«Нарадзіўся я ліцьвінам...»: Тадэвуш Касцюшка
Язэп Юхо, Уладзімір Емяльянчык
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 68с.
Мінск 1994
24 сакавіка 1794 года ў Кракаве выбухнула паўстанне, у якім узялі ўдзел шляхта, мяшчане і некаторая частка сялянаў. На чале яго стаў генераллейтэнант Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, які быў абвешчаны найвышэйшым і адзіным начальнікам узброеных сілаў. Гэтага ж дня быў абвешчаны Акт паўстання грамадзян, жыхароў Кракаўскага ваяводства, і Касцюшка прынёс прысягу, у якой абавязаўся даверанай яму ўлады не ўжываць у чыіхнебудзь асабістых інтарэсах, а толькі для абароны цэласці межаў, усталявання самаўладдзя народа і ўсеагульнай свабоды.
Акт паўстання пачынаўся з выкрыцця подласці, ашуканства і падступнасці царыцы Кацярыны II і прускага караля Фрыдрыха Вільгельма. У Акце гаварылася: «Няма такой хлусні, прытворства і падману, якімі не зганьбілі б сябе гэтыя два ўрады... Пад выдуманымі прычынамі, хлуслівымі і бессэнсоўнымі, карыстацца якімі пасуе адным толькі
* Kopczewski J. S. Tadeusz Kosciuszko. Warszawa, 1971. S. 61.
28
тыранам, дагаджаючы на самой справе толькі сваёй ненажэрнай сквапнасці і жаданню распаўсюдзіць панаванне тыраніі на суседнія народы... Царыца, утойваючы свае далейшыя намеры, небяспечныя для еўрапейскіх дзяржаў, прысвяціла сябе варварскай і ненажэрнай помсце. Яна топча самыя святыя правы свабоды, бяспекі, недатыкальнасці асобы і маёмасці грамадзян... Толькі здраднікі Айчыны карыстаюцца яе прыхільнасцю і могуць беспакарана чыніць свае злачынствы».
У Акце паўстання Касцюшка правільна адзначыў, што галоўнай мэтай Кацярыны II і Фрыдрыха Вільгельма было жаданне «распаўсюдзіць панаванне тыраніі» і задушэнне свабоды не толькі ў сваіх дзяржавах, але і ў суседніх народаў. Акт паўстання яшчэ раз выкрыў перад усім светам паказны лібералізм Кацярыны II.
Палітычнае кіраўніцтва паўстаннем у адпаведнасці з Актам ускладалася на Найвышэйшую Нацыянальную Раду. У якасці надзвычайных мясцовых органаў прадугледжвалася стварэнне «парадкавых камісіяў» у ваяводствах і паветах, якія ў сваю чаргу стваралі дазорныя ўправы. Кожная дазорная ўправа ахоплівала 1000—1200 сялянскіх гаспадарак. Ствараліся новыя рэвалюцыйныя суды, якія павінны былі разглядаць крымінальныя справы аб злачынствах, накіраваных супраць паўстання.
Новыя органы ўлады, камісіі, управы і суды не знішчылі стары дзяржаўны апарат, не была знішчаная і манархія. У канцы траўня была створаная Найвышэйшая Нацыянальная Рада. У яе склад уваходзілі 8 радцаў і 32 сябры Рады (намеснікі радцаў)*, але галоўная роля належала Касцюшку як начальніку ўзброеных сілаў. У Радзе ўвесь час ішла барацьба паміж памяркоўнымі рэфарматарамі і рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі»), паслядоўнікамі французскіх рэвалюцыянераў.
* Адным з іх быў Сава Пальмоўскі, ігумен праваслаўнага БельскаПадляшскага манастыра, старшыня Пінскай кангрэгацыі — часовай праваслаўнай іерархіі ў Вялікім Княстве і Полыйчы, незалежнай ад пецярбургскага Сінода, якая была створаная ў 1791 годзе і зацверджаная чатырохгадовым Соймам у траўні 1792 года.
29
Выданне Акта паўстання мела выключна важнае значэнне для мабілізацыі ўсіх прагрэсіўных сілаў на барацьбу як з унутранай рэакцыяй, так і з замежнымі захопнікамі. Гэты Акт абавязваў Касцюшку і Найвышэйшую Нацыянальную Раду выпускаць як мага часцей пракламацыі і звароты да народа, паведамляць яму аб сапраўдным становішчы справаў. Гэтым былі засведчаныя дэмакратычныя прынцыпы паўстання і імкненне ператварыць яго ў агульнанароднае.
У першы ж дзень паўстання Касцюшка звярнуўся з адозвамі «Да войска», «Да грамадзянаў», «Да святарства», «Да жанчын». Кожная з гэтых адозваў глыбока эмацыйна і пераканаўча заклікала стаць на абарону свабоды і Айчыны. Так, у адозве «Да войска» гаварылася: «Будзем жа адзіным калектывам з грамадзянамі, згуртуемся шчыльней, злучым сэрцы і сродкі ўсіх жыхароў нашай зямлі... Калегі! Ідзіце са мной! Чакае Вас слава і асалода задавальнення быць вызвольнікамі Айчыны... Бяру разам з Вамі лозунг «Смерць або перамога!» У звароце «Да грамадзянаў» Касцюшка адзначаў, што, каб зрабіць першы крок да вызвалення, неабходна адважыцца быць свабодным, a каб атрымаць перамогу, трэба быць упэўненым ва ўласнай сіле. У звароце да святарства абвяшчалася свабода для ўсіх веравызнанняў*. Аднак гэта не магло задаволіць каталіцкае святарства, якое патрабавала сабе выключных прывілеяў і пераваг. У звароце «Да жанчын» Касцюшка заклікаў іх актыўна падтрымліваць сваіх братоў, сыноў і мужоў, якія сталі на шлях змагання за волю.
Энергічная ідэалагічная падрыхтоўка паўстання і арганізацыйная праца па мабілізацыі розных станаў грамадства на барацьбу за свабоду напачатку мела некаторы поспех.
Асноўнымі сіламі нацыянальнавызвольнага руху
* У звароце да праваслаўных святароў 7 траўня 1794 года Касцюшка назваў іх «нявольнікамі маскоўскімі», паабяцаў, што пры перамозе паўстання яны стануць «святарамі шанаванымі». Было абвешчана аднаўленне дзейнасці незалежнай, па сутнасці аўтакефальнай, праваслаўнай царквы з уласным мітрапалітам і епіскапамі, падначаленымі канстанцінопальскаму патрыярху.
30
былі вайскоўцы, сярэдняя і малазямельная шляхта, мяшчанства і сяляне. Аднак палітычнае кіраўніцтва паўстаннем у значнай ступені знаходзілася ў руках прадстаўнікоў кансерватыўнага шляхецкага блока, які імкнуўся не дапусціць сацыяльнай рэвалюцыі і надаць паўстанню выключна нацыянальнавызвольны прапольскі характар, што адразу абмяжоўвала ўдзел у ім насельніцтва Беларусі.
Каб прыцягнуць сялян да паўстання, Касцюшка лічыў неабходным адмену прыгоннага права, таму Канстытуцыя 3 траўня, якая захоўвала няроўнасць станаў і прыгонную залежнасць сялян, не была яго ідэалам, у сувязі з чым Акт паўстання не закранаў пытанні аб аднаўленні канстытуцыі. Канчатковае вызначэнне дзяржаўнага і грамадскага ладу Акт паўстання адносіў да часу заканчэння рэвалюцыйнай вайны.
На пачатку красавіка 1794 года Касцюшка меў у сваім распараджэнні 4100 жаўнераў і 2000 еялян з косамі і пікамі. 4 красавіка адбылася першая буйная бітва паміж паўстанцкай арміяй і царскімі войскамі пры вёсцы Рацлавіцы пад Кракавам, якая закончылася перамогай паўстанцаў. Перамога пад Рацлавіцамі мела важнае значэнне для далейшага развіцця паўстання, якое пашыралася на Сандамірскае і Люблінскае ваяводствы і Холмскую зямлю. 17—18 красавіка паўсталі гарадскія масы ў Варшаве. 19 красавіка быў абвешчаны Акт Мазавецкага ваяводства аб яго далучэнні да паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі. 3 самага пачатку паўстання ў Варшаве пачалася барацьба за ўладу ў горадзе. Была створана Часовая Замяшчальная Рада. На чале Рады стаў прэзідэнт Варшавы Закшэўскі, ваенным камендантам быў прызначаны прыхільнік каралёўскай улады генерал Станіслаў Макраноўскі, які спрабаваў засцерагчы ад пакарання здраднікаўтаргавічанаў. Часовая Замяшчальная Рада з першых жа дзён паўстання ў Варшаве не карысталася даверам у мяшчанства і асабліва ў рэвалюцыйна настроеных «якабінцаў»*.
* Сам Касцюшка спачатку насцярожана паставіўся да варшаўскай Рады, утварэнне якой не прадугледжвалася Кракаўскім Актам. Галоўную небяспеку ён бачыў у непатрэбнай дэцэнтралізацыі паўстання.
31
Чаму Касцюшка не падтрымаў сваіх найбольш рэвалюцыйных прыхільнікаў? Чаму адразу ж не адмяніў прыгоннага права і не адхіліў ад палітычнага кіраўніцтва паўстаннем прадстаўнікоў кансерватыўнай шляхты? Ен не зрабіў гэтага, бо ўлічваў рэальныя стасункі сілаў і імкнуўся прыцягнуць на бок паўстання не толькі шырокія пласты працоўнага сялянства і гарадскіх нізоў, але вымушаны быў таксама лічыцца з тым, што значную частку ўзброеных сілаў складала шляхта, а гарадскія рамеснікі і дробная буржуазія былі невялікай часткай насельніцтва. Прыгонныя сяляне не маглі быць галоўнай сілай паўстання. Таму Касцюшка быў вымушаны лавіраваць паміж правымі рэфарматарамі і левымі рэвалюцыянерамі, да таго ж павінны быў улічваць, што для барацьбы супраць унутранай контррэвалюцыі і замежных інтэрвентаў неабходна было згуртаванне ўсіх, хто мог падтрымаць паўстанне.
7 траўня 1794 года Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, якім гарантавалася апека ўрада над сялянамі; сяляне абвяшчаліся асабіста вольнымі, г. зн. адмянялася прыгоннае права, але без зямлі, пайсці ад памешчыка селянін мог толькі пры ўмове выплаты даўгоў і дзяржаўных падаткаў, а таксама паставіўшы ў вядомасць Камісію ўправы, куды ён перасяляецца; вызначаліся пэўныя льготы ў адбыванні паншчыны. Спецыяльнымі артыкуламі універсала Касцюшка папярэджваў, што парушэнне гэтых пастановаў памешчыкамі будзе карацца судом як процідзеянне мэтам паўстання.
Сяляне ў сваю чаргу заклікаліся старанна адбываць зменшаныя дні паншчыны, слухацца свайго начальства, дбаць пра гаспадарку, не павінны былі адмаўляцца ад найму да памешчыкаў за адпаведную плату. Далей ва універсале гаварылася: «Калі якіянебудзь нягоднікі, выкарыстоўваючы на шкоду дабрыню і справядлівасць урада, будуць адцягваць просты народ ад працы, падбухторваць яго супраць памешчыкаў, адгаворваць ад абароны Айчыны, то камісіі ўправы павінны загадаць схапіць такіх злачынцаў і аддаць іх крымінальнаму суду». Святарству даручалася растлумачваць гэтае
32
распараджэнне з амбонаў у касцёлах і цэрквах на працягу чатырох тыдняў. Камісіі ўправы павінны былі прызначыць асобаў, якія б гучна чыталі распараджэнне ў вёсках і прыходах, заклікаючы сялянаў да паўстання.
Паланецкі універсал не адмяніў поўнасцю прыгоннага права і не ліквідаваў феадальнай эксплуатацыі, але дазваляў сялянам ісці ад памешчыкаў, што было таксама ў інтарэсах буржуазіі, якая зараджалася. Гэты акт быў безумоўна прагрэсіўны, хоць і палавінны. Ен аслабляў эканамічны стан маёнткаў, абмяжоўваў паншчыну і паніжаў значэнне шляхецкіх прывілеяў. Таму феадалы ўсяляк затрымлівалі абвяшчэнне універсала і, баючыся сацыяльнай рэвалюцыі, часта ішлі на змову з замежнымі войскамі. Многія палажэнні універсала не выконваліся на месцах і засталіся толькі на паперы. Супраць ажыццяўлення палажэнняў Паланецкага універсала выступілі і вярхі каталіцкага святарства.
Заклікі Касцюшкі да простага народа часта выклікалі недавер сялянаў і сабатаж памешчыкаў. Ю. Нямцэвіч, паплечнік Касцюшкі, у сваіх успамінах пісаў наконт гэтага: «Шляхта, якая прывыкла без перашкодаў карыстацца маёмасцю сваіх сялян, супраціўлялася выкананню загада Начальніка (Касцюшкі) высылаць пятага селяніна з касою ў армію. Нават сельскі народ, які так доўга быў у няволі, у большасці не прадбачыў лепшай долі, не зазнаўшы яе, быў абыякавы. Дарэмна Касцюшка сваім універсалам зпад Паланца 7 траўня 1794 года абвясціў вясковы люд свабодным, аб’яўляў яму волю. Універсалы гэтыя або не дайшлі, або ім не верылі»*.