• Газеты, часопісы і г.д.
  • На суд гісторыі Успаміны, дыялогі Барыс Сачанка

    На суд гісторыі

    Успаміны, дыялогі
    Барыс Сачанка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 303с.
    Мінск 1994
    81.93 МБ
    Упершыню я сустрэўся з Алесем Гаруном у Менску ў 1918 г. Прыйшоў я тады ў Менск пехатою з Забор’я, дзе жылі мае бацькі, з мясцовасці, якая ляжыць у сямідзесяці вярстах ад Менска і належала ў тыя часы да Ашмянскага павета. Мэтаю майго падарожжа ў Менск было дастаць там беларускіх кніжак для бібліятэкі гуртка беларускае моладзі, што я і мае сябры наважылі арганізаваць у мястэчку Івянцы. Беларуская кнігарня змяшчалася тады ў двухпавярховым доме на Захараўскай вуліцы, якраз насупраць «Новага» касцёла. Калі я ўвайшоў у дом, дык адразу пабачыў прылавень, на якім былі акуратна параскладаныя кнігі, a за ім — высокага худога чалавека, апраненага ў жакетку із саматканага вясковага сукна, з-пад якое было відаць белую палатняную кашулю з каўняром, вышываным беларускім узорам. Я кагадзе якраз пакінуў быў царскую армію, іігто развалілася ў выніку рэвалюцыйных падзеяў, і не патрапіў яшчэ пазбыцца вайсковых звычкаў. Стануўшы на «зважай» перад чалавекам у саматканай жакетцы, я назваў сваё прозвішча.
    — Прушынскі,— адказаў мне ён, падаючы руку да прывітання.
    Я ўжо ведаў, што Аляксандр Прушынскі — гэта сапраўднае імя паэта Алеся Гаруна, творы якога я з вялікім захапленнем вучыў на памяць і дэкламаваў, і адразу здагадаўся, з кім маю гонар пазнаёміцца. Мы
    разгаварыліся. Алесь Гарун з вялікай цікавасцю распытваў мяне аб тым, што робіцца на правінцыі, як пашыраецца беларуская сведамасць сярод сялянства ды інш. Нарэшце ён напакаваў маю торбу кніжкамі, сказаўшы, што грошы за іх спагоніць з нас тады, калі нашая бібліятэка пачне мець прыбыткі.
    Улетку 1918 г., апрача гдтага першага разу, я вельмі часта бываў у Менску то пехатою, то прыязджаючы з івянецкімі балаголамі. Кожны раз я наведваў беларускую кнігарню і сустракаўся там з Алесем Гаруном. У гэтым жа доме на другім паверсе змяшчалася рэдакцыя беларускай газеты «Вольная Беларусь». Там я пазнаёміўся і з Язэпам Лёсікам і з ягонаю жонкаю Вандай Лявіцкай, дачкой вядомага беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш.
    На свеце ўсцяж не было супакою. Увосень 1918 г. выбухла рэвалюцыя ў Нямеччыне. Немцы былі змушаны капітуляваць перад кааліцыяй. Нямецкія арміі пачалі пакідаць займаныя імі прасторы Беларусі. Следам за нямецкай арміяй, што адыходзіла на захад, з усходу ішло бальшавіцкае войска. Неўзабаве ўся Беларусь апынулася пад бальшавікамі. Увесну 1919 г. пачалася новая вайна — польска-бальшавіцкая. Палякі памаршыравалі на ўсход, і 19 красавіка 1919 г. польская армія здабыла Вільню, а колькі месяцаў пасля 8 жніўня 1919 г. — заняла Менск. Неўзабаве па заняцці палякамі Вільні, у траўні 1919 г. у Вільні адбыўся беларускі з’езд Віленшчынц і Горадзеншчыны, на якім было пастаноўлена пачаць пад польскай акупацыяй арганізацыю беларускага войска. На з’ездзе была абраная адмысловая вайсковая камісія, якой і было даручана пачаць захады перад польскім галоўным камандаваннем аб дазволе на арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў. Пасля вельмі даўніх намаганняў і перамоваў, бо толькі 22 кастрычніка 1919 г. галоўнакамандуючы польскай арміяй Язэп Пілсудскі выдаў нарэшце дэкрэт аб дазволе арганізаваць беларускае нацыянальнае войска. Гэтым жа дэкрэтам паклікалася Беларуская вайсковая камісія (БВК.), кожны сябра пайменна. У склад камісіі былі пакліканыя дэкрэтам гэткія асобы: на старшыню БВК прызначаўся Паўла Аляксюк, адвакат паводля прафесіі, вельмі актыўны ў тых часах беларускі дзеяч. На камандуючага беларускімі вайсковымі аддзеламі прызначаўся палкоўнік Канапацкі, беларус татарскага
    паходжання. У склад камісіі быў пакліканы і Аляксандр Прушынскі, а апрача яго, як сябры камісіі, гэткія асобы: Антон Аўсянік, маёр Якубецкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, палкоўнік-інтэндант Якубоўскі і я, капітан Францішак Кушаль. Месцам урадавання Беларускае вайсковае камісіі вызначаўся Менск (аб БВК быў мною ў сваім часе напісаны даўжэйшы артыкул «Ад Менску да Лодзі», які друкаваўся ў 1952 г., у лістападзе, снежні і студзені ў газеце «Беларус», нумары 21, 23, 24 і 25).
    У снежні 1919 г. БВК пакінула Вільню і прыбыла ў Менск, дзе заняла даволі вялікі менскі гатэль «Гарні». На першым паседжанні камісіі быў абраны ейны прэзідыум, заступнікам старшыні якога стаўся Аляксандр Прушынскі. Памятаю, што ён станоўка адмаўляўся ад гэтае функцыі, матывуючы сваю адмову слабым здароўем. I сапраўды, досыць было глянуць на яго, і кожны мог пераканацца, што перад ім моцна хворы чалавек. Аднак, дармо што ўсе слушныя адмовы, Алесю Гаруну не ўдалося пераканаць камісію, і ён застаўся заступнікам старшыні Прэзідыуму БВК.
    Паўла Аляксюк быў незвычайна энергічны чалавек, вельмі добры прамовец. Неўзабаве межы БВК сталіся яму зацесныя. Каб мець магчымасць шырэйшае дзейнасці, ён пачаў штораз часцей выязджаць у Варшаву, дзе, як казалі тады ў Менску, рабіў «высокую» палітыку. Паказаўшыся час-часом у камісіі, ён зноў на даўжэйшы час недзе знікаў. Ясна, што ўвесь цяжар працы ў БВК зваліўся на плечы хворага Прушынскага, а праца гэтая была вельмі цяжкая і нервовая. Бо, не зважаючы на дэкрэт найвышэйшага аўтарытэту, — галавы Польскае дзяржавы і галоўнакамандуючага польскай арміяй, Язэпа Пілсудскага, справа арганізацыі беларускага войска ад пачатку сутыкнулася з немагчымымі да абладжання перашкодамі.
    Перашкоды гэтыя вынікалі найперш і з палажэння, што існавала тады на Беларусі. Зламаўшы супраціў бальшавіцкае арміі, польскае войска рынула за ворагам на ўсход , не даючы яму магчымасці арганізаваць дзеколечы абарону. На прасторах Беларусі, займаных польскай арміяй, зараз жа арганізоўвалася адміністрацыйная ўлада, вядома, вылучна з паланізаваных паноў, панкоў ды паўпанкаў.
    Неўзабаве ўсе адміністрацыйныя становішчы, а гэ-
    таксама пасады ў паліцыі, былі занятыя гэтымі людзьмі. 3 вельмі малымі выняткамі, усе яны былі эндэцкае арыентацыі, а значыцца — зацятымі польскімі нацыяналістамі, ворагамі ўсяго беларускага, бо ж вядома, што няма горшага беларусаеда, як спаланізаваны беларус. Як і трэба было спадзявацца, гэтая зграя цалкам сабатавала дэкрэт Пілсудскага. Высыланыя БВК на правінцыю вербунковыя агенцты звычайна арыштоўваліся і траплялі ў турмы. Ахвотнікаў ісці ў беларускае войска не дапушчалі ў Менск і страшылі рознымі карамі. Можна сабе ўявіць, як перажываў усе гэтыя несправядлівасці і перашкоды фактычны старшыня БВК Аляксандр Прушынскі, знясілены цяжкой хваробай, а таму асабліва чулы на кожную прыкрасць ці няўдачу.
    Тым часам дні ішлі, набліжаўся ліпень 1920 г. БВК удалося з вялікімі цяжкасцямі арганізаваць толькі адзін беларускі батальён. Сярод сяброў камісіі пачало расці і мацнець вялікае незадавальненне. Нарэшце недзе ў канцы чэрвеня 1920 г. у Менск прыехаў Паўла Аляксюк. Адбылося вельмі бурнае пленарнае паседжанне БВК, і Алексюку быў адназгодна выказаны недавер Аляксюк падаўся ў дымісію. Тое самае зрабіў і палкоўнік Канапацкі. Беларуская Вайсковая Камісія апынулася ў крытычным палажэнні. Даць рады крызісу было вельмі цяжка, бо Аляксюк быў вызначаны на старшыню БВК дэкрэтам польскага галоўнакамандуючага. Справу трэба было ўзгадняць з польскім камандаваннем. Аднак усе ’перашкоды ўдалося абладзіць. Новым старшынёй БВК згадзіўся быць адзін з былых рэдактараў першае беларускае газеты ў Вільні ў 1904 годзе, «Нашай долі», Францішак Умястоўскі, запрошаны на гэтае становішча ўжо самой БВК. Прыняўшы становішча, Умястоўскі адылі ў Менск не прыбыў. Давялося Аляксандру Прушынскаму і надалей узначальваць БВК.
    За часам польскае акупацыі, дармо што вайна і няпэўнасць заўтрашняга дня, у Менску шырока разгарнулася беларускае культурнае жыццё. Тут стала жылі гэткія выдатныя беларускія пісьменнікі, як Янка Купала і Змітрок Бядуля, даездам з Вільні падоўгу запыняўся драматург Францішак Аляхновіч, які сам рэжысыраваў свае рэчы дзеля паказу на менскай сцэне, часта выступаў вядомы хор Тэраўскага, стала выходзіла беларуская газета «Беларусь» пад рэдакцыяй выдатнага
    журналіста і пісьменніка Язэпа Лёсіка, якога лучыла з Гаруном асаблівая прыязнь, паўсталая яшчэ за часамІ супольна адбыванае імі ў Сібіры ссылкі. У гэтым шырокім культурным жыцці Алесь Гарун браў заўсёды дзейны ўдзел, тым болей што быў ён у гэтым часе і старшынёю Беларускага нацыяналыіага камітэта, які займаўся арганізацыяй і кіраваннем усяго беларускага жыцця ў Менску. He было дня, каб у ягоным кабінеце ў БВК, пасля гадзінаў прыкрага і цяжкога ўрадавання, не збіраліся на нарады, што цягнуліся да позняе ночы, беларускія культурныя працаўнікі дзеля абмеркавання пільных справаў з галіны выдавецкай, школьнай ды інш. Гэтак, паважна хворы на сухоты, Алесь Гарун, стаміўшыся за дзень да апошняга, мусіў, пасля кароткага адпачынку, пачынаць назаўтра гэткі ж працоўны дзень, тыдзень па тыдні і месяц па месяцы. Нічога дзіўнага, што якраз да яго так хутка прычапілася яшчэ адна хвароба, стаўшыся беспасярэдняю прычынаю ягонае перадчаснае смерці.
    5	ліпеня 1920 г. бальшавікі пачалі на шырокім фронце наступ на польскую армію. Палякам давялося адступаць. У Менску была абвешчаная эвакуацыя. Сябры Беларускае Вайсковае Камісіі зышліся, апошнія ў Менску раз, на паседжанне. Яны перагледзелі і адабралі найважнейшыя і найпатрэбнейшыя дакументы, бо забраць усяго не было магчымасці, падзялілі іх міжсобку, пехатою пайшлі на чыгуначную станцыю і селі ў апошні эшалон, што пакідаў Менск.
    Ніхто з нас не ўяўляў сабе, якую жахлівую паразу дастала на Бярэзіне польская армія. Мы былі перакананыя, што бальшавікі будуць неўзабаве затрыманыя, праўдападобна на Нёмне, і наважылі далёка не падавацца, а затрымацца дзе-колечы ў заходняй частцы Беларусі. Найдагаднейшым месцам супынку здаўся нам Ваўкавыск.
    Лета 1920 г. было на Беларусі незвычайна гарачае. Рана і вельмі багата ўрадзіла гародніна. Беларускія сады аж хінуліся долу ад цяжкіх пладоў. Асабліва надзілі стомленых жаўнераў польскае арміі, што адыходзіла на захад, спелыя буйныя вішні. Яны рвалі іх, елі і запівалі вадой з прыдарожных студняў ды ручаёў. Неўзабаве скрозь выбухла эпідэмія крываўкі (дызентэрыі).
    Мы прыехалі ў Ваўкавыск каля паўдня наступнага
    дня ды пайшлі ў горад уладжвацца. Зайшліся на рынак. Сяляне прывезлі сюды на продаж поўныя вазы вішняў. Вішні былі буйныя і сакавітыя. Мы ўсе ў axBcrry імі ласаваліся. Пад’еў усмак вішняў і Аляксандр Прушынскі. На другі дзень нашага пабыту ў Ваўкавыску сябры БВК зышліся ў зале мясцовае гасцініцы, каб' абмеркаваць становішча, у якім мы апынуліся, ды пастанавіць, што рабіць далей. Алесь Гарун на нараду не прыйшоў. He памятаю ўжо, хто з сяброў сказаў, што «Прушынскі не прыйдзе, бо ляжыць хворы ў сябе на гасподзе». Я і Антон Аўсянік зараз жа пайшлі да яго,. каб даведацца, што з ім.. Гаспода Алеся Гаруна была на адной з ціхіх бочных вулічак Ваўкавыска і выглядала як звычайная сялянская хата. Калі мы ўвайшлі ў гэтую хату, дык адразу ж пабачылі на дзервяным сялянскім ложку, засланым саматканаю коўдраю, Аляксандра Прушынскага — Алеся Гаруна. Ен слабым голасам расказаў нам, што ўчора, пад’еўшы вішняў, пачуў вялікую смагу і напіўся, раз і другі, сцюдзёнай вады. Пад вечар яму зрабілася дрэнна, забалеў жывот. Мучыўся ён ім усю ноч і цяпер адчувае незвычайную слабасць. Пачуўшы гэта, Аўсянік пабег шукаць доктара, а за гадзіну прывёў лекара з вайсковае камендатуры. Агледзеўшы хворага, лекар сказаў, што Аляксандр Прушынскі захварэў на тыповую дызентэрыю, і дадаў: «я вам дам паперу, адвязеце хворага на чыгуначную станцыю і чакайце. Неўзабаве праз станцыю будзе праходзіць санітарны цягнік, вось і здайце хворага дзяжурнаму лекару гэтага цягніка». Селянін, у хаце якога прыпыніўся Алесь Гарун, сведка ўсяе гэтае сцэны, згадзіўся адвезці хворага на станцыю сваім канём. Мы дапамаглі Прушынскаму апрануцца і, калі пад ганак пад’ехала каламажка, вывелі яго пад рукі і пасадзілі на воз, бо сам ён стаяць на нагах ужо не мог. Аўсянік сеў побач з хворым і трымаў яго, абняўшы рукою, усю дарогу, я ж з фурманам сеў у перадку. Прыехаўшы на станцыю, мы сапраўды вельмі мала чакалі санітарны цягнік. Ен прыйшоў за якія паўгадзіны. Я і Аўсянік увялі зусім саслабелага Гаруна ў цягнік і перадалі санітару. Тут, у цягніку, мы — Антон Аўсянік і я, апошні раз паціснулі руку Алесю Гаруну, жадаючы яму барзджэй ачуняць.