Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Галетнік беспрытульны ты і ўбогі, як камень без гнязда, без месца ты, як пракажоны йдзеш наўзбоч дарогі з трашчоткаю, мінаеш гарады... (28, 18).
Ужо ў самым пачатку, нібы прадчуваючы свой лёс, Братчык прамовіць перад «сінедрыёнам»: «Вольныя мы з’явіцца
ў гэтым свеце і ў гэты час, але не вольныя выскачыць з іх. Кожнага кліча ўсвой час зямля» (15; 6, 92). I пазней: «Нашто гэта ўсё, калі ўсё адно незваротна закінуты ў жыццё, на ледзяную самоту... Гэта толькі кажуць, што «нарадзіўся», што «прыйшоў не ў свой век». Куды прыйшоў — там і застанешся. А каб перанёсся ў другі — і там іншае, і там будзеш чужы...» (15; 6, 138). Тут экзістэнцыялізму, здаецца, болып, чым у саміх экзістэнцыялістаў. Такая сентэнцыя цалкам магла б прагучаць з вуснаў персанажаў А. Камю ці Ж. П. Сартра. Міжволі згадваецца ці не самая эмблематычная з усіх экзістэнцыялісцкіх мастацкіх постацей, Мерсо,— галоўны герой рамана А. Камю «Чужаніца» з яго славутымі разважаннямі: «Што ж, значыць, я памру. Раней за іншых, што само сабой зразумела. Але ні для каго не сакрэт, што жыццё зусім не вартае таго, каб за яго чапляцца. Па сутнасці, вялікай розніцы няма, калі ты памрэш — у трыццаць гадоў ці ў семдзесят,— усё роўна пасля цябе застануцца жыць іншыя людзі, бо так яно заўсёды было і будзе яшчэ не адну тысячу год... I калі б ты ні памёр, цяпер ці праз дваццаць гадоў, паміраць усё роўна давядзецца самому, замест цябе гэтага ніхто не зробіць» (14, 99). На наш погляд, матыў адзіноты актуалізуецца менавіта ў XX ст., калі чалавечыя масы свядома нівеліраваліся, асабліва часта і з незваротнымі трагічнымі наступствамі падвяргаліся маніпуліраванню. Пры гэтым Братчык, звернем увагу, адзінокі сярод таварышаў не толькі духоўна, але і ў асабістых, чалавечых адносінах, бо пэўны час сапраўдная мэта яго вандраванняў «апосталам» невядома.
Сярод іншых Братчык вылучаецца эстэтычным адчуваннем свету, найперш прыроды, што ўжо само па сабе выклікала падазронасць, бо гэта не было характэрным для сярэднявечнага чалавека. «Дастаслаўны сінедрыён» не можа нават уцяміць, чаму такім незразумелым і незвычайным чынам Братчык апісвае бераг Бяздоннага возера пад Слонімам: «Возера было ўсё празрыста-чырвонае, гладкае, як люстра. I лясы вакол яго былі таксама зялёна-аранжавыя» (15; 6, 102). Высвятляецца, што ў Братчыку жыве мара не аб вайне-«малацьбе», а аб спакоі і міры з вясёлымі людзьмі ды спевамі
арфы, жыве мажлівае толькі ў творчай асобе ўспрыманне зямлі беларускай як «скажонага, перакручанага, няўмелага чарнавога малюнка чагосьці сапраўднага» (15; 6, 577), што яшчэ толькі чакае свайго мастака, які б давёў гэты накід да дасканаласці. I ў Каложы, і ў фарным касцёле, у вежах і храмах Гародні Братчык бачыць найперш увасабленне чалавечага духу, таленту і майстэрства.
Філосаф па прыродзе, ён, нягледзячы на здрады і расчараванні, ускладае вялікія надзеі на чалавечае ў чалавеку, прыніжаным неймаверным цяжарам штодзённага існавання: «Гэтыя лахманы, падобныя на абрыдлівы брудны кокан. Якія матылі хаваюцца ў вас?» (15; 6, 310). Ён перакананы, што «і ў самых цёмных душах неўсвядомлена жыве справядлівасць» (15; 6, 100)', яму «прыемна, калі адзін мужна трымаецца супраць многіх» (15; 6, 100)-, яго не пакідае пакутлівая думка аб жахлівай неўладкаванасці, неўпарадкаванасці свету: «1 што гэта за свет, дзе адны выгнаннікі чагосьці вартыя?» (15; 6, 102).
Што ў такім разе ёсць матыў шляху, пройдзенага Братчыкам? Відавочна, мы маем справу не толькі з сюжэтастваральным элементам твора, не толькі з сімвалам пакутніцкага шляху Хрыста, але яшчэ і з увасабленнем біблейскага часу як паступальнага (што зафіксавана, у прыватнасці, у біблейскім «Устань і ідзі») — у адрозненне ад часу антычнага, уяўленне аб якім укладвалася ў парадыгму замкнёнасці. Шлях Братчыка — гэта рух, развіццё, пошук у шырокім сэнсе слова, разбурэнне святынь з наступным іх паступовым здабываннем. Раман кампазіцыйна арганізаваны такім чынам, што ўсёй сваёй суладнасцю адпавядае станаўленню галоўнага героя, трансгрэсіі яго «гульні» ў Хрыста ў прынцып жыцця паводле Хрыста. Акрамя змагання з прыгнятальнікамі і захопнікамі адбываецца і іншае змаганне — з сабою, у сабе, насуперак сабе, але і дзеля сябе, змаганне душэўна-духоўнае. Найперш, як сказана было блажэнным Аўгусцінам, «намаганне павінна быць унутры сябе», тады і апірышча знойдзецца. I знаходзіцца. «Хрыстос па душы басанож прайшоў»,— мог бы сказаць пра сябе
Юрась Братчык словамі героя іншага рамана У. Караткевіча, князя Загорскага з «Каласоў пад сярпом тваім».
«Мужыцкі Хрыстос», Братчык, на працягу ўсяго цярністага шляху робіць выбар, адпаведны менавіта Боскай задуме. Узгадваецца М. Розен з Румыніі, які ва «Уроках Бібліі» звяртае ўвагу на тое, што Бог у працэсе тварэння прыходзіў у захапленне ад кожнай новай істоты, і толькі стварыўшы чалавека, Бог не стаў захапляцца, бо ад самага пачатку чалавек быў абяцаннем не толькі дабра, але і зла: «Творца — безумоўны валадар сусвету, і толькі адно-адзінае вывеў ён за межы сваёй усёмагутнасці: свабодную волю чалавека, яго здольнасць і права выбіраць паміж дабром і злом» (27, 221). М. Розен цытуе біблейскае: «...і валадарце над рыбамі марскімі (і над звярамі), і над птушкамі нябеснымі (і над усякаю скацінай, і над усёю зямлёю), і над усякай жывёлай, што поўзае па зямлі» (27, 221-222). I пры гэтым звяртае ўвагу, што дзеяслоў, які звычайна перакладаецца з мовы арыгінала як «валадарыць, правіць», мае, аднак, і іншае значэнне — «апускацца». Ад чалавека, такім чынам, залежыць, «царстваваць яму і дапамагаць Богу ці апускацца, прыніжаць сябе да жывёльнага, быдлячага, жорсткага, звярынага» (27, 222).
Важнае значэнне ў мастацкай сістэме рамана набывае матыў пасеву, сяўбы, ён не выпадковы і не адзінкавы ў творчасці У. Караткевіча. «Пасеў быў зроблены. Рунь выйшла наверх» (15; 8, кн. 2, 293),— напіша ён пра абуджэнне свядомасці на Беларусі, жаданне «праўды» і «праўдзівага Бога»,— абуджэнне, якому паслужыў «Сын Беларусі, сын Прагі» Францыск Скарына. У рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» змест сімволікі пасеву, сяўбы шырэйшы. Па-першае, яна нясе ў сабе сэнс канкрэтна-рацыянальны. Паплечнікі Братчыка, як толькі настае перадых, трызняць аб ворыве; зямля прыцягвае іх, «як любая жонка, як каханая». «Рукі да сахі цягнуцца» ў такія хвіліны, а не да зброі. I сам «мужыцкі Хрыстос» напярэдадні пакарання сніць утапічна дасканалую зямлю, палеткі, што дымяць «ад сытасці і задаволенасці, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы» (15; 6, 466). Па-другое, матыў сяўбы набывае і сэнс падтэкставы, асабліва ў фінале твора,—
і апасіянарны, асветніцкі, і яшчэ больш глыбокі, сугучны з біблейскім, у прыватнасці, са словамі з Эклезіяста: «Род адыходзіць, і род прыходзіць, а зямля застаецца навечна» (Экл., 1:4). Ці з іншым біблейскім выслоўем: «Раніцай сей семя тваё, і ўвечары не давай спачыну руцэ тваёй...» (Экл., 11:6).
Зрэшты, сімволіка сяўбы, прытоенага ў насенні жыцця часта суправаджае літаратурныя, у тым ліку прыналежныя беларускім пісьменнікам, інтэрпрэтацыі біблейскага матэрыялу. Узгадваюцца, у прыватнасці, вершы Янкі Купалы «Жніво», М. Багдановіча «Санет (Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...)», заснаванае на філасофска-эстэтычным асэнсаванні «Апокрыфа» М. Багдановіча эсэ «Жыта і васілёк» і іншыя творы А. Разанава, напрыклад, яго версэт «Святое жыта»:
...I, можа, таму, што цяпер у свеце пануе іншая норма, мы з пашанотаю кажам: «Святое жыта»,— і, як адкрыццё, скіраванае нам, прымаем спрыязнены з простымі вечнымі рэчамі цуд (24, 45).
Неаднойчы ў розных варыяцыях сустракаецца матыў сяўбы ў Р. Барадуліна, напрыклад, у паэтычным цыкле «Лісты ў Хельсінкі да Васіля Быкава»:
Час зьнянацку зьмесьціцца ў зярнятку I засьне ў настылай баразьне,
Каб прачнуцца руньню па вясне... (2, 16).
Або яшчэ:
...I сейбіту
Спрыяў у працы Бог... (2, 16).
У апошнім раздзеле рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — «Пасеў» — Братчык дапамагае маладым уладкавацца на зямлі, і менавіта яму сябры давяраюць першаму прайсці па раллі. Братчык сее «шырока, роўна». «Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. A сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямного шара. I першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. I, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю.
Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая» (15; 6, 490).
Матыў пасеву ў фінале рамана, такім чынам,— гэта і сімвал пасеву царства Божага, веры — у боскае ў звычайным чалавеку і ў чалавечае ў Богу, і, па сутнасці, метафара духоўнага арыенціра для беларускага народа, анталагічным увасабленнем, эстэтычным аналагам трагічнай гісторыі якога стаў твор У. Караткевіча. Што да яго галоўнага персанажа, то да яго можна цалкам аднесці словы У. Караткевіча пра цэнтральнага героя «Ладдзі роспачы»: гэта «спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які болып за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх» (15; 8, кн. 2, 420).
Пры гэтым будзем мець на ўвазе, што Братчык — алюзія не толькі на Хрыста, але і на іншых літаратурных асоб — гётэўскага Фаўста, гамераўскага Адысея, стыхіяй якіх быў шлях, рух, пошук «Ісціны на сей зямлі», а плён такой шматсуаднесенасці героя — яго мастацкая шматмернасць.
Да найбольш пераканаўчых у псіхалагічных адносінах (наколькі псіхалагізм увогуле магчымы ў філасофскай прозе, у прытчы, якой з’яўляецца і гістарычны раман У. Караткевіча) вобразаў твора належыць і вобраз Марыны Крывіц, на драматычныя жыццёвыя калізіі якой пісьменнік экстрапалюе біблейскі лёс Марыі Магдаліны.
Як вядома, жанчыны, у тым ліку грэшніцы, складаюць дастаткова вялікую частку насельнікаў біблейскага свету. Адносна самай вядомай з усіх біблейскіх грэшніц протаіерэй А. Мень спецыяльна звяртаў увагу чытачоў: «Атаясамліванне Марыі Магдаліны з блудніцай, апісанай у Евангеллі ад Лукі (7: 36-50), не мае асноў у самім біблейскім тэксце, а склалася ў лацінскай агіяграфічнай традыцыі, звязанай з імем Грыгорыя Вялікага (VI ст.)» (18, 242). Тут дарэчы будзе нагадаць гісторыю даравання Ісусам грэшніцы ў доме фарысея Сымона: «Нехта з фарысеяў прасіў Яго есці з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, лёг. I вось, жанчына таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён ляжыць у доме фарысея, прынесла алавастравы сасуд з мірам і, стаўшы ззаду каля ног