Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Надзвычай вялікую ролю гук іграе ў тых творах А. Разанава, дзе па-мастацку даследуецца слова у іншамоўным кантэксце (дакладней — кантэкстах), у судакрананні з іншамоўнымі словамі; як правіла, аўтар прыцягвае для кантэксту словы з моў блізкіх, роднасных. У гэтым выпадку з’яўляецца выключная магчымасць прасачыць, як у адных і тых жа словах, але з розных моў праяўляюцца назапашаныя гэтымі словамі клопаты народа, яго лёс, гісторыя і перспектывы, яго, нарэшце, нацыянальны менталітэт. Але падабенства паміж гэтымі словамі ёсць, і не толькі гукавое, але і сэнсавае. Паводле А. Разанава, «гэта пэўным чынам як родзічы, як сваякі, якія апынуліся ў розных краінах, ужыліся ў свае абставіны, краявіды, у сваё наваколле, але, аднак жа, яны адзін аднаго пазнаюць здалёк» (14). Можна спаслацца на такія вершаказы, як «Венік», «Варона», «Госць» і іншыя. У вершаказе «Месяц» асэнсоўваюцца, напрыклад, украінскі, польскі, чэшскі, літоўскі, беларускі, праславянскі, старажытнаіндыйскі варыянты слова «месяц» (7, 98). Гэтыя творы А. Разанава выклікаюць асацыяцыі са знакамітымі дыскусіямі старажытных грэкаў пра вытокі слоў, найменняў розных рэчаў. Паэт перакананы, што і канкрэтнаму чалавеку пасуе пэўнае імя, у гучанні якога раскрываюцца характар і нават наканаваны носьбіту гэтага імя лёс.
Як бачым, шматмернасць разанаўскіх твораў не ў апошнюю чаргу ўзнікае дзякуючы гуку. У іх, кажучы яго словамі, «жывуць, пакутуюць, кахаюць і шукаюць ісціну» такія незвычайныя героі, як сэнсы, словы, гукі, якія тояць у сабе цэлыя драмы, абяцаюць новыя адкрыцці і спраўджваюць нашы на іх надзеі.
«Але застаюцца рэчы...»
Алесь Разанаў і еўрапейская філасофска-літаратурная традыцыя «рэчаўнасці»
Адна з жанрава-стылёвых з’яў у еўрапейскай паэзіі, з якой асацыіруецца творчасць некаторых беларускіх паэтаў — У. Арлова, В. Шніпа, А. Разанава і іншых, гэта традыцыя Ding-
Gedicht (верша на «прадмет», аб прадмеце, рэчы, нават верша-рэчы), што ўзыходзіць да старажытнага жанру надпісу. На тэму сутнасці рэчы, яе стасункаў з ідэяй, са словам, суадносін рэчы звычайнай і рэчы-твора ёсць разважанні мысліцеляў розных часоў і народаў. Напрыклад, нямецкі фенаменолаг Марцін Хайдэгер у рабоце «Выток мастацкага твора» (1935) ставіць наступныя пытанні: што ёсць рэч, што яна «ў сабе» і што «для нас»? Ці з’яўляецца рэччу мастацкі твор? Хайдэгер канстатуе, што найменне «рэч» даюць усяму, «што толькі не ёсць наогул нішто» (12, 267). Але з «гранічна шырокай сферы, дзе ўсё ёсць рэч (рэч = res = ens = нешта існае)», ён вылучае кола «проста рэчаў», ці «чыстых рэчаў» («Усё пазбаўленае жыцця, што ёсць у прыродзе і ў чалавечым ужытку»), і кола «самых высокіх і апошніх рэчаў» (12, 267). Пры гэтым кожная рэч павінна, па-першае, валодаць сумай адзнак, ці ўласцівасцей (усяго таго, што, як лічылі старажытныя грэкі, рэч грунтоўна засвойвае на шляхах сваіх вандраванняў); па-другое, быць «адзінствам разнастайнасці, дадзенай у пачуццях»; па-трэцяе, уяўляць сабой сінтэз рэчыва і формы.
Аднак паняційная схема «рэчыва-форма» — гэта «схема наогул усякай тэорыі мастацтва і эстэтыкі», а значыць і творчасці. У той жа час, каб мець мастацкі твор, недастаткова нешта рэпрадуктаваць, узнавіць, змаляваць (інакш кажучы, штосьці імітаваць), як бы па-майстэрску гэта ні было зроблена, бо «ў творы размова ідзе не пра ўзнаўленне нейкага асобнага наяўнага існага, а пра ўзнаўленне ўсеагульнай сутнасці рэчаў» (12, 277-272).
У прадстаўнікоў розных нацыянальных літаратур ёсць бліскучыя ўзоры вершаў-рэчаў. Напрыклад, адзіная прыжыццёвая кніга Бадлера «Кветкі зла» (1857) — своеасаблівая Біблія новых аўтараў XIX—XX стст.— узыходзіць, як лічаць даследчыкі, да шэрагу філасофскіх эцюдаў Анарэ дэ Бальзака, у якога Бадлер знайшоў спасціжэнне рэчаў у іх быццёвай існасці. Яшчэ раней тая ж тэндэнцыя праглядалася ў рамантыкаў, што з пэўнай доляй грэблівасці адвярнуліся ад усяго штучнага і скіравалі свой позірк на прыроду з яе
канкрэтнасцю і натуральнасцю, а летуценне, мару, фантазію сумясцілі з трывіяльнасцю, прапанаваўшы дзве «рэчы» ў сваёй творчасці — жадана-фенаменальную і відавочна-прадметную.
Адну з самых грунтоўных традыцый мае філасофска-эстэтычнае асэнсаванне рэчы ў аўстрыйскай літаратуры. Значнае месца, напрыклад, рэч займала ў мастацкай сістэме літаратурнага бідэрмаера, у прыватнасці — у Адальберта Штыфтэра (1805—1868). Праўда, Штыфтэра прыцягвала пераважна вонкавае аблічча рэчы, яе даступная пачуццёвай сферы фактура, што б ні мелася на ўвазе — прадмет прыроды (дрэва, камень і т. п.) ці хатняга ўжытку. Штыфтэр заклікаў пісьменнікаў з максімальнай дакладнасцю адлюстроўваць рэчы ў іх «аб’ектыўнай існасці», у іх «істотнасці». Часам ён выходзіў за межы пракламаванай «аб’ектыўнай значнасці», уключаючы ў кола рэчаў не толькі ўласна прадметы, але і з’явы рэчаіснасці, разглядаючы і тое і іншае як плён Боскай волі. Пры гэтым Штыфтэр аперыруе паняццем «Ding»; неабходна мець на ўвазе, што гэта нямецкае слова па сваім значэнні істотна адрозніваецца ад рускага «веіць», беларускага «рэч» або нямецкага «Sache», і найперш — філасофскай ёмістасцю, сэнсавай глыбінёй.
Да ўвасаблення быццёвай і побытавай іпастасей рэчы аўстрыйская паэзія звярталася і пазней, напрыклад — у асобе Гуга фон Гофмансталя; у яго «Тэрцынах пра тленнасць усяго зямнога» ёсць вельмі характэрныя радкі: «Und drei sind Eins: ein Mensch, ein Ding, ein Traum» («Вось трохадзінства: чалавек, рэч, сон»; 2, 190). Аднак найбольш поўна і шматгранна, і не толькі ў параўнанні з суайчыннікамі і сучаснікамі, распрацаваў жанр «Ding-Gedicht» славуты аўстрыйскі паэт Райнер Марыя Рыльке (1875—1926) з яго своеасаблівым стылем «новай рэчаўнасці»; менавіта з гэтым стылем асацыіруюцца некаторыя пласты творчасці вышэйназваных беларускіх паэтаў, у першую чаргу — Алеся Разанава. Паняцце «новая рэчаўнасць» дастасоўваецца даследчыкамі найперш да кніг Рыльке «Новыя вершы» (1907) і «Новых вершаў другая частка» (1908). Але і значна раней Рыльке пісаў аб тым, што рэчы, творы мастацтва і архітэктуры, іграюць у яго жыцці
ролю духоўнікаў, яны яму блізкія, яны з ім гавораць, адкрываюць яму жывое аблічча свету. Маючы на ўвазе «Новыя вершы», Рыльке паведамляе, што ў іх інстынктыўна складваецца нешта падобнае да «цвярозай праўдзівасці» (10, 184). Тое новае, што паэт назваў «цвярозай праўдзівасцю», а пазней — «цвярозай дакладнасцю», пераадоленнем «лірычнай паверхні», «прыблізнасці», і стала ўвасабленнем рылькеўскай канцэпцыі рэчы. Траекторыя яе станаўлення можа быць прыкладна прадстаўлена ў наступнай паслядоўнасці (зразумела, аб хімічна чыстым кшталце гэтых этапаў гаварыць не будзем): сузіранне рэчы — адлюстраванне рэчы — спасціжэнне і ператварэнне рэчы. Заключная стадыя патэнцыяльна адчувалася ўжо ў «Часаслове» (1905); аднак калі там рукою Рыльке вадзіла прырода ў шырокім сэнсе слова і рэчаіснасць была асноўным «працаўніком», дык паступова паэт становіцца яе сатворцам.
Кнігі «Новыя вершы» і «Новых вершаў другая частка» пісаліся пад моцным уражаннем ад творчасці французскага скульптара Агюста Радэна, чыім асабістым сакратаром Рыльке быў у 1905—1906 гг. і якому прысвяціў адно з мастацтвазнаўчых даследаванняў («Агюст Радэн»). Роўнага Радэну сярод мастакоў-сучаснікаў Рыльке не бачыў, ён быў літаральна апантаны абсалютнай дасканаласцю многіх яго твораў, яго самаахвярнасцю, нечалавечай сканцэнтраванасцю на сваёй справе. Асабліва Рыльке захапляўся здольнасцю Радэна засяроджвацца на адной рэчы, нават на яе паасобнай дэталі: «I заўсёды тое, на што ён глядзіць, што ён ахоплівае сваім зрокам, становіцца для яго адзіным — светам, у якім усё адбываецца; і калі ён лепіць руку, дык яна толькі адна і ёсць у прасторы, няма больш нічога, апроч гэтай рукі, і Бог за шэсць дзён стварыў толькі адну руку, вакол яе праліў усе воды, над ёю ўзвёў строп неба і адпачываў, калі ўсё было завершана,— і было адзінае хараство і адзіная рука» (10, 166).
Стаўленне да рэчы А. Разанава мае шмат пунктаў судакранання з яе рылькеўскай канцэпцыяй. Рыльке, напрыклад, не бянтэжыла, наадварот — вабіла наяўнасць руху ў рэчы; нават
у спакойнай, нерухомай плоскасці ён знаходзіў праявы жыцця-руху. Як рэчы Рыльке ўспрымаў прадметы побытавазвыклыя і вышэйшыя, «апошнія», чалавека і прыродныя з’явы. Аднаму са сваіх адрасатаў ён раіць: «...калі няма агульнасці паміж Вамі і людзьмі, паспрабуйце наблізіцца да рэчаў якія Вас не пакінуць,— яшчэ ночы ёсць і вятры ёсць, што ідуць скрозь дрэвы і праз многія краіны; яшчэ ў рэчаў і звяроў усё поўна здзяйснення, у якім Вы можаце ўдзельнічаць... » (10, 135).
Але ж і паводле Разанава «рэчаіснасць адзіная. I няма рэзкага размежавання паміж тым, што ўверсе і што ўнізе. I як толькі хто-небудзь хоча, каб гэта мяжа ўсталявалася,— тут адбываецца вялікая трагедыя. Адбываецца вялікае неразуменне. I трэба тады космасу, прыродзе прыкладаць свае намаганні, каб зноў усталявалася тая ўнутраная раўнавага, дынамічная раўнавага, якая заўсёды існуе паміж высокім і нізкім. I якраз у побытавым... і цэласныя натуры, і цвітуць душы, і людзі даюць імёны рэчам» (14).
У лісце да Рыльке Марына Цвятаева ў свой час пісала: «Вы вяртаеце словам іх п е р ш а с н ы сэнс, рэчам жа — іх п е р шасныя словы (каштоўнасці)» (9, 86). Ва ўнісон выказванню Цвятаевай гучаць радкі Разанава: «У гэтым наваколлі ёсць шмат з’яў, прадметаў, і кожны прадмет, кожная з’ява, якая мае сваю назву, сваё слова, сваё паняцце,— яны, па сутнасці, хочуць агучыцца, яны хочуць расказаць пра сябе. Я ім даю магчымасць — яны расказваюць пра сябе» (14).
Героямі вершаў-прадметаў Рыльке становяцца не толькі рэчы нерухомыя (сабор, акно, партал і іншыя), але і жывыя істоты — ад прадстаўнікоў фаўны (газель, пантэра, лебедзь) да чалавека і нават Хрыста з яго пакутамі і пошукамі. Тое ж самае назіраем у Разанава, які сваю філасофію рэчы, уласна рэчы і рэчы — жывой істоты, рэчы прыроднай і рэчы-з’явы, увасабляе ў многіх паэмах, такіх, як «Паэма выніку», «Паэма вяхі», «Паэма святла», «Паэма рыбіны», «Паэма калодзежа», «Паэма сланечніка» і іншыя (зб. «Каардынаты быцця»), у паэмах «Гліна», «Камень», «Жалеза», а таксама ў адной са знойдзеных ім форм мініяцю-
ры — вершаказах. Героем вершаказа, напрыклад, можа стаць усё, што толькі сустракаецца чалавеку на яго жыццёва-думных шляхах, што «загаворвае» з ім, хоча, паводле аўтара, «агучыцца»: горад і рунь, дарога і дым, воўк і пастка, карані і сонца, смага і студня, рука і сон, лес і бераг, госць і шлях, агонь і павуціна, продак і год... Вядома, і рэчы ў сваёй анталагічнай сукупнасці: