На суд гісторыі
Успаміны, дыялогі
Барыс Сачанка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 303с.
Мінск 1994
Я шукаў іншага выйсця са свайго цяжкога становішча. Стараўся вучыцца як мага лепш, каб атрымаць казённую стыпендыю — 180 рублёў у год. Зубрыў многа, апрача вучобы нічога не бачыў. I дабіўся свайго: на экзаменах у канцы навучальнага года атрымаў права на поўную стыпендыю. Парадаваліся мы з маці, але ненадоўга: да Маладзечна набліжаўся фронт першай сусветнай вайны. Нам сказалі эвакуіравацца. «Ненадоўга»,— запэўнівалі. Пасля трохмесячнага блукання ля фронту нас, бежанцаў, змардаваных бадзяннем, голадам і хваробай, пасадзілі ў Менску ў цяплушкі, у якіх мы ледзь вытрывалі ад марозу, і павезлі на ўсход. Вазілі доўга, пакуль не высадзілі ў Тамбоўскай губерні каля сяла Ілавайскага.
Маці з братам Валодзем засталася на месцы, а я з кошыкам за плячыма ізноў пайшоў у свет шукаць шчасця. Дабраўся аж да Пензы. I неяк даведаўся, што ў горадзе ёсць настаўніцкая семінарыя. Пайшоў туды, і мяне, як казённага стыпендыята, залічылі на вучобу. Пасля, як высветлілася, што Маладзечанская настаўніцкая семінарыя эвакуіравана і знаходзіцца ў Смаленску, мяне накіравалі вучыцца туды.
Памяшкання свайго семінарыя не мела, і мы займаліся ў другую змену ў гімназіі Вароніна. Жыць было вельмі цяжка. Адной стыпендыі не хапала, а грошы абясцэньваліся. Хлеба з мякінай і таго часта нельга было дастаць. Студэнты перабіваліся хто як мог.
У 1917 г. удзельнічаў у дэманстрацыях, разам з усі-
мі хадзіў па вуліцах, насіў лозунгі з рэвалюцыйнымі плакатамі, крычаў: «Далоў цара!»
У 1918 г. скончыў семінарыю і выехаў у Сібір, дзе ў эвакуацыі знаходзілася мая адзінокая маці (брат Валодзя ўжо памёр). Маці знайшоў у сяле Бароўскім Барнаульскага павета. Адразу ж падаў прашэнне ў аддзел народнай асветы, і мяне прызначылі настаўнікам у сяло Усць-Калманскае, што каля Барнаула.
Праца была цяжкая, але цікавая. Я арганізаваў там Калманскае культурна-асветнае таварыства. Мяне, ва■семнаццацігадовага хлопца, выбралі старшынёй. Праводзілі з сялянамі гутаркі на розныя тэмы, чыталі лекцыі, ставілі п’есы. У мяне многа было запалу. Сам я і іграў і спяваў. Так я прапрацаваў адзін год.
Але на свеце было неспакойна. Бушавала грамадзянская вайна. Яе віхуры дакаціліся да ціхага сяла Калманскага і зрушылі мяне з месца. У выніку я апынуўся ў 1920 годзе ў Харбіне.
На станцыі «Пагранічная» Кітайскай усходняй чыгункі атрымаў пасаду настаўніка. Настаўніцкі персанал быў неаднародны, дзяліўся на рэвалюцыйных і рэакцыйных. Я быў з першымі. Мы прайгралі, і я страціў пасаду. Працу знайшоў у Вэйшахэ — на маленькай станцыі той жа Кітайскай усходняй чыгункі ■— як настаўнік ад бацькоў. Праз два гады за добрую працу быў лераведзены ў Харбін.
Тут я сістэматычна пачаў займацца над удасканаленнем свайго голасу. Са мной стала займацца прафесар Юлія Канстанцінаўна Плотніцкая — былая супрацоўніца Шаляпіна — чалавек ужо пажылога ўзросту, але яшчэ добрая артыстка і педагог.
Я ўжо сказаў, што спяваць любіў з дзіцячых год: спяваў з маці, потым у школах выбіралі мяне ў салісты дзіцячага хору, спяваў у царкве і нават на вяселлях. Мог нядрэнна іграць на розных інструментах: на балалайцы, мандаліне, гітары, гармоніку і нават на скрыпцы, якая засталася ад бацькі. А на губным гармоніку я мог зайграць усё, што толькі пачую (зусім Сымонмузыкаі). Памятаю, у маёнтку Шэйпічы, дзе працавала мая маці, быў раяль. Калі прыязджалі панскія дочкі (яны больш жылі ў Ваўкавыску) і пачыналі іграць, я гадзінамі стаяў за плотам і слухаў, забыўшыся аб усім на свеце. Добра ці дрэнна яны ігралі — не ведаю, але гэта была першая музыка, якую я пачуў на раялі. (Ця-
nep, калі радыё грае больш, чым трэба, мае пачуцці Taro часу, можа, трудна нават зразумець.) Калі паны ад’язджалі з двара і маці дазваляла мне сцерці з раяля пыл, я не мог устрымацца і пачынаў падбіраць на клавішах адным пальцам знаёмыя мелодыі народных песень. Маці дзівілася і радавалася, але, баючыся, непрыемнасцей, адганяла мяне прэч.
Шкада, што не нарадзіўся я год 50 пазней, магло б быць з мяне нешта лелшае, Як цяпер у нас вышукваюць таленты! Як ім дапамагаюць развівацца! Як іх падтрымліваюць! Я сам удзельнічаю ў камісіях па адбору здольнай музычнай моладзі. I тады свет быў не без добрых людзей, але цяпер усё робіцца арганізавана.
У настаўніцкай семінарыі спевы былі пастаўлены добра: знаёмілі з тэорыяй музыкі, быў свой хор, вучылі дырыжыраваць. Таму к Плотніцкай я трапіў, маючы некаторую падрыхтоўку ў гэтай галіне. Аднак гэтага для сур’ёзнай музыкі было мала, і я пачаў у Тамашынскай вучыцца на раялі, а з дырыжорам Меттэрам праходзіў курс гармоніі.
Праца ішла добра, і аба мне сталі гаварыць як аб вельмі надзейным маладым спеваку. Так я займаўся два гады. Але чым больш займаўся, тым менш быў задаволены сабой, тым менш у сябе верыў. Стамляла праца ў школе, асабліва моцна адбіваючыся на горле, і я не мог спяваць так, як хацеў, так, як сабе ўяўляў.
Урэшце, ад кар’еры спевака адмовіўся. Гэта было нялёгка, бо са спевамі я даўно і моцна зросся.
Каб нешта рабіць, паступіў на эканамічнае аддзяленне Харбінскага універсітэта.
Заняткі там праходзілі ў другую змену, я працаваў у школе — у першую змену. Такім чынам, я мог спалучаць работу з вучобай. Працаваў многа і вучыўся добра. Усё гэта было для розуму, а сэрца ўсё ж заставалася ў песні. Сэрца хацела спяваць.
Ад вялікай нагрузкі арганізм не вытрымаў, здароўе падарвалася. Урачы знайшлі сэрца хворым, і самае небяспечнае — аказаліся хворымі лёгкія. Даведаўшыся, што брат памёр — ад сухотаў, дактары параілі неадкладна лячыцца. I ўсё ж вучобу ва універсітэце не пакінуў. Працаваў асцярожней, менш, але ішоў наперад. He пакінуў і спевы.
У 1929 годзе скончыў універсітэт, і мне запрапана-
валі асістэнтуру. Але я накіраваўся ў оперу. Думалі, што звар’яцеў чалавек...
А пачалося ўсё так.
У 1929 г. на Кітайскай усходняй чыгунцы адбыўся канфлікт паміж кітайскай і савецкай часткай праўлення. У знак салідарнасці з Савецкім Саюзам была аб’яўлена неафіцыйная забастоўка, у якой прыняла ўдзел і мая школа. Улады, варожа настроеныя да Савецкага Саюза, пазбавілі нас жалавання. Што было рабіць? Я звярнуўся да опернага калектыву, але там месца не знайшлося, усё было ўкамплектавана. Сезон тэатр планаваў пачаць «Русалкай» Даргамыжскага, і раптам бас Шушлін, які павінен быў спяваць мельніка, парушыў кантракт і выехаў у Шанхай. Такім чынам пастаноўка «Русалкі» была пад пагрозай зрыву. Калектыў шукаў выйсця. 3 Ленінграда мелі добрага барытона Вітэльса, які мог спяваць Анегіна (Чайкоўскага). Пачалі шукаць артыста на партыю Ленскага. На пробу паклікалі мяне. Спадабаўся. Тут жа рашылі замест «Русалкі» ставіць «Яўгенія Анегіна».
За два тыдні я падрыхтаваў партыю Ленскага. Што перажыў за гэты час, трудна расказаць. Мой дэбют меў поспех, і мяне залічылі ў трупу опернага калектыву.
Потым я спяваў Сінадала з оперы Рубінштэйна «Дэман», затым пайшлі і іншыя партыі. Да 1932 года я праспяваў 15 роляў. Гэта былі Фаўст з «Фаўста» Гуно, Альфрэд з «Травіяты» Вердзі, герцаг з «Рыгалета» Вердзі, Альмавіў з «Севільскага цырульніка» Расіні, князь з «Русалкі» Даргамыжскага, цар Берэндзей з «Снягурачкі» Рымскага-Корсакава, Лыкаў з «Царскай нявесты» Рымскага-Корсакава, Уладзімір з «Князя Ігара» Барадзіна, Уладзімір з «Чарадзейкі» Чайкоўскага, Пінкертон з «Мадам Батэрфляй» Пучыні, Рудольф з «Багемы» Пучыні і іншыя.
Паралельна я працаваў і ў школе, куды зноў вярнуўся пасля забастоўкі.
М.аё выступленне ў оперы мела поспех. I я пачынаў верыць у сябе, хацелася і надалей удасканальвацца ў спевах.
Увесь гэты час я жыў вельмі скромна, бо збіраў грошы для паездкі ў Італію, аб якой марыць кожны добры спявак.
У 1932 г. атрымаў візу, звольніўся са школы, пакінуў тэатр і паехаў у Мілан.
У Мілане сустрэўся са спявачкай Анджэлікай Краўчанка, якая раней была ў Харбіне. Яна пазнаёміла мяне з выдатным майстрам спеву Фернандо Карпі, які раней альтэрнаваў з Карузам і іншымі славутымі спевакамі.
3 Карпі я працаваў амаль кожны дзень. Маэстра дзівіўся з маёй працавітасці, хваліў мяне і паказваў іншым вучням. Цікава, што потым да мяне на лекцыі спеву прыходзілі вучні — іншаземцы, і я сапраўды дапамагаў ім, бо ад прыроды меў добрае вуха і адразу адчуваў, каму чаго не хапае. У тыя часы і сам я вельмі ўважліва слухаў выдатных спевакоў, што выступалі ў Мілане, і, зразумела, многаму ад іх вучыўся. Тут я ўпершыню пачуў Шаляпіна. ён спяваў Дона Базыля ў тэатры Ла Скала (La Scala). Поспех быў такі вялікі, што артыст вымушаны быў бісіраваць арыю, хоць у гэтым тэатры бісы не дазваляліся. (У кнізе аб Шаляпіне, выдадзенай у Савецкім Саюзе, якраз ёсць здымак з гэтага выступлення.)
У Мілане я сустрэўся і са слаўным Собінавым, які прыязджаў у Італію падшукаць добрага прафесара спеваў для Масквы. Собінаў быў надзвычай прыемны і добразычлівы. Запрасіў мяне да сябе. Мы доўга гутарылі, а потым спявалі. Калі я праспяваў арыю Ленскага, ён сказаў: «Как Вы прнпомннаете мон лучшне молодые годы!» Даў мне свой адрас і сказаў: «Совершенствуйтесь п првезжайте к нам в Москву».
Усё, аднак, склалася інакш. Нездарма кажуць: «Человек — раб обстоятельств». Я працаваў так многа, што ў лёгкіх зноў пачаўся працэс. Давялося лячыцца. Паехаў у Сан-Рэмо. Паправіўшы трохі здароўе, вярнуўся ў Мілан і працягваў спяваць. Я спяваў на італьянскай мове ў операх «Травіята», «Рыгалета», «Фаўст», «Севільскі цырульнік» і інш. Мяне запрашаюць выступаць у канцэртах. Крытыка аб маіх выступленнях была вельмі станоўчая. Вось што пісаў «Соггіеге di Savona» (Il Lavoro) (31.X.1934): «Тэнар Міхаіл Забэйда пацвердзіў поспехі, якія меў нядаўна на сваім артыстычным турнэ і якія паўторацца вечарам 31-га г. м. у Мілане. У Забэйды адразу адчуваецца пяшчотная душа славянскага мроючага паэта. Яго тонкая інтэрпрэтацыя захапляе слухачоў. Яго голас — гэта дасканалы інструмент, які здольны перадаць усе пачуцці, змешаныя ў вершы, нават і тады, калі спявае на чужой мове... Гэта пацвер-
дзіла публіка сваімі апладысментамі, дамагаючыся паўтарэння».
L’ordine, 26.X.1934 — Como — піша: «Міхаіл Забэйда — тэнар надзвычайнай якасці, артыст высокай культуры, голас мяккі, гнуткі, падобны голасу свайго суайчынніка Собінава, інтэрпрэтаваў з выключнай чуллівасцю тонкія кампазіцыі Stein-Schneider, выклікаўшы захапленне ва ўсіх слухачоў».