Назвы зямлі беларускай
Выдавец: Універсітэцкае
Памер: 128с.
Мінск 1994
Мінск
„Універсітэцкае” 1994
ББК 81.2Бен-3
Л88
УДК 801.311(476)
Рэцэнзент доктар філалагічны.х навук В. П. Лемцюгова
Серыя заснавана ў 1988 г
Лыч Л. М.
Л88 Назвы зямлі беларускай.— Мн.: Універсітэцкае, 1994.— 128 с.— (Універсітэт — школе).
ISBN 985-09-0069-5.
Кніга прысвечана беларускай тапаніміі. Паказаны асаблівасці яе фарміравання ў залежнасці ад спецыфікі прыроднакліматычных, сацыяльна-эканамічных і культурных умоў жыцця беларусаў. Аўтар выступае рашучым абаронцам нацыянальнай тапаніміі як найкаштоўнага моўнага помніка, важнейшага элемента гісторыка-культурнай спадчыны народа, дзейснага сродку адраджэння нацыянальнай самасвядомасці
Для шырокага кола чытачоў
8010311000—045
Л 32—94
М 317(03) — 94
ББК 81.2Бен-3
ISBN 985-09-0069-5
© Л. М. Лыч, 1994
землякам — МАГІЛЯНАМ, ЯКІЯ УПАРТА ЗМАГАЛІСЯ
ЗА ВЯРТАННЕ НАЗВЫ РОДНАЙ ВЕСКІ, ПРЫСВЯЧАЮ.
Аўтар
ПРАДМОВА
У аснове нашай вечна юнай любві да радзімы, незалежна ад таго, пішам яе з вялікай ці з малой літары, ляжаць многія фактары. I сярод іх, несумненна, найважнейшае месца займае наша прыхільнасць да засвоеных ад самага дзяцінства слоў, якімі называюцца нашы вёскі і гарады, вуліцы і плошчы, паркі і скверы, размешчаныя паблізу месца жыхарства рэкі і азёры, палі і лугі. Такія назвы ў навуковай літаратуры прынята перадаваць запазычаным з грэчаскай мовы словам тапонім, у якім topos перакладаецца як месца, мясцовасць, a onoma — імя. Ў дачыненні толькі назваў населеных пунктаў, чаму якраз і прысвечана гэта кніга, ужываецца тэрмін з больш вузкім значэннем — айканімія. Першая ў нас кніга па беларускай айканіміі належыць пяру вядомага вучонага-лінгвіста В. П. Лемцюговай, якая дала вельмі дакладную характарыстыку гэтаму паняццю: «Айканімія, з’яўляючыся натуральным прадуктам моўнай дзейнасці чалавечага грамадства, параджэннем канкрэтных гістарычных умоў, аб’ектыўна адлюстроўвае працэс і ўмовы свайго ўзнікнення, знаходзіцца ў непарыўнай сувязі з фактамі гісторыі і геаграфіі»1.
Неабмежаваная, шчырая любасць людзей да сваёй мясцовай тапаніміі з’яўляецца адной з прычын, што ў цывілізаваных краінах яе альбо зусім не перайначваюць, а калі і ідуць на такі крок, дык выключна ў рэдкіх, адзінкавых выпадках. Гэта няцяжка вытлумачыць, бо кожны сумленны чалавек глядзіць на перададзеныя яму ў спадчыну ад далёкіх і блізкіх продкаў тапонімы,
1 Лемцюгова В. П. Беларуская айканімія. Мн., 1970. С. 147.
як найкаштоўнейшыя моўныя і гістарычныя помнікі роднай зямлі, якія патрэбна шанаваць як штосьці самае дарагое ў жыцці. «Назвы,— слушна пісаў КПаустоўскі,— гэта народнае паэтычнае афармленне краіны. Яны гавораць пра характар народа, яго гісторыю, яго схільнасці і асаблівасці побыту».
У сусветнай практыцы зусім справядліва лічыцца, што чым больш старая паводле часу ўзнікнення назва населенага пункта, тым яна найдаражэйшая. Адукаваныя, культурныя людзі ні за якія даброты не згодзяцца замяніць яе на прыгожае, ласкавае слова. Дзякуй Богу, ёсць такія людзі і ў нас на Беларусі. Іх менш за ўсё цікавіць фанетычнае гучанне слова. Галоўнае, што яно прыйшло ад далёкіх прашчураў, адлюстроўвае гісторыю ці побыт іх жыцця. Няма сумнення, што і ўраджэнцам, жыхарам Магілёва ці Бешанковічаў гэтыя тапонімы куды больш любыя і дарагія, чым самыя мілагучныя, падчышчаныя да бляску назвы населеных пунктаў тыпу Светач, Розаўка, Радуга (апошнія назвы ўтвораны на базе рускай лексікі), якіх з лёгкай рукі работнікаў мясцовых улад з’явілася нямала на нашай геаграфічнай карце.
Захаваннем традыцыйнай тапаніміі мы не толькі пазбягаем нанясення падчас вельмі балючых траўм людзям, але і пакідаем тыя масткі, якія звязваюць наша сучаснае з мінулым. Кожны такі разбураны масток — гэта дзірка, калі не прорва ў нашай гістарычнай памяці. Як паважліва трэба ставіцца да атрыманых ад папярэдніх пакаленняў геаграфічных назваў, добра вучыць нас і апошняе (трэцяе) выданне «Большой Советской Энцнклопеднн» (1977). У 26-м томе яе запісана: «Тапанімія — важная крыніца для даследавання гісторыі мовы... дапамагае аднавіць рысы гістарычнага мінулага народаў, вызначыць межы іх рассялення, абвесці вобласці былога распаўсюджання моў, геаграфію культурных і эканамічных цэнтраў, гандлёвых шляхоў і да т. п.» (с. 92).
Шкада, што слушная думка гэтага аўтарытэтнага даведніка вельмі часта на Беларусі, як і ў іншых рэспубліках, не ўлічвалася тымі, хто меў уладу дакранацца да багацця нашай тапаніміі, ды толькі не шанаваў, павалюнтарысцку перайначваў яе. Бадай, няма такога нацыянальнага рэгіёна ў былым СССР, дзе б не адчувалася істотных страт спрадвечных гістарычных тапонімаў. Таму зусім не выпадкова Усесаюзная навукова-
практычная канферэнцыя па праблеме «Гістарычныя назвы — помнікі культуры», якую правялі ў красавіку 1989 г. у Маскве Савецкі фонд культуры і AH СССР, рэкамендавала скрозь па ўсёй краіне распачаць работу па вяртанні гістарычнай тапаніміі, якая ў папярэднія гады была страчана па віне далёкіх ад гісторыі і культуры свайго народа функцыянераў. Улічваючы, што такія мерапрыемствы запатрабуюць немалых выдаткаў, канферэнцыя рэкамендавала арганізаваць збор народных сродкаў для гэтых мэт.
Нельга, вядома, цалкам вызваляць ад матэрыяльнай адказнасці і асоб мясцовых улад, якія без усялякага разбору перакройвалі тапанімію, не імкнучыся разабрацца, што ўтойваецца за кожным яе тэрмінам. Аднак не будзем у гэтай найважнейшай для нацыянальнакультурнага адраджэння справе рабіць упор на эканамічна-фінансавы аспект. Зразумела адно, што адабранае свядома ці падсвядома ў гісторыі і культуры народа павінна быць вернута яму, колькі б гэта ні каштавала. Там, дзе размова ідзе пра духоўнасць нацыі, грошай не лічаць, бо багатай яе робяць не грошы, а духоўнасць. Багаты, але бездухоўны чалавек можа так прасадзіць грошы, што замест росквіту яго край прыйдзе ў поўны заняпад.
Беларуская тапанімія ўжо не раз была прадметам спецыяльнай увагі вучоных, краязнаўцаў, публіцыстаў. Па гэтай праблеме напісана нямала кніг, абараняліся дысертацыі. Павышаная зацікаўленасць да яе існуе і ў нашы дні, калі народ хоча глыбей зразумець сваё мінулае, знайсці адказ на пытанне, чаму так шмат страчана ў яго нацыянальнай самасвядомасці. Мэта данай кнігі — прадоўжыць патрэбную гаворку пра багацце і самабытнасць беларускай тапаніміі, паспрыяць выхаванню паважлівых адносін да яе, вызначыць шляхі вяртання на законнае, пачэснае ў сябе на радзіме месца тых арыгінальных назваў населеных пунктаў, якіх мы недалічваемся сёння з-за непрадуманых, а ў шэрагу выпадкаў нават злачынных дзеянняў прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі. Беспадстаўныя перакройванні геаграфічнай карты Беларусі прычынілі велізарную шкоду духоўнай спадчыне краіны, садзейнічалі адрыву людзей ад іх гістарычных каранёў.
Р а з д з е л I
МОВА ЗШШ — ПАМЯТКА ПСТОРЫ!
У «мове зямлі» старажытныя абарыгены краю ўпісалі сваё жыццё ў гісторыю будучых пакаленняў больш трывала, чым упісалі сваё імя ў гісторыю вялікія палкаводцы старажытных цівілізацый, якія пакінулі свае пісьмёны, высечаныя на камені.
/. П. Філевіч
У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам дасталася велізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк і азёраў, палёў і сенажацяў, урочышчаў і іншых геаграфічных аб’ектаў. На зямлі нашай Бацькаўшчыны, бадай, не знойдзеш аніводнай народнай назвы, якая б узнікла выпадкова, без дай прычыны. Калі ўважліва прыгледзецца, дык заўсёды вызначыш, што вынікае яна з нейкіх асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці жыхароў і вельмі часта звязана з гістарычным мінулым чалавека. Сам народ ніколі не назаве сваё паселішча словам, якое ў чымсьці не адпавядала б, а тым больш пярэчыла б ісціне. He дзіва, што адзін з паэтаў пісаў:
Народ умее цёплым словам Радзімы край свой прыласкаць.
Да гэтых слоў хацелася б дадаць: не толькі цёплым, але і трапным, праўдзівым. Ці не таму часта, высветліўшы да пэўнага часу незразумелую нам назву горада ці вёскі, мы лепш пачынаем разумець іх мінулае, асаблівасці жыццядзейнасці людзей, іх звычкі і норавы?
З’яўляючыся спрадвечным аўтарам сваёй мясцовай тапаніміі, народ сам ніколі не ідзе на яе перайменаванне, хоць з прычыны істотных сацыяльна-эканамічных, палітычных і нават прыродна-кліматычных змен назва перастае адпавядаць новым умовам. Выключэнні могуць быць толькі ў дачыненні да назваў, якія ў далёкім мінулым маглі навязаць людзям розныя прыгнятальнікі ў мэтах прыніжэння іх чалавечай годнасці. Менавіта з такой несправядлівасцю звязваюць з’яўленне назваў г. Прапойск (цяпер Слаўгарад), в. Дурневічы (цяпер Лугавая Баранавіцкага р-на). Адносна апош-
няй існуе такая легенда. У мінулым гэта вёска называлася Невічы, але пры ўдакладненні геаграфічных назваў населеных пунктаў данай мясцовасці хтосьці з памешчыкаў дадаў спераду да яе тры літары дур і атрымаўся, як таго ён і жадаў, досыць зняважлівы для яго сялян тапонім.
Падобных да вышэй прыведзеных абразлівых назваў на беларускай тэрыторыі было няшмат. Калі хтосьці навязваў людзям брыдкую назву, яна надоўга не прыжывалася і ўступала сваё месца той, што падбіраў сам народ, зыходзячы са сваіх мясцовых умоў. Значна больш было не зусім мілагучных назваў населеных пунктаў. I тут здзіўляцца няма падстаў. Жыццё нашых далёкіх продкаў стагоддзямі працякала ў нялёгкіх сацыяльна-эканамічных умовах, пры няспынным супрацьстаянні неспрыяльным прыродным з’явам. Сялянскаму люду даводзілася ў цяжкай, упартай барацьбе адваёўваць у балот і лясоў участкі зямлі, каб пераўтварыць іх у палі і пашы. Дасягнутая ў такім змаганні з прыродай перамога не заўсёды давала жаданыя вынікі. 3 нанова створаных зямельных участкаў здымаліся нізкія ўраджаі, часта на палі наступалі балоты, на раскіданыя ўздоўж берагоў рэк і азёраў паселішчы набягалі зграі галодных ваўкоў, для лову якіх ладзілі спецыяльныя ямы. Нярэдкімі гасцямі тут бывалі мядзведзі, лісы і іншыя дзікія звяры. Адсюль у спрадвечных назвах населеных пунктаў Беларусі тапонімы Бясхлебічы, Воўчая Яма, Галоднічы, Гніліца, Дзікае, Забалоцце, Пусты Вугал, Чорная Гразь і шмат да іх падобныя. Таму нельга нам абвінавачваць сваіх прашчураў, што яны не знайшлі для наймення родных куточкаў прыгожых, ласкавых для слыху слоў. Для нашых непісьменных продкаў, відаць, найважней за ўсё было не траскучае, а праўдзівае слова, незалежна ад яго знешняй гукавай афарбоўкі, успрымання на слых. Навошта ж было саромецца таго, што арганічна ўпляталася ў змест самога жыцця?