Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
«Рэчы насяляюць чалавечы свет, яго рэчаіснасць, і жыццё чалавека цячэ ў рэчышчы, абумоўленым рэчамі, не могучы выхіліцца з-пад іхняга ўплыву і не могучы заставацца там, дзе застаюцца яны.
Страчваючы рэчы, чалавек сірацее, нібыта страчваюцца яго стрыечныя двайнікі, і набывае новыя магчымасці ў новай сустрэчы з імі.
Чалавек трымаецца за рэчы, як за парэнчы, і яшчэ невядома, хто болей каго не хоча адпусціць ад сябе — ці ён іх, ці яны яго.
У рэчах назапашваецца рэха чалавечых думак, зарокаў і адрачэнняў.
3 рэчаў, як выява іхняй спрадвечнай і таямнічай моцы, узнікае гех — цар» (8, 128).
Асабліва магутна рылькеўская канцэпцыя рэчы дала аб сабе знаць, на наш погляд, у паэме Разанава «Гліна», метапраблематыка якой у пэўным сэнсе завешчана Бібліяй, канкрэтней — міфам аб стварэнні чалавека. Згодна з першай часткай кнігі Быццё, Бог стварыў чалавека адным волевыяўленнем; згодна з другой — «з праху зямнога», удзьмухнуўшы потым у яго «дыханне жыцця, і стаў чалавек душою жывою» (Быц. 2, 7). Гліна ў Разанава і ёсць Першаматэрыя, незвычайнае рэчыва для адной з «самых высокіх і апошніх рэчаў» — чалавека. Радкі беларускага паэта вельмі сугучныя спрадвечнаму, міфалагічнаму, біблейскаму, асабліва ў дачыненні сэнсу стварэння чалавека як аддзялення жывога ад нежывога:
Ты ў самым пачатку часу, Дзе Бог
Разрознівае-разасабляе
Свае раўнаісныя іпастасі — Жыццё і Смерць (5, 5).
Паэма нагадвае рылькеўскую паэзію і сваёй структурай. Антынамічнасць — адна з вызначальных канстант у мастацкай
сістэме Рыльке; яна прысутнічае як у творы ў цэлым, так і ў паасобным вобразе, што часта спалучае ў сабе і апалагета той ці іншай ідэі, і яе апанента. Жыццё і смерць, палёт і падзенне, рух уверх і рух уніз ураўнаважваюцца да такой ступені, што знікае розніца паміж імі; і тыя і іншыя ў сваёй непарыўнасці складаюць існасць нашага існавання. Метафізічнае ў Рыльке транспануецца ў канкрэтнае і наадварот, суіснуюць у дыялектычным адзінстве зямное і незямное, агульнае і прыватнае, пакута і радасць, адчай і надзея. I «Гліна» Разанава ўяўляе сабой складаную сістэму антыномій, дыялектычных пар, кожная з якіх у пэўны момант прымае на сябе найвышэйшае сімвалічна-філасофскае напружанне і суадносіцца з метаідэяй твора. Пры гэтым антытэзы ў Разанава не маюць, як і ў Рыльке, характару канфлікту, кожны элемент гранічна неабходны і толькі падкрэслівае шматаблічча быццёвых праяў, узмацняе экспрэсіўнасць вобраза-дамінанты, абумоўлівае перасячэнне розных асацыятыўных палёў — філасофскага, эстэтычнага, культурнага. Кожная антыномія ў разанаўскім творы (жыццё — смерць, рух — статыка, цяпер — заўсёды, дух — плоць, паўната — паражнеча, цэласнасць — разасобленасць, унутры — звонку, глыбіня — паверхня, адчыненасць — замкнёнасць, пачатак — канец...) мае непасрэднае дачыненне да праблемы чалавека і рэчы. Як і Рыльке (згадаем яго «das Rosen-Innere» — «душа ружы»), Разанаў імкнецца зазірнуць у рэч, адшукаць яе душу:
Ніцма ляжыш I ў глыбокім сненні Хаваеш сваю душу (5, 5).
Больш таго, Разанаў увасабляе ў гліне жаночы пачатак, свет жаночых пачуццяў і станаў — чакання, разгубленасці, затоенасці, жадання.
I ў Рыльке, і ў Разанава рэч валодае мажлівасцю не толькі быць убачанай, але і самой «бачыць». У аўстрыйскага паэта гэты матыў надзвычай завостраны ў вершы «Архаічны торс Апалона»: тут глядзіць, углядаецца ў сябе і ў нас мармуровы абрубак, без галавы і, значыць, без вачэй! У Разанава гліна таксама можа не толькі «адказваць» і «запамінаць», але і
«пачуць», «убачыць», толькі не кожнага, а таго, хто здолее абудзіць «дух, што стаў плоццю».
У абодвух паэтаў гучыць матыў роўнасці чалавека і Бога (часам нават вяршыннасці чалавека). У Разанава чалавек здольны зрабіць з гліны «нават Бога». Успамінаецца рылькеўскае:
Ці ж Ты — Усё, а я — Часціна, што вечна скардзіцца павінна і выстаўляць свой горкі плач? Бадай што я — Ус ё, Прычына, а Ты — Часціна, мой Слухач.
Няўжо ўспрымаеш Ты з-за мура яшчэ чыесьці галасы?
Кіпенне буры? Я ж ёсць бура! — Табе шумяць мае лясы (11, 15-16).
I ў Рыльке, і ў Разанава рэчы, не губляючы сваёй прасторава-часавай канкрэтнасці, набываюць глыбокі, экзістэнцыяльны сэнс; яны нясуць на сабе і ў сабе семантыку душэўна-духоўнага «выхавання» лірычнага героя і аўтара, праз паэтычнае ўвасабленне рэчаў спасцігаецца логіка быцця, бо рэч — яго надзейнае сховішча, частка матэрыяльна рэалізаванай духоўнасці. Рэч належыць розначасовым пластам; пры самадастатковасці яна тым не менш не ізалюецца ад свету, засвойвае ўсё, з чым сутыкаецца, і адкрывае гэта новае чалавеку. У клопаце аб зберажэнні рэчы ў яе існасцях, з эмпірычнай уключна, і Рыльке, і Разанаў імкнуцца зберагчы ў мастацкім слове само жыццё ў яго сапраўдным святле. У абодвух канкрэтнасць, пластычнасць не супярэчаць філасофскім абагульненням, а рэчам уласціва як чалавечая, так і Боская каштоўнасць.
Такім чынам, паводле і Рыльке і Разанава, рэч гарантуе чалавеку яго пасмяротны працяг; нават калі застаецца «нізкай», побытавай, яна забяспечвае існаванне «высокага», быццёвага, становіцца метафарай у пэўным сэнсе свету ў яго цэласнасці («wie ein Ding»). Паэзія ж абодвух творцаў набывае ў сукупнасці твораў і прэзентаваных у іх герояў-рэчаў маштабы своеасаблівага эпасу.
«Паэзія не хлеб надзённы, але — наддзённы»
Алесь Разанаў і постмадэрнізм
Творчасць А. Разанава даволі часта звязваюць з постмадэрнізмам. Прычым прыналежнасць паэта да постмадэрнізму многія лічаць несумненнай. Творчасць Разанава сапраўды мае пункты судакранання з постмадэрнізмам (зрэшты, а што з постмадэрнізмам не судакранаецца? I, нарэшце, з чым не судакранаецца Разанаў?), аднак паспрабуем паказаць, што і ў пракрустава ложа постмадэрнізму творчасць гэтага пісьменніка не ўкладваецца, а па шэрагу сутнасных філасофска-эстэтычных параметраў яму нават супрацьстаіць.
Пачнём з таго, што ў паняційным апараце постмадэрністаў важнае, калі не найважнейшае месца займаюць катэгорыі тэксту і знака. Свядомасць чалавека ёсць тэкст, дакладней, сукупнасць тэкстаў, што складае змест культуры ў яе асабліва істотных момантах. Нарэшце ўвесь свет ёсць тэкст, і адзіная канкрэтная рэч з якой постмадэрністы згодны лічыцца і наогул мець справу, гэта тэкст, усёўладны і ўсёабдымны, а адзіны аўтарытэт, які не падвяргаецца імі сумненню, гэта «аўтарытэт пісьма». Прычым, паводле постмадэрністаў, няма неабходнасці суадносіць пэўны тэкст з рэчаіснасцю, куды болып важна пацвердзіць яго аўтарытэт інтэртэкстуальна, інакш кажучы — праз іншыя аўтарытэтныя тэксты, наяўнасць якіх у новым тэксце рэалізуецца праз суцэльныя рэмінісцэнцыі, алюзіі, спасылкі, адным словам — праз гіперцытацыю. Ад тэксту, а не ад рэчаіснасці (як рэаліст) і не ад уласнага, суб’ектыўнага яе бачання, ад мастакоўскага «я» (як авангардыст), постмадэрніст адштурхоўваецца, тэкст для яго — крыніца праблем, сюжэтаў, персанажаў, прасторавага і часавага асяроддзя для іх.
Катэгорыі тэксту, знака, слова часта сустракаюцца і ў Разанава — акалічнасць, якая сапраўды можа змяніць наша асэнсаванне яго паэзіі ў бок постмадэрнізму. Між тым напаўненне зместу гэтых катэгорый у Разанава часта адрозніваецца ад
постмадэрнісцкага ці зусім адваротнае яму. Для беларускага паэта непрымальны зварот да ўжо знанага і толькі да яго; якому б рэканструяванню або дэканструяванню ўжо вядомае ні падвяргалася, гэта можа пацягнуць за сабой другаснасць, імітацыю. Паказальны ў гэтым сэнсе зномы Разанава: «Творчасць — сустрэча з невядомым. Як толькі невядомае замяняецца вядомым, яна немінуча ператвараецца ў імітацыю» (7, 779); «Паэзія траціцца, калі творыцца па аналогіі, па традыцыі, па майстэрстве — з матэрыі вядомай (постмадэрністы менавіта з «матэрыі вядомай», з культурнай спадчыны будуюць свае творы.— Е. Л.), і адраджаецца, калі — з невядомай: па адкрыцці, па невыказнасці, па немагчымасці» (7, 198)-, «Сфера паэта не сфера слова, дзе ўпэўнена сябе пачуваюць прамоўцы і вершапісцы, а сфера, дзе слова яшчэ не зацвярдзела ў значэнні і ўяўляе першасную матэрыю, падобную магме» (7, 266).
Як і ў постмадэрністаў, прадметам асэнсавання ў Разанава часта становяцца катэгорыі спадчыны, традыцыі, аднак і тут выяўляюцца канцэптуальныя разыходжанні: у Разанава і ў постмадэрністаў мэты звароту да гэтых катэгорый у большасці выпадкаў розныя. «Дзіўна, але часта паставы нашых папярэднікаў нам бачацца лепш, выразней, чым паставы сучаснікаў» (7 , 7 73) — заўважае Разанаў у адным са зномаў. Паэт дэкларуе неабходнасць сцвердзіць спадчыну ў якасці «рэальнага, а не ўмоўнага факта культурнага жыцця і фактара свядомасці» праз яе знаходжанне «не толькі там, але і тут... у вертыкалі пастаяннага дыялога з наступнымі пакаленнямі» (7, 178). I не толькі дэкларуе, але і рэалізуе — праз вершы, прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму («Арышт Кастуся Каліноўскага»), Ефрасінні Полацкай («Папярэджанне»), праз паэму «Усяслаў Чарадзей», своеасаблівыя ўзнаўленні — жанравую форму, прызначаную рэстаўрыраваць тэксты старажытных аўтараў (Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Мялеція Сматрыцкага, Васіля Цяпінскага і іншых) сродкамі сучаснай беларускай мовы, праз пераклады з замежных моў. Так здзяйсняецца дыялог паміж спадчынай, сучасным быццём і асобай аўтара-пасрэдніка, так спадчына — і ў сваіх кан-
крэтных праявах, постацях і тэкстах, і ў сваёй анталагічнай сукупнасці — актывізуе, выхоўвае нацыянальна-гістарычную свядомасць народа, спрыяе яго самаідэнтыфікацыі. У той жа час для постмадэрністаў яна адзіны і дастатковы будаўнічы матэрыял для стварэння новай тэкстуры, так званага «фрагментаванага дыскурсу», існасць якога — у сцвярджэнні свету як хаосу, пазбаўленага каштоўнасных арыенціраў, іерархічна неўпарадкаванага, іначай кажучы — фрагментарнага. Для постмадэрністаў «ужо ўсё напісана», і застаецца гэтым «напісаным» толькі распараджацца, разбураць і камбінаваць закадзіраваныя культурнай свядомасцю колішнія тэксты.
Яшчэ адна вызначальная якасць твораў Разанава, у параўнанні з літаратурным постмадэрнізмам,— іх асобаснасць, што суправаджаецца метафізічнасцю, адчувальнай інтуітыўнасцю, своеасаблівай эксклюзіўнасцю,— у процівагу постмадэрнісцкай прагматычнасці, рацыянальнасці. Апошняе ўласціва мастацтву постмадэрністаў у такой ступені, што яго параўноўваюць з рацыяналізмам XVIII ст. Постмадэрнізм адлюстроўвае драму немагчымасці або праблематычнасці раскрыцця індывідуальнасці, выказвання асобы, чалавека адзінкавага, а не знака, следа, іерогліфа. Адсутнасць асобаснага пачатку ў постмадэрнісцкіх творах тлумачыцца стратай у пэўным сэнсе аўтара (персанаж, герой быў надзейна пахаваны яшчэ авангардыстамі), што зрабіўся цяпер эмпірычным і можа разглядацца як адзін са шматлікіх інтэрпрэтатараў добра вядомых калізій. Ён пазбаўлены ўсялякіх прывілей на «свой»тэкст, бо тэкст гэты ўяўляе з сябе цытаванне іншых тэкстаў і таму цяпер ён належыць аўтару так, як і ўсім астатнім. Нехта слушна параўнаў постмадэрнісцкі тэкст з пікніком, на які кожны нясе штб мае: сваю эрудыцыю, сваю рэцэпцыю, свой досвед, свой сэнс. А персанаж тым не менш дэтэрмінаваны прыналежнасцю да тэксту-першакрыніцы; і як бы гэты персанаж ні дзейнічаў — паводле тых або іншых норм, прадвызначэнняў, правіл, усталяваных першааўтарамі, ці насуперак ім,— усё роўна ён будзе дзейнічаць не без іх уліку. Адсюль уражанне «нават не эксперыменту, а вылепленай з кніжнай эрудыцыі