Найноўшая гісторыя Беларусі
Яўген Мірановіч
Выдавец: Неўскі прасцяг
Памер: 243с.
Санкт-Пецярбург 2003
‹сты прынцыпова прылічалі беларусаўкаталікоў да польскай нацыі. Паўсюднай была боязь, што развіццё беларускага руху можа пагражаць польскай зямельнай уласнасці ў Беларусі.
Саюзнікамі беларускай інтэлігенцыі не былі і сяляне, ад імя якіх рэвалюцыянеры і пазітывісты фармулявалі свае пастулаты. Слабасць беларускіх эканамічна прывілеяваных пластоў — мяшчанства, землеўласнікаў, інтэлектуальнай эліты (якія звычайна былі істотнай умовай развіцця культуры і нацыянальнай ідэалогіі) была прычынай кволасці беларускіх патрабаванняў на фоне актыўных польскіх і расейскіх уплываў. Плебейскі характар беларускай супольнасці стаў прычынай таго, што грамадскія, а не нацыянальныя пытанні вызначалі яе свядомасць.
Насельніцтва Беларусі ў пачатку XX стагоддзя
У 1897 годзе быў праведзены першы перапіс насельніцтва Расейскай імперыі. Яго вынікі абвясцілі толькі ў 1905 годзе. У пяці губернях ПаўночнаЗаходняга краю — Магілеўскай, Мінскай, Віцебскай, Віленскай і Гарадзенскай — жыло 8 518 247 чалавек, у іх ліку 5 408 420 беларусаў (63,5 %), 1 202 129 жыдоў (14,1 %), 492 921 расеец (5,8 %), 424 236 палякаў (5,0 %), 377 487 украінцаў (4,4 %), 288 921 летувіс (3,4 %), 272 775 латышоў (3,2 %), 27 311 немцаў (0,3 %), 8 448 татараў (0,1 %), 19 658 чалавек іншых нацыянальнасцяў (0,2 %). Амаль 480 тысяч беларусаў жылі паза межамі пяці названых губерняў, галоўным чынам на Смаленшчыне і Чарнігаўшчыне. Беларускай мовай у найбольшай ступені карысталася насельніцтва Магілеўскай (82,4 %) і Мінскай (76 %) губерняў. На гэтай мове размаўляла 56 % жыхароў Віленскай, 52 % Віцебскай і 42 % Гарадзенскай губерняў. Рассяленне беларускамоўнага насельніцтва было таксама нераўнамернае і ў паасобных губернях. У Віленскай губерні, напрыклад, у Вілейскім павеце яно складала 86,9 % насельнікаў, а ў Віленскім павеце — толькі 26 %. Таксама ў Сакольскім павеце Гарадзенскай губерні беларускамоўнае насельніцтва складала 83,9 % ад агульнай колькасці жыхароў, а ў суседнім Беластоцкім павеце гэтая катэгорыя насельніцтва займала трэцяе месца (26,1 %) следам за палякамі (34,2 %) і жыдамі (28,3 %). Беларускай мовай карысталася
24 • РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
амаль 90 % насельніцтва Красненскага павета Смаленскай губерні і 70 % Сумскага павета Чарнігаўскай губерні.
Рэлігійная структура насельніцтва Беларусі ў пэўнай ступені адрознівалася ад моўнай. Праваслаўныя складалі 70,4 % усіх жыхароў, каталікі — 13,5 %, юдэі — 14,0 %, а вернікі іншых канфесіяў — 2,1 %.
Пераважная большасць беларускага насельніцтва — 85,5 % — жыла ў вёсках. Астатнія найчасцей былі жыхарамі малых мястэчак. У губернскіх цэнтрах жыло толькі 2,6 % беларусаў. У гарадах на тэрыторыі Беларусі дамінавала жыдоўскае насельніцтва, якое складала 53,5 % ад усіх гараджан5.
Паводле перапісу 1897 года найбольш палякаў жыло ў Гарадзенскай і Віленскай губернях, а ў некаторых паветах яны складалі большасць. Аднак у Менскай, Віцебскай і Магілеўскай губернях іх удзел у агульнай структуры насельніцтва складаў толькі 2,3 %. Сярод польскамоўнага люду, асабліва ў названых губернях, пераважа ча шляхта. 3 153 тысяч чалавек, якія належалі да гэтага гра .адскага стану, 43,3 % лічылі сваёй роднай мовай беларускую, 33,8 % — польскую і 19,1 % — расейскую. У ліку амаль паўмільённай масы расейцаў толькі 5 % складалі земляробы, а чыноўнікі і іх сем’і — 51,8 %. Расейскую мову прызналі роднай 61,5 % праваслаўных, астатнія паказалі на беларускую.
У ліку 5,4 млн чалавек, якія размаўлялі пабеларуску, 81 % складалі праваслаўныя, 18,5 % — каталікі, 0,4 % — стараверы, 0,03 % — лютэране. Амаль 40 % чыноўнікаў і 60 % настаўнікаў усіх тыпаў школ назвалі сябе беларускамоўнымі. Можна меркаваць, што значная частка святароў, чыноўнікаў, настаўнікаў разумела сваю беларускасць у катэгорыях заходнерусізму, а не паводле канцэпцыі, прапагандаванай “Нашай Нівай”. У выпадку шляхты моўны крытэр праўдападобна не вызначаў пытання нацыянальнай свядомасці асобаў, якія належалі да гэтага грамадскага стану.
5 Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. № 1. 1987. С. 63.
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСЕІ • 25
Час вайны, міграцыі і рэвалюцыі (1914—1917)
Першая сусветная вайна з гледзішча беларускіх палітычных і нацыянальных інтарэсаў мела для Беларусі трагічныя наступствы. Заспела яна беларускія эліты без выразнай канцэпцыі дзеяння на выпадак парушэння тагачаснага геапалітычнага парадку, а само грамадства — на шляху фармавання нацыі. Вайна, аднак, сталася каталізатарам перамен у свядомасці сялянскіх масаў. Яна разбурыла іх ізаляваны ад вонкавага свету лад жыцця. Дамінаванне элементаў натуральнай гаспадаркі ў беларускай вёсцы не змушала сялян кантактавацца з светам, які знаходзіўся паза межамі найбліжэйшай мясцовасці. Праўда, гэтыя ўмовы ахоўвалі сялянскае асяроддзе ад уплываў чужога атачэння і яго асіміляцыйнага ўздзеяння, але адначасова перашкаджалі кантактам з нацыянальнай інтэлігенцыяй. Вайна выгнала з сваіх сядзібаў мільёны людзей, давяла да канфрантацыі з чужым светам і надзяліла досведам, якога не ведалі іхныя продкі.
Беларусь ад першых дзён вайны стала прыфрантавой паласой. У жніўні 1914 года на яе тэрыторыі было ўведзена ваеннае становішча, забаронены публічныя сходы, гандаль газетамі і кніжкамі без дазволу ўладаў. Тым часам арганізаваліся шматлікія расейскапатрыятычныя маніфестацыі і набажэнствы. Неўзабаве тут размясцілася паўтарамільённая расейская армія. У самым Менску раскватаравалі 150 тысяч салдат. У армію былі мабілізаваныя сотні тысяч жыхароў Беларусі6.
3 увядзеннем ваеннага становішча большасць беларускіх арганізацый спыніла сваю дзейнасць. Выходзілі, аднак, два перыядычныя выданні — “Наша Ніва” і “Беларус”. “Наша Ніва” да мабілізацыі і прапагандысцкай падрыхтоўкі паставілася без энтузіязму, змяшчала публікацыі, якія паказвалі лютасць і бессэнсоўнасць вайны. Стаўленне каталіцкакансерватыўнага “Беларуса” да дзеянняў расейскіх уладаў было лаяльнае, падкрэсліваліся іх намаганні, накіраваныя на гарантаванне бяспекі краіне і яе насельнікам.
6 Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск, 1996. С. 77.
26 • РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Параза расейскіх войскаў ва Усходняй Прусіі пры канцы жніўня 1914 года схіліла ўлады да перагляду палітыкі ў заходніх губернях, да змякчэння некаторых абмежаванняў ваеннага становішча і пошукаў падтрымкі з боку элітаў — прадстаўнікоў паасобных нацыянальнасцяў. У красавіку 1915 года віленскія губернскія ўлады дазволілі заснаваць Беларускае таварыства помачы пацярпелым ад вайны (БТППВ), кіраўніком якога стаў Вацлаў Іваноўскі, а намеснікамі Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Неўзабаве аддзелы Таварыства былі створаныя ў Менску, Вілейцы, Друскеніках, Полацку, Горадні. У выдадзенай у чэрвені 1915 года ўлётцы “Да грамадзян Беларусі” БТППВ заклікала насельніцтва прыйсці на помач асобам, якія страцілі маёмасць. Пры канцы 1916 года, ужо пад нямецкай акупацыяй, у Вільні быў створаны Беларускі клуб — арганізацыя накшталт дыскусійнага форуму для асобаў, якія мелі розныя палітычныя погляды. Клуб перш за ўсё стаў месцам абмеркавання спрэчных пытанняў у справе будучыні Беларусі. У 1916 годзе віле скія беларусы мелі свой тэатральны калектыў — Беларускую драматычную дружыну, якой кіраваў Францішак Аляхновіч, кнігарню і бібліятэку. Заснавалі і новыя арганізацыі — Беларускі настаўніцкі саюз, Беларускае навуковае таварыства, Таварыства дапамогі бедным дзецям “Золак”.
Асяродкамі беларускага нацыянальнага руху былі таксама школы. У канцы 1916 года іх налічвалася толькі восем. Праз некалькі месяцаў працавала ўжо 50 школ, 46 з іх знаходзіліся ў БеластоцкаГарадзенскай школьнай акрузе. Аднак гэта была невялікая колькасць у параўнанні з польскім школьніцтвам, якое мела ў сваім распараджэнні сотні школ на тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Развіццё беларускага школьніцтва моцна тармазілася каталіцкім духавенствам, якое найчасцей агітавала за тое, каб дзяцей пасылалі ў польскія школы. Лік беларускіх школ павялічыўся да 350 толькі ў 1918 годзе, калі з Расеі пачалі вяртацца праваслаўныя бежанцы і настаўнікі, якія працавалі ў расейскай асвеце да 1915 года. Семінарыя ў Свіслачы, хоць і выпусціла больш за 100 настаўнікаў, была не ў стане кардынальна развязаць кадравае пытанне беларускага школьніцтва.
19 снежня 1915 года ў Вільні выйшаў “Універсал Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага”, надрукаваны на беларускай,
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСЕІ ■ 27
летувіскай, жыдоўскай і польскай мовах. Ягоныя аўтары — браты Іван і Антон Луцкевічы. “Універсал” яны напісалі ў паразуменні з некалькімі прадстаўнікамі згаданых народаў. Потым канцэпцыяй аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага як самастойнай дзяржавы спрабавалі зацікавіць немцаў і цэнтры польскага і летувіскага палітычнага жыцця. Іх прапановы не знайшлі, аднак, ніякага водгуку ў адрасатаў. I палякі, і летувісы выказваліся за аднаўленне сваіх нацыянальных дзяржаў, а немцы ў сваю чаргу дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі звязалі з вынікамі вайны.
Беларускае пытанне ўпершыню з’явілася на міжнароднай арэне ў красавіку 1916 года пад час канферэнцыі прадстаўнікоў паняволеных Расеяй народаў у Лазане. У выніку захадаў прысутных на канферэнцыі беларускіх палітыкаў Івана Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага быў вынесены пастулат палітычнай і культурнай аўтаноміі для Беларусі ў складзе расейскай дзяржавы. У студзені 1917 года ў Стакгольме адбылася яшчэ адна такая канферэнцыя, дзе таксама прысутнічалі беларускія прадстаўнікі.
Сітуацыя ў Беларусі на ўсходнім баку лініі фронту была звязана з хадою падзеяў у Расеі. I хоць у 1915—1916 гадах у Менску і Петраградзе дзейнічалі структуры Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны і выходзілі штотыднёвікі “Светач” і “Дзянніца”, аднак іх уздзеянне на беларускае грамадства было нязначнае. Стварэнне месцаў працы, кравецкіх, пчалярскіх і агародніцкіх курсаў для бежанцаў ды наладжванне гульняў для іхных дзяцей — гэта ўся дзейнасць, якую дзеячам БТППВ дазвалялі расейскія ўлады. 3 іншага боку, служба ў расейскай арміі дала сотням тысяч беларускіх сялянаў паскораную палітычную адукацыю. Яны сталі відавочцамі паступовага падзення аўтарытэту ўлады, арміі і расейскай дзяржавы. Лютаўская рэвалюцыя падштурхнула да дзеяння грамадскія і нацыянальныя групоўкі, якія яшчэ некалькі гадоў таму былі далёкія ад ідэалаў, з якімі цяпер атаясамліваліся.
У Менску і многіх іншых гарадах Беларусі падзенне царызму ўспрымалася з энтузіязмам. Усе чакалі скорага заканчэння вайны. Антываенную атмасферу згушчаў факт прысÑ