• Газеты, часопісы і г.д.
  • Назвы зямлі беларускай

    Назвы зямлі беларускай


    Выдавец: Універсітэцкае
    Памер: 128с.
    Мінск 1994
    44.53 МБ
    He будзем палохацца, што з адраджэннем назвы Рудабелка давядзецца адмовіцца ад такога «аўтарытэтнага» ў некаторых беларусаў слова — Акцябрск.. Па-першае, яно даволі часта ўжываецца ў рэспубліцы ў якасці тапоніма. Па-другое, слова Акцябрск адсутнічае ў беларускай мове, яго выкарыстанне супярэчыць нормам нашай нацыянальнай тапанімікі. На геаграфічнай карце рэспублікі нсабходна пакінуць зусім невялікую колькасць назваў, якія ўвасабляюць звязаны з гэтым тапонімам «паваротны этап» у гісторыі краіны, і ўсе іх даць у беларускім напісанні.
    Калі звязанае з палітыкай беларусізацыі абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці садзейнічала недатыкальнасці назваў Бацькаўшчыны, дык з разгулам барацьбы з так званай нацдэмаўшчынай сур’ёзны замах быў учынены і на народную тапанімію з тым, каб адарваць беларускі народ ад яго гістарычных вытокаў, духоўных традыцый. Падмацаваць сказанае можна такім фактам, калі ў першай палове 30-х гадоў з геаграфічнай карты нашага краю зніклі толькі 5 назваў населеных пунктаў, дык у другой — 67, прычым усе яны прыпадалі на 1938—1939 гг. У рэспубліцы бязвінна гінуць людзі ад ілжывых даносаў, а мясцовыя бюракраты экстравагантнымі, патрыятычнымі слоўцамі, імёнамі кіраўнікоў Маскоўскага Крамля разбаўляюць беларускую тапанімію. Вось некалькі прыкладаў такой творчасці: у Сенненскім раёне вёску Буй ахрысцілі іменем Будзённага, Дрысенскім Страшныя — Новым Ладам, Кабыльнікі — Перамогай, Вароны — Свабодай, Суражскім Гаруны — Камунаркай, Хаеўійчына — Майскай Раніцай, Смалявіцкім Дзягцянка — Чырвоным Світанкам, Лепельскім Ізабеліна — Свабодным Жыццём, Курсашчына — Шчаслівым Жыццём, Плешкі — Росквітам, Расонскім Куляшова — Чырвоным Сцягам, Старына — Чырвоным Маяком. Нічым іншым, як здзекам з народа, што нёс такія вялікія ахвяры ў гады культу Сталіна, не назавеш прыведзеныя факты перайменавання. А колькі за 30-я гады прыйшло на замену народнай тапаніміі назваў святочнага тыпу: Першае Мая, Першамайская, Чырвоны Кастрычнік, Дастрычнік. У Суражскім раёне нават дадумаліся вёску Князі назваць Другой Пяцігодкай. 3 нататак тагачаснага беларускага пісьменніка Андрэя Мрыя «Па Дзвіне ў Сураж» даведваемся, што і сама назва гэтага раённага цэнтра ледзь выстаяла перад скасаваннем. Смеласць
    абараніць яе ўзяло на сябе мясцовае краязнаўчае таварыства
    Самым шчаслівым для назваў нашай зямлі быў перыяд першых пятнаццаці гадоў пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Людзі, якія за час акупацыі перажылі страшэнныя здзекі і па куты, вярнуліся з цяжкіх ваенных дарог з асаблівым замілаваннем ставіліся да роднага куточка сваёй малой радзімы Усё да дробязі, што ўцалела ад разбурэнняў і папялішчаў, было дарагім і любым кожнаму чалавеку. Датычыла гэта і назваў родных вёсак і гарадоў, бо кожная з іх упісала ў свой летапг адметныя старонкі нядаўняга змагання з ворагам. He было ніводнай нават маленечкай вёсачкі, якая б не паслала на фронт, у партызаны амаль усю здольную да ваеннай службы част ку свайго мужчынскага насельніцтва. He было ніводна га паселішча, з якога б не ішлі пісьмы на фронт і з фронту.
    Пасля вяртання дахаты былыя воіны яшчэ шмат гадоў памяталі тую радасць, якая апаноўвала іх у далёкім ад дома краі пры дакрананні да пакамечанага канверта-трохкутніка з роднай назвай сваёй зямлі. I хоць рукамі самых блізкіх і дарагіх людзей на іх былі напісаны зусім немілагучныя словы Аплеўніца, Блошнікі, Воўчая Яма, Гібайлавічы, Дзяругі, Жабаўка, Заграззе, Дабаны, Лапці... (а такія і падобныя да іх назвы сапраўды меліся тады на нашай карце), кожнае з іх успрымалася з асаблівай цеплынёй, не выклікала і кропелькі нейкай агіды; абразлівасці.
    Гэтыя назвы доўга заставаліся блізкімі, дарагімі тым, хто перажыў акупацыю, апынуўся ўдалечыні ад бацькоўскай хаты, са зброяй у руках прайшоў тысячы кіламетраў франтавых дарог. Улічваючы такія пачуцці да любай Бацькаўшчыны, ніхто з мясцовай адміністрацыі амаль два дзесяцігоддзі пасля вайны не адважыўся «пахадзіць» з чырвоным алоўкам каля народнай тапа німіі. Толькі адзін беларускі горад Прапойск. пазбавіўся (і надзвычай па-асабліваму) сваёй былой назвы. Шмат зведала яна на сваім вяку, але ўсё ж да мая 1945 г. заставалася сама сабой. Спачатку гэта паселішча мела назвы Прупой, Пропошеск., Пропорьск, Пропостьск, Пропосек, Пропольск і нарэшце Пропойск. Думаецца, што кожнага здзівіць, чаму ў Беларусі з яе велізарнымі клопатамі па адраджэнні разбуранай у час фашысцкай акупацыі гаспадаркі раптам узнікла патрэба мяняць
    назву Прапойска? Прычыну знайшлі, толькі ці была яна апраўданай?
    ...У баях за Прапойск вызначылася адно з воінскіх падраздзяленняў, за што ў тыя часы было прынята прысвойваць ім найменаванні па назве вызваленага горада. У дадзеным выпадку азначала да нумара воінскай часці дадаць слова Прапойск.ая. Палічылі, што яно будзе абразай, ганьбай для воінаў-вызваліцеляў, бо назву горада выводзілі ад зняважлівага для ўсялякага культурнага чалавека рускага слова пропойца. Я спецыяльна называю гэта слова рускім, бо ў нашай мове яно адсутнічае. Есць гі яніца, гіянчуга і, значыць, у народную, беларускую назву горада Прапойска нічога не закладзена брыдкага, непрыстойнага.
    Выдатны спецыяліст у галіне тапанімікі В. А. Жучкевіч у кнізе «Краткнй топоннмнческнй словарь Белорусснн» (Мінс.к, 1974) выводзіў паходжанне назвы гэтага горада ад ракі Проні. I з такой думкай можна пагадзіцца, хаця не ўсе яе падзяляюць, паколькі на Беларусі сустракаецца шмат выпадкаў паходжання назвы горада ад ракі ці іншага геаграфічнага аб’екта. Калі ж ваеннае камандаванне не хацела надаць вайсковаму фарміраванню азначэнне Пропойское, дык можна было б у гэтых мэтах выкарыстаць больш мілагучную, на яго погляд, назву суседніх да Прапойска населеных пунктаў. А на практыцы атрымалася штосьці зусім недарэчнае: вайсковая часць вызваляе Прапойск, a прысвойваюць ёй назву Слаўгарадская, якой на той час на карце Беларусі не існавала.
    Усё гэта было вельмі нечаканым для жыхароў Прапойска і выклікала з іх боку заканамерную нязгоду, бо яго назва мае глыбокія гістарычныя карані. Мінула так багата часу, аднак і сёння даводзіцца чуць, як маладыя людзі на пытанне: «Адкуль вы, хлопцы, будзеце?» адказвалі без гумару, зусім сур’ёзна: «Мы з Прапойска», не бачачы ў гэтым слове нічога заганнага, зняважлівага. Калі б мінулая назва ва ўяўленні прыстойных людзей звязвалася са словам п’янчуга, дык наўрад ці захоўвалася б яна ў іх памяці да такое пары.
    «Залатыя два дзесяцігоддзі» беларускай нацыянальнай тапаніміі абрываюцца ў 1964 г Прадстаўнікі мясцовых улад вырашылі, што прабіў час дзейнічаць. Як-ніяк, а народ усё ж пакрысе забываўся, якім гэта велізарным шчасцем для яго была захаваная і адбудаваная пасля вайны вёска. Ды й адносіны да яе сацыяль-
    на-эканамічнага, культурнага развіцця кульгалі на абе дзве нагі. Найбольш адукаваная, самая перспектыўная частка сельскага насельніцтва — выпускнікі няпоўных і сярэдніх агульнаадукацыйных школ — гужом пацягнулася ў горад за атрыманнем спецыяльнай адукацыі ў тэхнікумах і ВНУ, у мэтах працаўладкавання на прадпрыемствах прамысловасці і транспарту, будоўлях, у сферы быту, дзе аплата працы была вышэй, чым у калгасах і саўгасах. У вёсцы заставалася ўсё менш і менш высокасвядомых людзей... He трэба забываць, што тады сродкам масавай інфармацыі, розным ідэалагічным службам, агульнаадукацыйнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школе многае ўдалося зрабіць па размыванні нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, грунтоўна падрыхтаваць яго да зліцця культур і моў ды і саміх нацый. Вядома, у такім этнічна дэфармаваным стане ён ужо не мог правільна ўсведамляць значэння створанай на працягу ўсёй гісторыі нацыянальнай тапаніміі, стаць яе абаронцам ад усялякіх замахаў з боку мясцовай адміністрацыі. I апошняя гэта вельмі добра разумела, таму так смела ўзялася руйнаваць тое, чаго сама не ў стане была належным чынам ацаніць з-за свайго вельмі нізкага культурнага ўзроўню, гістарычнага беспа мяцтва.
    Цяжка ўявіць, адкуль было ўзяць тыя сродкі? Але ж у 1964 г., калі ў краіне, у тым ліку і на Беларусі, узніклі істотныя хібы ў сацыяльна-эканамічным развіцці з прычыны панавання хрушчоўскага валюнтарызму, у нас з’явілася магчымасць «па просьбе працоўных» змяніць назвы больш за 300 населеных пунктаў!!! Мо, не шкадавалі грошай толькі таму, што рабілася гэта ганебная акцыя ў гонар дваццацігоддзя вызвалення беларускага народа ад нямецка-фашысцкай акупацыі? Магчыма, юбілей быў прычынай, што адразу ў жыхароў такой вялікай колькасці вёсак з’явілася жаданне развітацца з назвамі, якія прыйшлі ад старэйшых пакаленняў? Перакананы, ведаючы жыццё рэспублікі тае пары, што ніякіх аб’ектыўных прычын для арганізацыі крыжовага паходу супраць нацыянальнай тапаніміі не існавала. Такі паход быў нічым іншым, як неабдуманым валявым актам надзеленых уладай людзей, якім бракавала ведаў і павагі да гісторыі і культуры роднага краю. «Падпраўляць мінулае, каб дагадзіць каму ці чаму б то ні было,— праўдзіва зазначаў
    вядомы рускі пісьменнік Уладзімір Чывіліхін,— справа не толькі безнадзейная, але і рызыкоўная». У нас жа, як бачым, не проста рызыкнулі, а так маштабна размахнуліся, што аддалі пад нож сотні назваў населеных пунктаў, якія стагоддзямі выконвалі ролю помнікаў гісторыі беларускага народа, дзялілі з ім яго гора і радасць. Проста дзіву даешся, што ў прэсе таго часу не з’явілася ніводнай прыстойнай публікацыі ў абарону нацыянальнай тапаніміі. У цывілізаваных, дэмакратычных грамадствах гэты факт выклікаў бы та.кі рэзкі пратэст, што нават цяжка ўявіць маштабы яго размаху.
    Наш жа народ, як і ў многіх іншых выпадках, калі справа датычыла яго гістарычнай памяці, духоўнай спадчыны, нічога не знайшоў лепшага, як прамаўчаць. Прамаўчалі партыйныя і савецкія работнікі, вучоныя і творчая інтэлігенцыя, хаця, не сумняваюся, шмат хто з іх быў знаёмы з тым, што пісалася ў 42-м томе тагачаснага выдання «Большой Советской Энцнклопеднн»: «Асноўнай уласцівасцю тапанімічных найменняў з’яўляецца іх устойлівасць, жывучасць, з прычыны чаго яны служаць самымі старажытнымі помнікамі, якія дазваляюць пранікаць у глыбіню гісторыі, культуры і мовы» (падкрэслена мною.— Л. Л.). Тамы ж згаданай энцыклапедыі, напэўна, стаялі на кніжных паліцах многіх службовых кабінетаў, шкада толькі, што ніхто са шматлікіх прадстаўнікоў мясцовых Саветаў Беларусі так і не разгарнуў 42-га тома, у якім можна было прачытаць такія пераканаўчыя і даступныя кожнаму словы пра значэнне і ролю тапаніміі. Бо калі б удалося прачытаць, асэнсаваць такое, мабыць не ўзнялася б рука нават на самы, на іх погляд, немілагучны, архаічны тапонім.