Надлом
Васіль Якавенка
Выдавец: Беллітфонд
Памер: 528с.
Мінск 2003
Належала стварыць умовы для ўліку матэрыяльных і людскіх рэсурсаў, паста
220
вак збожжа і іншых прадуктаў сельскай гаспадаркі як фатэрлянду, так і імкліва наступаючым арміям Заходняга фронту. Для вырашэння гэтых задач і ўсталявання акупацыйнага рэжыму на захопленых тэрыторыях Гітлер утварыў у Берліне Усходняе міністэрства — ОМі і прызначыў кіраваць ім Альфрэда Розенберга. Маталянам той Розенберг і ўва сне не сніўся. Тым не менш, пад яго апекаванне падпадалі чатыры рэгіёны: Вялікая Фінляндыя, Усходні Край (Остланд), куды разам з Беларуссю патраплялі Эстонія, Латвія, Летува (Літва), а таксама Украіна і Каўказ. Бадай, за выключэннем хіба Фінляндыі, для рэйха гэта былі замглёныя і гарачыя кавалкі еўрапейскага кантыненту. Вокамгненна на іх усталёўваўся адпаведны крывавы рэжым. За цывільны, так бы мовіць, парадак у Остландзе перад Розенбергам і Гітлерам адказваў дзяржаўны камісар Генрых Лёза, сядзіба якога месцілася таксама недзе далёка ад палескіх зямель — у горадзе Рызе.
А генеральным камісарам на Беларусь Гітлер прыслаў Вільгельма Кубэ, які асталяваўся ў Менску і кіраваў як цэнтральным апаратам, так і акруговымі яго аддзеламі.
У павятовых гарадах ды валасных цэнтрах фарміраваліся аддзелы паліцыі з мясцовых, у пэўнай меры лаяльных да гітлераўцаў жыхароў.
Для больш поўнага асвятлення варункаў навалы варта дадаць, што механізм усталявання акупацыйнага парадку на Беларусі складаўся яшчэ з аддзелаў СС і СД, як і літоўскіх карных батальёнаў, раскватараваных пад Менскам і Свірам; пра іх дзейнасць пагалоска пойдзе пазней, але маталянам, шчыра кажучы, гэта далягаць не будзе, з іх хопіць і сваіх ваяроў.
Усталяванне новага парадку ў Моталі пачалося з мітынгу на плошчы каля царквы, куды паліцыянты сагналі людзей; некаторыя, праўда, і самі прыйшлі, каб паслухаць, пра што стануць даводзіць новыя ўлады.
На ўзвышэнне, збітае з аполкаў дрэва, узняўся афіцэрскі мундзір брунатнай уніформы. Жывым голасам, патрабавальным і строгім, з якога, булькочучы ў горле, нараджалася чужая мова, ён пачаў даводзіць, што ўсе, хто яго слухае і не слухае, а толькі жыве на гэтай зямлі, цяпер з’яўляюцца падданымі не СССР, а Германскага Рэйха. На былую прыналежнасць да Беларусі і камуністычнай краіны трэба забыць. Ён паведаміў таксама, што Пінская акруга
221
цяпер, як, дарэчы, і Брэсцкая, і Гомельская, аднесены фюрэрам да Генеральнай акругі Украіны. Тым часам усе гэтыя землі ўтвараюць Остланд. Адміністрацыю Остланда ўзначальвае дзяржаўны камісар Лёза — чалавек, які выступіў днямі са зваротам да ўсіх жыхароў Усходняга Краю. Зварот надрукаваны ў газетах... Вось яго змест...
Пятро Пісарчук зводдаль слухаў прамоўцу. Сэнс звароту да яго і іншых местачкоўцаў на плошчы даносіў перакладчык у цывільным аддзенні, што прыехаў разам з немцамі.
Пісарчук узіраўся ў гасцей. Пад мундзірам і бліскучай, чыннай фуражкай са строма заломаным верхам стаяў ягамосць няпэўнага веку. Шырокія шкельцы акуляраў у тонкай аправе на носе і шыракаватыя пругкія шчокі пэўным чынам нагадвалі Пятру пукатую перламутравую галаву авадня або страказы, калі б іх, скажам, увянчаць такім шыкоўным галаўным уборам. Пры ўсім тым яго ўразіла паведамленне пана афіцэра аб тым, што беларускія землі паўднёвых акруг прырэзаны гітлераўцамі да Украіны. I прыгадалася яму тут нешта падобнае. Іншы фюрэр, друг і настаўнік народаў, у 1940 годзе прырэзаў гістарычную паўночназахаднюю частку Беларусі разам з горадам Вільна да Літвы, каб задобрыць літоўцаў і спакваля акупаваць іх краіну. Пэўна, усе заваёўнікі адзін аднаго вартыя!
— Дзяржаўны камісар Остланда даводзіць, — кінуў у натоўп новую чародку слоў афіцэр, і словы тыя, як і сам афіцэр, здаваліся Пятру перламутравымі: — Цаной сваёй крыві нямецкая армія разбіла бальшавіцкага сусветнага ворага і вызваліла вас, жыхароў Беларусі і іншых зямель, ад бальшавіцкага тэрору. Тым самым нямецкі народ узяў на сябе права і ўважае за абавязак заснаваць такія парадкі ў вашым краі, каб ніколі больш не магла зноў паўстаць падобная небяспека для народаў Еўропы, што пагражала б іх існаванню.
«Эге, — падумаў Пісарчук, — акупанты мякка сцелюць, ды мулка спаць будзе, пэўне...»
I, як бы ў пацвярджэнне гэтай думкі, авадзень ва ўніформе пачаў зачытваць загад каменданта павятовай паліцыі ў Янове:
— Усім, хто мае радыёпрыёмнікі, — здаць!.. За невыкананне загаду — расстрэл. Усім, хто мае агнястрэльную зброю, — здаць!.. За невыкананне — расстрэл. За агітацыю супраць немцаў — расстрэл і расстрэл.
222
Атрымоўвалася ў цэлым: за няласку да чужака, які прыйшоў, каб гаспадарыць у тваім доме, — заўжды вышэйшая мера — пазбаўленне жыцця.
На гэтым сходзе былі пацверджаны паўнамоцтвы на ўладу ў Моталі паліцэйскага гарнізона, сфарміраванага Мухалам. Акрамя таго, быў прызначаны бурмістр. Ім стаў Міхаіл Ксёнда. I ў падмогу бурмістру — солтыс Мікіта Хала.
Другі афіцэр, які гергетаў за гэтым аваднём, патлумачыў, што яны, немцы, уяўляюць сабой вышэйшую арыйскую расу і маюць расстрэльваць не ўсіх, а толькі юдаў і камуністаў, дзейнасць якіх з усіх бакоў крымінальная, як што пляжыць асновы нацыянальнага ўладкавання дзяржаў і вядзе цывілізацыю да гібелі. Ён зазначыў, што армія вялікага рэйха ў шмат разоў пераўзыходзіць расейскую армію па ўзбраенні і сіле духу і што войскі Гітлера цераз месяц будуць у Маскве, тады вайна з Расеяй будзе скончана.
Мужыкі, якія стаялі каля мураванай царкоўнай агароджы, непадалёку ад Пісарчука, сумеліся, яны ківалі галовамі: так і гэтак, але ж...
— Няўжо Чырвоная Армія сапраўды слабая?
— А то не бачыш, які на гэтых глянец! Здароўе вонкі прэ!
— He спяшайцеся рабіць высновы, — сказаў ім былы чырвонаармеец Васіль Аксаніч, які, адступаючы цераз Моталь, прыстаў да самотнай кабеты ў прымы: — Касой камень не перарэжаш!
— I то праўда, — падтрымаў яго Пісарчукоў сваяк — Павел Міховіч.
— Гэта ж арыйскія сабакі на сібірскага мядзведзя пайшлі! Падобна на тое... Чыя цяпер возьме?
— Добра кажаш, але ж табе, хлопец, дасціпныя словы варта цішэй гаварыць? Чуеш?
— Чую...
He ўтрымаўся, каб не памеркавацца наконт пачутага і гаспадар Пісарчук, ён кіўнуў Бушкевічу, які стаяў поплеч:
— Пра Маскву мараць... Хочуць скончыць вайну ў Маскве. Што ты на гэта скажаш, га?
— Раней казалі: паны б’юцца, у мужыка лоб трашчыць. Цяпер краіны б’юцца. Я ў гэтых гульнях са зброяй мала чаго разумею.
— А ты хацеў бы вывесці са свайго дому небяспечных гадаў?
223
— Гадаў?
— He тут будзь сказана... Гадаў, калі б яны завяліся.
— Гадаў — іншая справа.
— Вось немец і кажа: выведзем гадаў з вашае хаты, даб’ём іх у Маскве... Пытанне: хто далей за гаспадара ў нашай хаце будзе? Мы?..
— Дудкі!
— От бачыш...
— Мяркуючы па іх патрабаваннях...
— А кажаш, «мала чаго разумею»... Зноў жа: а што такое Масква? Зямля ўвогуле — не шахматная дошка. Дый у гульні ўсяго не прадугледзіш... А на такім полі... Напалеон вунь які быў ваяка! Да Масквы дастаў. А што з таго? У Расеі любая армія згубіцца, растрасецца.
Афіцэр тым часам звяртаўся з заклікам да мясцовага насельніцтва аказваць нямецкім уладам усялякую падтрымку ў іх высакароднай справе ўсталявання на зямлі новага парадку.
Калі ж прамовы скончыліся, у натоўпе пайшоў нейкі хапатлівы рух, пачуліся асобныя воклічы. Гэта дзейнічалі новыя стражы парадку. Яны вылавілі ў грамадзе і цяпер, рассоўваючы люд, вялі да афіцэраў некалькіх юнакоў. Там курчыліся ў лапах паліцыянтаў Гаўрыла Кузюр, Шура Мінюк і Сцяпан Міховіч — камсамольцы. У Шуры Мінюка бацька, між іншым, быў савецкім камісарам. Міховіч — той сам працаваў на важным ваенным аб’екце... На думку папоўненай палякамі мясцовай паліцыі, усе яны падлягалі неадкладнаму расстрэлу як патэнцыяльныя ворагі акупацыйнага парадку. Немцы, аднак, перамовіліся між сабой, і той, перламутравы, у шырокіх акулярах зрабіў прапанову:
— Калі гэтыя юнакі выкажуць ахвоту паехаць у Германію на працу, мы пакінем ім жыццё.
Напружанне з абмерлага натоўпу прыкметна спала, і тыя трое ў знак увагі ўзнялі галовы. Афіцэр працягваў на нейкай шчымліва чалавечай і адначасова з’едлівай ноце:
— Нямецкія ўлады ведаюць ад пісьменніка Мікалая ■ Астроўскага, што жыццё чалавеку даецца ўсяго адзін раз. Нямецкі народ бывае вялікадушным. Таму я даручаю начальніку паліцыі пану Мухалу даведацца пра жаданне гэтых маладых людзей і ўжо чыніць справядлівасць згодна з іх выбарам. Фэрштэйн?
224
— Яя! Яволь, — паспешліва і несамавіта праякатаў Мухала, разумеючы, што ён заўчасна выцягнуў з натоўпу гэтых хлопцаў.
Мітынг скончыўся мірна, хоць скрозь былі парасклейваны загады нямецкага каменданта, якія патрабавалі расстрэлу з любое нагоды.
Нямецкія салдаты, згледзеўшы падчас мітынгу ў натоўпе ссівелага старога ў белым зрэбным адзенні, а гэта быў Сяргей Кузюр, паспяшаліся да яго, каб зблізу разгледзець туземца і зафіксаваць яго на фотаплёнку ў якасці этнічнага экспанату. Салдаты фатаграфавалі старога і фатаграфаваліся разам з ім самі, стаўшы поплеч, выбіраючы экспазіцыю, каб у твар свяціла зажуранае вераснёвае сонца.
Дзівадзед спачатку не мог спасцігнуць розумам, што паслужыла прычынай такой увагі да яго і стаяў колькі хвілін, абапёршыся на клюбіну, бы ўкопаны. Потым ён, штось пераасэнсаваўшы, апрытомеў і ўжо кідаў жвавы позірк то на аднаго, то на другога салдата, што навалакліся сюды з Нямеччыны.
I, бытта цікаўнай немчуры патрабавалася ягоная згода на гістарычнае, лічы, фатаграфаванне, ён блаславіў іх з усмешкай':
— Ат, фатаграфуйце — тактак. На памяць застанецца. Правільна! Бо калі будзеце драпаць назад, на фатэрланд, у вас часу на гэтакі занятак не будзе.
Немцы папрасілі перакладчыка патлумачыць ім, што сказаў дзед, і калі той пераклаў словы Кузюра, яны зарагаталі, напэўна, трохі разгублена і адначасова здаволена.
— Гросфатэр іст бёзэ! — хутчэй для формы пагразіў яму адзін з іх пальцам, і ўсе пакінулі старога.
Па дарозе дадому Пісарчук завярнуў у куток каля возера, які зваўся Папоўшчынай. Хацелася адвесці душу ў гутарцы з адукаваным і блізкім яму чалавекам — святаром Раздзялоўскім. Айцец Георгій якраз канчаў зграбаць на агародзе сухі націннік ад кветак, якія адцвілі, адкрасавалі. На гэты момант адно песціліся і рвалі вока сваёй прыгажосцю астры розных колераў, белага, ружовага, фіялетавага, — бухматыя і яркія. Нао