ў ведамай польскай артысткі Нуны Млодзееўскай і ўпорыстаю працаю дасягае свае мэты: ейная ігра, у якую яна ўлівала ўсю сваю душу, не менш захапляла, як ейныя прамовы. Алаіза Пашкевічанка была прыкладам Ta­ro, што можа дасягнуць цвёрдая воля і сэрца, поўнае любасці да свайго народа. Паўставала часта пытанне, адкуль яна бярэ сілы, каб так жыць, працаваць і вучыцца, калі ейнае здароўе было слабое і пачаткі сухотаў ужо тады падкопвалі ейныя сілы. Аб ёй можна сказаць, што яна гарэла, як ахвярная свяча, і свяціла свайму народу да апошняга дня свайго жыцця. Гэтак характарызавала Алёна Бірыч-Л. Алаізу ПашкевічанкуЦётку ў часе нашае гутаркі ў 1926 годзе ў Вільні.