Надлом
Васіль Якавенка
Выдавец: Беллітфонд
Памер: 528с.
Мінск 2003
аніну падобнай добрачыннасці аддавала час ад часу ягоная жонка Аксіння. Іншым разам яна рабіла гэта ўпотай ад Пятра. Каб ён не хваляваўся. Пятро ж таксама не быў скнары, але і не любіў раскідвацца тым, што прыдбаў сваім мазалём.
146
Цяпер усе прыгадвалі Андрэя Райкевіча з чырвоным сцягам на ровары, калі ён аб’зджаў вуліцы Моталя з радаснай весткай аб набліжэнні Чырвонай Арміі, аб канцы польскага панавання...
I ўжо зусім пачувалі разгубленасць, сваю немач, бяссілле нашы местачкоўцы, калі неўзабаве арыштавалі ды пасадзілі за краты Яна Мацукевіча, другога кіраўніка падполля, якому выстарчыла было працаваць старшынёй сельскага савета ў суседнай вёсцы Дзедавічы.
Пятро Пісарчук неяк трываў, аднак багата што якое і муляла і вярэдзіла душу. У Моталі доўжыўся чырвоны тэрор, і дарэмна было шукаць у апошніх падзеях хоць якінебудзь сэнс або логіку. Іх — анізвання! Як душылі пілсудчыкі самавітых і сумленных людзей, што ўзвышалі свой голас у абарону правоў беларуса, так і камуністычны рэжым, даючы волю ўсялякай глушмані, душыць носьбітаў самое ідэі, душыць гаспадароў і вытворцаў, бы самахоць рыхтуе сіло на сябе.
— Няўжо не збудзецца? — у голас папытаўся дзед Пятро ў самога сябе.
— Ты пра што, Пятро? — не зразумела яго баба Аксіння, накрываючы абедзенны стол.
Перш чым адказаць, ён перахрысціўся на абразы.
— Я пра гвалтаўнікоў, ліха матары, якія прысмакталіся да ўлады і правяць баль. У іхніх уцехах мы — трэскі, і нас звозяць на сметнік у Сібір. Але ж без нас асірацее зямля. Без гаспадара зямля ператворыцца ў пустку. I хто тады будзе злыдняў карміць? Сталін скажа: «Калгасы!» A Сталыпін мо быў не дурней за Сталіна, калі раскідваў абшчыны і даваў кожнаму селяніну адруб, волю і права жыць самавіта і тварыць з зямлёй разам. Ксення, ты чуеш? Зямля родзіць толькі тады, калі чалавек душой яе сагравае.
— От ужо ж ты разгаварыўся: зямля ды зямля! Вядома ж, на дурніцу пасееш — хлеба не з’ясі. Цеста ў дзяжы не падымецца, калі ты не ўлагодзіш яго.
— To я і кажу: нічога Сталін не выгадае ад калектыўнага цеста, балазе замешваць яго пачалі на крыві.
Усё гэта асталявалася ў Манінай памяці з восені, калі яна слухала і трымцела ад страху, як асінавы ліст.
А цяпер нябога Раманавічанка зноў ходзіць у школу. Яна добра вучыцца і слухае песні савецкай зямлі. Калі ж накоціцца на яе сум, маркота па нейкай прычыне, тады яна падыходзіць да вобраза Маці Божай, укленчвае і просіць, моліць яе, каб яна вярнула ёй бацьку.
147
Ці чула надсвяцейшая дзева Марыя Манін голас і шэпт, ці бачыла яе слёзы? У багоў жа, напэўна, і сваіх праблемаў хапае... Яны, глядзі што, даўно ўжо згубілі і Зямлю з полю зроку, бо надта ж багата анёлаў цемры водзяць тут свае карагоды і сілы д’ябла каламуцяць жыццё, мяшаюць кроў з граззю. Даруй, Божухна, і ты, надсвяцейшая Маці Божая, нашы грахі. Але ў чым яны, і чаму мы такую кару на сябе прымаем?
Пасля малітвы яна супакойвалася і больш, чым калі, адчувала сябе дарослай.
У той дзень, парабіўшы ўрокі, дзяўчынка вынесла і прывязала да галінак сала сінічкам.
Якраз прачнулася сястра Вольга, і Маня ўзяла яе на рукі, паднесла да вакна. Разам яны назіралі за маленькімі стракатымі птушкамі і радаваліся блізкаму знаёмству з імі. Сінічкі клявалі сала і час ад часу зыркалі на іх пацерачкамі сваіх вачэй, махалі хвосцікамі... Сястрычкам здавалася, што птушкі дзякуюць ім, і ў захапленні смяяліся.
За гэтым заняткам і застаў дзяцей паштальён. Пільна, з цікаўнай усмешкай паглядзеўшы на Маню, ён спытаў, дзе маці.
— Няма, і не ведаю, калі прыйдзе, — адказала Маня.
— Тута для вас пісьмо...
Маня не прывыкла атрымоўваць па пошце лісты і не адразу ўцяміла, што гэта значыць. На канверце ж было некалькі яркіх марак і круглыя штэмпелі. Урэшце яна прачытала зваротны адрас і словы: Барыс Рамановіч... Ага! Эвой!..
— Бацька жывы! — выпаліла яна і пусцілася ў скокі па хаце: — Тата! Наш тата жывы!.. Дзед! Баба! Дзе вы?.. Наш татка жывы!
Да Ганны, калі яна вярнулася дадому, дакладней — у свой двор, не адразу дайшло, што значыць той адчайны і вясёлы Манін крык; яна знерухомела, прыслухоўваючыся, а Маня выскачыла з хаты і, махаючы лістом, кінулася ёй на шыю:
—Мама, наш татка жывы!
Пустое вядро з рук бразнула долу, — ад самых глыбіняў Ганнінага сэрца ўзнялася і пракацілася па жылах, адольваючы стому, гарачая, сыпучая, бы той прысак, хваля.
— Дзе ж ён?
148
Падзея абмяркоўвалася за сямейным сталом. Сто раз чыталі і перачытвалі пісьмо ад ваяра Барыса. Твары ўсіх свяціліся радасцю, а Ганна асабліва заззяла. Ды пасля слёз і пакут, пасля вылітай на дзяцей гаркавай пяшчоты — чаму не парадавацца? Яна абводзіла радню вільготным позіркам, поўным прыязнасці і лагоды.
— Ёсць Бог на свеце! Але ж...
Барыс прыслаў свой ліст з Кёнігсберга. У ім ён коратка апісваў свае вайсковыя прыгоды. Пад Варшавай пасля баёў і акружэння немцамі польскага войска ён, кантужаны, трапіў у палон, пра што сведчыў і перасланы здымак, зроблены невядомым фатографам на выхадзе з лагеру ваеннапалонных блізу Варшавы. Далей з гэтага лагеру Барыса разам з іншымі вязнямі этапіравалі ў Кёнігсберг. А там немцы ўчынілі шмон, пераўлік, сартыроўку па нацыянальным складзе. Дазволілі беларусам вярнуцца на Радзіму.
Толькі савецкі бок не схацеў іх прыняць. Барыс застаўся жыць і працаваць у баўэра. Рабіў на млячарні, дзе пераганяў малако. Ён абдымаў іх усіх.
На тым ліст заканчваўся.
— Што Бог не дае — то к лепшаму! — як заўсёды, энергічна выказаўся брат Барыса — Паўлюк.
— He кажы, сынку, — адазваўся стомлены ад хвалявання і непамыснага завароту жыцця Пятро Пісарчук. — Яшчэ дзякаваць Богу, што ён там застаўся. Значыць, яму наканавана крыху пажыць.
21
Мотальская гміна як бачыш ператварылася ў небывалы дагэтуль орган улады — пасялковы савет, і ў ім пачалі працаваць, падначальваючы сабе ўвесь ход і парадак жыцця, якасна «новыя» савецкія постаці, прынамсі, такімі яны лічыліся, бо як не ўсе належылі да камуністычнага свету.
Паноўленай уладзе, калі шчыра казаць, нельга было пазайздросціць, бо вызвольнае жыццё пайшло на яе лавінаю, і столькі першародных пытанняў, задач, найважных праблем накацілася, што ніхто з нанава выпечаных чыноўнікаў і пералічыць не ўзяўся б.
Адно зямля... Колькі з ёй клопатаў! Паспрабуй забяспечыць беззямельных, калі не адцяць шнуры і абшары ў тых, хто меў яе ўдосталь. А школа?.. Яна патрабавала
149
кадравага, ідэйнага і матэрыяльнага забеспячэння, новых праграм. I культура, дзе па выхадзе з «крэсаў» ёй не было за што зачапіцца... Сваім парадкам ішлі спісанне польскіх пазык і пераразмеркаванне маёмасці. I яшчэ розныя гаспадарчыя кампаніі, як пілаванне і нарыхтоўка лесу на розныя патрэбы. Апроч таго, прыём грамадзян і дапамога — усім. Усім дапамога. Прынамсі, тым, хто быў бедны.
Новыя ўлады ці то па нейкай жорсткай камандзе, ці па ўласным сваім парыванні стараліся дагадзіць любому і кожнаму, няхай нават раз на жыцці, па першай заяве, па першаму кругу... Стараліся. Таму ў кароткі тэрмін і з’явіліся ў мястэчку кіно і радыё. У «клуб», дзе стражакі paHeft трымалі коней, пацягнула як дзяцей, так і дарослых. Дзіва кіно!.. I моладзі быў адкрыты шлях у розныя навучальныя ўстановы, пачынаючы з прафесійнатэхнічных вучылішчаў у Пінску, Янове... Вядома, у першую чаргу на вучобу прымалі камсамольцаў і дзяцей з бедных сем’яў, чым як бы ўсталёўвалася сацыяльная справядлівасць.
Яно, можа, і ўтаймавалася б неяк жыццё, і новы лад, палагодзіўшы культурнай чыннасцю душы тутэйшага люду, замеў сваю перавагу перад тым, што было, калі б не праявы хцівай сілы, воўчага нораву энкавэдыстаў, якія, бы тыя рыцары цьмянага вобліку, пад прыкрыццём ночы з’яўляліся ў мястэчку, дый па іншых паселішчах, і ў лічаныя хвіліны заграбалі цэлыя сем’і. Іх вывозілі таварнымі цягнікамі з родных мясцін у невядомую далеч. I стагнала зямля пад калёсамі тых цягнікоў.
Арышты надавалі дзяржаўнай уладзе якасці новага рэжыму, новай санацыі і не маглі не насцярожваць людзей сваёй непрадказальнасцю і жорсткасцю.
Hi з таго, ні з сяго вывезлі на Салаўкі Ладзю Палто, таго самага хлопца, які дома ў Пісарчукоў распавядаў пра свой шлях цераз мяжу і свае пакуты ў Савецкім Саюзе ды ўцёкі адтуль. Палто служыў і вярнуўся з палону як былы ваяр Войска Польскага. Яго заграбасталі і выслалі. Адначасова выслалі і цяжарную жонку Аляксандру Палто. Апошнюю — у казахскія стэпы.
Арышты чыніліся спарадычна, гэта значыць, не дзень у дзень. Тым не менш, яны дасягалі сваёй мэты: у кароткі тэрмін пасялілі ў кожнай сядзібе, у кожным куточку аціхлай і заплямленай кроўю зямлі, страх такі, якога людзі не ведалі нават за шэльмам Пілсудскім.
150
3 местачковых жыхароў, бадай, не баяліся нікога толькі Данік Плюнгер ды Ілля Дубовіч. Першы таму, што сцвердзіў сябе сапраўдным важаком камсамоліі, калі актыўна расчышчаў шлях ад варожых савецкай уладзе элементаў. Дзёрзкі, адчайны, ён паспеў зрабіць многае, як для ўсталявання камунізму, так і для сябе. Праўда, стараўся ахоўваць свой удзел у патаемных акцыях. Ніякі д’ябал цяпер не мог бы падсекчы яго. У пасялковым савеце ён чыніў справы на пасадзе, блізкай да кіраўніка справаводства.
Другі — Іллюк Дубовіч — вырас ва ўласных вачах і паверыў у свае неабмежаваныя сілы, магчымасці, калі выкрасліў з палітычнага жыцця ды падсек пад корань сям’ю Андрэя Райкевіча, сакратара мотальскай партыйнай арганізацыі. Услед за Райкевічамі пайшоў і Ян Мацукевіч, які паспрабаваў быў іх абараняць.
Плюнгер і Дубовіч пры сваёй палітычнай і класавай порсткасці ўцалелі абодва дагэтуль, бадай, толькі таму, што іхнія шляхі або сцяжыны нідзе не перасякаліся і яны не заміналі адзін аднаму. Затое як адзін, так і другі пільна сачылі за побытам сваіх местачкоўцаў, каб не дай Бог каторы з іх не адхіліўся ад парадыгмы камуністычнага ўладкавання жыцця.
Ва ўліку людзей, які яны вялі, часам утвараліся прагалы, і, каб іх запоўніць, неабходна была дадатковая інфармацыя, дзе той або іншы... Найбольшай загадкай для ўлады была адсутнасць у Моталі Барыса Рамановіча. У той час, як большасць паланёных былога войска польскага вярнуліся дадому, гэты аніяк не аказваўся.
Аднак для сям’і Барыса і ягоных бацькоў за таямніцу мела быць цікаўнасць новай улады да асобы блізкага ім ча