Нарыс гісторыі Беларусі
Генадзь Сагановіч
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 412с.
Мінск 2001
Калі князі і баяры складалі верхнюю страту грамадства, то на процілеглым полюсе яго сацыяльнай структуры знаходзіліся сяляне.
44
II. Першыя дзяржавы Беларусі
Абсалютная большасць насельніцтва жыла ў вёсцы і займалася сельскай гаспадаркай, якая складала аснову эканомікі. Апрача земляробства, у якім ужо выкарыстоўваўся двух і трохпольны севазварот, сельскі люд займаўся жывёлагадоўляй і промысламі. Асноўнай вытворчай адзінкай лічылася гаспадарка адной сялянскай сям’і — дым, ці рала. Сельскае насельніцтва было арганізавана ў абшчыны («міры», «верві») — тэрытарыяльныя аб’яднанні сялянскіх сямей. Яно складалася з свабодных і залежных ад землеўладальніка людзей. Вольныя жыхары сёл зваліся смердамі, катэгорыю ж нявольных (або чэлядзі) складалі халопы (рабы, якімі станавіліся палонныя) і закупы (сяляне, якія трапілі ў залежнасць праз даўгі). Пачыналася феадалізацыя грамадства, паглыблялася маёмаснае расслаенне, і ўсё больш свабодных абшчыннікаў пераходзіла ў стан залежных. У XII ст. з’явіліся вотчыны і памесныя землеўладанні, але яны былі яшчэ рэдкімі выспамі ў моры свабоднага сялянскага землекарыстання.
Станаўленне дзяржаўнасці на Русі было цесна звязана з горадам — апорай новай сацыяльнай арганізацыі. Гарады як пасяленні новага тыпу пачалі ўзнікаць на Русі яшчэ ў IX—X ст. Адной з прадпасылак іх з’яўлення лічыцца паспяховае развіццё земляробства, што дазволіла частцы людзей пакінуць сельскую гаспадарку і займацца толькі рамяством ды гандлем. Археолагамі заўважана, што большасць гарадоў на тэрыторыі Беларусі ўтварыліся ў выніку славянскай каланізацыі. Яны паўставалі на новых месцах, незалежна ад старых племянных цэнтраў. Аднак шляхі іх узнікнення маглі быць розныя. Калі Полацк ды Тураў утварыліся на месцы старажытных племянных цэнтраў, то такія гарады, як Менск, Заслаўе, Наваградак, Горадня, Браслаў і інш. з’явіліся ў якасці памежных крэпасцяў і фарпостаў каланізацыі, некаторыя ж паўставалі як княскія рэзідэнцьгі і адміністрацыйныя цэнтры.
Першым горадам Беларусі летапісы пад 862 г. называюць Полацк. У паведамленнях за X ст. упершыню згадваецца Тураў (980 г.), Ізяслаўль і Віцебск, а летапісныя звесткі за XI ст. дадаюць да іх 12 новых назваў. Ha XII ст. крыніцы называюць яшчэ 18 гарадоў. Усяго да сярэдзіны XIII ст. на тэрыторыі Беларусі летапісы згадваюць 35 гарадоў. Праўда, не ўсе яны з’яўляліся гарадамі ў навуковым сэнсе, частка з іх, відаць, была проста абгароджанымі пасяленнямі (сам тэрмін «горад» ад слова «гарадзіць», «абгароджваць»), I далёка не кожны з летапісных гарадоў ператварыўся ў асяродак рамяства і
11.4. Улада і людзі
45
гандлю. Невыпадкова некаторыя з іх дасюль не лакалізаваны археолагамі.
На раннім этапе горад уяўляў сабой закрытае ўмацаванне, у якім жылі князь (ці яго васал) з дружынай ды рамеснікі і гандляры. Потым, па меры развіцця, за сценамі горада вырастала новае, неўмацаванае пасяленне, званае пасадам (цэнтральная ўмацаваная частка называлася дзядзінцам). Пасады, на якіх жыў вольны рамесны люд, з’яўляліся ў асноўным у XII ст., калі сталі бурна развівацца рамёствы.
Найбольшым горадам у межах Беларусі быў Полацк, колькасць жыхароў якога ў XII ст. магла сягаць 10 тыс. (для параўнання: у Кіеве — 50 тыс., у Ноўгарадзе — ад 20 да 30 тыс.). Насельніцтва іншых налічвала па некалькі тысяч. У скандынаўскіх сагах і саксонскіх легендах Полацк фігураваў побач з Кіевам і Ноўгарадам як трэці цэнтр Русі. Злучаны наўпростымі і непасрэднымі сувязямі з Візантыйскай імперыяй, краінамі лацінскай Еўропы і мусульманскага Усходу, Полацк стаў сапраўды найбуйнейшым рамеснагандлёвым і культурным цэнтрам. Сярод найбольшых гарадоў тагачаснай Беларусі былі таксама Тураў і Віцебск, потым Пінск, Берасце, Слуцк, Наваградак.
Старажытнае Берасце. Рэканструкцыя П. Лысенкі.
Апошні, размешчаны ўбаку ад магістральных шляхоў, на балтаславянскім памежжы, літаральна здзівіў археолагаў багаццем знаходак. Раскопкі паказалі, што ў XII—XIII ст. ён быў адным з найбагацейшых гарадоў рэгіёна, з цэлым кварталам ювеліраў і залатароў, аб’яднаных у прафесійную арганізацыю — «братчыну», што ён актыўна гандляваў з замежнымі краінамі. Дарэчы, даследчыкі Наваградка прыкмецілі цікавую асаблівасць: забудова ў ім блізкая да планіроўкі заходнееўрапейскіх гарадоў.
Разгалінаваная сістэма рэк спрыяла развіццю гандлёвых зносін не толькі паміж гарадамі і акругамі краю. Як высветлілі
46
II. Першыя дзяржавы. Беларусі
археолагі, купцы прыязджалі сюды з таварамі з самых далёкіх земляў. У прыватнасці, з Кіева прывозіліся прадметы хрысціянскага культу, шкляныя бранзалеты, з Валыні — шыферныя праслачкі, з Візантыі — амфары, з Каўказа — самшыт, з мусульманскага Ўсходу — фаянсавы посуд, а з краінаў лацінскага Захаду — найперш вырабы з каляровых металаў. Сярод рэчаў, знойдзеных у Беларусі — бронзавы кубак з Самбіі, саксонскі бронзавы рукамыйнік, залаты пярсцёнак з лацінамоўным надпісам, скандынаўская зброя і інш. 3 Беларусі ж вывозіліся каштоўныя футры (собаль, куніца, вавёрка), мёд, воск, смала, лён ды іншая сыравіна.
Жылая забудова на Менскім замку XIIIcm. Рэканструкцыя П. Русава.
Сістэма кіраваня ў гарадах Беларусі была падобная да візантыйскага ўзору. Цэнтральную ўладу ў іх увасаблялі княскія намеснікі, званыя пасаднікамі. Князь жа прызначаў цівуноў, якія судзілі, ключнікаў, мытнікаў. Аднак апрача манаршай у горадзе існавала іншая галіна ўлады — веча як сход усяго вольнага насельніцтва. Калі князь абапіраўся на дружыну, то за вечам стаяла ваенная арганізацыя горада — «воі». Паміж імі складвалася пэўная раўнавага сілаў. Князь залежаў ад веча праўна і фінансава, кантраляваўся ім, а веча само было маладзеяздольным без князя.
Найбольш звестак захавалася пра дзейнасць вечавога сходу ў Полацку, дзе вечавыя традыцыі былі такія ж даўнія, як і ў Ноўгарадзе. Як заўважана ў Лаўрэнцеўскім летапісе пад 1176 г., «Новгородцн бо нзначала н Смолняне, н Кыяне, н Полочане, н вся
II. 4. Улада і людзі
47
властн якож на думу на веча сходятся». Пра полацкае веча ёсць згадкі і ў адной з ісландскіх сагаў.
Яшчэ на пачатку XI ст. полацкі князь Брачыслаў мусіў раіцца з «мужамі» — сваёй баярскай думай, каб вырашыць пытанне аб найме варагаў. 3 часам жа актыўным фактарам палітычнага жыцця сталі «людзі» — гараджане, іх веча. Пра гэта сведчыць шмат летапісных запісаў. Так, у 1132 г. палачане прагналі пастаўленага Кіевам князя Святаполка. У1151 г. жыхары Полацка здалі свайго князя Рагвалода ў Менск яго суперніку Расціславу Глебавічу, а апошняга запрасілі да сябе на княжанне. Праз сем гадоў жыхары Друцка выгналі свайго князя Глеба Расціславіча, а з Полацка разгневаныя гараджане, сабраўшы веча, прымусілі ўцячы князя Расціслава Глебавіча. Абапіраючыся на свае ўзброеныя сілы, веча кантралявала дзейнасць князёў. Невыпадкова, калі ў 1161 г. войска полацкага князя Рагвалода аказалася разбітым, то ён, баючыся адказнасці перад вечам, не адважыўся вяртацца ў Полацк. У крытычныя дні 1186 г., калі ў Полацкую зямлю ўварвалася войска суседніх княстваў, полацкае веча ўзяло адказнасць на сябе і вырашыла праблему шляхам перамоваў.
Падзеі XII ст., калі абшчыны гарадоў Полаччыны па сваім рашэнні шматразова мянялі князёў, паказваюць сапраўды важную ролю веча ў іх жыцці. Пры гэтым рашэннямі, прынятымі полацкім вечам, кіраваліся ўсе гарады зямлі. «Што старэйшыя пастановяць, на тым і прыгарады іх стануць», — зазначана летапісцам. Падобна, што ў тыя гады ў Полацку баланс дзвюх асноўных уладаў зрушыўся на карысць веча, і сходу гараджан належала больш улады, чым князю.
Да вечавых традыцый, спасылаючыся на прыклады Полацка, апелявалі летапісцы і праз некалькі стагоддзяў. У прыватнасці, аўтары Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага, a таксама Летапісу Рачынскага зазначылі, што «мужы Палачане... вечам справавалі, як Вялікі Ноўгарад і Пскоў». А невядомы аўтар беларускалітоўскага летапісу XVI ст. у апісанне падзей другой паловы XIII ст. унёс устаўку «0 Полацкой Венецнн, або свободностн», у якой сцвярджае, што «держалн на тот час землю русскую самн меіцане полоцкне», без князёў «волно пановалн собе н жадной зверхностн над собою не нмелн». 3за недахопу звестак немагчыма вызначыць, наколькі працяглым быў перыяд самакіравання Полацка без князя. Выглядае, аднак, што ў XIII ст. Полацкае княства
48
II. Першыя дзяржавы Беларусі
эвалюцыянавала ад раннесярэднявечнай манархіі да арыстакратычнай рэспублікі. Такім чынам, яшчэ ў дамагдэбургскія часы самакіраванне мела ў беларускім горадзе сваю традыцыю.
І І.5. Хрысціянізацыя і развіццё культуры
3 усталяваннем раннесярэднявечных дзяржаў ва Ўсходняй Еўропе было звязана ўвядзенне монатэістычнай рэлігіі. Хрысціянства дазваляла манархам абвясціць сваю ўладу свяшчэннай і аб’яднаць падданых агульным веравызнаннем. На момант першай летапіснай згадкі Полацка большая частка Еўропы была ўжо хрысціянскай. Славянскія народы цягам X ст. адзін за адным прымалі хрысціянства як дзяржаўную рэлігію. Яшчэ каля 800 г. былі ахрышчаны маравы, у 964 новая рэлігія ўведзена ў Балгарыі, у 966 г. — у Польшчы, у 973 г. — у Чэхіі. Паза межамі хрысціянскага свету заставаліся толькі Скандынавія, Ісландыя, Фінляндыя, Прусія, Літва і Русь.
Першапачаткова пазнаць вучэнне Хрыста ўсходнія славяне маглі вельмі рана. Пэўна, яны сутыкнуліся з ім яшчэ ў VII ст., пад час паходаў у землі Візантыйскай імперыі. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ўжо кіеўскія конунгі Аскольд і Дзір былі хрысціянамі. У IX ст. хрысціянства павольна распаўсюджвалася ў асяроддзі варажскіх і славянскіх дружыннікаў, якія мелі непасрэдны кантакт з хрысціянскім светам. Дакументальна засведчана, што яшчэ ў 867 г. русіны прынялі з Візантыі епіскапа, а потым і архіепіскапа, аднак першая царкоўная арганізацыя загінула пад хвалямі паганства. Дагавор, заключаны ў 944 г. князем Ігарам з Візантыяй, быў падпісаны як воінаміязычнікамі, так і хрысціянамі, а княгіня Вольга сама ахрысцілася ў візантыйскай сталіцы і, згодна з некаторымі сведчаннямі, вяла перамовы аб прыняцці хрысціянства як з Рымам, так і з Канстанцінопалем. Перыяд яе княжання быў часам мірнага суіснавання паганства з новай рэлігіяй, пашыранай у прыдворнадружынным асяроддзі. Можна меркаваць, што хрысціянская супольнасць існавала ў Кіеве задоўга да Уладзіміра. Абапіраючыся на паведамленні ісландскай «Сагі пра хрышчэнне», некаторыя гісторыкі лічаць, што і ў Полацку ў канцы X ст. хрысці