Надлом
Васіль Якавенка
Выдавец: Беллітфонд
Памер: 528с.
Мінск 2003
е, тыя годнасць маюць. Шкада, але ж гэта не нам у заслугу. Увогуле ваеннапалітычная сітуацыя пакуль не паказвае, што беларусу штонебудзь добрае свеціць. Сумна, — доўжыў Барыс, — толькі ў Гітлера на тым месцы, дзе павінна б ляжаць палітыка ў адносінах да Беларусі, вецер гуляе, і незалежныя ад Кубэ службы ўжо прыступілі да вынішчэння найбольш самавітых і смелых нацыянальных дзеячаў. Таму правільна казаў бацька, — Барыс кіўнуў на старога, — хто б ні перамог у гэтай вайне, а беларусам ярма і нацыянальнай сячкарні не мінаваць!
344
Беларусу для шчасця патрэбна ўлада над самім сабой. Улада, якой няма. I таму тут свой свайму вораг...
«Ага, — змысла маргнуў Пятро Пісарчук. — Ты ўжо нешта ўцяміў?.. А тады, як выступаў з прамовай у царкве, цябе нішто не бянтэжыла... Паразумнеў, значыцца!..»
Пісарчуку карцела яшчэ раз кінуць папрок сыну Барысу, але ж, паколькі прыгода ўжо ўдаўнела, падумаў, не варта тое зноў варушыць.
У гэты момант Маня ўсё ж прарвалася ў сталовую, дзе ішла гамана.
Баба Аксіння перакінула ў каструлю з чыгунка галушкі на малацэ і даручыла ёй занесці і прапанаваць застоллю. А пакуль унучка завіхалася там у сваіх паслугах кожнаму, бяседа ішла сваім ходам.
— Барыс, — падаў голас ягоны швагер Павел, — я, і ўсе мы тут, маталяне, далей ад высокіх улад і палітыкі. Таму мае думкі ідуць у практычным кірунку: лепей мець аднаго ворага, чым двух або болей. Мы з Мікалаем трохі бліжэй да камсамольцаў і падзяляем іх настрой: немец — вораг, і трэба гнаць яго туды, адкуль ён навалокся. Але ж нашы камсамольцы заплюшчваюць вочы на тое, што і партызаны — не мёд для душы. — Для многіх яны сёння ваўкі ў авечай шкуры. Яшчэ страшнейшым для сялян будзе калгасны прыгон, калі вернецца. Я ўсведамляю... A цяпер — мы заложнікі няпэўнай акупацыйнай палітыкі.
— I — тэрору, — дапоўніў швагра Паўлюк, — тэрору рознай лясной швалі. 3 усіх нас ты, Барыс, адзіны, хто не ў пастцы, a — над гэтай пасткай, дзякуючы таму, што стаў палонным і жывеш у Германіі... А мы забраныя на сваёй зямлі!
I тут Мані выразна прыгадаўся выпадак, як яна з маці насіла на ваеннае лётнішча пад Моладавам харчы для зняволеных і як адзін з вязняў перадаў ім у скручанай паперчыне верш.
Папарадкаваўшы каля гасцей, яна вярнулася на кухню да бабы і маці, дэкламуючы ўголас:
Жыве наш народ, бы гарох пры дарозе, Прасвету не бачыць у гэтым жыцці...
— Ты што, доча?..
— Мам, а помніш вязня на лётнішчы, які перадаў нам верш?
— Чаму ж не помніць? Помню!
345
— To мне той верш прыгадаўся... Чаму? Там у дзеда вядуць рэй пра вайну і палітыку.
— Оо, іх хлебам не кармі... Дый цябе гэта не абыходзіць таксама.
Адно там, слухаючы малодшых, дзед ківаў здаволена:
— Вы мае думкі выказваеце? 0, Божа! — перахрысціўся. — Зрабі так, каб дзеці, якім ты даў жыццё, сумелі ператварыць тугу сваю ў радасць!
I далей гаспадар Пятро патлумачыў: паводле святога Яна, Хрыстос прыводзіў прыклад таго, як сум ператвараецца ў радасць. Цяжарная жанчына, калі набліжаецца час ёй раскідацца, тужыць, што прыйшла гадзіна яе, але, калі народзіць дзіцё, ад радасці ўжо не памятае тугі, бо нарадзіўся чалавек на свет. Тое ж, — казаў Пісарчук, — і з грамадствам.
Размову зноў падтрымалі швагры:
— Сказаць шчыра, мы ўжо ведаем цану таму, што было; бадай, не па падручніках, а па турэмных лагерах вывучылі і вывучаюць маталяне расейскія прасторы. Мы, Барыс, таксама аддалі б перавагу Айчыне сваёй, яе адраджэнню. Але хто скажа, як скінуць апеку, якая чыніцца зброяй?
Гэтак, пасабляючы адзін аднаму, паставілі пытанне Мікалай і Павел.
— Нейкія шанцы яшчэ застаюцца, — адказваў Барыс, — хоць яны няпэўныя і не ў нашай акрузе. Дарэчы, у Баранавічах мяне парадавалі іншыя камсамольцы — сябры Саюза беларускай моладзі. Самая масавая ў беларускіх акругах і варушлівая арганізацыя! Я меў задавальненне сустрэцца і пагутарыць з імі на выставе народнай творчасці, там жа. Хлопцы маюць добры дух і настрой, яны маюць належныя веды па гісторыі і літаратуры, ведаюць Купалу, Коласа — не толькі Арсенневу... У іх фізічная і ваенная выпраўка, усе носяць сінюю прыгожую форму. Арыентацыя — вальчыць за незалежную Беларусь. От куды і мотальскай моладзі варта было б падацца! Чаго варты вершы, якія яны чытаюць адзін аднаму:
He здамося ліхой крутаверці, Бо дубы мы, а не бадылі, Нам не скажуць сыны перад смерцю, ТТТто чужынцам мы Край прадалі.
346
У сваяцкай бяседзе чулася поўнае ўзаемаразуменне і яднанне добрых патрыятычных пачуццяў, а яшчэ болып — тугі.
Барыс ад’язджаў з той жа тугой у Нямеччыну. У ягонай душы смылела і білася прадчуванне, што ён назаўжды страчвае родны край.
13
Які птах, заляцеўшы ў тыя гады на Беларусь, не вынес адсюль яскравае і моцнае ўражанне ад навальнічнага шалу. Па гэтай зямлі ўздоўж і ўпоперак, злева направа і справа налева, паўсюль кружылі і гойсалі страхалюдныя віхры, і яны пілі чалавечую кроў.
У падзеях, якія адбываліся на разадраных і паняволеных беларускіх абшарах, найзначную ролю адыгрываў стаўленік акупацыйных улад, нехта Вільгельм Кубэ. Прычым, адны бачылі ў ім злейшага ворага, для другіх, наадварот, ён быў прыяцелем. Часам дзейнасць ягоная акурат палягала ў рэчышчы карэнных інтарэсаў народа, і гэта акалічнасць захапляла і дзівіла багата каго. Дзівіла тое, што Кубэ быў немцам. Да таго ж, казалі, ён быў сябрам Гітлера, і Адольф Гітлер асабіста прызначыў яго на Генеральную акругу Беларусь. Але ж у навальнічнай сімфоніі, дзе рэй вялі сем дырыжораў і ўдзельнічала невядома колькі аркестраў, партыя Кубэ не заўжды была асноўнай.
Цікаўнасць Барыса да гэтай асобы можна было параўнаць з ягонай ранейшай цікаўнасцю да прафесара Тарашкевіча або — пазней — да ксяндза Гадлеўскага, і ён шкадаваў, што лёс ніколі, пэўна, не звядзе яго з такім высокім і загадкавым чалавекам, чалавекам адмысловага чыну гітлераўскай імперыі.
Яшчэ дома, у бацькоў, і далей, у цягніку, кіруючы ў Кёнігсберг, Барыс узяўся перачытваць беларускія газеты. На ўсходнім фронце па заканчэнні Сталінградскай бітвы ўтварылася як бы зацішша; пра буйныя аперацыі не паведамлялася — напэўна, ішло назапашванне сіл ці то на далейшы грымотны наступ, ці то на эшалаваную абарону праціўніка на водных рубяжах. Як знакавыя кропкі называліся Курск і Арол — там цяпер адбывалася перадыслакацыя войскаў.
347
Найбольш цікавая інфармацыя ішла з «галоўнай гасподы правадыра», гэта значыць ад Гітлера.
Затоплены брытанскі крэйсер (апісвалася, якую каштоўнасць ён для Вялікабрытаніі меў, як выдатна тут немцы папомсціліся). У вока кідаліся іншыя загалоўкі...
Доктар Гебельс пра кіраўніцтва паветраным флотам
«...Ангельцы не знаходзяцца ў лепшым ад нас палажэнні. Яны, само сабой, могуць шкодзіць нам паветранай вайной, але не могуць прычыніць такой шкоды, якая абумовіла б развязку вайны. Затое наша падводная вайна трымае іх за горла. Мы можам смяротна спаразіць іх.
Японія пачынае рабіцца нечувана моцнай...
Барыс чытаў у гэтай заметцы пра непакой, які ахапіў Аўстралію ў сувязі з нечуваным разбоем у Ціхім акіяне японскага флоту, у цэлым — самурайскай арміі. Багата якія тэрыторыі Кітая, Інданэзіі, Індакітая, іншых узбярэжных краін, шматлікія астравы ў акіяне апынуліся ў японскай імперыі, і гэта наводзіла Барыса на роздум: калі гітлераўскія ваяры вызвалялі свет ад «жыдавенства і ягоных наймітаўплутакратаў і бальшавікоў», як пісалася ў газетах, то ад чаго і ад каго, уласна, вызваляюць японцы тыя ціхаакіянскія краіны?..
Фюрэр і дучэ радзяцца
«Час ад 7 да 10 красавіка фюрэр і дучэ правялі разам. Абмеркавалі ўсе пытанні агульнага вядзення вайны. Нарада працякала ў духу вялікай сардэчнасці...»
Барыс трымаў у руках «Беларускую газету». Выдавалася яна вялікім фарматам у Менску на звычайнай светлашэрай паперы. Тыраж сягаў за 50 тысяч асобнікаў. Падпісваў яе незнаёмы Барысу Уладзіслаў Казлоўскі. Газета паказвала розныя бакі жыцця паняволенага ды нібыта заміранага народа і, намагаючыся, пэўна, дагадзіць немцам, лаяла бандытаў, савецкіх партызан, якія адно парушалі мірны лад жыцця і пагэтаму заслугоўвалі асуджэння і пакарання з боку акупацыйных улад і мясцовага люду.
Барыса агаломшыла ў «Беларускай газеце» вестка са Смаленска:
Знойдзена больш за 12000 замардаваных польскіх афіцэраў
«Як сцвердзілі мясцовыя ваенныя ўлады, у лютым — сакавіку 1940 года было расстраляна больш за 12 тысяч польскіх афіцэраў, відавочна, цэлы афіцэрскі корпус, які
348
па распадзе Польшчы ў 1939 годзе знаходзіўся на савецкай тэрыторыі, у ваколіцах дома адпачынку ГПУ «Казягоры» за 12 кіламетраў на захад ад Смаленска, пры гасцінцы Смаленск — Віцебск.
Удалося адкапаць агульную магілу 28x16 метраў, дзе ляжалі ў 12 пластоў адзін над адным 3000 польскіх афіцэраў у поўнай форме, часткова з ратамі, запханымі пілавіннем. Усе забіты з рэвальвера ў скроню...»
Барысу ад гэтакіх ведамак не па сабе зрабілася, і ён устаў, прайшоўся па вагону, раздругі, не звяртаючы ўвагі на пасажыраў, хто і якія яны, пра што плятуць свае маркотныя думкі, — выйшаў у тамбур — нікога не хацелася бачыць, млосна і горка было на душы. Скрозь, скрозь звярэлі людзі, звярэла чалавецтва, і ўсё ішло ад валадароў. Хтодзе, хтоякі — які праведны міласэрны розум мог спыніць усё гэта, калі юды самога Ісуса Хрыста распялі? Цяпер у Беларусі і вакол яе ідзе бітва за тое, каму, якому д’яблу ўсперціся на дошкі, пад якімі, прыціснуты, жыве пакуль што і кешкаецца дабрачынны народ. Правяць баль гітлераўцы. А далей хто будзе?
I ў смутку душы ён адчуў усю марнасць і безвыніковасць свайго вяртання ў Кёнігсберг. Хацелася застацца тут, на Бацькаўшчыне; на жаль, гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася — не выпадае. Ён жыў цяпер адным парываннем наблізіць той час, калі ягоная грамада, расцярушаная ў Кёнігсбергу і наўкола, па Прусіі, магла б вярнуцца дадому, да родных і блізкіх, да адвечнай зямлі... Нене, варта жалю, але нават тыя, каму тут выпала варушыць беларускую справу, вялікага поспеху не маюць, дый рэдкія іхнія шэрагі. А чаму?
На гэты конт яшчэ адно яскравае сведчанне «Беларускай газеты». Ён знайшоў яго ў артыкуле Кастуся Езавітава «Угодкі вялікага абуджэння». Артыкул прысвячаецца абвяшчэнню 25 сакавіка 1918 года незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі... Езавітаў, дарэчы, быў актыўным удзельнік