Нарыс гісторыі Беларусі
Генадзь Сагановіч
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 412с.
Мінск 2001
Важныя змены ў першай палове XVII ст. адбыліся і ў беларускай архітэктуры. У горадабудаўніцтве пачаўся пераход ад сярэднявечнай радыяльнакальцавой планіроўкі да рэгулярнай з простакутнымі кварталамі, з ансамблевай забудовай гандлёвых плопгчаў. У манументальным дойлідстве дайшло да арганічнага сінтэзу італьянскіх архітэктурнамастацкіх прыёмаў і мясцовых традыцый. Пасля таго, як у Нясвіжы ў 1584—93 г. выкліканы Мікалаем Радзівілам італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні (1641—1605) стварыў першы ў Рэчы Паспалітай і другі ў свеце барочны езуіцкі касцёл паводле ўзору знакамітага храма Эль Джэзу, у ВКЛ пачала фармавацца свая школа барока.
Арыгінальныя дынамічныя ярусныя кампазіцыі, у якіх спалучаліся і рэнесансавыя, і барочныя формы, паўсталі і ў народным драўляным дойлідстве. Папіырэнне эстэтычных прынцьшаў барока на традыцыйнае будаўніцтва прывяло да з’яўлення новага тыпу храма — двухзрубнай базілікі з плоскім фасадам. Значныя змены адбыліся ў арганізацыі інтэр’ера і формы даху такіх храмаў. Захаваныя выявы драўляных цэркваў Віцебпічыны і Палесся сведчаць, што там склаліся цалкам сваеасаблівыя архітэктурныя школы. Адметныя формы ў XVII ст. набыло праваслаўнае дойлідства і на Магілёўшчыне, дзе будаваліся цэрквы барочнага тыпу. Элементы ж вялікарускай царкоўнай архітэктуры (какошнікі, цыбулепадобныя галоўкі, закамары ды інш.) былі зусім нехарактэрныя для Беларусі.
IX. Ад велічы да заняпаду
IX. 1. Дзмітрыяда і барацьба за Смаленск
Першы манарх з дынастыі Вазаў не карыстаўся папулярнасцю сярод палітычнага народа і не пакінуў пасля сябе такой памяці, як Ягайлавічы або Стэфан Баторы. Яго збліжэнне з Габсбургамі, злоўжыванне ўладай, нецярплівасць да іншаверцаў выклікалі недавер шляхты да каралеўскага двара. Амбіцыі Жыгімонта III неўзабаве ўцягнулі Рэч Паспалітую ў новыя войны. Дэтранізаваны ў 1599 г. шведскім парламентам, ён не збіраўся канчаткова губляць шведскую карону і пайшоў на сілавое вырашэнне спрэчак. Каб атрымаць падтрымку шляхты, Жыгімонт III ахвяраваў Рэчы Паспалітай землі Эстоніі, занятай шведамі, што абярнулася вайной са Швецыяй. У 1600 г. шведы ўвялі армію ў Прыбалтыку, занялі шэраг гарадоў і сталі пагражаць Рызе. У цяжкай вайне серыю перамог над імі атрымалі гетманы Крыштаф Радзівіл Пярун (1589—1603) і Ян Кароль Хадкевіч (1605—1621). Апошні 27 верасня 1605 г. бліскуча разграміў вялікую армію Карла IX пад Кірхгольмам (цяпер Саласпілс). Гэты трыумф праславіў імя гетмана на ўсю Еўропу, але радыкальных пераменаў у вайне не адбылося. Беларускалітоўскія сілы мусілі працягваць дзеянні ў надзвычай цяжкіх умовах, пры недахопе фінансаў і непапулярнасці вайны.
256
IX. Ад велічы да заняпаду
Жыгімонт IIIВаза.
Партрэт Я. Лаўруса.
Супраць палітыкі караля, абвінавачанага ў імкненні да абсалютызму, выступіла моцная апазіцыя, узначаленая гарачым каталіком кракаўскім ваяводам Мікалаем Зебжыдоўскім і лідэрам кальвіністаў падчашым літоўскім Янушам Радзівілам. Дайшло да грамадзянскай вайны паміж рэспубліканцамі і манархістамі, вядомай у гістарыяграфіі як рокаш Зебжыдоўскага (1606— 1607). Братазабойчая бітва адбылася 6 ліпеня 1607 г. пад Гузавам. 3 боку караля на правым крыле супраць Януша Радзівіла выступіў са сваім інфлянцкім войскам герой Кірхгольма гетман Ян Кароль Хад
кевіч. Ракашане ўрэшце пацярпелі і ратаваліся ўцёкамі, аднак іх паражэнне не ўмацавала ўладу манарха. У 1608 г. лідэры рокашу папрасілі прабачэння і сойм пачатку наступнага года дэклараваў амністыю ўсім ракашанам. Горкі вопыт сутыкнення крайніх пазіцый паспрыяў умацаванню аўтарытэту сойма і лагеру прыхільнікаў існавалай ураўнаважанай сістэмы ўлады (monarchia mixta). Знаўца праблемы гісторык Анджэй Каміньскі называе іх канстытуцыялістамі — у адрозненне ад прыдворных манархістаў і павятовых рэспубліканцаў, першыя з якіх імкнуліся ўмацаваць каралеўскую ўладу, а другія хацелі ўзяць пад свой кантроль і манарха, і сенат, і ўвесь сойм.
Новая вайна пачалася неяк зусім непрыкметна. Увосень 1604 г. з тэрыторыі Ўкраіны на Маскву з 3 тысячамі ахвотнікаў вырушыў як быццам цудам ацалелы царэвіч Дзмітры — сын Івана IV Васілевіча, што, як лічылася, быў забіты ў 1591 г. У карыслівых інтарэсах
IX. 1. Дзмітрыяда і барацьба за Смаленск
257
на папярэдне складзеных умовах яго падтрымалі князі Вішнявецкія ды сандамірскі ваявода Юры Мнішак, а таксама сам Жыгімонт III Ваза, які спадзяваўся шляхам умяшання ва ўнутраныя справы царства прынамсі ўключыць Маскву ў антышведскую кааліцыю. Палітычны народ Рэчы Паспалітай паставіўся да справы Самазванца адмоўна, асабліва ў Беларусіі Літве. На галоўным з’ездзе ўДзевяткавічах шляхта ВКЛ пастанавіла з Масквой ва ўсім захоўваць мір. У лагеры першага Дзмітрыя Самазванца апынуўся
Ян Кароль Хадкевіч, вялікі гетман (1605—1621).
адно невялікі аддзел дробнай шляхты з Беларусі.
Пасля раптоўнай смерці цара Барыса Гадунова (23 красавіка 1605), які рыхтаваў супраць Рэчы Паспалітай міжнародную кааліцыю, плануючы ўключыць у яе Імперыю Габсбургаў, Сямігароддзе і Малдавію, дзякуючы падтрымцы маскоўскага баярства Самазванец увайшоў у Маскву і каранаваўся ў Крамлі. Урад Рэчы Паспалітай паспрабаваў скарыстаць новую сітуацыю і заключыць ваенны саюз з Расіяй. Пасольства Аляксандра Гасеўскага прывезла цару Дзмітрыю праект «вечнага злучэння» дзвюх дзяржаў, асноўныя пункты якога паўтаралі той жа праект уніі, які прадстаўляў у
Крамлі ў 1600 г. канцлер Леў Сапега. Але ўжо праз год у Маскве выбухнула паўстанне: фальшывы Дзмітры і сотні яго наймітаў
9 3ак. 3163
258
IX. Ад велічы да заняпаду
загінулі, іншыя апынуліся ў палоне. Адносіны з Масквой зноў рэзка абвастрыліся. Шляхта беларускіх паветаў баялася маскоўскай агрэсіі як помсты за авантуру першага Самазванца. Крызіс, выкліканы паўстаннем, даў падставу гаварыць пра знешнюю небяспеку для Рэчы Паспалітай, і праўрадавыя колы выкарысталі сітуацыю для прапаганды прэвентыўнай вайны. Тады і актуалізавалася справа другога Самазванца — Андрэя Нагога, які вясной 1607 г. з’явіўся ў Шклове і абвясціў сябе новым цудам уратаваным «царом Дзмітрыем». Перайшоўшы мяжу, ён апынуўся ў Старадубе і, сабраўшы войска з авантурыстаў, таксама рушыў на Маскоўскае царства. У Вялікім Княстве яго падтрымалі менскі ваявода Ян Пац і ўсвяцкі стараста Ян Пётр Сапега, які павёў да Самазванца II аддзел нанятых шляхцічаў.
Новы царэвіч выклікаў сімпатыі шырокіх колаў у самой Расіі, ахопленай тады сялянскай вайной Івана Балотнікава. Паўстанцы, якія пацярпелі паражэнне ад арміі цара Васіля Шуйскага, спадзяваліся на дапамогу з боку Рэчы Паспалітай і накіравалі пасланца да караля. He атрымаўшы адказу з Варшавы, яны агітавалі «людзей рыцарскіх» у Мсціславе, Оршы, Менску і іншых беларускіх гарадах, заклікалі падтрымаць «цара Дзмітрыя», абяцаючы за гэта вялікую плату. Аднак беларускае рыцарства не выяўляла вялікай цікавасці да такога заробку. Згаданы Ян Сапега ў сваім дзённіку засведчыў, што вярбоўка ахвотнікаў у Беларусі была цяжкай. Да Дзмітрыя далучаліся ў асноўным аматары прыгодаў і маладыя шляхцічы з бедных сямей, якія спадзяваліся за кошт ваеннай здабычы і рыцарскіх заслугаў паправіць сваё становішча. Як зазначыў аўтар Баркулабаўскага летапісу, гэта быў «люд гулягцнй, люд свовольный». Але найболей у лагеры самазванага царэвіча сабралася самой «масквы». У пачатку 1608 г. Дзмітры II кантраляваў ужо палову Маскоўскага царства і быў ледзь спынены арміяй Шуйскага перад самай сталіцай, у вёсцы Тушын.
Маскоўскі цар папрасіў дапамогі ў Швецыі і ў сакавіку 1609 г. у Выбаргу заключыў з Карлам IX ваенны саюз, скіраваны супраць Рэчы Паспалітай. Шведскія палкі Дэлагардзі і Горна далучыліся да арміі Міхаіла СкопінаШуйскага. У тэксце дамовы цар тытулаваў сябе «князем Полацкім», што сведчыла пра планы адваявання зямель, замацаваных у складзе ВКЛ артыкуламі ЯмЗапольскага міру 1582 г. Апраўдваючыся небяспекай маскоўскашведскага альянсу,
IX. 1. Дзмітрыяда і барацьба за Смаленск
259
Аблога Смаленска. Гравюра Г.Келера. 1610г.
але больш кіруючыся асабістымі амбіцыямі, Жыгімонт III насуперак волі вальнага сойма распачаў афіцыйную вайну супраць Масквы. У стылі кулуарнай палітыкі першага Вазы рашэнне прымалася на закрытай нарадзе ў сенаце, а шляхецкім паслам засталося толькі прыняць яго да ведама. Увосень 1609 г. праз Беларусь на Смаленск кароль ужо вёў рэгулярную армію.
Аблога першакласнай смаленскай фартэцыі, у якой бараніўся вялікі гарнізон Міхаіла Шэіна, аказалася неспадзявана цяжкай і задоўжылася. I калі з Масквы на дапамогу Смаленску выйшла войска Дзмітрыя Шуйскага, дапоўненае шведскімі сіламі Горна, усё магло скончыцца трагічна. Аднак 4 ліпеня 1610 г. каронны гетман Станіслаў Жулкеўскі бліскуча разграміў гэтую армію пад Клушынам і сам рушыў на Маскву. Маскоўскае баярства звергла цара Васіля Шуйскага. Баярскі ўрад падпісаў з пераможцам папярэдняе пагадненне пра саюз Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і пра абранне царом пятнаццацігадовага каралевіча Уладыслава. Па
260
IX. Ад велічы да заняпаду
настойлівай просьбе баярства гетман увёў сваё войска ў Маскву, каб уберагчы яе ад тушынцаў. А праз год штурмам быў здабыты і вернуты ў склад ВКЛ стратэгічны Смаленск, страчаны яшчэ ў 1514 г.
Аднак у 1612 г. у Маскве выбухнула паўстанне супраць інтэрвентаў. Да сталіцы прыйшло расійскае апалчэнне на чале з ніжагародскім старастам Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім. Заціснутая ў Крамлі польская залога пасля доўгай абароны мусіла капітуляваць. Маскоўскія баяры абралі царом Міхаіла Раманава і актывізавалі ваенныя дзеянні, пераймаючы ініцыятыву.
Тым часам вялізныя падаткі і ваенныя спусташэнні давялі краіну да заняпаду. Самым цяжкім было становішча Беларусі, землі якой з’яўляліся пландармам інтэрвенцыі. Яе запаланілі купы неаплочаных жаўнераў, якія стварылі канфедэрацыі і, дамагаючыся «крывава заганараваных заслугаў», бязлітасна рабавалі насельніцтва, палілі гарады і пагражалі паходам на сталіцу. Леў Сапега яіпчэ ў 1610 г. скардзіўся, што ўзбунтаваныя жаўнеры ўвесь край «у нішто абярнулі», аднак у наступныя гады іх разбойная сваволя стала сапраўдным пракляццем. У дадатак з 1613—14 г. землі Беларусі беспакарана ваявалі палкі новага маскоўскага цара і шматтысячныя банды казакоў. Сваё ж войска, выйшаўшы з падпарадкавання дзяржаўнай уладзе, нават не спрабавала абараніць край. Востра крытыкуючы палітыку двара, паслы ад паветаў Беларусі і Літвы на вальных соймах неаднаразова патрабавалі выкрыць прозвішчы аўтараў вайны і прыцягнуць іх да адказнасці. Шляхта не жадала падтрымліваць незаконную (распачатую без згоды ўсіх станаў) вайну, але не магла і зусім адмовіцца ад падаткаў на ваенныя патрэбы, каб не пакінуць Рэч Паспалітую безабароннай і не давесці яе да згубы.