• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нарыс гісторыі Беларусі  Генадзь Сагановіч

    Нарыс гісторыі Беларусі

    Генадзь Сагановіч

    Выдавец: Энцыклапедыкс
    Памер: 412с.
    Мінск 2001
    249.37 МБ
    Панаванне Міндоўга стала першым этапам знішчэння племяннога ладу і стварэння новай структуры ўлады і ўласнасці ў Літве, а гэта не магло не выклікаць супраціву старой знаці. У 1263 г. у выніку змовы нальшчанскага князя Даўмонта, жамойцкага Траняты і полацкага князя Таўцівіла (некаторыя крыніцы называюць яшчэ Гердзеня) Міндоўг і два яго сыны былі забітыя (паводле Хронікі Літоўскай і Жамойцкай, Даўмонт адпомсціў Міндоўгу за тое, што той сілай забраў яго жонку). Абвясціўшы сябе ўладаром Літвы, Транята забіў і полацкага князя Таўцівіла, у якім бачыў канкурэнта, але неўзабаве сам загінуў ад Міндоўгавых конюхаў. Тады Міндоўгаў сын Войшалк, які хаваўся ў Пінску, прыйшоў з пінянамі ў Наваградак і абвясціў сябе яго князем. Пры дапамозе пінскіх і галіцкавалынскіх дружынаў ён у 1264 г. расправіўся з праціўнікамі ды сцвердзіў сваю ўладу і ў іншых бацькоўскіх уладаннях. Даўмонт мусіў уцякаць у Пскоў, дзе яго прынялі на княжанне.
    Праваслаўны па веравызнанні князь Войшалк неўзабаве падпісаў цесны саюз з ГаліцкаВалынскім княствам і стаў леннікам князя Васілька Данілавіча, а потым наогул перадаў свой пасад Шварну (Свараміру), які быў сынам галіцкавалынскага князя Данілы і зяцем Міндоўга, а сам вярнуўся ў манас
    64_______________III. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
    тыр. Аднак у 1267 г. Войшалк быў забіты паводле загаду князя Льва Данілавіча. На ім род Міндоўга абарваўся.
    У Полацку ў той час пасля князя Таўцівіла сядзеў Гердзень, які неўзабаве загінуў, абараняючы Полаччыну ад Даўмонта, a з 1265 г. летапісы згадваюць на полацкім стале Ізяслава. З’яўляючыся васаламі Войшалка, князі Гердзень ды Ізяслаў выступалі адначасова і ад Полацка, і ад Віцебска (у дамове Ізяслава з інфлянцкім магістрам і Рыгай 1265 г. гаворыцца: «Полацк і Віцебск адно ёсць»), Значыць, землі Беларускага Падзвіння былі ўжо пэўным чынам далучаныя да новай дзяржавы.
    Унутранае жыццё ў княстве яшчэ доўга бударажылася барацьбой за трон. Пасля памерлага Шварна ўладаром стаў Трайдзень (1269—1282), потым панавалі Будзікід і Пукувер (1290— 1294). Пры Трайдзені ў час войнаў гарады Чорнай Русі зноў маглі выбіраць паміж княземпаганцам і праваслаўнымі кня
    Наваградскі замак.
    Рэканструкцыя Я. Куліка па даследаваннях М. Ткачова.
    зямі галіцкавалынскімі. I зноў, як пры Міндоўгу, яны схіліліся на бок літоўскага князя. Уся Чорная Русь з гарадамі Наваградак, Горадня, Ваўкавыск, Слонім і Турыйск засталася ў складзе дзяржавы Трайдзеня. Яго ўладу прызнавалі ўжо і яцвягі. Прусаў, якія ўцякалі ад тэўтонскіх рыцараў, князь сяліў каля Горадні і Слоніма. Затое Полацк і Віцебск адышлі ад дзяржа
    III.1. Ад Міндоўга да Гедыміна
    65
    вы Трайдзеня. Згодна з летапісамі, яны зноў мелі сваіх усходнеславянскіх князёў: у Полацку сядзеў Канстанцін Бязрукі, а ў Віцебску — спачатку намеснік смаленскага князя Фёдара Чорнага, а потым князь Міхаіл Кансганцінавіч з Рурыкавічаў.
    3 укняжаннем Трайдзеня абвастрыліся адносіны Літвы з галіцкавалынскімі князямі. Пасля яго нападу на Драгічын у 1274 г. Леў Данілавіч звярнуўся па дапамогу да хана МенгуЦімура, які арганізаваў паход велізарнай кааліцыі на літоўскую дзяржаву. Разам з татарамі д ы галіцка—валынскім войскам у паходзе мелі ўдзельнічаць князі туравапінскія, бранскі і смаленскі. Аперацыя звялася да ўдару на Наваградак, але скончылася безвынікова. Паходы татарскагаліцкай кааліцыі на Беларускае Панямонне паўтараліся таксама ў 1276 і 1277 г.
    Вялікі князь літоўскі Віцень (1295—1315).
    Пры князі Віцені (1295—1315) абвастрылася барацьба з Нямецкім ордэнам. Канчаткова падпарадкаваўшы прусаў, тэўтонскія рыцары з 1283 г. пачалі ўрывацца ў Панямонне і Жамойць. Ужо ў 1284 г. яны ўпершыню напалі на Горадню, захапілі і спалілі яе. Крыжаносцы ўрываліся ў Панямонне таксама ў 1295, 1311 (двойчы), 1314 г. і пазней, але найчасцей яны хадзілі на Жамойць. У тых умовах аб’яднанне беларускіх і літоўскіх земляў адпавядала супольным інтарэсам абароны. Невыпадкова, каб палепшыць адно
    сіны з Валынню ды мабілізаваць сілы на барацьбу з Ордэнам, Будзікід у 1289 г. перадаў уладзімірскаму князю горад Ваўкавыск.
    Калі ў 1270х г. у Полацку і Віцебску, як ужо адзначалася, яшчэ сядзелі князі з дынастыі Рурыкавічаў, дык у канцы XIII ст. на полацкім стале зноў з’явіўся нейкі літоўскі князь (імя невядомае), які прыняў каталіцтва і, паміраючы бяздзетным, перадаў усю зямлю Рыжскаму арцыбіскупу. Згодна з найбольш пашыранай у беларускай гістарыяграфіі версіяй, заснаванай пераважна на паведамленнях Мацея Стрыйкоўскага, у 1305 г. у Полацку з’явілася шмат каталіцкага духавенства, немцаўмісіянераў, дзейнасць якіх выклікала супраціў палачан, і тыя
    3 Зак. 3163
    66
    III. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
    папрасілі дапамогі ў князя Віценя, які ў 1307 г. вызваліў Полаччыну ад немцаў і далучыў яе да свайго княства. Тады ж на полацкі стол быў пасаджаны Віценеў брат — Воін. Праўдападобна, гэта гістарыяграфічная легенда, асновай для якой стаў рэальны факт непрацяглага ўсталявання немцаў у Полацку раней, яшчэ пры Таўцівілу.
    Перыяд панавання Гедыміна (1316—1341), які стаў вярхоўным князем Літвы пасля смерці Віценя, быў часам імклівага тэрытарыяльнага росту дзяржавы і яе ўмацавання. У яе склад уключаліся галоўным чынам землі Беларусі. Калі на пачатку XIV ст. вяршэнства ўлады літоўскага князя прызнавалі з беларускіх зямель толькі Чорная Русь і Полаччына, дык да сярэдзіны стагоддзя ў такую залежнасць трапіла амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі, за выняткам Падняпроўя, Пасож
    жа і раёнаў Ніжняй Прыпяці.
    Адной з першых да Гедымінавай дзяржавы была далучана Віцебская зямля. У 1318 г. Альгерд Гедымінавіч ажаніўся з Марыяй — дачкой апошняга віцебскага князя Яраслава Васілевіча, і калі ў 1320 г. той памёр, княства засталося Альгерду.
    Берасцейская зямля ўвайшла ў склад Літоўскай дзяржавы таксама ў пачатку княжання Гедыміна. Праўдападобна, жыхары Берасцейшчыны былі незадаволены залежнасцю ад валынскіх князёў, і Гедыміну
    Вялікі князь Гедымін (1316—1341).
    давялося ваяваць не з насельніцтвам, а з гэтымі князямі. У 1315 г. Гедымін перамог у сутычцы з галіцкавалынскім князем
    і авалодаў Берасцей
    скай зямлёй. А праз дзесяць гадоў Любарт (Дзмітры) Гедымінавіч, ажаніўшыся з дачкой апошняга валынскага князя Льва Юр’евіча, атрымаў усю Валынь у спадчыннае
    валоданне.
    Прыкладна ў сярэдзіне 1320х г. уладу літоўскага князя прызналі і цэнтральныя землі Беларусі. Менскі князь Васіль у
    III.1. Ад Міндоўга да Гедыміна_____________________________67
    1326 г. ужо ўваходзіў у лік паслоў Гедыміна, накіраваных у Ноўгаряд Вялікі. Васаламі літоўскага манарха сталі таксама князь друцкі і лукамскі.
    Наступным было далучана Палессе. У 1330х г. у Пінскай зямлі ўжо сядзеў Нарымонт (Глеб) Гедымінавіч. Праўда, у Тураве і Гарадку яшчэ доўгі час заставаліся мясцовыя Рурыкавічы. Пісьмовыя крыніцы не падаюць ніякіх фактаў гвалтоўнага падпарадкавання ці барацьбы з мясцовымі князямі або насельніцтвам. Праўдападобна, што і Палессе было далучана добраахвотна.
    Гедымін пашырыў свой уплыў таксама на Кіеў, Цвер і Вязьму. Яго «малодшым братам» стаў князь смаленскі. Адзін Гедымінаў стаўленік заняў княскі пасад у Пскове, іншы — пінскі князь Глеб Нарымонт — атрымаў у дзяржанне прыгарад Ноўгарада Вялікага Ладагу і Карэльскую зямлю. Ноўгарадскі ўрад даручыў яму як служыламу князю абарону сваіх межаў.
    Аб’ядноўваючы ўсходнеславянскія землі пад сваёй уладай, Гедымін абыходзіўся, як правіла, без падаўлення і заваявання. Ён першым з літоўскіх князёў пачаў называць сябе валадаром не толькі ліцвінаў, але і русінаў (rex Letvinorum et Ruthenorum), а свае ўладанні — каралеўствам ліцвінаў і русінаў (regnum Letvinorum et Ruthenorum).
    Трактуючы велізарную манархію як спадчыннае ўладанне роду (патрымоніум), Гедымін яшчэ пры жыцці параздаваў яе ўдзелы ў кіраванне сваім сынам: Вільню, якая з 1323 г. у дакументах фігуруе як сталіца княства, з блізкімі гарадамі — Ашмянаю, Браславам і Вількамірам — ён перадаў малодшаму Яўнуту (старэйшаму ад апошняга шлюбу), Кернаву і Слонім — сыну Манівіду, Пінск і Тураў — Нарымонту, Наваградак і Ваўкавыск — Карыяту, Валынь — Любарту, Крэва, Віцебск і Менск — Альгерду, Трокі, Берасце і Горадню — Кейстуту. Полаччына ж засталася ў кіраванні Гедымінавага брата Воіна, а потым перайшла да Нарымонта.
    Землі Беларусі захавалі ў дзяржаве Гедыміна пэўную аўтаномію і сваю палітычную вагу. Прыкладам, Полацк паранейшаму самастойна падпісваў дамовы з Рыгай. Гандлёвае пагадненне беларускалітоўскай дзяржавы з Ордэнам у 1338 г. было падпісана пры згодзе не толькі Гедымінавічаў і літоўскага баярства, але таксама полацкага епіскапа Рыгора, полацкага і віцебскага князёў ды саміх гарадоў Полацка і Віцебска.
    68 III. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага Гедымінавы сыны, якія атрымалі ўдзелы ў Беларусі, былі аточаны мясцовым баярствам, прымалі ўсходнюю рэлігію ды мясцовую культуру. Карыят пасля хрышчэння ў праваслаўе стаў звацца Міхаілам, Любарт — Дзмітрыем, Нарымонт — Глебам, а Яўнут — Іванам. Хоць сам Гедымін заставаўся паганцам, ён паважаў рэлігію сваіх падданых. Яму належыць фармулёўка прынцыпаў талеранцыі, якія доўга вызначалі канфесійную палітыку літоўскіх князёў: «каб хрысціяне паважалі ды славілі Бога па—свойму, Русь — па—свойму, палякі — пасвойму, а мы славім па нашаму звычаю».
    Стаўшы вялікім князем у тыя часы, калі даводзілася адбіваць амаль штогадовыя напады нямецкіх рыцараў, Гедымін пайшоў на важны дыпламатычны ход: у канцы 1322 г. ён звярнуўся з лістом да рымскага папы Іаана XXII, а ў наступным — да ганзейскіх гарадоў, каталіцкіх ордэнаў дамініканаў і францысканаў. Вялікі князь заклікаў перасяляцца ў яго землі рамеснікаў, земляробаў і купцоў з ганзейскіх гарадоў, абяцаючы ім ільготы і нямецкае (рыжскае) права ў гарадах Беларусі і Літвы, а таксама манахаўфранцысканаў, якія ведаюць «польскую, земгальскую і рускую мову». Невядома, які эфект меў гэты зварот, але палітычнае становішча дзяржавы дзякуючы такой дыпламатыі часова палепшылася. У кастрычніку 1323 г. паміж Ордэнам і Гедымінам была падпісана віленская дамова аб замірэнні. Праўда, Ордэн не збіраўся доўга трымацца гэтага пагаднення.
    У мэтах супольнай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна Гедымін пайшоў на збліжэнне з Польшчай. У 1325 г. іх саюз быў замацаваны шлюбам Казіміра, сына польскага караля Уладыслава Лакетка (1320—1333), з Гедымінавай дачкой Альдонай—Ганнай. Найбольш значнай супольнай акцыяй саюзнікаў стаў паход іх злучаных сілаў на Брандэнбург у 1326 г., у якім вызначыўся «асабліва блізкі сябра» Гедыміна гарадзенскі стараста Давыд. Кіруючы Гарадзенскай зямлёй на правах лена, ён доўгі час паспяхова бараніў ад крыжаносцаў усё Беларускае Панямонне.