Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Пазней да біблейскіх матываў апелююць пісьменнікі беларускай эміграцыі. Дарэчы, і ў іх біблейскія рэмінісцэнцыі нярэдка суправаджаюцца матывамі ўваскрэсення, абнаўлення, ажывання, як, у прыватнасці, у вершы «Хрыстосаў лёс» Алеся Салаўя:
Знёс мукаў шмат мой край каханы,— сцяў і яго Хрыстосаў лёс: яму хоць цяжка, хоць балесне, ён будзе жыць, ён уваскрэсне! (34, 516).
Значна радзей, па вядомых прычынах, да Бібліі звярталіся мастакі слова ў самой Беларусі, тым не менш прысутнасць Кнігі кніг дае аб сабе знаць і ў іх этыка-эстэтычных сістэмах (напрыклад, у творах В. Быкава). Што да беларускай літаратуры апошніх двух дзесяцігоддзяў, то лягчэй, напэўна, назваць тых пісьменнікаў, якія не звярталіся да адвечных праблем Бога і чалавека, веры і бязвер’я, да сімволікі Хрыста, апосталаў, спакушэння, уваскрэсення, крыжовага шляху, Галгофы і г. д. Уражанне такое, што мастак на працягу доўгага часу пакутаваў без выратавальнай духоўнай вільгаці і цяпер спяшаецца наталіць смагу. Вось імёны толькі некаторых творцаў: I. Багдановіч, Р. Барадулін, Д. Бічэль-Загнетава,
Т. Бондар, Г. Булыка, А. Вольскі, А. Мінкін, А. Разанаў, Л. Рублеўская, Г. Тварановіч, В. Шніп, М. Скобла, А. Сыс... Назавём некаторыя творы гэтых і іншых аўтараў: верш Л. Галубовіча «Хрыстос», апавяданне I. Жарнасек «Гадара», паэтычныя цыклы Р. Барадуліна «Сэрца стане Віфліемам...» і «Псалмы Давідавы», А. Вольскага «Гасподзь ідзе ў Ерусалім....... Спіс можна доўжыць і доўжыць.
Асаблівае месца ў беларускай літаратуры займае адно з самых шырокаахопных і, без перабольшання, адно з самых значных асэнсаванняў біблейскага матэрыялу — раман Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (завершаны ў 1966 г.). Відавочна, у складанай мастацкай сістэме рамана, насычанага цытатамі і эпіграфамі, алюзіямі і рэмінісцэнцыямі, што адсылаюць да твораў розных эпох і народаў і, падвышаючы агульны філасофска-этычны і эстэтычны патэнцыял кнігі, вымагаюць ад чытача інтэнсіфікацыі яго асацыятыўных здольнасцей, біблейская канстанта з’яўляецца стрыжнявой; выконваючы сюжэтаі структурастваральную функцыю, яна адыгрывае не меншую ролю і ў гісторыясофскай парадыгме рамана, у стварэнні яго канцэптуальнай прасторы. Задзейнічаны, знітаваны ў рамане розныя біблейскія матывы і вобразы з ліку самых істотных, першасных, аднак і паасобныя дэталі не выпушчаны з-пад увагі. Пры гэтым аналогіі з біблейскім матэрыялам, алюзіі на яго знарок аголены, дэклараваны — і праз назву твора ў цэлым, і праз назвы асобных раздзелаў, і праз эпіграфы, і праз сістэму персанажаў, (бадай, большасць з якіх, галоўных і эпізадычных, маюць біблейскіх прататыпаў), і праз падзейны ланцуг (ці не кожнае звяно ў якім «рыфмуецца» з біблейскім сюжэтам), і праз топіку paMana, бо сама Гародня нагадвае біблейскія Садом і Гамору. Нарэшце, жанрава-стылявая поліфанія кнігі У. Караткевіча выклікае асацыяцыі з архітэктонікай, атмасферай Бібліі — адначасова хаатычнай і гарманічна-касмічнай. Па глыбіні пранікнення ў біблейскі свет раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» знаўцы ставяць у адзін шэраг з лепшымі творамі сусветнай літаратуры, такімі, як «Евангелле ад Іуды» поль-
скага пісьменніка Г. Панаса, «Евангелле ад Марка» ды іншыя вялікага аргенцінца X. Л. Борхеса, «I стаў той камень Хрыстом» венесуэльца М. Атэра Сільвы. «Гэтыя творы маюць своеасаблівы экзегетычны характар і ў сукупнасці складаюць свецкую гісторыю жыцця і ўчынкаў Ісуса Хрыста, дэманструюць нетрадыцыйнае ўспрыманне вобраза Месіі ў розныя культурна-гістарычныя эпохі ў розных нацыянальных кантэкстах» (19, 130) — справядліва заўважае А. Я. Нямцу, які ўключае ў гэту сукупнасць мастацкіх асэнсаванняў біблейскага матэрыялу і раман беларускага пісьменніка.
Сусветная літаратурная традыцыя ператварала цэлыя біблейскія сюжэты, асобныя матывы, вобразы як паплечнікаў і прыхільнікаў Ісуса, так і яго ворагаў; як тых, хто стаяў ля вытокаў яго лёсу, так і мноства сустрэтых ім падчас зямных вандраванняў, у радасных і трагічных абставінах. Ператварала, вядома, і вобраз самога Хрыста, гэты, паводле вызначэння A. К. Горскага (вучня вядомага багаслова Паўла Фларэнскага), «вобраз вобразаў». Але далёка не ўсе пісьменнікі, што далучыліся да мастацкай рэінкарнацыі біблейскіх персанажаў, асмельваліся прапанаваць чытачу сваю больш ці менш аддаленую ад канона версію Хрыста. Яго вобраз адсутнічае ў мастацкіх інтэрпрэтацыях біблейскіх матываў і вобразаў Г. Флабера і А. Франса, О. Уайльда і іншых, у сувязі з чым А. Мень заўважыў: «Здаецца, быццам майстры слова збянтэжана кружаць вакол галоўнай загадкі, вакол галоўнай Асобы, не рызыкуючы перасячы мяжу, якая ад яго аддзяляе...» (18, 242).
Многія і многія, аднак, рызыкавалі. «Але якія б ні былі нечаканасці, што рыхтуе нам будучае,— пісаў Э. Рэнан,— Ісуса ніхто не пераўзыдзе. Культ яго будзе вечна абнаўляцца; легенда яго будзе вечна выклікаць слёзы; яго пакутамі будуць мучыцца лепшыя сэрцы; і ва ўсе часы ўсе будуць весціць, што сярод сыноў чалавечых ніколі не нараджалася больш вялікага, чым Ісус» (25, 985).
«Ен нам пакінуў дзіўны круг метафар...» (5, 148) — канстатаваў X. Л. Борхес, а другі лацінаамерыканец, Жазэ CapaMary, які будзе ператвараць біблейскія сюжэты на працягу
ўсёй літаратурнай дзейнасці, у рамане «Евангелле ад Ісуса» заўважыць: «Есць у жыцці такія імгненні, якія варта запомніць, зберагчы і ахаваць ад часу... важна, каб той, хто пражыў і перажыў гэтыя імгненні, змог бы назаўсёды перадаць іх сваім нашчадкам, а тыя ўбачылі б іх сваімі вачыма, падобна да таго як мы, у нашы дні, прыйшлі ў Ерусалім, каб перад нашымі, класнымі нашымі вачыма паўстаў гэты хлопчык, Ісус, сын Іосіфа, гэтае дзіця, што хуталася ў куртатую коўдрачку, глядзела на будынкі свяшчэннага горада і ўслаўляла Госпада Бога... Было гэта, не было, так было ці не так. Было, скажам мы, усё так і было» (29, 6). Значна раней нешта вельмі блізкае па асабістасці ўспрымання Хрыста напісаў беларускі паэт Уладзімір Жылка ў сваім «Дзённіку»: «Толькі дужыя, здаровыя ходзяць без кія, а слабому трэ падперціся, трэба дапамога. Мо таму я так упарта шукаю падпоркі... Хрыста, светлага Ісуса я заўсёды любіў. Знаю Яго боскасць (хоць Богам Ён мог і не быць) і знаю Яго чалавечнасць. Знаю Яго магутнасць, калі забараняў мору хвалявацца, але знаю і Яго малітву слабасці «Хай міма пройдзе келіх гэты» ў садзе. Бачу Яго ўладаром, як едзе ў Іерусалім, і паніжанага, зняважанага воямі. Люблю Яго, як моладасць сваю, як казку, як легенду, як лёгкі сон, як летуценне, але люблю і як сімвал мае трагедыі, люблю Яго за вялікі трагізм, за мукі Яго, за раны, за крыж Яго... Я не ведаю нічога болей харошага, вялікага, як неўміручы (ляпей сказаць) памершы і ўваскросшы Хрыстос» (12, 156).
Кімсьці дасціпна заўважана, што характарыстыка іншага заўсёды ёсць і самахарактарыстыка. Але ж і «прачытанне» іншай эпохі, іншай культуры таксама ёсць самапрачытанне, бо індывідуальнасць, эрудыцыя, часава-гістарычная і нацыянальная прыналежнасць прыўносяць у прадмет асэнсавання кожны раз сваё, непаўторнае. Меў рацыю Т. С. Эліот, паводле якога ў кожнай эпохі свой Гамер, свой Шэкспір, свой Дантэ... I свая Біблія, маем мы ўсе падставы дадаць да Эліота. У гэтым сэнсе Біблія — пры ўсёй паўтаральнасці яе рэцэпцый — кожны раз уяўляе сабой сапраўды іншы Косма-Псіха-Логас.
Можа, яна тым і магутная, што розныя народы ў розных пакаленнях бачаць у ёй свае — агульныя і прыватныя — жыццёвыя перыпетыі, набыткі і страты. Гэта цалкам дастасуецца да яе «галоўнай Асобы» — Хрыста, у лёсе якога кожны пазнае свой крыжовы шлях і сваю Галгофу. «Есць нешта кранальнае ў імкненні ўсіх і кожнага падысці да Ісуса Хрыста з боку сваёй асобы і сваіх інтарэсаў, знайсці ў ім самога сябе ці атрымаць бы нейкую долю ў ім» (8; 5, 40),— пісаў, напрыклад, аўтар вядомага цыкла лекцый «Сутнасць хрысціянства» (1901) А. Гарнак. Зразумела, і кожны мастак слова «рэканструюе» ў гісторыі Хрыста нешта адпаведнае сваёй задуме і мэце. Можна ўгледзець у Хрысце, як Ф. Ніцшэ, узорнага дэкадэнта, а можна, як гэта рабілі шматлікія белетрысты, ад К. Вентурыні да А. Барбюса, не толькі паставіць яго на чале народнага паўстання, але і зрабіць атэістам.
Аднак пры ўсёй шматлікасці і своеасаблівасці канкрэтных мастацкіх рашэнняў вобраза Хрыста ўсе яны ляжаць у рэчышчы дзвюх асноўных тэндэнцый, аб якіх ужо ішла гаворка вышэй,— сакральнай ці секулярызаванай, што адаптуе біблейскі міф да жыццёвай гісторыі звычайнага чалавека. Але і болыпасць тых аўтараў, што працавалі ў рэчышчы першай тэндэнцыі, бачылі ў Хрысце найперш чалавека ці менавіта чалавека. Зрэшты, як ні парадаксальна, да пэўнай дэсакралізацыі Хрыста і яго гісторыі схіляе сама Біблія, дзе, кажучы словамі героя рамана Б. Пастарнака «Доктар Жывага» — прафесара Мікалая Мікалаевіча Ведзяняпіна, Ісус «падкрэслена чалавечы, знарок правінцыйны», «гаворыць прыпавесцямі з побыту, тлумачачы ісціну святлом паўсядзённасці», ён — «чалавек-цясляр, чалавек-араты, чалавек-пастух... чалавек, што ні кропелькі не гучыць горда»; з яго, Ісуса Хрыста, «і пачаўся чалавек» (22, 57-58).
Болып таго, у Бібліі ў пэўным сэнсе прадугледжана нават магчымасць будучых «прышэсцяў» і «сашэсцяў» шматлікіх ілжэісусаў; напрыклад, у Евангеллі ад Мацвея сказана: «Бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: «я Хрыстос», і многіх спакусяць» (Мц. 24, 5). Як вядома, і У. Караткевіч
быў падахвочаны да напісання рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» змешчанай у «Хроніцы Белай Русі» Мацея Стрыйкоўскага згадкай пра з’яўленне на Гродзеншчыне пры каралі Жыгімонце I самазванца, што «собе пріпісаў і прівлашчаў» Хрыстова імя,— «шалбера па імю Якуб Мялшцінскі». Агіроч таго, на гэтай жа старонцы У. Караткевіч канстатуе: «Месіі ў той час раслі як грыбы» (15; 6, 235).
Як ужо падкрэслівалася, у святле нашай тэмы заслугоўваюць увагі меркаванні тых, хто ў Хрысце прызнаваў менавіта чалавека і чалавечую сутнасць Хрыста акцэнтаваў у сваіх працах. Аўтар «Жыцця Ісуса» Д. Штраус у «Прадмове да першага і другога выдання» працы сцвярджаў: «Толькі тады, калі ўсе прызнаюць, што ў хрысціянскай веры чалавецтва толькі ўсвядоміла сябе глыбей, чым у былыя часы, што Ісус — толькі чалавек, у якім гэтае паглыбленае самаўсведамленне ўпершыню ператварылася ў сілу, вызначыла яго жыццё і сутнасць, што вызваленне ад грахоў набываецца засваеннем такога ладу думак і ўспрыняццем яго ва ўласную плоць і кроў, толькі тады хрысціянскае вучэнне будзе сапраўды разумецца па-хрысціянску» (37, 16-17).