Нарыс гісторыі Беларусі
Генадзь Сагановіч
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 412с.
Мінск 2001
Аднак і Радзівіл пасля Лоева не рушыў далей на Ўкраіну, хоць гэтага зноў запатрабаваў кароль. У бітве зусім растраціліся боезапасы, а край вакол быў настолькі спустошаны, што жаўнер не мог здабыць ніякай жыўнасці. Вайну нечакана перапыніў Збораўскі мір. Згодна з яго ўмовамі, казакі мусілі пакінуць нават тыя замкі ВКЛ, у якіх яшчэ мелі свае залогі. I ўвесь наступны 1650 г. на Беларусі прайшоў без істотных ваенных сутычак. Подыхам казацкай вайны сталі летнія хваляванні сялян, але яны былі хутка ўтаймаваныя.
Рыхтуючыся да наступнага этапу вайны, украінскі гетман сканцэнтраваў вясною 1651 г. у Чарнігаве і Чарнобылі каля 50 тысячаў казакоў. Камандуючы гэтай групоўкі палкоўнік Марцін Нябаба мусіў узяць на сябе войска ВКЛ, не прапускаючы яго на Ўкраіну. Як і раней, Ян Казімір у 1651 г. зноў запатрабаваў ад Януша Радзівіла прыслаць войска ВКЛ пад камандаванне караля для дзеянняў на Ўкраіне, але гетман чарговы раз не падпарадкаваўся каралю і рыхтаваў свой марш на Кіеў.
Ваенныя дзеянні ўзнавіліся ў траўні 1651 г. наступленнем кароннай арміі на чале з Янам Казімірам. Багдан Хмяльніцкі, зноў клапоцячыся пра бяспеку паўночных межаў, выслаў супраць Радзівіла Марціна Нябабу. Сямітысячны загон казакоў на чале з Забелам рушыў на Гомель, а чатырохтысячны Шохава —
IX. 2. Казацкасялянская вайна
273
на Рослаў і Крычаў. Аднак фартуна адвярнулася ад іх. Калі Рослаў казакам хутка ўдалося заняць, дык Крычаў паспяхова адбіўся. Палкоўнік Забела марна спрабаваў здабыць Гомель, які разам з гарнізонам актыўна абаранялі мяшчане. 6 ліпеня пад Лоевам былі разгромлены галоўныя сілы на чале з палкоўнікам Марцінам Нябабам. Украіна засталася адкрытая, але Радзівіл не спяшаўся наступаць. Толькі ў канцы ліпеня 1651 г., пасля цяжкай паразы ўкраінскіх казакоў пад Берасцечкам 10 ліпеня 1651
Ян Казімір Ваза, кароль і вялікі князь (1648—1668).
г., дзе Хмяльніцкі страціў палову сваёй арміі, ён распачаў марш на Кіеў. 3 жніўня армія ВКЛ стаяла пад сценамі самага старажытнага горада Русі, а ўжо на наступны дзень увайшла ў Кіеў — без бітвы! Кіяўляне папрасілі сваіх палкоўнікаў адразу вывесці войска, каб у бітве не руйнаваць горада. ГІотым армія ВКЛ злучылася з польскай, рыхтуючыся да генеральнай бітвы з казакамі. Аднак абышлося без яе, паколькі Берасцечка карэнным чынам змяніла сітуацыю. У цяжкіх для Украіны ўмовах Хмяльніцкі мусіў пагадзіцца на'чарговае замірэнне. Белацаркоўскі трактат аб перамір’і, падпіса
ны 18 верасня 1651 г., патрабаваў вывесці ўсе казацкія фармаванні з Беларусі. Рэалізацыя гэтай умовы пакінула беларускіх сялян без арганізацыйнай ваеннай сілы, што само па сабе абумовіла супакаенне краю.
У выніку ваенных дзеянняў вялізныя абшары паўднёваўсходняй Беларусі былі спустошаныя і выпаленыя. Асабліва пацярпелі Мазырскі, Пінскі, Рэчыцкі паветы, а таксама Берасцейшчына. Зважаючы на цяжкі эканамічны стан гэтых зямель, сойм Рэчы Паспалітай яшчэ ў 1649 г. зменшыў падаткі або зусім
274
IX. Ад велічы да заняпаду
звольніў ад іх шэраг паўднёвых паветаў Беларусі. Антыфеадальная па сваёй сутнасці казацкасялянская вайна 1648—51 г. у Беларусі (хоць разам з рэгулярным войскам на баку гетмана Радзівіла супраць паўстанцаў вяло барацьбу і фармаванне мяшчан ды дробнай праваслаўнай шляхты) была складовай часткай вызваленчай вайны на Украіне. Тут яна не мела такіх дзейных сілаў, такога маштабу і дынамікі развіцця, як на Кароннай Русі, ды з’яўлялася хутчэй серыяй лакальных паўстанняў. У Беларусі не было мясцовага казацтва — арганізаванай ваеннай сілы як галоўнага суб’екта згаданай вайны. Мясцовыя паказачаныя сяляне не маглі мець ні каардынацыі дзеянняў, ні свайго арганізацыйнага цэнтра. Таму казацкасялянскую вайну 1648—1651 г. немагчыма разглядаць як самастойную з’яву беларускай гісторыі. Аднак па маштабах яна была, несумненна, самай масавай у гісторыі Беларусі адкрытай узброенай барацьбой ніжэйшых слаёў народа супраць сацыяльнага прыгнёту.
ІХ.З. Маскоўскае нашэсце
За казацкай вайной на Украіне ўважліва сачыў маскоўскі ўрад, які паступова мяняў свае адносіны да яе. Калі ў 1648 г. цар Аляксей Міхайлавіч загадваў сваім ваяводам дзейнічаць супраць казакоў, дык пасля бітвы пад Батогам, дзе казакі 2 чэрвеня 1652 г. узялі рэванш за Берасцечка і разбілі лепшыя польскія сілы, яго стаўленне да падзей на Украіне адкрыта змянілася. Цар стаў разглядаць Хмяльніцкага як саюзніка. Вайна ўкраінскіх казакоў з Каронай зацягвалася і знясільвала апошнюю, што стварала зручную сітуацыю для ўмяшання і нанясення вырашальнагаўдарупаРэчыПаспалітай.
Пачынаючы з сакавіка 1653 г. Маскоўскае царства пачало актыўна рыхтавацца да вайны. У еўрапейскіх дзяржавах закуплялася зброя, наймаліся афіцэры, вялася дыпламатычная прапаганда. Пасля Пераяслаўскай Рады, якая 8 (18) студзеня 1654 г. прыняла рашэнне пра пераход Украіны пад царскую «высокую руку», вайна Масквы з Рэччу Паспалітай стала непазбежнай.
Галоўны ўдар цар вырашыў нанесці па землях Беларусі. У траўні 1654 г. тры вялікія групоўкі ягонай арміі — з Вялікіх Лукаў, Вязьмыі Бранска— уварваліся ў межы Вялікага Княства. На дапамогу ім з поўдня ў Беларусь вырушылі высланыя Хмяльніцкім 20 тыс.
IX. 3. Маскоўскае нашэсце
275
украінскіх казакоў на чале з наказным гетманам Іванам Залатарэнкам. Разам у фармаваннях, якія ўварваліся у Беларусь, налічвалася блізу 100 тыс. чалавек.
Вялікае Княства Літоўскае зусім не падрыхтавалася да вайны. Памежныя гарады і замкі на Дзвіне і Дняпры засталіся непадпраўле
ныя, а іх залогі — непавялічаныя. Да лета 1654 г. дзяржава не мела нават вялікага гетмана, бо кароль марудзіў з прызначэннем на гэтую пасаду Януша Радзівіла. Усё войска, сабранае ўрэшце Янушам Радзівілам для абароны краю, не перавышала 10—12 тыс. Пры такой дыспрапорцыі сілаў цяжка было спадзявацца на поспех.
Маскоўскі ўрад імкнуўся выкарыстаць у вайне канфесійную праблему і нейтралізаваць або нават схіліць на свой бок праваслаўнае жыхарства Беларусі. Дзеля гэтага ў край пасылаліся царскія граматы, якія даводзілі, што
Цар Аляксей Міхайлавіч (1645—1676) перад брамай Масквы. Медзярыт другой паловы XVIIcm.
Аляксей Міхайлавіч пачынае вайну ў імя абароны «святой восточной церквн греческого закона», і заклікалі праваслаўных выступаць разам з царскім войскам супраць «проклятых ляхов». Ігумен полацкага манастыра Афінаген Крыжаноўскі стараўся запэўніць маскоўскія ўлады, што як толькі цар прыйдзе з арміяй, дык «белорусцы де, сколько нх есть, все в те поры восстанут на ляхов заодно». У некаторых месцах прапаганда такі дасягнула пэўнага поспеху, асабліва на самым пачатку вайны. Але ў цэлым цар не атрымаў ад насельніцтва Беларусі чаканай падтрымкі.
Выступіўшы насустрач галоўнай маскоўскай арміі на ўсход Беларусі, вялікі гетман Януш Радзівіл у жніўні 1654 г. выйграў першую бітву пад Шкловам, але потым быў заціснуты каля Цяцерына на Друці і разгромлены. У пакінутым без абароны краі царскія вая
276
IX. Ад велічы да заняпаду
Таварыш гусарскай харугвы. Малюнакрэканструкцыя.
воды займалі горад за горадам. За першы год вайны яны авалодалі абшарамі па Дняпро на ўсходзе і па Дзвіну — на поўначы Беларусі. Шэраг беларускіх гарадоў на пачатку вайны капітуляваў. Гэта Магілёў, Новы Быхаў, Шклоў, Крычаў, Невель, Чавусы, а таксама Полацк, у якім мужна абаранялася толькі залога замка. Некаторыя здаліся пад уплывам прапаганды Канстанціна Паклонскага — беларускага шляхціча, які перайшоў на бок цара, стварыў мясцовы казацкі полк і меў даручэнне схіляць гарады да здачы маскоўскаму войску. На рахунку Паклонскага былі капітуляцыі Магілёва, Гораў, Горак і Шклова. Аднак большасць гарадоў упарта адбівалася. Асабліва паказальнай была абарона Віцебска, якую трымала ў асноўным мяшчанства, а таксама Дуброўны, Гомеля і Смаленска. А Стары Быхаў так і застаўся няскораны. Цар жа загадваў ваяводам бязлітасна караць тыя гарады, якія не паддаюцца ім адразу — у навучанне іншым. I калі ваявода Аляксей Трубяцкой захапіў Мсціслаў штурмам, ён пабіў ці вывеў у палон амаль усіх, хто хаваўся ў замку, а горад знішчыў. Калі Дуброўна пачала абараняцца, a потым, не маючы падмогі, капітулявала, — усіх яе жыха
роў забралі ў няволю, горад спалілі, нават валы скапалі.
Зімою 1654/55 г. Януш Радзівіл паспрабаваў вярнуць страчаныя землі і арганізаваў контрнаступ. Харугвы Вялікага Княства вызвалілі некалькі гарадоў у Падняпроўі, аднак галоўнай дняпроўскай ттвярдыняй Магілёвам так і не авалодалі. Вясной жа пачаўся другі паход царскіх ваяводаў. He маючы іншай магчымасці ўратаваць Вял
IX. 3. Маскоўскае нашэсце
211
ікае Княства, вялікі гетман разам з стрыечным братам Багуславам Радзівілам звязаўся з каралём Швецыі Карлам X Густавам (1654— 1660) і папрасіў яго пратэкцыі. Першае пагадненне аб шведскай апецы было заключана ў жніўні, але яго ўмовы не задаволілі большасць паноў і шляхты. Тады з удзелам шведскага генерала Габрыэля Магнуса Дэлагардзі ў Кейданах быў падрыхтаваны новы праект пагаднення, якое дэкларавала ўступленне ВКЛ у раўнапраўную унію са Швецыяй і прызнанне шведскага караля вялікім князем літоўскім. У кастрычніку акт Кейданскай уніі, які фактычна разрываў Люблінскую унію з Каронай, падпісала больш за тысячу чалавек, аднак большасць шляхты і войска ВКЛ захавалі вернасць каралю Яну Казіміру.
Тым часам маскоўскае войска і ўкраінскія казакі 3 ліпеня 1655 г. занялі Менск і рушылі проста на Вільню. 8 жніўня амаль безабаронная сталіца дзяржавы была захопленая, абрабаваная і выпаленая. Толькі ўвосень, пасля спусташальнага рэйду Залатарэнкі і Трубяцкога цераз Беларускае Панямонне, ваенныя дзеянні прыпыніліся. Аляксей Міхайлавіч планаваў яшчэ павесці войска з Вільні на Варшаву, але ў Карону ўжо ўступілі шведы, якія ў чэрвені таго ж года пачалі вайну супраць Яна Казіміра Вазы.
Так амаль уся тэрыторыя Беларусі (за выняткам раёнаў Палесся, Берасцейшчыны і Панямоння) ужо на другі год вайны апынулася пад акупацыяй. На занятай тэрыторыі непакорнымі заставаліся некалькі фартэцый, у прыватнасці, Слуцк, Ляхавічы, Стары Быхаў. Увосень 1655 г. 20тысячная армія Трубяцкога зацята штурмавала слуцкую цвержу, потым яе спрабавалі здабыць казакі Залатарэнкі — і марна! Гарадскія сцены аднолькава мужна і суладна баранілі праваслаўныя і уніяты, іудзеі і пратэстанты. Такое адзінства жыхароў Беларусі незалежна ад іх этнічнага паходжання і канфесійнай прыналежнасці, прадэманстраванае ў той вайне (прыклады Віцебска, Дуброўны, Слуцка, Старога Быхава), было супольнай абаронай сваёй дзяржавы і выявіла грамадзянскасць нашых далёкіх продкаў.