Надлом
Васіль Якавенка
Выдавец: Беллітфонд
Памер: 528с.
Мінск 2003
за брата! Гм... Панебраце, што я чую? Няўжо свет канчаткова рушыў з катушак і ў нашым кутку ўсталюецца вар’яцкі дом?
260
— Як і скрозь, разі яго ў качарыжку!
— Вар’яцеюць людзі ад бяссілля або ад вялікай улады, — сказаў Барыс; ён бачыў непакой і трывогу на твары бацькі ў часе свайго выступу і разумеў яго — цяпер кожын чалавек ходзіць, як па лязе брытвы, і лепей трымаць свае думкі каля сябе; але ж Барыс так не мог: — Калі надараецца гістарычная няпэўнасць і нейкія акалічнасці вымушаюць тую або іншую сістэму, скажам,дмперыю рушыцца, кожнаму родуплемені, тата, павінна быць наканавана сваё. Народ у гэтым выпадку зробіць проста вялікае глупства, калі не выкарыстае сітуацыю ў крэўных сваіх інтарэсах.
От супраць гэтага стары Пісарчук запярэчыць не мог; ён, калі шчыра, і не меў іншай думкі, а ў душы нават адчуваў гонар за сына, дзівіўся яшчэ раз, як той выспеў і вылюднеў — клопат пра сваю зямлю ў яго выйшаў на першы план. Але інтуітыўна Пятро чуў побач з сабой бездань, холад бездані, у якую любога можа папхнуць, можа скінуць сам ход падзей. Калі прынцыпова, Пісарчук не верыў у хуткую або канчатковую перамогу Гітлера ў вайне з Расеяй ды яе саюзнікамі. I гэта акалічнасць не дазваляла яму выстройваць нейкія пэўныя планы ў думках, схіляцца да іх, жыць імі.
Ганна, бачачы, як насцярожана і нервова слухаў свайго сына Барыса Пісарчук, яе свёкар, як стаяў ён, уцяўшы голаў у плечы, моцна хвалявалася за свайго чалавека. Таму, калі скончыўся дыспут і людзі пачалі разыходзіцца, ёй карцела хутчэй выцягнуць героя адгэтуль, вярнуць у свой куток, асланіць ад чужога зыркага вока.
— To пойдзем ужо, Барыс, га?
— Пойдзем, Ганю. Там лепей, дзе нас няма. А свой дом — свая крэпасць!
5
Што далей, то цяжэй было Мані дабраць ладу ў падзеях, якія штодня хвалявалі дарослых і найперш яе радню, пачынаючы з дзеда. Вайна заварушылася ў яе сэрцы з таго самага часу, як бацька пакінуў сядзібу і Моталь і, анепакоены, паехаў на захад — на збор польскага войска. I як Моталь запаланілі ўцекачы адтуль, дзе пахла парахавой гарай. I як у Моталь увайшлі чырвоныя, самі па сабе звычайныя, не пагрозлівыя людзі, але перадалі яны ўладу
261
энкавэдыстам. Страхоцце, а не жыццё было ў гэтакія доўгія і даўкія да слёз два гады, што мінулі. Як ліхіх людзей напладзілася... Як вынішчалі палякаў і шчэльцаў... Як хапалі начамі і вывозілі цэлымі сем’ямі. А куды?.. Было цяжка ўцяміць. I дзеля чаго?.. Гэта ніяк не паддавалася разуменню. Адно яна маліла Бога за бацьку. Дзед і баба малілі Бога за сына. Маці — за свайго чалавека... Каб жывы быў ды рана ці позна вярнуўся.
Вымалілі.
Барыс Рамановіч, нарэшце, прыехаў жывы і здаровы. I, як высветлілася, — з іншага свету, які акурат абрынуўся на гэты свет, дзе заўжды чалавека трымалі ў страху. Яе дзед даўно не ведаў спакою. Ніхто не ведаў яго, асабліва тыя, хто ўмеў працаваць і трымаў сваю гаспадарку. Грамадства не здольна было бараніць чалавека, калі злыдні, узброеныя дзяржаўнымі мушкетамі, чынілі над чалавекам здзек. I грамадства пакутавала.
Вайна выратавала сям’ю Пісарчука ад суровай Сібіры, ад векавечнай тайгі, дзе люд дабрачынны ператваралі ў безыменнае быдла. Вайна грымела недзе выбухамі, раўла маторамі, надрывалася крыкамі, лямантам і енкам людзей, якія ці то абараняліся, ці наступалі, але аднолькава гінулі. Верх цяпер бралі акупанты, і цікавым, проста неверагодным было тое, што яе татка, Барыс Рамановіч, які раней лічыўся камуністам, цяпер жадаў чужаземцам перамогі. Дакладней, ён мусіў на тую перамогу разлічваць, бо прымаў за факт імклівы наступ гітлераўцаў на ўсход, сакрушэнне імі абарончых рубяжоў савецкай краіны ды ўзяцце ў палон цэлых армій на чале з чырвонымі генераламі і афіцэрамі.
Але ж не для ўсіх у радасць цяпер і гітлераўскае войска, якое таптала зямлю. Нямецкія ваяры пачалі сваю дзейнасць з навядзення страху на ўсё насельніцтва. Няйначай, у гэтым і праяўлялася іх фашыстоўская сутнасць? Яшчэ свежым ляжала ў Манінай памяці, як фашысты зганялі ў гурты, бы авечак, людзей, — выключна пакорлівых «юдаў». Жанчыны галасілі, лямантавалі дзеці. Такі галас і слёзы — яны мо раўчуком цяклі! Утрапенне і дзікі жах у тыя хвіліны агортвалі Маню. Ёй карцела выбегчы з дамоўкі на вуліцу і паглядзець на трагічнае шэсце, але маці загадала ёй не выходзіць з пакоя. Потым з ваколіц Моталя — не выццё, не галас, а кулямётныя чэргі. На іх і скончылася жыццё некалькіх тысяч чалавек.
262
— Тата, а ты казаў, што Гітлера немцы любяць...
— Так... Нават празмерна захапляюцца ім.
Барыс колькі хвілін таму ўвайшоў у хату, зняў верхняе адзенне — ездзіў у Баранавічы, каб пазнаёміцца з арганізацыяй Беларускай Народнай Самапомачы, з мясцовымі беларускімі дзеячамі. Прысеў да стала ў сваім пакоі. Стол быў накрыты белым абрусам. Барыс ссунуў абрус на край, дастаў з палічкі белы хлеб, з шафкі ўзяў масла, паставіў побач, потым зняў з гарачай пліты кафейнік, які прывёз з Нямеччыны. Прывёз, між іншым, разам са звычкай у хвіліны адпачынку піць каву натуральнага вырабу. 3 гэтай нагоды старэйшая дачка Маня хуценька адклала ў бок спіцы, на якія толькі што нанізвала петлі, — вязала для Волькі белыя шарсцяныя шкарпэткі. Тут жа і Волька сядзела, бы сыраежка, у крэсле, бавячыся з яблыкам.
Маня паставіла на стол кубкі і жбан са свежым малаком. У хату з агульнай кухні ўвайшла Ганна:
— От малайцы, самі ўзялі што трэба. Папалуднуйце!
Ганна таксама прысела да стала, наліла Вольцы малака, падала хлеб.
— Бяры! У кампаніі заўсёды ўсё смачнейшае. — Затым звярнулася да гаспадара: — Можа, табе, Барыс, вяндліну прынесці?
— Нене, дзякуй! Потым...
— Бачыш, якія ў нас дзеці растуць! — сказала і пагладзіла Вольку па галоўцы: — Нешта уздрыгвала ў сне. Можа, цябе, Волька, гусак пералякаў?
— Нее, ніц, не гусь... — пакруціла галавой Волька.
— Каб гэта нам выстарчыла трохі спакою ў жыцці, га?.. Мар’я ж добра вучылася...
— I будзе вучыцца! — запэўніў жонку Барыс. — У Беларускай генеральнай акрузе ўжо адкрываюцца школы. 1 ў Моталі заняткі неўзабаве пачнуцца. Я, дарэчы, прывёз з Баранавіч газету...
Ён устаў, прайшоў да дзвярэй, каля якіх на тоўстым кручку вісела паліто, якое ён насіў раней і зноў пачаў надзяваць; дастаў з кішэні газету, вярнуўся да стала.
— «Урадавы веснік»? — дзівуючыся, прачытала Маня.
— Ага, афіцыйныя весці. Газета, між іншым, друкуе загад гаўляйтэра Кубэ, які асталяваўся ў Менску. Аб чым жа ён?.. Пра адкрыццё школ... I вось што даводзіцца загадам... Скажам, у параграфе нумар адзін. Чытаю: «Гене
263
ральная акруга Беларусі ахоплівае жыцьцёвы абшар беларускага народу. Дбаньне аб беларускай культуры, звычаях і асьвеце з’яўляецца адной з істотных задач школ Генеральнай акругі Беларусі. Іншыя народнасьці, палякі і расейцы, якія жывуць на гэтым жыцьцёвым абшары, павінны засвойваць беларускую культуру». Ну і гэтак далей... А вось яшчэ: «Выкладаньне ў школах будзе весьціся на беларускай мове».
— I ў нас, тата? — жыва спыталася Маня.
— He, доча... У Моталі ж пакуль іншая акруга. Але гэты загад пацвярджае тое, пра што я казаў у царкве: ладзяцца крокі, каб зрабіць Беларусь — сапраўды Беларуссю!
Ганна зразумела, што яе чалавек мае падставы, каб быць задаволеным ходам падзей, і ў яе паспакайнела на сэрцы.
— To смачнай ежы! — пажадала яна і, лёгкая ў рухах, бы ластаўка, вылецела з пакоя — там справы рупілі.
— Пл... пл... просю, — перадаючы яблык сястры і пасміхаючыся, вымавіла малая.
— Просім ды ў свой рот носім? — падхапіла Маня. — Чаго ты лыбішся? Еш!
— А кубак акуратненька трымай за ручку, каб малако не разлівалася, — Барыс памог Вольцы ўзяць кубак.
Сабе ён наліў кавы. Маня таксама піла гарачую каву з малаком. I нейкі момант яны лагодна глядзелі адзін на аднаго. На ўспамін Мані леглі цукеркі, якімі колькі год таму Барыс так шчодра яе частаваў. Дзяўчынка тады прагла ласкі бацькоўскай, але, не ўмеючы ці, можа, не маючы часу паказаць дачцэ ласку тую, ён дагаджаў ёй цукеркамі. Маня асабліва любіла цукеркі з сакрэтам. Прыгадала, і ў вачах яе зноў засвяціліся вясёлыя зданкі. Былоткі цікава!
— Тата, а памятаеш, якога ты шчупака прынёс!
— 0, боўтаючыся, ён ледзь нас усіх з хаты не павыганяў! Сілы і спрыту быў огого!
На сцяне ўзбоч стала вісела ікона Божай Мацеры. Позірк Мані неўзабаве ўпаў на яе. Упаў і затрымаўся на ліку святой. Колькі гадзін, колькі дзён і начэй Маня ўкленчвала перад ёй, просячы злітасцівіцца і пакінуць бацьку жывога. I от цяпер тата — як цуд. Шыракаплечы, мажны, глядзеў на яе, зялёную, ценькую ды спрытную ў працы. Пэўна, дзівуючыся. Ён, пэўна, знаходзіў у твары дачкі шмат падабенства з тварам жонкі.
264
Маніны вочы павільгатнелі ад успаміну пра тое страхоцце, пра перажытае тут без яго, Барыса, без бацькі. Шмат пачуццяў выяўлялася ў яе ўчэпістым позірку, лагодным, няломкім. Але вось ён, шаноўны заснавальнік сям’і, дачакаўся цікаўнасці, якою звычайна загараліся Маніны вочы, калі яна распячатвала цукерку з сакрэтам:
— Тата, а за што гэта дзед выгаворваў табе, калі ўчора вы сядзелі ў сталоўцы?
— За Гітлера...
— Зноў? Я так і думала!
— Бачыш, — ён зрабіў прыкрую міну, — твой дзед лічыць, што я залішне даверыўся абяцанкам фашыстаў, пра што нібыта засведчыла маё выступленне ў царкве. Магчыма... Але ж народ трэба інфармаваць. Людзі павінны ведаць, што дасць ім за гэтым рэжымам Беларуская Народная Самапомач. На жаль, Мар’я, гэта палітыка, да якой табе яшчэ расці ды расці!
— Тата, а ты, можа, памятаеш, за польскім часам вучні нашай школы наладзілі страйк. Яны патрабавалі беларускай мовы, навучання на ёй. Веш, нам забаранялі пабеларуску гаварыць, нават на перапынках. Пазней ужо, за савецкім часам, настаўнікі даводзілі, што руская мова самая вялікая і магутная. На ёй размаўляў нават Ленін. Нам даводзілі таксама, што Сталін — ну, тое самае, што ты казаў у царкве пра Гітлера. I краіна саветаў — гэта казка! А мы калаціліся. Чаму? Знішчалі багатых і бедных, шчэльцаў і камуністаў. Без разбору! Пэўна, дзед расказваў табе пра гэта. Смерць хадзіла пад вокнамі ў кожнага, і я яе бачыла.
— Мар’я, што ты гаворыш?!
— Я ведаю, што гэта такое — палітыка... Гэта — страх, які зазвычай наводзяць на людзей.
— Страах?.. Ма