Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
У ваенкаматы спяшаліся не толькі прызыўнікі. Спяшаліся, дамагаліся прызыву вызваленыя ад яго па ўзросце, па хваробе. Юрый Багушэвіч адмовіўся ад «брані», быў пад Вялікімі Лукамі паранены і кантужаны, працаваў потым ваенным карэспандэнтам, дайшоў з арміяй да Берліна.
На фронт ірваліся і незаслужана пакрыўджаныя ўладай, тыя, каму падчас вайны ўдалося так ці інакш вырвацца з учэпістых лап ДПУ. Змітрок Астапенка ўцёк з лагера на пачатку вайны, далучыўся да арміі і, праваяваўшы супраць фашыстаў амаль чатыры гады, у 1944-м загінуў у Карпатах. Магчыма, смерць пазбавіла яго ад новага арышту, як гэта здарылася з Рыгорам Бярозкіным, якога разгублены канвой проста адпусціў. Р. Бярозкін ваяваў пад Сталінградам, пад Кіевам, у Карпатах. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі. Тым не менш у 1950 г. яго паўторна арыштавалі і асудзілі на дзесяць гадоў.
У 1955 г. Бярозкін быў вызвалены і толькі ў 1956-м канчаткова рэабілітаваны. Васілю Хомчанку давялося жыць пад страхам выкрыцця аж да 1969 г. У 1937-м ён, студэнт 4-га курса БДУ, быў беспадстаўна арыштаваны і асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі. Адбыўшы гэты тэрмін, у 1941-м ён быў ужо ў арміі, але ўтойваў сваю судзімасць. Праўда, яму іпанцавала. Вучыўся ў Буйнакскім ваенна-пяхотным вучылішчы, потым камандаваў мінамётным узводам, удзельнічаў у вызваленні Румыніі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі. У 1947 г. ямуўдалося паступіць і ў 1951-м скончыць Ваенна-юрыдычную акадэмію ў Маскве. У арміі служыў да снежня 1968-га. Рэабілітаваны ў 1969-м. Гэтыя прыклады сведчаць аб тым, як годна паводзіла сябе тая частка беларускай інтэлігенцыі, якая па той ці іншай прычыне не была вынішчана ў 1937—1938-я гг.
Фронт пасунуўся на ўсход, але на акупаванай тэрыторыі ворагі не адчувалі сябе спакойна. Вайна была і тут. У гарадах, сёлах, мястэчках узнікалі падпольныя групы, беларускія лясы засяляліся партызанамі. I ляцелі пад адхон варожыя цягнікі, узрываліся аўтамашыны, масты, прадпрыемствы, перадаваліся за лінію фронту важныя звесткі, здабытыя разведчыкамі.
...Валянцін Таўлай, сувязны атрада імя Катоўскага Баранавіцкага злучэння, кіраваў навагрудскай сеткай спецгрупы «Буравеснік». Па заданні партызанаў перамясціўся ў Навагрудак і ўладкаваўся на службу ў абласную ўправу Беларускай самапомачы загадчыкам аддзела культуры. У верасні 1943 г., вяртаючыся з Вільні, зайшоў пераначаваць да бацькі. Там ён разам з бацькам, мачыхай і сястрой быў арыштаваны. Віленскім сябрам-паэтам удалося дапамагчы Таўлаю вызваліцца з турмы. Бацькоў адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі.
Яўген Крамко стварыў маладзёжную падпольную арганізацыю, на аснове якой у жніўні 1942 г. фарміруецца партызанскі атрад. Крамко быў камандзірам роты, пазней — намеснікам камандзіра брыгады па разведцы.
Яўген Курто быў членам дыверсійнай групы ў г. п. Беразіно. потым партызанам атрада імя Жукава брыгады «Штурмавая». У час апошняй блакады цяжка паранены.
Уладзімір Ляўданскі быў сувязным, потым партызанам, з сакавіка 1943-га камісар атрада «Полымя» і рэдактар газеты «Партызан Беларусі».
Уладзімір Карпаў — падпольшчык, потым партызан-разведчык, намеснік камандзіра спецгрупы Мінскага абкама КПБ.
Мікола Садковіч штабам партызанскага руху двойчы засылаўся з кінагрупай у варожы тыл на Гомельшчыну.
Нічыпар Пашкевіч быў камісарам атрада імя Катоўскага на Віцебшчыне і членам рэдкалегіі падпольнай газеты «Чырвоны хлебароб».
Уладзімір Калеснік з першых дзён акупацыі ў камсамольска-маладзёжным падполлі Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці. Па заданні падпольнай арганізацыі ўладкаваўся настаўнікам у Некрашэвіцкую школу Мірскага (цяпер Карэліцкага) раёна, арганізаваў там антыфашысцкую групу. 3 1942 г. ён сам і яго бацька ў партызанскім атрадзе. Быў падрыўніком у атрадзе імя Чапаева, потым камандзірам узвода атрада «Камсамольскі», нарэшце з лета 1943-га начальнік штаба атрада.
Падпольшчыкі і сувязныя, якім насля выканання задання ўдавалася ўнікнуць арышту і трапіць у партызанскі атрад, прызнаваліся, што ім у партызанах лягчэй, што tvt яны разам з усімі («што ўсім, тое і мне»), а там (у гарнізоне) страшна: арыштуюць і ты з ворагам сам-насам. Катаванні, знявагі, смерць. Такі горкі лёс выпаў на долю шасці пісьменнікаў.
Алесь Дубровіч актыўна ўдзельнічаў у вызваленчым руху яшчэ ў Заходняй Беларусі. У 1933 г. прымаў удзел у першым нелегальным з’ездзе пісьменнікаў. У 1934 г. быў арыштаваны, адбыў два гады ў сумна вядомай віленскай турме на Лукішках. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі абраны старшынёй сельсавета. 3 пачатку Вялікай Айчыннай вайны — падпольшчык. Расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў снежні 1941 г.
Вера Харужая з верасня 1942 г. узначальвала групу антыфашысцкага падполля ў Віцебску. 13 лістапада 1942-га арыштавана і закатавана ў фашысцкім засценку. Герой Савецкага Саюза, пасмяротна.
Уладзімір Кандраценя актыўна ўдзельнічаў у слуцкім падполлі. 23 лютага 1943-га па даносе правакатара ўся падпольная група была арыштавана. У. Кандраценя закатаваны ў фашысцкім засценку. Валодзя Кандраценя — першае рамантычнае, узнёслае каханне Веры Сямёнаўны Палтаран. «Вось прыехала я дамоў на канікулы,— успамінала яна, сустрэўшыся са мной пасля вайны,— і мама ў мяне праз колькі дзён пытаецца: «Верачка, а ці ёсць жа ў цябе які хлопец харошы?» Я паказала ёй фотаздымак аднаго юнака, а потым Валодзеў. Яна паглядзела і кажа пра першы: «Ну, хлопец як хлопец». Потым узяла ў рукі Валодзеў і сказала: «А вось гэты, то да! Твар разумны, вельмі прыгожы, і вочы так добра глядзяць». He давялося Валодзю сустрэцца з Верай пасля вайны...
Іван Дзенісевіч стварыў у Чэрыкаве антыфашысцкую групу, але 5 чэрвеня 1943 г. яго разам з таварышамі арыштавалі. Мужна паводзіў сябе на допытах, перанёс катаванні і нікога не выдаў. 5 ліпеня 1943 г. быў расстраляны. На кавалачку паперы менш чым за гадзіну да смерці напісаў жонцы: «Бывайце. Няхай мяне не будзе. Але жыццё будзе прадаўжацца, жыццё будзе вельмі добрае, а я яго ўжо не ўбачу...»
Мікола Ільінскі загінуў у мінскім СД у 1943 г.
Рамуальд Зямковіч у 1943 ці 1944 г. загінуў у варшаўскім СД. Іншая версія — у канцлагеры ў Асвенціме.
Новік-Пяюн, паэт, кампазітар, мастак, дырэктар Слонімскага краязнаўчага музея, у чэрвені 1941-га падчас нямецкай бамбёжкі быў паранены. Тым не менш, перамагаючы слабасць і боль, здолеў разам з археолагам, заснавальнікам музея I. Стаброўскім перанесці музейныя экспанаты (а гэта тысячы кніг, дакументаў, прадметаў) на ўскраіну горада і надзейна схаваць у склеп. Стаў партызанскім сувязным, перадаваў у атрад агентурныя звесткі, медыкаменты, паперу. У 1943 г. Новік-Пяюн быў арыштаваны і асуджаны да расстрэлу. Але ў слонімскай турме захварэў на сыпны тыф. Тады гітлераўцы загадалі палонным дактарам вылечыць хворага. 4 ліпеня 1944 г. Новіка-Пеюна з вялікай групай іншых ахвяр фашысцкага рэжыму лікам 600 чалавек (папярэдне іх усіх вывезлі ў лагер смерці Калдычэва) пагналі на расстрэл.
Новік-Пяюн быў паранены, прыдаўся мёртвым, і гэта выратавала пакутніка. 12 ліпеня разам з партызанамі ён вярнуўся ў разбураны Слонім, узнавіў музей і зноў стаў яго дырэктарам. Здавалася б, усё жахлівае адышло. Здавалася б... У канцы 1944 г. ён быў арыштаваны ўжо сваімі. Ваенны трыбунал асудзіў яго на дзесяць гадоў зняволення. Так Новік-Пяюн апынуўся на Калыме, працаваў лесарубам, шахцёрам і толькі ў 1958 г. быў рэабілітаваны, прыехаўу Мінск. «...3 ягоных рук выбівалі пэндзаль, скрыпку, пяро, а ён рабіў дабро паўсюль, дзе толькі мог, там, куды закідваў яго лёс, саграваў людзей цяплом душы, для якой найдаражэйшым скарбам была радзіма — Беларусь»,— гаварылася на ўроку, прысвечаным паэту, які праводзіўся ў бібліятэцы Саюза пісьменнікаў у верасні 2001 г. Пасля вызвалення паэт пісаць ужо не мог: нешта «надламілася, назаўжды разбурылася ў душы: ён не мог, не хацеў варушыць мінулае».
Акружэнне, раненне, палон, безнадзейнасць... Многія пісьменнікі прайшлі праз гэта. I вельмі пашанцавала тым, хто даў рады ўцячы, далучыцца да партызанаў. Гэта ўдалося Янку Брылю, Аяяксею Карпюку, Сцяпану Александровічу, Міхасю Даніленку, Ціхану Панцюшэнку, Навуму Перкіну. Тры разы (апошні раз паспяхова) уцякаў з палону Міхась Скрыпка...
Ніякія пазнейшыя вайсковыя заслугі не ратавалі былых палонных ад недаверу з боку «органаў». На тэрыторыі Беларусі падазроных было вельмі многа, бадай, кожны другі. Жыў на акупаванай тэрыторыі, да таго ж яшчэ і «заходнік», мае сваякоў за мяжой, быў у палоне і вызвалены амерыканцамі, словам,— хапай, лаві, судзі. Вось як абышліся з Аляксеем Карпюком. Карпюк апынуўся ў пачатку вайны на акупаванай тэрыторыі, са з’яўленнем партызанаў стаў сувязным. У 1942 г. пры выкананні дыверсіі на чыгунцы пад Ваўкавыскам трапіў у палон. Спачатку фашысты трымалі яго ў беластоцкай турме, пасля ў лагеры Штутгарт у Прусіі. У 1943 г. уцякае з лагера, далучаецца да партызанаў. 3 мясцовай моладзі арганізуе партызанскі атрад і камандуе ім да злучэння з Чырвонай Арміяй. Браў удзел у вызваленні Варшавы, за гераізм на прарыве абароны праціўніка на Одэры ў ліку іншых байцоў
быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. «Указ аб першых узнагароджаных прыходзіць, мяне чамусьці няма,— піша Карпюк бацькам. I з горыччу тлумачыць: — Хаця чаму здзіўляцца, я ж «заходнік». Людзям зверху падаюся нейкім контррэвалюцыянерам». Так думалася яму, хаця, напэўна, галоўнай прычынай адхілення яго кандыдатуры быў палон. А між тым Карпюк, ужо будучы ў дзеючай арміі ў Германіі, быў двойчы паранены. 30 красавіка 1945 г. ён пісаў бацькам: «26 красавіка ў Берліне каля гадзіны дня паранены ў другі раз. Рана сур’ёзная. Асколак паміж 9 і 10 рэбрамі прабіў ніжнюю частку лёгкага і застраў. 27 зрабілі аперацыю, падшылі лёгкае, стала лягчэй дыхаць... Крыўдна, што ранілі ў апошнія дні вайны. Я ваяваў не для геройства, не для ўзнагарод, а проста ў мяне ў натуры ляжыць, каб не хавацца ў кагосьці за дужай спіной».
Быў у палоне... Гэта кляймо, якое салдат вымушаны быў несці праз усё жыццё. Былы палонны, як бы ён ні апраўдаў сябе вайсковымі подзвігамі пазней, заставаўся чалавекам ніжэйшага гатунку: няхай дзякуе ўжо за тое, што не сядзіць. Гэта ў Амерыцы і ў еўрапейскіх краінах вызваленых з палону сустракалі з павагай і спачуваннем. У нас было інакш. Гэтак званыя фільтрацыйныя органы, вядома, былі патрэбныя, але нярэдка сапраўдная фільтрацыя падмянялася самастрахоўкай і кар’ерысцкімі намерамі. У сувязі з гэтым меркаваннем успомніўся адзін эпізод з майго жыцця. Апошнія паўгода да ўз’яднання з Савецкай арміяй я была ўпаўнаважанай асобага аддзела партызанскага атрада «За Отечество». На гэтую пасаду мяне як чалавека з вышэйшай адукацыяй перавялі з разведкі. Разам з начальнікам нас было чацвёра. I вось аднойчы, калі мы ўсе сабраліся ў нашай зямлянцы, адзін сказаў: «Есць вядомая дылема: сярод дзесяці — адзін правакатар. Часу мала, выявіць канкрэтна, хто з іх, немагчыма. Дык як тут быць: расстраляць усю дзясятку і выратаваць сотні партызанаў ці...» Я ўзвілася: «Што? Страляць невінаватых? A што, калі б сярод іх быў ты сам?» Ён: «Але ж можа загінуць атрад!» I тут сказаў сваё мудрае слова наш начальнік. «Супакойцеся, Ларыса,— звярнуўся ён да мяне.— Я нікога яшчэ без