Надлом
Васіль Якавенка
Выдавец: Беллітфонд
Памер: 528с.
Мінск 2003
варкі да іх; намыла бульбу ў вялікі чыгун — гэта ўжо для тых, што ў хляве рохкалі.
102
Полымя ад печы абдавала жарам яе круглявы твар, ахінуты касынкаю, засяроджаны, задуменны; з ночы бабе перадалася трывога ад яе чалавека.
Пятро тым часам агледзеў малатарню, якая стаяла ў гумне, змазаў шківы і іншыя часткі, што круціліся і церліся ў працы. Сёння гаспадар з сынам будуць малаціць жыта... А цяпер Пятру аставалася яшчэ задаволіць у стайні надзённыя інтарэсы каня, як што яму выпадала ў лёгкай вупражы хадзіць пад павеццю па крузе — цягнуць прывад, круціць шэсцерню, ад якой перадаваўся рух на барабан і іншыя вузлы малатарні.
За працай і далей за сняданкам, потым зноў за працай на гумне Пятро ніяк не мог забыцца на сон, ад якога дагэтуль яшчэ знібела душа, і было прадчуванне нядобрага. Зрэшты, чаго добрага можна чакаць, калі ў дзверы грукоча вайна?
Час за працай прабег хутка. Папалудні, распрануўшыся па пояс, ён папрасіў Паўла паліць яму крыху злетненай вады на рукі, на карак; добра намыльваючыся, змыў з сябе ўсю пацяруху ды едкі цёмнашэры пыл ад малатарні. Калі ўжо расціраў рушніком да чырвані вільготнае крамяное цела, Павел, гледзячы на бацьку збоку, усміхнуўся:
— Дык кажаш, бацька, той вядзьмак хацеў выпрабаваць цябе на вогнестойкасць?
— Табе, сынку, смех, а гэта ж не на жарт яно. Каб думаў калі, што я з гэтакім д’яблам нос к носу сутыкнуся! Хоць бы і ў сне... Цьфу! — сплюнуў.
— Хай яго хай!..
Пятро наважыўся зноўку з’ездзіць у Моладава, каб спаткацца і пагутарыць са знаным палітыкам, якім лічыў Канстанціна Скірмунта. Здавалася, каму і валодаць новай інфармацыяй пра вайну і спрычыненыя вайной падзеі ў свеце, як не яму, былому міністру замежных спраў Польшчы і затым амбасадару ў Лондане... Пятро не рабіў перад жонкай сакрэту з таго, што мае паехаць у панскі палац, каб, уведаўшы якія навіны, узяць іх за аснову, за ключ для разгадкі жахлівага сну.
Тым часам Маня, гуляючы на падворку, падскоквала на ўтравелай сцяжыне каля веснічак і сыпала жартаўлівыя словы і скорагаворкі, якія забаўлялі яе двухгадовую сястрычку Вольку:
— Чэпік, чэпік — доўгі нос, куды цябе чорт панёс, не падмазаўшы калёс!
103
Тая не ўсё, праўда, разумела з гэтакай эскапады, але рагатала з усёй дзіцячай адданасцю, як што ёй падабаліся вясёлыя скокіпадскокі і словы ў такт Маніным рухам; яна і сама ўжо дэкламавала, прысядаючы:
— Цепік, цепік...
Ды тут Маня заўважыла, як дзед выкаціўшы са сваіх сянец ровар, падаўся на вуліцу. Ён быў чыста, як пасвяточнаму, апрануты. Яна дагнала яго.
— Дзедусь, а ты куды гэта?
— На Парыпавы горы! — і першы раз за дзень вочы ў дзеда засвяціліся ў лагоднай усмешцы. — Мо ты ведаеш, дзе іх іпукаць?
— Нее, — Маня не адразу ўцяміла, куды хіне яе дзед: — А што табе там?..
— Адтуль свет шырэй відзен.
Ёй бабуля ўжо расказала, што ад самае ночы трывожыла дзеда, і таму яна была рада: ён зноў вясёлы і нават жартуе.
Маня ўпершыню пры развітанні сказала яму словы, якія зазвычай гаварылі дарослыя, — баба Аксіння або маці — і пры гэтым зычліва памахала рукой:
— Добрым часам, дзедусь!
15
Ліпавая алея вяла да варот маёнтка. Кроны дрэў так паразрасталіся на волі, што стваралася ўражанне суцэльнага зялёнага калідора, трохі парудзелага, праўда, ды не менш прыгожага ўвосень, і па ім чалавек ехаў, пачуваючы на сэрцы палёгку ад таго, што ў старой вячыстай алеі, дзе вольна пырхалі птушкі, завяршаўся ягоны шлях да знаных паноў.
Кожная апора варот уяўляла сабой высокі чатырохгранны слуп з каменным шарам наверсе, а пры тым слупе — карацейшыя, па два з кожнага боку.
Вароты былі адчынены, і Пятро Рамановіч (тут ягоным прозвішчам Пісарчук менш карысталіся) укаціў на ровары ў двор пры палацы. Злева стаяла капліца, а па правую руку, за дрэвамі і дэкаратыўнымі кустамі, хаваліся гаспадарчыя будынкі.
Ён мінуў шырокі, як скінуць вокам, газон з кветкамі, і далей, за кветнікам, адкрываўся палац, які быў збудаваны і абжыты Сымонам Скірмунтам напрыканцы XVIII ста
104
годдзя; месціўся ён непадалёку ад старога двара Агінскіх. Увогуле тут каранілася сівая гісторыя і, усведамляючы гэта, Пятро Рамановіч, нашчадак духу і велічы літвінскай зямлі, зараз перажываў непакой і хваляванне. Думалася: нешта ж павінна рабіцца з таго, што рабілася, інакш які сэнс быў лучыцца ў адзінай грамадзянскай супольнасці, у адзінай дзяржаве, сеяць, жаць, ствараць штось адмысловае ў архітэктуры, мастацтве, несці ў свет самавітасць. Усё, што пасеена тымі стагоддзямі, павінна б узысці, праклюнуцца нават праз мур, як праклёўваюцца парасткі на ўтаптанай глебе. Адно каб не войны і гвалт над народам!
А царкоўныя метрычныя запісы сведчылі, што у XVIXVIII стагоддзях у Моладаве гнездаваў слынны ў Вялікім княстве род Войнаў, потым, як Вайнаўчанка Элеанора зайшла замуж за Казіміра Агінскага, маёнткі Моладава і Парэчча на працягу стагоддзя належалі роду Агінскіх. Але Агінскія наварочваліся ў сваю абладу толькі час ад часу, што не дазваляла ім як след чыніць справы на месцы, і Міхал Клеафас Агінскі, вядомы музыка, кампазітар, апошні з гэтага роду ўладар моладаўскага і парэцкага маёнткаў, абцяжараны гаспадарчымі клопатамі, прадаў іх урэшце, разам з зямлёй, Сымону Скірмунту. От той Сымон, маршал Брэсцкай зямлі і павета Пінскага, пасол сейма ў Рэчы Паспалітай, будучы ў шлюбе з Елізаветай Ажэшкай, даў новую галіну генеалагічнаму дрэву Скірмунтаў.
Пятро Рамановіч, няма што з сялян, уважаючы на добрую славу і гонар моладаўскіх уладароў, грунтоўна ведаў іх радавод. Сымон умеў гаспадарыць і панавіў земляробства, пасадзіў дрэвы на пясчанай глебе і пустках, пачаў закладваць парк.
Ягоны белы палац меў адмысловыя формы. Гэта быў падоўжаны прамавугольнік у адзін паверх, пасаджаны на высокія цокальныя лёхі. Казалі, што ён адпавядаў стылю ампір.
Цяпер пад чатырохскатным дахам палаца, крытым ацынкаванай бляхай, узвышаліся каміны; з двух каміноў курыліся ледзь прыкметныя дымкі — яны раствараліся ў паветры.
Сонца хілілася на той бок палаца, яно час ад часу хавалася за шэрай, напаўпразрыстай навалаччу ў небе, і тады на прастору двара падалі і беглі кудысь кудлатыя мітуслівыя цені.
Пакінуўшы за спіной зялёны газон, Пятро ўзняўся па прыступках на тэрасу, упрыгожаную чыгуннай дэкаратыў
105
най агародкай. 3 тэрасы быў цэнтральны ўваход. Прыхінуўшы да калон ровар, госць хвіліну пастаяў, пераводзячы дыханне: заставаўся апошні крок, каб пастукацца ў панскія дзверы, і тут ён заўжды пераадольваў сваё хваляванне.
Сцяну палаца аздаблялі барэльефныя гірлянды над вокнамі. Яны ўвасаблялі сабой кветкі, перавязаныя стужкай. Дзве пары белых калон стаялі на цэнтральным ганку. Яны падпіралі прыдашак з трохкутным шчытом, на якім былі змешчаны гербы: родавы «Дуб» Скірмунтаў і родавы «Кораб» Ажэшкаў. У гербах жылі памяць і павага да продкаў, сіла і сямейная моц.
За калонамі на сцяне, вышэй дзвярэй, быў вымураваны круглы медальён з ініцыяламі заснавальнікаў палаца.
Госць зняў з галавы лёгкі капялюш — няйначай, з пашаны да гэтага медальёна. Але не паспеў ён пацягнуць за нітку званка, як дзверы адчыніліся і перад ім паўстала пані Марыя — гаспадыня, сястра Канстанціна і Генрыка Скірмунтаў; яны жылі разам, прычым ніхто з іх не меў сваёй уласнай сям’і, што нямала дзівіла Пятра, прызвычаенага да народных і сямейных традыцый.
— Дзень добры! Які гонар: сама пані ласкава сустрэла мяне.
— Так, я была тута, — кіўнула на сені. — Я заўважыла вас у вакно... Прошу мондрага госця праходзіць далей.
У голасе важнай кабеты з прывялым і напамажаным тварам прагучала штосьці гарэзлівае і як не кплівае нават...
— Пані Марыя смяецца з мяне, называючы мондрым?
— 0 не, ніколькі, ніколечкі! — сумныя і адначасова жывыя вочы пажылой Скірмуцянкі ўважліва вывучалі яго, таму Пятро на момант адчуў сябе несамавіта, так, нібы не выспеў у людскасці або быў са зрэбных нітак сатканы.
— А я вам скажу, — казала далей пані Марыя. — На тым тыдні, калі вы ў нас былі, пан Канстант меў задавальненне зазначыць: «Не панскага паходжання ягоная мосць, а іншы пан яму пазайздросціць! Чаму? Далягае да ксёнжак. Сваім розумам дастае да глыбіняў жыцця і гісторыі продкаў. Мондры... Дбайна вядзе гаспадарку».
— Хвала Богу і дзякуй васпану...
— Што ж вас прывяло да нас цяпер?
— А ўсе тое ж: трывога, няпэўнасць...
106
— Я вас правяду ў белы салон, дзе вы пачакаеце крыху, пакуль я знайду пана Канстанта. Добжа?
— Але ж.
Яны разам прайшлі шырокім калідорам, у ім была высокая столь і сцены ў светлых танах, і на сценах віселі рогі ласёў і аленяў, а ў кутку стаяў прыгожы куфар, завезены сюды разам з іншай мэбляй з Італіі. Дзверы з правага боку вялі ў сталовую залу, дзе стаяў вялікі дубовы стол, упрыгожаны разьбой, ды адпаведныя таму буфеты з дуба. Яны павярнулі налева і праз колькі крокаў адчынілі шыкоўныя дзверы з барэльефам на лакаваных панэлях, з разьбой і пазалотай, увайшлі ў вялікую залу, дзе светлакрэмавыя сцены ўвенчваліся купалам столі. Святло трапляла сюды цераз чатыры вакны і залівала ўсю пакаёвую прастору. У гэтай зале было трое дзвярэй, з якіх адны выводзілі на садовую тэрасу, другія — у бібліятэку. Яны павярнулі зноў налева, да трэціх дзвярэй, і, расчыніўшы іх, пані паказала на крэсла:
— Прошу, адпачніце...
Тут, у белым пакоі, як і ў іншых, Пятру ўжо даводзілася бываць. Два вакны, паркетная падлога, камін, бронзавая люстра з крыштальным абажурам, пісьмовы стол, вялікае люстэрка між вокнамі ў пазалочанай ракакокавай, так пан казаў, аправе. Цераз калідор сюды даносілася ціхая і журлівая музыка, удавала, што хтось самотны іграе на піяніна, мажліва — пан Генрык.
Уважаючы на ўтульную з пазалотай прастору пакоя, Пятро падумаў, што і гэтаму бляску пагражае вайна. Вайна пагражае палацу, як і Пятровай сядзібе, як і ўсяму свету, бо ніхто і нішто ад яе не застрахуецца.
Як мала значыць цяпер чалавек — ці то мужык, ці пан! Прыкладам — тая сусветная вайна, калі ўсё гарэла, бурылася, і немцы вывезлі з Парэчча ў Германію абсталяванне суконнай фабрыкі; усё, што было там, панішчылі, і больш не адрадзілася вытворчасць сукна, а яно ж на розных усерасейскіх і сусветных выставах неаднойчы атрымлівала сярэбраныя ды залатыя медалі.
Невядома чаму, але настрой, з якім Пятро ехаў сюды, пачаў псавацца; унутраны голас падказваў яму, што ў гэтай, адрэзанай ад свету глухамані, паны ведаюць мала чаго больш ад