Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
«Бурапенная» плынь позняга беларускага футурызму
Час эксперыментаў у стылі футурыстычнай паэтыкі сапраўды прыйшоў крыху пазней, у 1920-я гг., цікавыя для нас сёння сваёй легендарнай «бурапеннасцю», пошукам ідэальнага «стылю эпохі», яўна авангардным мастацкім мысленнем, якое імкнулася паяднаць у вобразным адзінстве ўсёабдымны рэвалюцыйны экстаз з яго ўтопіяй справядлівага і дасканалага грамадскага ладу і адметнасць нацыянальнага шляху Беларусі. У гэты час на Беларусі ўтварылася першае літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» (1923), а той авангардны кірунак, якога прытрымліваліся яго сябры, быў умоўна названы крытыкам Адамам Бабарэкам «маладнякізмам», каб падкрэсліць яго абсалютную навізну і актуальнасць у кантэксце абнаўлення грамадскага жыцця. Мастацкія ж прынцыпы, якіх прытрымлівалася маладнякоўскае творчае асяроддзе, былі блізкімі да футурыстычных і лефаўскіх прынцыпаў. Так, тагачаснае авангарднае мысленне падразумявала абавязковы падзел на «старое» і «новае», прычым новае апрыёры выступала з адзнакай найлепшага і прагрэсіўнага, старое ж, традыцыйнае, адвяргалася як перашкода на шляху да новай міфалагемы «сонечнага заўтра». Так, у вершах маладнякоўца Міхася Чарота паслядоўна праводзілася ідэя адмаўлення традыцыі і гісторыі дзеля паспяховага поступу «вялікай будучыні». «Годзе плакаць і вам над Рагнедаю і, зірнуўшы ў мінулае, цяжка ўздыхаць...»1 — пісаў ён у вершы «Скокі на могілках», кідкім сваім агрэсіўным адмаўляльным пафасам. Маладнякоўцы жылі з абсалютным адчуваннем расколу сусветнай гісторыі на «старую і новую эры», збліжаючыся з тагачаснымі расійскімі «біякасмістамі» (своеасаблівае адгалінаванне позняга футурызму) у тым, што яны пачынаюць абсалютна новую «вялікую эру — эру бессмяротнасці і бясконцасці»2. У грамадска-гістарычным плане пунктам адліку «новай эры» была, безумоўна, рэвалюцыя, і той варыянт
1 Чарот, М. Завіруха,— Мінск, 1922. С. 6.
2 Святогор, А., Йваннцкнй, П. Бнокосмнзм.— Москва, 1921. С. 5.
футурыстычнага светаўспрыняцця, які ўсталёўваецца ў літаратуры савецкай Беларусі 1920-х гг., быў блізкі да расійскай лефаўскай плыні (адгалінаванне позняга футурызму, вядомае як Левы фронт мастацтва). У беларускім літаратуразнаўстве гэтая авангардная мадэль атрымала назву рэвалюцыйнага канцэптуалізму1. М. Чарот быў адной з самых яркіх яго постацей. Яго авангардная паэтыка з’яўлялася мастацкім «апраўданнем» руйнавання, «дыму-пажару», незлічоных ахвяр дзеля пераробкі свету на новы, «справядлівы» лад:
Свет стары мы палім — гэта наша справа, Хто з людзей пасмее кінуць нам папрок? Будавалі ўсё мы — нішчыць маем права. Хай усё затопіць нашай працы сок-.
Так у новым гістарычным часе зводзіліся футурыстычныя рахункі з традыцыяй, з усім мінулым жыццём, якое калісьці ў стылі карэктнага наватарства імкнуўся пераадолець Янка Купала.
Яшчэ адным яркім прыхільнікам лефаўскага («камуннага») паэтычнага авангардызму быў Цішка Гартны, які ў сваіх вершах натхнёна апяваў ідэал усясветнай камуны як асноўны сімвал будучыні. Будучыня стала тым абсалютна ацэначным вобразам, які рэпрэзентаваў паняцце новага мастацтва, новай эпохі і ў цэлым новай мадэлі чалавечага быцця. Сінонімамі новай будучыні сталі вольная праца і ўсясветная камуна. Паняццямі супрацьлеглымі былі нядоля мінулага жыцця і паднявольная праца. У вершы Цішкі Гартнага «Па дарозе да будучыні» гэтыя два матывы-антыподы старога і новага выступаюць вельмі выразна і, па сутнасці, фарміруюць эстэтычную парадыгму новай, запатрабаванай тым часам паэтыкі: «Мы выйшлі з гразкае смуроднае лагчыны, // Дзе нас жыццё мінулае трымала...» — гэта матыў старога, адпрэчанага. «Уладар жыцця — Усясветная Камуна... У ёй адной мы бачым будучыну нашу» — матыў рэвалюцыйнай перспектывы3.
1 Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4-х тамах. Т. 2.— Мінск, 1999. С. 8-45.
2 Чарот, М. Завіруха. С. 19.
3 Гартны, Ц. Урачыстасць.— Мінск, 1925. С. 17.
3 авангарднай канцэпцыяй рэвалюцыі прыйшла і тэма знішчэння ўсяго таго, што звязана з мінулым, і гэта стала ў новым часе аналагам футурыстычнага адмаўлення класікі і ўсялякіх сувязяў са спадчынай, з традыцыяй. Чорнае, змрочнае мінулае, у якім чалавек працы быў паднявольным рабом, заслугоўвае руйнавання без аніякага ценю жалю і сумненняў. Хрысціянская мараль, ідэі гуманізму, патэрналізму, а таксама ўсякі іншы міжкласавы кампраміс адмятаюцца цяпер, як непатрэбшчына. Нормай у літаратуры робіцца ваяўнічы вандалізм і крушэнне папярэдняй цывілізацыі, што адпавядала духу футурыстычных маніфестаў Ф. Марынэці: «Мы апяваем нахабны напор, гарачкавую бязглуздзіцу, страявы крок, небяспечны скачок, аплявуху і мардабой»1. Разбураць і рабаваць палацы, забіваць былых прыгнятальнікаў — уладароў зямлі і фабрык, распраўляцца са старой інтэлігенцыяй — носьбіткай ранейшай хрысціянскай маралі — робіцца нормай рэвалюцыйных паводзін і тэмай авангарднага мастацтва. Міхась Чарот зрабіў гэтую тэму адной з галоўных у сваёй творчасці. Бадай, самай яркай паэтычнай дэманстрацыяй непрымірымай агрэсіі ў дачыненні да мінулага можна лічыць ужо названы верш М. Чарота «Скокі на могілках», у якім новыя пераможцы жыцця сцвярджаюць беспаваротнасць сваёй перамогі:
Паглядзіце, мы скачам на могілках I чырвоным віном паліваем крыжы,— Па магіле вякоў, на чорных століках, Марш хаўтурны іграюць нажы...2
Адчуваецца ў гэтым вершы схаваная палеміка з Янкам Купалам — з яго ідэалам гістарычнага мінулага Беларусі як часам «залатога веку». Асабліва непрымальнай з пункту гледжання апалагетаў футурыстычнага адмаўлення класікі была купалаўская паэма «На куццю» (1911), дзе князь маляваўся не як жорсткі прыгоннік, але як мудры ўладар, які справядліва кіруе народам і краінай. Чарот парадыяваў ключавыя вобразы
1 Называть веіцн свонмн нменамл. С. 160.
2 Чарот, М. Завіруха. С. 6.
купалаўскай паэмы: разважлівага князя, курган, старое замчышча. Мінулае ў яго ўяўленні можа быць толькі абсмяяна і зняважана, і ў гэтым рэалізуецца ключавы прынцып авангардысцкай мастацкай парадыгмы:
I асвечаны замчышчы князевы, У пажары купаецца чорны курган... Цені-людзі з яго павылазілі Паскакаць на магілах канкан...1
Характэрна, што з палемікі з Купалам пачынаўся і авангардны шлях Міхайлы Грамыкі, які адным з першых беларускіх паэтаў адгукнуўся на футурыстычны кліч аб пераробцы ўсяго светапарадку і скідванні ранейшых літаратурных аўтарытэтаў. У 1922 г. у часопісе «Полымя» была надрукавана яго паэма «Гвалт над формай», дзе і сцвярджаліся ваяўнічыя прынцыпы новага мастацтва:
Мы ўчора былі толькі галы, Шукалі папараць Купалы. А сёння мы уцекачы, Завойстрым гострыя мячы2.
Грамыка, як бачым, узурпуе права на наватарства, што стасавалася з футурыстычным прынцыпам так званага «ячаства» і ў цэлым з агрэсіўнасцю авангарда як такога. Паэт адмаўляе купалаўска-коласаўскую традыцыю, прыўлашчваючы сабе права на першыя пазіцыі ў навейшай літаратуры: «Над Купалаў усіх // Я Купала... 3 усіх каласкоў-васількоў... // Я Колас!»3 Пры гэтым М. Грамыка выказваў захапленне паэмай М. Чарота «Босыя на вогнішчы» (1921) як самым сучасным і актуальным творам, які з’яўляецца ўзорным на новым этапе літаратуры: «Вы бачылі, чулі? // На вогнішчах босыя маюць ўжо слуцкія бэры — ня дулі»4. Такім чынам, не высоўваючы спецыяльных маніфестаў, беларускія паэты (М. Грамыка, М. Чарот) фактычна сцвярджалі і замацоўвалі ў
1 Чарот, М. Завіруха. С. 7.
2 Грамыка, М. Гвалт над формай // Полымя. 1922. № 1. С. 74.
3 Тамсама. С. 73.
4 Тамсама.
беларускай паэзіі найважнейшыя пастулаты футурызму праз вобразную сістэму сваіх мастацкіх твораў.
Вельмі важнымі ў авангарднай паэтыцы Чарота былі таксама вобразы дыму-пажару, буралому, завірухі. Гэтыя знакісімвалы прыродных стыхій увасаблялі ідэю руйнавання, гвалтоўную, але неабходную перамену гістарычных эпох. Сведчаннем таму — верш «Завіруха»: «Над балотам гудзе завіруха... Ведзьмай носіцца з краю да краю // I змятае з зямлі жыцця пацяруху...»1
Асабліва вылучаліся пафасам рэвалюцыйнай агрэсіі вядомыя паэмы М. Чарота «Босыя на вогнішчы» (1922) і «Беларусь лапцюжная» (1924). Паэт апраўдваў ідэю руйнавання ў імя будучых даброт для былых бяздольных «босых»: «Таварышы! Што нам трэба? — Пажа-ары!», апраўдваў бязлітаснае знішчэнне «не нашых» грознымі прадстаўнікамі «чырвонай раці»:
Новы край... Замоўклі спевы жалю, Лавай грознаю прыйшла чырвоных раць... I ў мяне, бач, рукі не дрыжалі
Загад пісаць: «не наш хто — расстраляць!»2
Так у беларускіх мастацкіх творах 1920-х гг., якія лічыліся тады самымі актуальнымі, знаходзіла сваё ўвасабленне агрэсія авангарду, тэматычна праяўленая як апраўданне рэвалюцыйнага тэрору і гвалту над асобай, інакшасць светаўспрыняцця якой каралася смерцю. Свет падзяліўся на «сваіх і ворагаў», апошнім жа была абвешчана бязлітасная вайна. Гэта было ўжо не проста «скідванне класікі з карабля сучаснасці», хаця і такі момант прысутнічаў, як мы бачылі, у беларускім паэтычным авангардзе. Трагізм тагачаснай сітуацыі заключаўся ў тым, што агрэсія ў паэзіі была не проста літаратурным наватарствам, але прыходзіла ў літаратуру з самога жыцця. якое аказалася падзеленым на «сваіх» і «ворагаў». Ідэя класавай барацьбы стала ключавой у сістэме тагачаснай дзяржаўнай ідэалогіі, а літаратура была абвешчана яе неад’емнаю «зброяй». Такія трансфармацыі перажыў футурызм, усё больш
1 Чарот, М. Завіруха. С. 3.
2 Чарот, М. Паэмы.— Мінск, 1928. С. 105.
адпавядаючы канону ўтылітарнага мастацтва, або рэвалюцыйнага канцэптуалізму. На расійскім літаратурным грунце ён атрымаў назву Левага фронту мастацтва, асноўнымі прынцыпамі якога былі класавасць, рэвалюцыйная агітацыя і прапаганда.
Рэвалюцыйны рыгарызм яшчэ ў большай ступені быў характэрны для Паўлюка Шукайлы — «слуцкага песняра», кіраўніка эпізадычнай суполкі лефаўскай арыентацыі «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (1927). Шукайла імкнуўся быць ультраавангардным у практычным увасабленні рэвалюцыйнага канцэптуалізму. Найбольш знакамітым у сваім часе яго паэтычным творам была паэма з гучнай назвай «Акорды дзён», дзе паэт узорна з пункту гледжання рэвалюцыйнапралетарскай эстэтыкі паказаў прыклад, якім павінен быць сучасны яму «стыль эпохі». Паэма была апублікавана ў 1930 г. у часопісе «Полымя рэвалюцыі» і тады ж у зборніку вершаў Шукайлы «Акрываўленая зямля». У ёй Шукайла шырокімі, узбуйненымі штрыхамі паспрабаваў увекавечыць рэвалюцыйныя перамены і стварыць манументальны вобраз новай краіны, перадаўшы размах і веліч яе пераможнага шляху: