Надлом
Васіль Якавенка
Выдавец: Беллітфонд
Памер: 528с.
Мінск 2003
зед не крычаў, не ўзвышаў нават голасу ў размове з блізкімі. Ці не ўлез ужо тады бес у рабро бацькі? I ці не сігануў ён пасля нявестцы Зосі пад спадніцу?»
Аднак гэтыя згадкі, выклікаючы ўсмешку, неяк стараной прайшлі, яны не вярэдзілі больш Манінай чыстай душы.
Яна правяла дзеда вачыма, калі ён, падзякаваўшы за абед, устаў зза стала, перахрысціўся і, накінуўшы на плечы стары паўкажушак, злямцаваны, руды, выйшаў з хаты.
Зімовы дзень — што доля сірочая, няпэўны, нядоўгі. Па поўдні — праз гадзінудругую, глядзі што і згасае. He паспеў гаспадар Пятро падціснуць абручы на рассохлай бочцы, каб сабраць ды ўсыпаць у яе палову, што другі дзень ляжала на таку ад перавеянага ім жа, Пятром, збожжа, як у паветры пачало суцінацца, блякнуць, цямнець. У гэты момант ён і пачуў з вуліцы скрып палазоў і трохі прастужаны голас Малыцькі.
Той заварочваў воз з сенам у свой двор. Прынамсі, здавалася так... Ну і добра. Прывёз — добра. «Удвайне добра, калі сусед суседу паспрыяе ў чымнебудзь». Гэтакім чынам, крануліся думкі самага краю чалавечае ўсведамлення.
Ён выйшаў з пуні, зачыніў яе і навесіў на дзверы замок.
409
Тупаючы далей на падворку, Пятро змеціў, як подбежкі джгае да ягонай сядзібы Малыцька. У руках сваіх Хведар трымаў скрутак Пісарчуковай вяроўкі, якую браў раніцай.
«А што ж цябе, братка, так гоніць? Каб тэрмінова мне вяроўку вярнуць?» — наважваўся спытаць у суседа, але той у двор да яго не зайшоў — спыніўся каля веснічак, усклаў скрутак на плот і паклікаў:
— Дзядзька Пятро...
Няясная трывога таўханулася ў сэрца.
— Што здарылася? — спытаў Пісарчук, падышоўшы бліжэй; той маўчаў, і яму давялося выйсці на вуліцу.
— Прабачце, не магу я, не... Ніяк няможна, каб такую вестку прынесці ў дом... Я моцна вас паважаю і, канешне, дзякуй за гэта, — кіўнуў на вяроўчыну.
— Што здарылася, Хведар?
Парослы шчэццю твар Малыцькі быў разгублены і, здавалася, ён не ведае, куды дзяваць вачэй. На самой справе яму хацелася адцягнуць момант тлумачэння, якое мела быць, пачакаць, можа, што зменіцца, можа, выявіцца, што гэта няпраўда, што сон... Але ж і прыгода!
— Дзядзька Пятро, лепей будзе, калі я па парадку... Паслухайце, Богам прашу.
— Кажы...
— Гадзіны няма, як тое здарылася. Я з балота вяртаўся. Ужо на возеры... Улегла ж следам за мной штосьці цёмнае. Спачатку — як кропка, потым пабольшала, нарэшце, бачу, лёгкі санны вазок. Я няпэўны, хто там і чаго ад мяне захоча... Прыспешваю свайго сівога. Такі непакой... Хоць бы дастаць да свайго берагу!.. А той хутка наблізіўся і крычыць: «Стой! Стой!» Куды папрэш тут?.. Я спыніўся. Пад’язджае... Конь ва ўсю параю пыхкае. 3 санак — скок... Мікіта Калілец! Задыханы, нібы не конь, a сам ён бег з вярсту.
— Ты ад каго, Малыцька, такую тваю, уцякаеш? — гаворыць сярдзіта і строга, а ў самога пашчэнкі, бачу, дрыжаць: — Ты ў Пісарчука за суседа, я ведаю... Ладзіш з ім?.. Добра!.. Знайдзі яго і перадай, што Данік Плюнгер хоча яго забіць. Няхай хаваецца!.. Толькі самому яму скажы і больш нікому ні слова! — ён узяў мяне за каўнер, глядзіць у вочы. — Скажаш так?..
— Скажу, — ківаю я, а голас асеў, зусім, як на скразняку яго асадзіла. Калілец зноў ускочыў у санкі і, завароч
410
ваючы каня, патрабавальна выгукнуў: — Толькі ж маімі словамі яму перадай, няхай уцякае!
— Добра...
Калі б Пісарчук усур’ёз успрыняў прынесеную Малыцькам вестку, то, пэўна, аслупянеў бы, як ад удару перуна з чыстага неба. Але на твары ў яго разам з трывогай з’явіўся пратэст супраць гэтай ведамкі: «Ці можна?» Сэрца не ўспрымала аблудную навіну і адмаўлялася верыць ёй, яно не знала ні перад кім віны сваёй і ставіла пытанні: «За што трэба мяне забіваць? Каму я замінаю ў жыцці?..» На запыт сэрца павінен быў адказваць розум. Толькі розум маўчаў. Тут розумам наогул нельга было карыстацца, бо дзейнічаў закон тайгі, і адтуль — толькі адтуль — пагражала яму небяспека. Ён шкадаваў сябе і, як ніколі, адчуў нутром, проста фізічна адчуў сваю неабароненасць перад дзікім светам. Слабы чалавек, селянін, ён не насіў на гарбу панцыра, які ахоўвае чарапаху ў балоце, не меў нават ракушкі, якую мае ўлітка, каб пры небяспецы схавацца ў яе, перачакаць пагрозлівы час. Ён меў ногі... Раілі збегчы, схавацца... Ды куды пабяжыш?
Разгубленая ўсмешка на твары Пятра паказвала, што ён, урэшце, паверыў канчаткова ў пагрозу.
— Багата высілкаў не трэба, каб чалавека забіць... Дзякуй Мікіту Калільцу і табе, суседзе: папярэдзілі!.. А толькі ж куды я маю ўцякаць? Балазе ўсё дабро ў зямлю закапана або па людзях раздадзена... 3 чым і як мне бегчы ў свет белы, хавацца? — пытаўся ён у Малыцькі і ў самога сябе. — He ўжо, мабыць, свайго лёсу і на валах не аб’едзеш!
Хведар Малыцька маркотна ўздыхнуў. Ён заўжды шанаваў і, шануючы, стараўся дагадзіць Пісарчукусуседу, але ж у такую хвіліну не мог нічым яму быць карысным.
— Дасць Бог, абыдзецца! — і пайшоў парадкаваць у сваім двары.
Пятро ж зняў з плота вяроўку і занёс на падворак. Перш чым сабраць да кучы разрозненыя думкі і яшчэ раз ацаніць становішча, ён доўга тупаў каля ганка ў зімовым суцішшы, у лёгкім, ценькім змроку, які спакваля нарастаў.
411
18
Святар Георгій Раздзялоўскі бавіўся дома з дзецьмі; дарэчы, ён павялічыў іх ладную купку яшчэ адной сірацінай, узяўшы на ўтрыманне ў сваю сям’ю Мілу, дачушку былога дырэктара школы Вольгі Міронавай, пасля таго, як Міронаву расстралялі ў пінскіх турэмных засценках.
Ойча тады прылюдна, прынародна сказаў:
— Ат, маю пяцёра сірат — няхай будзе і шостая.
Царкоўныя службы, літургіі, абедні, прычасце, дарэчы, бацюшка выконваў старанна, з належным хрысціянскім імпэтам, з прызорам за самім сабой і нешматлікімі служыцелямі храма. У выкананні служб ён, безумоўна, атрымліваў духоўнае задавальненне. Але ж пасля царкоўных трэб у святара Георгія заставалася яшчэ радасць пакутная, або свайго роду крыж, які ён нёс на сабе штодня, — дзеці. I хоць прыслуга дапамагала яму ў хатнім доглядзе малечы, аднак ён, бацюшка, — не хто іншы як бацька ім родны, і таму першы дбаў, якім чынам гэты вывадак адзець, накарміць, а тады — удыхнуць у кожнага душу. Усё гэта добра вядома клапатлівым бацькам, ды не ўсе яны маюць апекавацца прыёмнымі дзецьмі. Айцец Георгій шкадаваў Міранавічанку нават болей за сваіх, і Міла, чуючы ласку і свой абавязак перад ім, старалася чыніць добрае. Разам з дачкой святара Вольгай яна абірала бульбу, мыла посуд, гатавала стравы на кухні.
У тыя калядныя дні да іх, бульбашоў, можна сказаць, у сваты зайшла бульба пановаму — яе з імпэтам дралі на тарку і, дадаўшы да сырой кашыцы солі, мукі, а то і курыны жаўток, размешвалі драніцу, рабілі галушкі. А яшчэ пяклі дранікі або, аздобіўшы драніцу ў гаршках шкваркамі і пражанаю цыбуляю, ставілі ў напаленую печ, каб выпякалася бабка.
Кухонным побытам разам з дачушкамі акурат і займаўся святы чалавек у той час, калі гаспадару Пятру лучыла зайсці да яго.
— Бог у помач, ойча!
— Дзякуй, браце! Работа міла, ды дзень кароткі. От парадкуем невялікае што.
— Як жывецца, бацюшка? Даўно ж не быў ў вас.
— У нас адна, глядзі што, пупавіна, таму і жыццё вядомае. Калі сяльцо невялікае, а жабракоў шмат... Даруй, прысядзем у святліцы, бадай... От так... Мне што падалося?.. Голас у цябе дрыжыць, дый выгляд нейкі панылы.
412
— Каб, крый Божа, не ўмеў дрыжаць, то памёр бы! — паспрабаваў выціснуць з сябе ўсмешку Пятро.
— Штонебудзь здарылася?
— Пакуль што нічога... Пасля бяссоннай ночы сечкай набіта галава. А зрэшты... Я атрымаў вестку адтуль, з партызанскага табару... Данік Плюнгер наважыўся мяне забіць.
— Як! За што?..
— За што, Божа літасцівы? — Пісарчук перахрысціўся: — Ці ж я ў Бога цяля з’еў?..
Святар Георгій перахрысціўся таксама і заціснуў у кулак бараду:
— Даруй, Госпадзі, нам грахі нашы... Між тым ты, Пятро, не стрымлівай сябе, свае думкі. Раскажы як было. Перш за ўсё трэба выгаварыцца...
— Памерці, не ў гэтай хаце гаворачы, мне не страшна. Але навошта паміраць? I — дзеля чаго?.. Вестку перадаў мне чалавек, да якога я давер маю.
I гаспадар Пятро расказаў, як было, з чаго вынікала, — яму конча належыць чакаць тае смерці, тым больш, калі ён не меў аніякай ахвоты хавацца.
Анепакоены моцна, вантробна, азадачаны не на жарт, айцец Георгій пасля хвіліны маўчання прамовіў:
— Ці ж даўно я адпяваў Калінічэнку?
— Для мяне, ойча, пытанне сэнсу: дзеля чаго ён наважыўся мяне забіць? Ці ж я не даваў, калі яны аграбалі? Павымяталі ўсё з двара...
— Эвой, чалавеча, адказ трэба шукаць не ў табе, а ў ім, у Даніку. Я так мяркую. Мда... Хто ён, Данік Плюнгер? Адкуль, гіцаль, выкараскаўся?..
— Хто ён... А проста нягоднік! Таму і чваніцца!
— Сапраўды... Ен адвяргае спаважны лад жыцця, грэбуе чалавечымі адносінамі! Шэльма! Я ведаю... Адпяваем нябожчыкаў як не кожнага дня. Цьфу ты!.. — ледзь не вылаяўся на тыя акалічнасці святар Раздзялоўскі. — Але ж ты, браце, паслухай. Казаў табе?.. Прыйшоў да мяне на споведзь сівы дзядок. «Адчуваю, кажа, што жыць засталося мала, а я меў грэх у баданні неба». — «Як гэта разумець?» — пытаюся. — «А я рабіў разлікі па прыкладу продкаў. Даследаваў размяшчэнне зор...» На час нараджэння таго ці іншага чалавека, бачыш, зоры паказваюць, што яму наканавана, якое нутро будзе мець, характар...
— Няўжо — Кузюр? — выгукнуў, дзівячыся, гаспадар Пятро.
413
— Дзядок паведаміў, — доўжыў святар, — што Плюнгер меў няшчасце нарадзіцца пад злавеснай планетай, якой назва — Сатурн, акурат у нейкім чацвёртым градусе да Блізнят. Момант, даводзіў ён, нясе хібы дый увогуле з’яўляецца стратным для чалавека...
Пятро рот раскрыў. У сваёй жывой і трапяткой рэакцыі на нечаканае паведамленне святара ён на хвіліну забыўся нават пра пагрозу смерці яму, пагрозу, якая, магчыма, таксама была прадвызначана ў спляценні зорак, у іх адвечным руху. Айцец Георгій узяўся тлумачыць паведамленне старога:
— Размяшчэнне зораў на той час не дазволіла Плюнгеру займець і падтрымліваць сталую сувязь з Космасам, a значыць, карыстацца вопытам мінулых жыццяў, альбо, ты ведаеш, па версіі расейскага вучонага Вярнадскага, — сферай чалавечага розуму. Нешта такі ёсць там, чаго Данік Плюнгер не атрымаў у спадчыну. Сітуацыя з зоркамі нібыта паказвае, што ад нараджэння яму наканаваны невялікія ве