• Газеты, часопісы і г.д.
  • Надлом  Васіль Якавенка

    Надлом

    Васіль Якавенка

    Выдавец: Беллітфонд
    Памер: 528с.
    Мінск 2003
    181.04 МБ
    ірмунту незадоўга да сваёй смерці. Яна неаднойчы бывала ў гэтым палацы і ў гэтай бібліятэцы. Зрэшты, не толькі яна. Яшчэ за маладымі гадамі братоў Канстанціна і Генрыка ў гэтых белых сценах палаца гасцяваў іншы слынны дзеяч паняволенага краю — Напалеон Орда, кампазітар, майстар выдатных графічных малюнкаў.
    Светлы сум, непакой і горыч за нешта супольнае, блізкае, што было і не атрымала далейшага свайго развіцця або зусім страчана, напоўнілі сэрца Пятра.
    Яны выйшлі ў сені, калі музычны матыў, што мякка сачыўся з кабінета Генрыка, змяніўся, ператвараючыся ў
    117
    наплыў ціхай журбы і пяшчоты, стаў мілажальным ды загучаў адкрыта, моцна і чыста. Генрык выконваў паланез Агінскага.
    Пятро ехаў з палаца сам не свой — зачараваны, захоплены ўзвышальным светам людскасці ды мастацтва, мастацтва і людскасці. Ён адмовіўся вячэраць разам з панамі, бо час быў позні і выпадала ехаць упоцемкі. Скірмунты правялі яго на ганак з калонамі — пан Канстанцін узяў удзел у праводзінах, відаць, дзеля прагулкі. Развітваліся. Раман Скірмунт моцна сціснуў Пятрову руку і, упіраючыся скрушлівым позіркам у прадонне ягоных вачэй, мовіў:
    — He вядома, гаспадар Пятро, калі Бог дасць нам яшчэ сустрэцца, таму, уважаючы на тваю беларускасць, скажу. Няхай твой сын акажацца жывым і здаровым! I няхай твае дзеці і ўнукі не пройцуць абыякавымі па Бацькаўшчыне. Гонар і дух продкаў абавязваюць з’яднаць, аднавіць, адрадзіць літвінскі край беларусаў. Павек вякоў!
    Дыпламат Канстанцін, седзячы ў калясцы, слухаў зычэнне стрыечнага брата з паважнай усмешкай, трохі паблажлівай і вясёлай.
    — Добрым часам, панебраце!
    — Давідзэння!..
    17
    У Моталь прыйшлі неўзабаве не немцы, якіх усе баяліся, а расейцы, так іх звалі, дакладней — прыйшла Чырвоная Армія.
    I здарылася гэта 21 верасня. Людская грамада захлынулася ад наплыву самых розных пачуццяў. Праўда, той асноўнай падзеі ў мястэчку папярэднічалі іншыя, што нітаваліся між сабой. Як толькі сюды данеслася вестка, што Чырвоная Армія перайшла савецкапольскую мяжу і пачала свой вызваленчы паход па землях Захадняй Беларусі, раніцай наступнага дня, гэта значыць 18 верасня, Андрэй Райкевіч,адзін з найбольш выпрабаваных лідэраў камуністычнага падполля, выкаціў свой ровар, узяў у рукі чырвоны флаг і, размахваючы ім, паехаў па вуліцах Моталя.
    — Шаноўныя грамадзяне! Суайчыннікі, таварышы, браткібеларусы! — выракаў ён, абмацваючы кожнае слова, шукаючы якое лацвей: — Да нас ідзе воля! Яе нясё
    118
    нам Чырвоная Армія. Канец панаванню, прымусу і здзеку! Няхай жыве адзіная і вольная Беларусь!
    — Шаноўныя грамадзяне! — на новым адрэзку вуліцы выгукваў ён амаль тое ж. — 3 нас доўга і зацята вымотвалі душу, выбівалі дух, які мы перанялі ад продкаў. Выбаўлялі веры і мовы. Зневажалі і катавалі... Але дарэмна! Парвем ланцугі, зруйнуем турмы! Сонца шле нам свае промні з усходу...
    Багата хто з местачкоўцаў выходзіў насустрач вестуну і слухаў і радаваўся, багата хто далучаўся да яго ды ішоў следам за флагам, у выніку ўтварылася ўрачыстая, можна сказаць, і выбуховая ў пэўнай меры працэсія.
    Маня заўважыла натоўп местачкоўцаў, седзячы на яблыні, куды забралася, каб дастаць вялікія, налітыя шафраннай чырванню шлапакі, што ўсё яшчэ віселі на вецці і спакушалі дзіцячае вока. Яна кульмігам кінулася ўніз, на зямлю, і падворкам — на стайню, дзе даглядаў коней дзед: — Дзедусь, а дзедусь, ідзі паглядзі!
    Чынны гаспадар Пятро Рамановіч выйшаў за веснічкі. Ён, пэўна, адчуваў хваляванне, бо яшчэ ўчора шэльма Абко прынёс яму навіну аб накаце войска з усходу, што, на яго цвярозы розум, магло карэнным чынам паўплываць на лад жыцця, да якога ён прызвычаіўся. I вось як падцвярджэнне — абвестка з вуснаў Райкевіча, чалавека, які быў прыяцелем яго сына Барыса.
    — Браткі беларусы! Ідзе Чырвоная Армія! Ідзе прасветлая гадзіна! Яе нам ужо нядоўга чакаць. Цяпер наш ганаровы абавязак — абясшкодзіць панскіх прыхвастняў і сатрапаў!..
    Каля Пісарчуковага дома ён прыпыніўся:
    — Дзядзька Пятро, якія чуткі адтуль?..
    — Няма чутак. Ад Барыса ніц нема.
    — Шкада... ІПкада, што сёння яго няма з намі!
    — Што зробіш...
    Працэсія рушыла далей, і тут з яе вылучыўся, ступіўшы колькі крокаў убок, невысокі чалавек з перавязанай рукой. Чарнявы, схудалы, ён быў у паношаным адзенні польскага жаўнера. Шсарчук здзіўлена глядзеў, як той крок за крокам набліжаецца да яго.
    — Дзень добры спадару! Калі будзе ласка паслухаць, я маю вам штось сказаць, — пачаў ён, пераадольваючы пэўную нервовасць сваю.
    119
    — Кажы, ягамосцьваяр, толькі праўду, — падбадзёрыў яго ўсмешкай дзед.
    — Я вярнуўся адтуль, дзе грымоты, пажар... Мы былі разам з Барысам, служылі ў адным палку, стрымлівалі націск немцаў на Варшаву. Даруйце, пры адступленні я бачыў яго... Ён ляжаў... мёртвы... пад кустом вербалозу.
    — Тсс! — прыклаўшы палец да вуснаў, цыкнуў на яго дзед Пятро і адвёў далей ад Мані і Аксінні, якія стаялі непадалёку і слухалі; дармо, перасцярога дзеда была запозненай.
    — Ён ляжаў мёртвы...
    — Ой! Людцы родныя! — выгукнула Аксіння і, спатыкаючыся, кінулася ў хату, мо каб даць волю пачуццям і выплакацца, а Маня стаяла разгубленая, не ведаючы, як можна паверыць у такое няшчасце.
    Дзед Пятро мусіць ад той жа разгубленасці, казаў штось не ў лад пра вайну і распытваў у былога жаўнера, чый ён, бо нешта не мог прызнаць яго сярод маталянаў, і ўдакладняў мясціну, дзе быў той апошні для Барыса бой.
    Авалодаўшы сабой, Маня кінулася ў двор — шукаць маці. У яе было адчуванне, што ў местачковае жыццё раптоўна ўварвалася віхура і робіць нейкі свой заварот, зацінае жыццю, нездарма ж у школе часова адмянілі заняткі, як што настаўнікі пахаваліся, а некаторыя з іх нават паўцякалі ў Яноў. Туды ж далі цягу і паліцаі з мотальскага пастарунка.
    Пра віхуру Мані нагадваў акурат і небывалы людскі ход, арганізаваны камуністамі. Калі калона выйшла на плошчу, свой чырвоны палымяны флаг Андрэй Райкевіч замацаваў на будынку апусцелага паліцэйскага пастарунка. Людскі галас, воклічы, смех — усё гэта надавала адметнасць святу.
    Камуністы і камсамольцы — апошніх узначальваў Данік Плюнгер — арганізавалі ўзброеную групу самааховы і аператыўных дзеянняў. Хлопцы як бачыш раззброілі польскіх асаднікаў і ляснічых, праўда, тых было не багата, і, поўныя натхнення, яны пачалі шукаць, дзе б яшчэ прымяніць свае сілы і ваенную вывучку.
    Неспакойны зрок сяброў гэтай і іншых рызыкоўных груповак найчасцей спыняўся на местачковых паляках, якіх прымалі за чужынцаў, а яшчэ на яўрэях, уцёкшых з Польшчы, звычайна багатых, напалоханых і безабаронных. Да іх нахабна прыклейваліся, прыставалі ды розным манерам адціналі дабро.
    120
    3 гэтага дня, бадай, і пакінулі мястэчка Моталь спакой, калі ён яшчэ ў каго заставаўся, лад у думках, калі пэўныя думкі былі... Доўгія гады прыціску, несправядлівасці, здзеку, які чынілі польскія ўлады з тутэйшага люду, спарадзілі багата ў каго прагу да помсты, а сёйтой проста браў прыклад з ліхадзеяў. Ну хіба мог Данік Плюнгер, скажам, мець лагоду ў душы, умеркаваны розум, спакойны характар, калі, зза ягонага камуністычнага імпэту жандары раз за разам успорвалі страху ў бацькоўскай хаце і глуміліся над іхнім набыткам? Дайшло да таго, што бацькі афіцыйна мусілі адмовіцца ад сына, гэта значыць, ад яго, Даніка... I не давядзі Божа каму перажыць такое. He, не, ён, бадай, адплоціць свету і, найперш, панам за ўсе свае крыўды.
    Так і іншыя. Цяпер кожны з пакрыўджаных і абражаных хацеў паказаць сваю сілу.
    Дачуўшыся, што ў маёнтку Скірмунтаў у Моладаве сабралася шмат паліцыянтаў і іншых класава чужацкіх і сумніцельных элементаў з вясковага наваколля, мотальскія рэвалюцыянеры на чале з Плюнгерам паспяшаліся туды. Аднак высокія і тоўстыя сцены агароджы з бітым шклом наверсе рабілі маёнтак крэпасцю, а ў пэўнай меры — і пасткаю для палякаў. Разгневаныя асадай паліцыянты схапілі і замучылі Алеся Дзямковіча, парламянцёра, пасланага туды для перамоў. У перастрэлцы загінуў яшчэ адзін з апалчэнцаў — Герась Кузюр... Іх жа кроў — як тое масла ў агонь.
    Таму, калі ноччу варожы хаўрус пакінуў маёнтак і рушыў у напрамку Янова, камуністычнае, так бы мовіць, апалчэнне ўварвалася ў панскія харомы і ўчыніла расправу над прыслугай, палічыўшы, пэўна, па нейкіх заломах класавай думкі, што прыслуга таксама мае віну перад камуністычным светам. Знайшлі і паноў — Генрыка Скірмунта і ягоную сястру Марыю, іх вывелі за сцены маёнтка і расстралялі. Толькі ўшанаванаму польскімі ўладамі дыпламату Канстанту Скірмунту ўдалося ўцячы разам з узброеным атрадам.
    Выканаўцы гэтага рэвалюцыйнага акта не пакінулі для нашчадкаў сваіх візітовак. Фактам, аднак, застаецца тое, што ў карных экспедыцыях не ўдзельнічалі ні Андрэй Райкевіч, ні Ян Мацукевіч. Чаму? Прынцыпова пазбягалі самасуда?.. Невядома.
    Цяпер кожын дзень прыносіў у дом Пісарчукоў жахлівыя і жудасныя весці, прымушаючыя трымцець і як не
    121
    ламацца самыя тонкія пачуцці ў душах што дарослых, што дзяцей, прычым, ніяк нельга было ад іх, тых навін, засцерагчыся — не было апірышча ў разняволенай грамадзе. У спадарстве, у людскім мурашніку не дзейнічалі больш ні закон, ні права, а камуністычная мараль, якую разам з тэрорам неслі мясцовыя ідэйныя хаўруснікі, здавалася даволі такі дзіўнай і дзікай.
    Ты багаты?.. Мы зробім цябе бедным, бо гэта будзе адпавядаць прынцыпам роўнасці і братэрства... Ты маеш жыццё? Яно цяпер належыць нам, уладальнікам і ўладарам становішча, бо ўсталёўваецца дыктатура такіх, як мы, жабракоў, латруг, калек духам і целам. Зрэшты, цела тут ні пры чым.
    Дзед Пятро і баба Аксіння часцей пачалі хадзіць у царкву і прасіць Бога пра мілажальнасць да іхняй сям’і, пра заступніцтва — Бог цяпер быў адзінай асобай, якая магла ахінуць іх сваім крылом і не дапусціць згубы, здзеку, вярнуць іхнім сэрцам спакой. А спакою ж — анізвання. I Барыс прапаў — хоць бы якая болып пэўная вестка пра яго. Дзе ён злажыў сваю галаву? I ці пахаваны добрымі людзьмі?
    Паехаць туды, на месца бою, Пятру не ўяўлялася магчымым, бо там, за Гітлерам, невядома, якія парадкі. Ніхто не замінаў яму адно маліцца. I Маня таксама малілася, і яна прасіла Бога за бацьку, дабрадзея, які штодня частаваў яе цукеркамі з сакрэтам і быў яе гонарам. Аднойчы, калі дзед Пятро зайшоў у іхні пакой, дзяўчынка стаяла на каленцах перад абразом святой Марыі, маці Ісуса Хрыста (абраз вісеў на сцяне) і, абліваючыся гарачымі слязьмі, прасіла: «Маці Божая, вя