Найноўшая гісторыя Беларусі
Яўген Мірановіч
Выдавец: Неўскі прасцяг
Памер: 243с.
Санкт-Пецярбург 2003
БЕЛАРУСКАЕ ГІСТАРЫЧНАЕ ТАВАРЫСТВА
ўген Мірановіч
СанктПецярбург «Неўскі прасцяг» 2003
УДК 947.6*1820»
ББК 63.3 (4Беі)
М 63
Навуковы рэдактар Аляксандар Краўцэвіч, доктар гістарычных навук
Падбор ілюстрацый Уладзімера Ляхоўскага
Мірановіч Я.
М 63 Найноўшая гісторыя Беларусі / Я.Мірановіч; Навук. рэд. А.Краўцэвіч. — СПб. Неўскі прасцяг, 2003. — 243 с.: іл.
ISBN 5947160323
Аўтар разглядае гісторыю беларускай нацыі ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. Ён сцісла перадае асаблівасці кожнага з этапаў гістарычнага шляху, які прайшлі беларусы за гэты час, шукае адказ на пытанне, чаму лёс народа стаўся менавіта такім, а не інакшым.
Для ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.
УДК 947.6*1820»
ББК 63.3 (4Беі)
ISBN 5947160323
© Мірановіч Я., 2003.
ЗМЕСТ
Прадмова навуковага рэдактара ............................. 7
УСТУП ..................................................... 9
РАЗДЗЕЛ 1. Беларусь у складзе Расеі ...................... 13
Фармаванне беларускай нацыянальнай ідэі ................ 14
Насельніцтва Беларусі ў пачатку XX стагоддзя............ 23
Час вайны, міграцыі і рэвалюцыі (1914—1917) ............ 25
РАЗДЗЕЛ 2. Змаганне за сваю дзяржаўнасць ................. 33
Беларуская Народная Рэспубліка ......................... 34
Стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі . . 40
Польскасавецкая вайна. Падзел Беларусі ................ 43
РАЗДЗЕЛ 3. Савецкая Беларусь (1921—1939) ................. 53
Нэп і беларусізацыя краіны ............................. 54
Барацьба супраць “нацыяналдэмакратызму”................ 66
Калектывізацыя ......................................... 69
У сацыялізм — праз Курапаты............................. 75
РАЗДЗЕЛ 4. Беларусы ў II Рэчы Паспалітай ................. 77
Грамадства і гаспадарка................................. 78
Прагматыкі і партызаны ................................. 81
Грамадаўская рэвалюцыя.................................. 87
Камуністы і прыхільнікі лаяльнасці ..................... 93
Стаўленне санацыйнага лагера да беларускага пытання...... 99
РАЗДЗЕЛ 5. Яднанне пад савецкім скіпетрам (1939—1941) . . .105
Ад імя народа Заходняй Беларусі ........................106
Усталяванне савецкай сістэмы ўлады ў Заходняй Беларусі . . . .112
Эканамічная палітыка....................................113
Асветная, культурная і канфесійная палітыка ............117
Арышты і дэпартацыі ....................................121
РАЗДЗЕЛ 6. Нямецкая акупацыя Беларусі ....................125
Адступленне Чырвонай Арміі..............................126
Нямецкая акупацыйная палітыка...........................130
Партызанскі рух ........................................147
Беларуская цэнтральная рада.............................153
Ваенныя страты .........................................157
6 • ЗМЕСТ
РАЗДЗЕЛ 7. Уніфікацыя палітычнай і гаспадарчай сістэмы БССР
(1944—1956) 161
Карэктаванне межаў і перасяленні .......................162
Аднаўленне гаспадаркі...................................164
Калектывізацыя Заходняй Беларусі........................167
Рэпрэсіі не спыняюцца...................................170
Беларуская культура перыяду пасляваеннага сталінізму....174
Школьніцтва.............................................177
РАЗДЗЕЛ 8. Ударніцтва ў пабудове камунізму (1956—1990) . . 179
Рэфармаванне сталінізму ................................180
Пабудова цяжкай прамысловасці ........................ 183
Дабрабыт эпохі Машэрава ................................185
Нарастанне гаспадарчага крызісу ........................191
Наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ..........192
Русіфікацыя ............................................196
РАЗДЗЕЛ 9. Суверэнная Беларусь ...........................199
Дэмакратычная ап зіцыя і нацыянальнае адраджэнне ......200
Структурныя перамены 1989—1995 гадоў....................209
Куды вядзе Беларусь Аляксандар Лукашэнка? ..............225
Асноўная літаратура ......................................240
Прадмова навуковага рэдактара
Аўтар гэтай кнігі — беларус, грамадзянін Польшчы, прафесар Беластоцкага універсітэта, асоба, кроўна павязаная з беларускай культурай, і гісторык, які атрымаў адукацыю ў польскім універсітэце. Польскую Народную Рэспубліку нездарма называлі самым вясёлым баракам у савецкім лагеры. Універсітэты гэтай краіны захавалі некаторую аўтаномію і, калі параўноўваць з савецкімі калегамі, значна менш былі падданыя ідэалагічнаму дыктату камуністаў.
Працы па найноўшай гісторыі Беларусі, напісаныя савецкімі гісторыкамі за гады існавання БССР, не маюць нічога агульнага (а калі маюць, то вельмі мала) з рэальнай гісторыяй краіны. Тыя працы ствараліся пад пільным ідэалагічным кантролем апарату камуністычнай партыі і павінны былі апяваць савецкую рэчаіснасць і адвечнае імкненне беларусаў да яднання з Расеяй. 3 тае прычыны абсалютная большасць падобных твораў станавілася макулатурай адразу пасля выхаду з друкарскай машыны. 3 тае самае прычыны вялікая “армія” дыпламаваных беларускіх гісторыкаў найноўшага часу (каля тысячы дактароў і кандыдатаў навук) не здолела стварыць ніводнай навуковай сінтэзы гісторыі краіны XX стагоддзя.
Яўген Мірановіч цалкам свабодны ад савецкіх ідэалагічных штампаў, прапагандысцкай тэрміналогіі і ўвогуле ад стылю мыслення савецкага чалавека. Адметнасцю аўтарскага стылю з’яўляецца “непрыўкрашанасць” інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі. Падкрэслена сухая, “аб’ектывісцкая” будова тэксту спрацавала як прадуманы літаратурны прыём, які толькі ўзмацняе напругу і эмацыйнае ўздзеянне аўтарскага выкладу. Чытач не мае сумненняў, што аўтар не толькі спрабуе паказаць як развіваліся падзеі, але з глыбокім зацікаўленнем і хваляваннем шукае адказу на пытанне: “Чаму так сталася?” Гэтае хваляванне, аднак, не перашкаджае лагічнаму навуковаму аналізу, які афармляецца ў адстароненую, нават халаднаватую канстатацыю.
8 • ПРАДМОВА
Абазнаны чытач не з усім пагодзіцца, у прыватнасці з некаторымі ацэнкамі апошніх падзеяў у краіне. Але галоўнае ў кнізе тое, што яна ўяўляе сабою твор новай суб’ектнай гістарыяграфіі незалежнай Беларусі.
Аляксандар Краўцэвіч доктар гістарычных навук, Старшыня выканкама Беларускага гістарычнага таварыства
Уступ
У польскай гістарыяграфіі гісторыя Беларусі на фоне іншых суседзяў Польшчы займае надзвычай мала месца. У школьных падручніках Полацкае княства, якое паспяхова супраціўлялася інтэграцыі з сярэднявечнай дзяржавай Кіеўскай Руссю, нават не згадваецца. Цягам некалькіх стагоддзяў Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. У свядомасці палякаў Вялікае Княства Літоўскае часта атаясамліваецца адно толькі з дзяржавай літоўцаў, хоць літоўцамі (ліцьвінамі) ў XVI стагоддзі называлі беларускіх князёў і баяраў, а старабеларуская мова была дзяржаўнай і на ёй вялося ўсё справаводства. У XIX стагоддзі тэрмін “Рэч Паспалітая” абазначаў тое ж, што і “Польшча”, таму ўзнікненне на пераломе XIX і XX стагоддзяў беларускага нацыянальнага руху пераважнай большасцю польскіх элітаў успрымалася як ненатуральная з’ява і расейская інтрыга. Падобным чынам да гэтага пытання ставіліся расейскія ўлады, уважаючы яго за польскую выдумку.
Падзеі 1918—1920 гадоў надта выразна паказалі, што беларускія і польскія нацыянальныя інтарэсы ўзаемасупярэчныя. Беларускія нацыянальныя і палітычныя памкненні таксама нельга было пагадзіць з расейскімі імперскімі інтарэсамі, якія ажыццяўлялі бальшавікі.
Абвешчаная ў 1918 годзе беларуская дзяржаўнасць існавала больш як ідэя, чым рэальная палітычная з’ява. Аднак у свядомасці беларускіх элітаў яна набыла трывалы характар. На падзеленай у выніку Рыжскае дамовы тэрыторыі стварыліся розныя ўмовы нацыянальнага развіцця. Большасць беларускіх палітычных арганізацыяў, якія дзейнічалі ў II Рэчы Паспалітай, не адмовіліся ад думкі пра незалежную і аб’яднаную Беларусь. Некалькі гадоў ліберальнага бальшавіцкага кіравання ў 20х гадах спрычыніліся да таго, што на тэрыторыі Савецкай Беларусі стварылася амаль беларуская нацыянальная дзяржава. Беларускія дзеячы са згоды цэнтральных савецкіх уладаў маглі ажыццяўляць найбольш смелыя планы, аб якіх марылі пад час I Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года. Іх дасягненняў у галіне беларусізацыі не ўдалося цалкам знішчыць у 30х
10 • УСТУП
гадах, калі знішчаліся ўсе, хто меў хоць якое дачыненне да беларускай нацыянальнай ідэі.
У Беларусі некалькі дзесяткаў гадоў змагаюцца між сабою два погляды на форму нацыянальнага існавання. Кожная канцэпцыя дзяржаўнай і нацыянальнай самастойнасці разыходзіцца з мацнейшай прарасейскай арыентацыяй, якая працягвае існаваць у нязмененай форме ад часоў стваральніка ідэі “заходнерусізму” Міхаіла Каяловіча. Расейскаправаслаўную супольнасць ён ставіў вышэй за беларускую нацыянальную. 3 вядомых прычынаў прарасейская арыентацыя падтрымоўвалася маскоўскімі ўладнымі цэнтрамі. Праяўлялася гэта ў кадравай палітыцы, прапагандзе і асабліва ў выхаванні маладых пакаленняў беларусаў. У дванаццацітамовай “Беларускай савецкай энцыклапедыі” дарма шукаць прозвішчы людзей, якія ўсякім спосабам выказваліся за незалежную Беларусь. Гэтыя людзі не згадваюцца таксама ў школьных падручніках, іх імёнамі не называлі ні вуліцы, н; гарадскія плошчы.
У свядомасці грамадзянаў рэспублікі замацаваўся такі вобраз свету, у якім усё добрае прыходзіць з Усходу, а дрэннае — з Захаду. Феадалізм, войны, голад, расстрэлы прыносілі палякі, французы, немцы, і толькі супольнае змаганне з расейскім народам дазваляла беларусам скінуць чужое панаванне. Такую ідэю прапагандаваў самы папулярны аўтар школьных падручнікаў па гісторыі БССР Лаўрэн Абэцэдарскі. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў унушэнняў нават калгас станавіўся апорай грамадскага і цывілізацыйнага парадку — даваў працу, патрэбныя для жыцця сродкі і бяспеку.
Ідэалізаваная прапагандай і школай карціна савецкай улады давяла да таго, што напрыканцы 80х гадоў шмат хто з недаверам успрыняў паведамленні прэсы аб сталінскім генацыдзе, свядомым знішчэнні беларускай мовы і культуры камуністычнымі героямі, імёны якіх упрыгожвалі назвы вуліцаў, заводаў, калгасаў. Крытыка камунізму пасля 1990 года для мільёнаў савецкіх грамадзянаў падалася аспрэчваннем дасягненняў іхнага жыцця. Зародкавая дэмакратыя была творам Захаду. Разам з яе надыходам апусцелі паліцы крамаў, з’явіліся няпэўнасць заўтрашняга дня, палітычны хаос, разбурэнне ўсёй герархіі неаспрэчных каштоўнасцяў.
У гэтакай сітуацыі беларускім нацы