Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
«Ен ведаў: ён не Бог, а чалавек...» (5, 148) — напісаў X. Л. Борхес у вершы «Хрыстос на крыжы», а ў эсэ «Тры версіі здрады Іуды» падсумаваў: «Сцвярджэнне, што ён быў чалавекам і быў няздольны саграшыць, месціць у сабе супярэчнасць: атрыбуты impeccabilitas {лац. непагрэшнасць) і humanitas (лац. чалавечнасць) несумяшчальны» (4, 200). У адным з эпізодаў рамана М. Атэра Сільвы «I стаў той камень Хрыстом» Ісус звяртаецца да Іаана:
«— Я тут, каб ты мяне ахрысціў.
Іаан адказвае:
— Гэта я павінен быць хрышчаны табою, а ты прыходзіш да мяне?
Ісус кажа:
— Я такі ж чалавек, як усе людзі, сын чалавечы і брат усім астатнім людзям. Хрысці мяне» (21, 10).
Ж. Сарамагу ў рамане «Евангелле ад Ісуса» падкрэслівае множнасць Хрыстовай гісторыі: «Тут, на гэтым узгорку, які
завецца Галгофай, падобная злая доля многіх ужо напаткала, многіх яшчэ чакае, але толькі аднаго з усіх — вось гэтага аголенага чалавека, чые рукі і ногі прыбітыя да крыжа, гэтага сына Іосіфа і Марыі, імя якога Хрыстос, будучае ўганаруе вялікай літарай, усе ж іншыя так назаўсёды і застануцца проста раскрыжаванымі» (29, 7).
3 праблемай боскага і чалавечага ў Хрысце звязана і праблема пераадолення хрысціянскім светам найвялікшай трагедыі, што спадарожнічала ўваходжанню чалавецтва ў XXI ст. «Гэтая трагедыя заключаецца ў тым,гаварыў А. Мень у час дыскусіі «Хрысціянства і марксізм», якая адбылася ў чэрвені 1989 г. у Заходнім Берліне,— што два шляхі, якія адначасова завешчаны нам Хрыстом, дзве галоўныя запаведзі, якія Ен паставіў у цэнтры Свайго Евангелля, аказаліся размежаванымі... гэта запаведзі аб любві да Бога і аб любві да чалавека. На працягу многіх стагоддзяў у хрысціянскім свеце клопату аб зямным уладкаванні чалавека надавалася недастаткова ўвагі... і калі з’явіліся рухі, што спрабавалі палепшыць матэрыяльнае жыццё чалавека, яны апынуліся ў канфрантацыі з духоўным хрысціянскім ідэалам. Між тым гэтая канфрантацыя была раўназначная рассячэнню чалавека, раздзяленню ў ім душы і цела» (20, 243).
Адказам на патрэбу ў асэнсаванні гэтай канфрантацыі і сталі творы, якія ўзніклі ў рэчышчы другой, «зямной» тэндэнцыі, з раманам У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ўключна. Часам, аднак, прыходзіцца сустракацца з уяўленнем аб рамане У. Караткевіча як аб прафанацыі Бібліі, Хрыста і веры. У прыватнасці, менавіта з гэтай прычыны не выдаецца ў Польшчы здзейснены Ч. Сэнюхам пераклад твора на польскую мову, аб чым сам перакладчык расказаў у лекцыі «Сучасны польска-беларускі літаратурны пераклад», прачытанай 24 кастрычніка 2000 г. у Мінску ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны. На наш погляд, нічога агульнага з прафанацыяй хрысціянства раман У Караткевіча не мае; пісьменнік ставіў перад сабой зусім іншыя задачы, шляхі мастацкай рэалізацыі якіх паспрабуем прааналізаваць.
У аснове міфалагізму Караткевіча, сапраўды, знаходзіцца гісторыя Хрыста і дванаццаці яго апосталаў, вакол яе сцягнуты ўсе сюжэтныя перыпетыі твора. На гэту акалічнасць звярнуў увагу і А. Я. Нямцу, падкрэсліўшы, што «версія беларускага пісьменніка не з’яўляецца чарговым «прыземлепым» пераказам Новага Запавету, ідэі і вобразы якога фармальна збліжаюцца з духоўнымі патрэбамі іншай сацыякулыурнай эпохі; героі рамана нібы «перапісваюць» агульнавядомыя лёсы евангельскіх персанажаў, напаўняюць іх кананізаваныя характарыстыкі зразумелымі і блізкімі простаму народу чалавечым сэнсам, пакутамі, надзеямі і расчараваннямі. Найболып ёміста і шматпланава гэта прасочваецца на гісторыі «абагаўлення» галоўнага персанажа і яго таварышаў...» (19, 174).
Логіка дзеяння ў рамане і яго аналогія з сімволікай біблейскага міфа падпарадкаваны логіцы станаўлення, выхавання асобы Юрася Братчыка. На першы погляд, паміж Хрыстом і Братчыкам мала агульнага. Братчык не ведае ні аскезы, ні амярцвення цялеснага, ён не толькі «надта чалавек», а і, болып таго, шалбер, «блазан несамавіты», блюзнер і ліцадзей. Праўда, голад і холад ён ведае нават занадта добра, хоць і не з аскетычных намераў, а з самых што ні ёсць аб’ектыўпых абставін свайго жыцця. У. Караткевіч у жыццяпісе «Дарога, якую прайшоў» так акрэсліў шлях і лёс Братчыка (аўтар меў на ўвазе яшчэ не раман, а кінасцэнарый, завершаны ў 1965 г.): «Гэта гісторыя бадзягі, які воляй лёсу быў названы Хрыстом, вымушаны быў рабіць «цуды» і, урэшце, узначаліў паўстанне супраць царквы і караля... Героі яе перажываюць самыя незвычайныя прыгоды, сутыкненні, сустракаюцца з жорсткасцю і дабрынёй, подласцю і сапраўднай высакароднасцю і паступова з махляроў, круцялёў, бадзяг ператвараюцца ў сапраўдных людзей» (15; 8, кн. 2, 10).
Аднак надзвычай важна ўзяць пад увагу, што і ў час непрацяглага шкалярства ў Мірскім калегіуме, і пасля выгнання з яго («за памяркоўнасць, спагаду і... сумненні ў веры») Братчык у стасунках з людзьмі і светам кіруецца маральнасцю, што і надае яго паводзінам стаіцызм і дапамагае ў «памеж-
ных», кажучы мовай экзістэнцыялістаў, сітуацыях знаходзіць адзіна правільны кірунак.
Братчык і знешне вылучаецца са свайго асяроддзя: «Быў ён не такі ўжо і малады, год трыццаць пяць, але дужа моцны і на галаву вышэй за ўсіх» (15; 6, 77), «вынослівы і ўчэпісты, як дзяржыдрэва на скале» (15; 6, 94). Лейтматывам праз увесь раман акцэнтуюцца ў яго партрэце залатыя валасы і на дзіва вялікія, з «нечалавечай самотай» вочы. Паказальна, што ўжо падчас першай сустрэчы з ім у мястэчку Свіслач, калі пасля няўдалай містэрыі ліцадзеям прыйшлося ратавацца ад раз’юшанага натоўпу, Юрась не крыўдуе, бо разумее: гэта «бедныя, цёмныя людзі» (15; 6, 60). Пра спадарожнікаў Юрася апавядальнік скажа: «Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі», а пра самога Братчыка — «перад імі ішоў чалавек» (15; 6, 66). Ужо з першых старонак аўтар акцэнтуе спадарожную Братчыку (і адпаведна Хрысту) атрыбутыку пакутніцтва і выпрабаванняў — вялізны крыж на плячах і цярновы вянец на лбе.
Апынуўшыся ў палоне, Юрась супакойвае, выручае таварышаў, за ўсіх беручы на сябе адказнасць: «Усе яны прысталі да мяне... I нават калі мы зрабілі невядомы нам злачын — адказ мой» (15; 6, 90). Нават так званы «сінедрыён» да яго прыслухоўваецца, сам жа гэтаму і дзівячыся, бо іншага на яго месцы ён даўно б ужо правяраў і катаваў. I калі Лотр настойвае на наканаванай Братчыку ролі Хрыста: «Па ўпартасці і цвёрдасці табе Хрыстом быць» (15; 6, 136), то ў гэтых словах Лотра гучыць павага. У Братчыку, пакутніку і мяцежніку, ужываюцца мудрасць і разважлівасць з непасрэднасцю і даверлівасцю. «...дзіця па думках і помыслах» (15; 6, 197),— скажа пра яго Марына Крывіц, Марыя Магдаліна.
Міласэрнасць таксама ўласціва Братчыку. «Крый божа нас нават ад перамог, калі яны стаяць на такім» (15; 6, 317),— гнеўна заўважыць Братчык, калі на вачах у яго з бязмежнай адданасці хану Марлоры кідаецца на лязо шаблі воін Джанібек. Нават «тых», татар загінуўшых, шкадуе, бо разумее, што і над імі «быў свой Лотр», што і яны «шукалі свой
кавалак хлеба, хоць і не там, дзе трэба, а там, куды вяла іх шабля, занесеная над галавой» (15; 6, 325). 3 сумам выслухоўвае ён несправядлівыя абвінавачванні хана ў апаганенні мячэцяў, бо тутэйшыя татары ў яго ўсведамленні — добрыя людзі, «сумленныя, чыстаплотныя», а іншыя вера і нацыянальнасць ніколі не былі на Беларусі перашкодай да сумеснага мірнага жыцця. Рыхтуючыся да лютай сечы з мурзой Сялімам, Братчык неймаверна пакутуе ад думкі, што будзе шмат забітых. Але разумее, што пазбегнуць гэтага не ўдасца. «Тут ішоў народ» (15; 6, 324), што пачаў усведамляць сябе гаспадаром на зямлі беларускай, роднай, і расчараваць яго зараз было б злачынствам.
Наогул, ці не самае важнае ў стаўленні Братчыка да людзей — тое, што ён бачыць у іх менавіта народ, а значыць — распазнае нешта вышэйшае за абыдзёншчыну; распазнае і тады, калі раздае з алтара золата і каштоўныя камяні («I за ўвесь гэты час ніхто не штурхнуў другога, не наступіў на нагу, не вылаяўся, не ўзяў больш адной жамчужыны...» — 15; 6, 341-342), і калі са сваёй «казанню нагорнай» звяртаецца да тых, хто ў першы і ў апошні раз «чалавечае да сябе» пачуў («Разумееце, вы — людзі. Яшчэ і яшчэ раз кажу: вы — людзі. He трэба нам забываць: мы — людзі. Вось сякуць камусьці за праўду галаву. Калі не можаш памагчы — не схіляй сваёй галавы ніжэй за ягоную плаху... Нічога ўжо няма ў наш век ніжэй за плаху. I нічога няма вышэй, калі зразумець»; 15; 6, 322); і нават перад тварам смерці, пад крыкі «Распні яго! Забі яго!» Братчык, апроч «разубраных», бачыць і іншых — «тысячы абліччаў», «жывых і забітых», бачыць «неўміручае, імя чаму — Народ» (15; 6, 482), і не хоча быць ні з кім, акрамя гэтага народа. Так спакваля вырастае ў Братчыку павага да сялянскага люду з іх верай у Хрыста і адначасова адчуванне народнай моцы: «Я іду да іх. Я яшчэ толькі не ведаю як. Але гэта беднае мора... Без грошай, без зямлі, без магчымасці ісці куды хочаш, без вачэй, без мовы — Бог мой, што перад гэтым мая шкура, што перад гэтым усе храмы!» (15; 6, 332). Дарэчы, такая Нагорная казань надзвычай часта прысутнічае ў рознанацыянальных літаратурных інтэрпрэтацыях вобраза
Хрыста і алюзіях на яго — у апавяданні В. П’ецуха «Аляксандр Хрысціцель», у рамане М. Атэра Сільвы «I стаў той камень Хрыстом» і інш. А. Я. Нямцу ў сваім даследаванні новазапаветных сюжэтаў у сучаснай літаратуры побач з уласна мастацкімі варыянтамі Нагорнай казані цытуе таксама вытрыманыя ў біблейскай танальнасці «Умоўныя запаведзі чалавечнасці» Д. С. Ліхачова.
Няблага разбіраецца Юрась у людзях: разумее і сэнс прысутнасці Марыны Крывіц побач з сабой з самага пачатку і здраду «апосталаў» напярэдадні Ночы Белых Крыжоў прадчувае, і душа яго «смуткуе, тужыць смяротна», а не заўважае і не прадухіляе таму, што яму не хочацца заўважаць («хацелася верыць»), бо расчараванне ў таварышах для яго горш за ўласную пагібель.
Алюзію Караткевіча на Хрыста яднае з самой Бібліяй і з сусветнай літаратурнай традыцыяй, апроч іншага, існаванне Братчыка сярод многіх, але ў адзіноце, якой астатнія не ведаюць і якая абарочваецца для героя «нясцерпнай духоўнай пакутай», суправаджаецца сапраўды экзістэнцыялісцкім светаадчуваннем. Сярод «апосталаў» Юрась нагадвае «вялізную хворую птушку са зламанымі крыламі» (15; 6, 265); у той час як усе яны радаваліся элементарным дабротам жыцця, «толькі на адным твары,— заўважыць апавядальнік,— на твары Хрыста, ляжаў пакутны, не ўчарашні і не пазаўчарашні роздум» (15; 6, 275), гора людское бачыць ён, памятае «памяццю прашчура». I ўвесь «мужыцкі Хрыстос» — як увасабленне болю ад спаганенасці беларускай зямлі, ад яе «цямноцця», ад накладзеных «на людзей ёрмаў нязносных», ад «смуроду суцэльнага», як «жывая беспрытульнасць». Згадваецца многае з творчасці Р. М. Рыльке, у прыватнасці — радкі з яго «Часаслова»: