Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
У абодвух выпадках перад намі кнігі, заснаваныя на біяграфічных фактах, дакументальныя ў шырокім сэнсе слова, бо дакумент тут узняты да мастацкага ўзроўню. Дакументальнасць «Агню» відавочная, да таго ж яе падкрэсліваў сам Барбюс. Пра фактычную аснову твора сведчаць франтавыя запісы Барбюса, апублікаваныя ў 1956 г. французскім пісьменнікам П’ерам Парафам, а таксама запісныя кніжкі аўтара, яго лісты да жонкі.
Гарэцкі ў сваёй кнізе піша: «Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў рускім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 г. ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа
па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёчка ад нямецкае граніцы...» (2, 7).
У сэнсе дакументальнасці гэтых і падобных да іх радкоў нельга не пагадзіцца з А. Адамовічам, які зазначыў: «I можаце быць упэўнены, што так і было ўсё, так і пачыналася ў самога Гарэцкага» (1, 278), а далей падкрэсліў, што «факт, рэальная падзея, дакладная фраза, лік, дата — усё гэта запісвалася М. Гарэцкім так, быццам загадзя адчуваў пісьменнік эстэтычную радасць ад факта, які паступова стане гісторыяй і, адфактураны часам, набудзе раптам эстэтычнае гучанне» (1, 278).
У абодвух выпадках дакументальнасць суправаджаецца, як бачым, аўтабіяграфічнасцю. Але якраз у сэнсе апошняга мае месца істотная розніца, якая не магла не адбіцца калі не на агульным пафасе твораў, дык на асобных інтэрпрэтацыях падзей. Герой Барбюса (як і сам аўтар) пайшоў служыць у армію добраахвотнікам (тое ж можна, дарэчы, сказаць пра Хэмінгуэя, Рэмарка і, адпаведна, іх персанажаў), калі вайна ўжо пачалася, і фронт стаў для яго літаральна школай прасвятлення, разумення неабходнасці барацьбы з мілітарызмам. Што датычыцца героя Гарэцкага (зноў жа, як і самога аўтара), то ён апынуўся ў войску яшчэ да пачатку вайны, у якасці «вальнапісанага», каб на год скараціць тэрмін службы.
Характэрнай уяўляецца першая рэакцыя Лявона Задумы на вестку аб пачатку вайны. Яго ўсцешвае, што цяпер «жыццё пойдзе ўжо цікавейшае». Можа здацца, што такая рэакцыя блізкая да ўспрымання падзей барбюсаўскім персанажам на пачатку яго знаходжання ў акопах. Але гэта на першы погляд. Задума тут жа саромеецца сваіх усцешных адчуванняў, абумоўленых толькі страхам перад «астрожным жыццём» у лагеры, аднастайным і чужым існаваннем. Увогуле, параўнанне армейскай казармы з астрогам — адзін з лейтматываў «Запісак...». Аднак і герой Барбюса хутка ўсвядоміць, у якое пекла ён трапіў.
Барбюс і Гарэцкі паказваюць, што вайна — крыніца сапраўднага здзічэння чалавека; перад намі жудасныя карціны знявечанай зямлі, знявечаных маральна і фізічна людзей, якія сышліся, каб забіваць падобных да сябе. Аўтары не ідэалізуюць сваіх герояў. Гарэцкі, напрыклад, піша: «Я знайшоў новенькі нямецкі бінокль; узяў, пачапіў сабе цераз плячо... другія салдаты пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль, з нейкай радаснай прагавітасцю і быццам небяспекаю, алавяную лыжку, мыла, ручнічок, кавалачак белага хлеба. Відэльцы і сталовыя нажы выкідаюць набок, як непатрэбшчыну для салдата» (2, 30-31).
Але тут жа чытаем: «...у добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага...Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся і палажыў на грудзі трупу. I тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціхенька палажыў...» (2, 30). Як бачым, нават вайна не можа цалкам знішчыць у чалавеку яго гуманнага пачатку. Яшчэ шмат разоў будзе Задуме гэтак жа сорамна і цяжка. I вось, нарэшце, яго размова з палонным немцам:
— Вашы хахлатыя такое звяр’ё... (Так ён казаў пра казакаў.)
— А мы аб вас так думаем,— адказаў я ў тон.
— Нашто вайна? — сказаў ён, памаўчаўшы,— У Расіі і так зямлі няма куды дзяваць.
— Ваш кайзер абвясціў вайну.
— He, ваш цар. А пан ест поляк?..— з небяспекаю ў голасе дадаў ён.
— He... Але не бойцеся мяне, бо я не хачу вайны...» (2, 32).
Гэта размова зусім не праціўнікаў; прыйдзе час, і такія, як яны, будуць братацца ў акопах, як гэта паказана ў рамане Барбюса.
I Барбюс, і Гарэцкі неаднаразова трактуюць вайну як самагубства. Асабліва выразна гэты матыў гучыць у адным з эпізодаў «Запісак...», дзе распавядаецца, як батарэя Задумы
пабіла сваю ж пяхоту. Такія эпізоды ёсць і ў творах Барбюса. Сімвалічным уяўляецца апісанне могілак у Гарэцкага: «Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы: «Тут пакояцца рускія воіны...» Відаць, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з напісам: «Тутака пакояцца германскія воіны...» Яшчэ колькі сігоў, і дошка: «Магіла воінаў-яўрэяў» (2, 94). Аднолькавыя надпісы, аднолькава дарэмна пакладзеныя жыцці.
Чалавечы пачатак жывіць франтавую дружбу паміж героямі і Барбюса, і Гарэцкага. Барбюсаўскі Ламюз — майстра «выкручвацца», каб не рызыкаваць жыццём, але забывае пра сябе, калі ў небяспецы таварышы. Або славуты эпізод, калі малады салдат Эдор і яго жонка, якія так марылі аб сустрэчы, так і не змаглі пабыць адны, бо далі прытулак салдатам — спадарожнікам Эдора. Прыкладаў франтавой дружбы нямала і ў Гарэцкага. Калі пад шалёным абстрэлам Задума, ратуючыся, ускочыў на дула гарматы, «нехта ж... — запісвае ён,— схапіў спераду за гімнасцёрку і цягнуў, каб я не адваліўся набак» (2, 87). У шпіталі, дома Задума пастаянна ўспамінае сваіх батарэйцаў. Дарэчы, у раздзеле «Шпіталь» закранаецца тэма тылу, якая ў Барбюса падаецца ў болып разгорнутым выглядзе.
Пра глыбока гуманістычную накіраванасць абодвух твораў сведчыць уменне аўтараў за неабсяжнай, невымернай драмай усяго чалавецтва ўбачыць драму аднаго, асобнага, канкрэтнага чалавека, паказаць, што з такіх індывідуальных драм і складаецца агульная трагедыя.
Супольнасцю пазначана і паэтыка кніг Гарэцкага і Барбюса. У абодвух творах ёсць элементы натуралізму, якія праяўляюцца ва ўвазе аўтараў да ўмоў матэрыяльнага існавання чалавека на вайне, яго лагернага і акопнага побыту. Шматлікія эпізоды з «Агню» і «Запісак...» нагадваюць пра мастацкую манеру Э. Заля. Нездарма раман Заля «Разгром» быў адной з улюбёных кніг Барбюса. Натуралізм апісанняў у Барбюса і Гарэцкага (як і ў Хэмінгуэя, Рэмарка і іншых) — не самамэта: ён абумоўлены тэмай твораў, жаданнем аўтараў данесці ўсю
праўду пра першую ў гісторыі чалавецтва трагедыю такога маштабу.
Мастацкая манера Заля ўзгадваецца і пры знаёмстве з трапяткімі пейзажамі-замалёўкамі ў «Запісках...» Гарэцкага. Менавіта Заля спалучаў у сваіх апісаннях натуралістычны і імпрэсіяністычны пачаткі. Пейзажныя замалёўкі Гарэцкага выклікаюць і асацыяцыі з імпрэсіяністычнай паэзіяй і жывапісам, найперш — аўтэнтычнасцю сардэчных рухаў і ўражанняў ад прыроды. Гарэцкі (як і Барбюс) увогуле часта звяртаецца да прыёму кантрасту: казарма, вайна — увасабленне статкавага, уніфікаванага існавання, прырода — сімвал жывога, вечнага. Уражвае лірызм абедзвюх кніг; Э. Растан у свой час назваў «Агонь» паэмай. Тое ж можна сказаць аб «Запісках...». Суседства лірычнага і натуралістычнага ў Барбюса і Гарэцкага ў яшчэ болыпай ступені падкрэслівае драматызм таго, што адбываецца з асобнымі людзьмі і цэлымі народамі.
Зразумела, падабенства не выключае і тыпалагічных разыходжанняў, абумоўленых найперш нацыянальнай прыналежнасцю пісьменнікаў. Гарэцкі неаднойчы звяртаецца да моўнага пытання, з болем разважае над праблемай «культурнасці», якую ён бачыў у той жа Прусіі, да ўзроўню якой на радзіме яшчэ далёка. Герой Гарэцкага бліжэй да прыроды, да зямлі. Ці не таму з глыбінь яго душы ўзнімаецца цікавасць да « патаёмнага» ?
Абодва творы звернуты да будучых пакаленняў; яны насычаны сімваламі, філасофскімі абагульненнямі. Асобныя разважанні персанажа Гарэцкага выклікаюць асацыяцыі з Дастаеўскім. «Ці гэта дзве душы ўва мне — усходняя і заходняя?» (2, 110) — пытаецца ў сябе Задума. Або яшчэ: «I нашто яно гэта? I што ж гэта такое? Жыў чалавек — і памірае. Проста ўсё. I няма нічога вышэйшага... I вечная загадка...» (2, 110).
I ўсё ж твор Барбюса мае значна больш абагульнены характар. Калі месцы дзеяння ў «Агні» названыя і да таго ж рэальныя (там даводзілася ваяваць самому аўтару), то вызначыць час дзеяння болып складана (толькі ў канцы прастаўлена дата — снежань 1915 г., якая суадносіцца і з пачаткам — не
з канцом — працы над раманам, і з пачаткам дзеяння ў ім). Асобныя французскія даследчыкі мелі падставы гаварыць нават аб адсутнасці ў «Агні» катэгорыі часу ўвогуле.
Значна большае месца ў кнізе Барбюса займае дыялог, фабула больш дынамічная, шматпланавая, насычана вялікай колькасцю сюжэтных адгалінаванняў, у той час як аповед Гарэцкага маналагізаваны, а дзеянне мае не столькі вонкавы, знешні характар, колькі ўнутраны: яно працякае хутчэй у свядомасці і душы героя.
Такім чынам, тыпалагічны аналіз дае магчымасць выявіць этыка-эстэтычнае падабенства твораў беларускага і французскага пісьменнікаў і, адначасова, іх мастацкую адметнасць, пацвярджае неабходнасць даследавання творчасці Гарэцкага ў кантэксце сусветнай літаратуры.
ЛІТАРАТУРА
1.	Адамовіч, A. О современной военной прозе,— Москва, 1981.
2.	Гарэцкг, М. Збор твораў: У 4т. Т. 3,— Мінск, 1985.
3.	Гарэцкі Максім: Успаміны, артыкулы, дакументы.— Мінск, 1984.
4.	Лявонава, Е. А. «Вайна нас змыла...»: Эрых Марыя Рэмарк і літаратура «страчанага пакалення» // Роднае слова. 2002. № 1. У артыкуле падрабязна аналізуецца раман Рэмарка «На Заходнім фронце без перамен».
5.	Олдйнгтон, Р. Смерть героя.— Москва, 1976.
6.	Ремарк, Э. М. На Западном фронте без перемен. Возвраіценне.— Мннск, 1982.
7.	Сачанка, Б. Другое нараджэнне // Гарэцкі Максім: Успаміны, артыкулы, дакументы.— Мінск, 1984.
«За рубеж чалавечага слова...»
Вытокі эстэтычнага ўніверсалізму Уладзіміра Жылкі
Намі ўжо выказвалася думка аб тым, што з’яўленнем мастацкіх талентаў універсальнага, сінкрэтычнага кшталту пазначаны найперш скрыжаванні культурна-гістарычных эпох, крызісныя перыяды ў гісторыі чалавецтва (4, 10). Менавіта такім было сумежжа XIX—XX стст.— «канец веку» (фр. fin de siecle) з яго татальным нігілізмам, пераасэнсаваннем усіх каштоўнасцей, разбурэннем і стратай ранейшых ідэалаў. Алакаліпсічны характар тагачаснай рэчаіснасці абгрунтоўваўся мноствам філосафаў і пісьменнікаў, з Фрыдрыхам Ніцшэ і Фёдарам Дастаеўскім уключна. Расійскі мысліцель Мікалай Бярдзяеў, напрыклад, пісаў: «Шмат крызісаў мастацтва перажыло за сваю гісторыю. Пераходы ад антычнасці да сярэднявечча і ад сярэднявечча да Адраджэння вызначаліся такімі глабальнымі крызісамі. Але тое, што адбываецца з мастацтвам у нашу эпоху, не можа быць названа адным з крызісаў у шэрагу іншых. Мы прысутнічаем пры крызісе мастацтва наогул, пры найглыбейшых узрушэннях у тысячагадовых яго асновах» (2, 3).