Назвы зямлі беларускай

Назвы зямлі беларускай

Выдавец: Універсітэцкае
Памер: 128с.
Мінск 1994
44.53 МБ
Шмат тапонімаў, што дайшлі да нас ад часоў далёкай мінуўшчыны, па розных прычынах часта чымсьці сёння не задавальняюць жыхароў, асабліва тых, хто жыве не ў ладу са сваёй гісторыяй. Больш за ўсё наракаюць, што старажытная назва не дапасоўваецца да сучаснага жыцця. А калі разабрацца, дык чаму яна павінна дапасоўвацца? Назва ж з’явілася на свет даўным-даўно і зусім не абавязана ўвасабляць у сабе
сённяшні дзень. Кантрастнасць паміж імі зусім нармальная з’ява і яе варта баяцца ці пазбягаць. Наадварот, яе можна выкарыстоўваць у самых розных ракурсах.
Думаецца, няма аніякай патрэбы даказваць, што часта нехарактэрныя, кантрастныя нашым дням геаграфічныя назвы праз метад параўнання дазваляюць больш выразна ўбачыць дасягнутае людзьмі ў працэсе іх шматвяковай стваральнай працы. Нездарма ж мы ў многіх выпадках пры лагічных абгрунтаваннях той ці іншай з’явы для большай пераканаўчасці прыбягаем да гісторыка-параўнальнага аналізу, самую апошнюю стадыю развіцця той ці іншай з’явы супастаўляем з тым, чым яна была на сваім зыходным рубяжы. Старажытны тапонім — гэта проста знаходка ў імкненні выявіць пераемнасць паміж далёкім мінулым і сённяшнім днём, гісторыяй і сучаснасцю. Так што не будзем палохацца кантрастнасці паміж паняццем, якое ўкладваецца ў гістарычны тапонім, і зместам нашага сучаснага жыцця, бо яна абумоўлена самім ходам паступальнага развіцця грамадства.
Кантрастнасць паміж старажытнай назвай вёскі ці горада і іх сучасным жыццём дае невычэрпны і каштоўны матэрыял для выхавання маладых пакаленняў. Без усякага сумнення, кожнага падлетка зацікавіць, чаму яго родная вёска носіць назву Чорная Гразь, Халопкавічы, Фальварак, Сярмяжка і да іх падобныя. I тут бацькам хочаш не хочаш давядзецца выступаць перад сваімі дзецьмі ў ролі краязнаўца, а пры неабходнасці нават і самому звярнуцца да гістарычнай, даведачнай літаратуры, каб знайсці адказы на магчымыя пытанні.
Затое нікога не падштурхнуць да глыбокага роздуму на прыдуманыя ў цішыні адміністрацыйных Кабінетаў новенькія, падгладжаныя да бляску такія назвы, як Малінавая, Васількі, Сонечная, Клёнск, Ябланеўка, Вішнёвая, Рыбнае, Грыбное, Арэхава... А калі і з’явіцца пытанне, дык хутчэй за ўсё ад таго, што вёскі-то называюцца Арэхава, Вішнёвая, Малінавая, а ў гародах іх жыхароў і днём з агнём не знойдзеш ні арэхаў, ні вішань, ні малін.
Упэўнены, што чалавецтва зрабіла б вялікую памылку, каб пераўтварыўшы ва ўрадлівую зону цяперашні Галодны Стэп, надумала назваць яго Багатым Стэпам. Куды ж разумней, каб за нашымі населенымі пунктамі ва ўсіх без выключэння выпадках захоўваліся ранейшыя найменні, што дасталіся ад продкаў. Хопіць
з нас таго, што мы маем права даваць назвы сваім калгасам і саўгасам у залежнасці ад дасягнутага імі ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця, прысвойваць імя вытворчым аб’яднанням, заводам і фабрыкам установам навукі і культуры, школам, бальніцам і г д. I ніколі спрадвечныя назвы вёсак Неўраджайнае ці Голае не прывядуць да страты чалавечай вартасці іх жыхароў, не абядняць тапанімічны пашпарт нашай зямлі, калі яны ад года ў год збіраюць высокія ўраджаі, жывуць у дастатку. Больш таго, прыведзеныя вышэй назвы могуць служыць людзям стымулам ладзіць сваю гаспадарчую дзейнасць так, каб жыццё ў такіх вёсках не адпавядала іх найменню.
3 усіх тапонімаў цывілізаваныя людзі найбольш паважаюць, шануюць тыя, што дайшлі да сучаснасці ад самых старажытных часоў. Звычайна такія назвы маюць пэўныя адступленні ад лексікі новай літаратурнай мовы, а не дык і зусім адсутнічаюць у ёй, з цяжкасцю паддаюцца растлумачэнню, што з’яўляецца падставай узнікнення самых неверагодных легендаў аб іх паходжанні, часта досыць цікавых паводле зместу, блізкіх да кароткіх мастацкіх апавяданняў. Практычна ў нас на Беларусі няма ніводнай гістарычнай назвы, пра якую не была б складзена адна ці некалькі легендаў аб яе паходжанні.
He з’яўляецца выключэннем з гэтага правіла і сама сталіца Беларусі Мінск. Калі згодна адной легендзе ён бярэ сваю назву ад мясцовай рэчкі Менка, дык другая, цяпер ужо адхіленая, была звязана з размяшчэннем гэтага старажытнага горада ў месцы, дзе адбываўся інтэнсіўны абмен (адсюль — Менск) таварамі паміж тубыльскімі і прыезджымі купцамі. Як бачым, кожная з легендаў даволі праўдападобная, грунтуецца на лінгвістычным матэрыяле. He выпадкова таму ў старажытнасці назву нашай сталіцы вымаўлялі і пісалі не так, як гэта мы робім сёння — Мінск, а Менеск, Менск, дзе выразна прысутнічае корань слова мен.
Калі ж беларускія землі апынуліся пад уплывам культуры Рэчы Паспалітай, у службовым справаводстве беларускую мову пачалі паступова замяняць польскай мовай, стала відавочным, што старажытнае напісанне Менеск, Менск не адпавядае патрабаванням апошняй, бо нагадвала яго жыхарам пра штосьці сваё, роднае. Да таго ж, у Польшчы ўжо добра вядомым быў уласны горад Мінск-Мазавецкі. Адсюль, значыць, і на-
зву горада патрэбна было пісаць не Менеск (Менск), а Мінск. Так яно і атрымалася на практыцы: спачатку ў розных службовых дакументах, а пазней і ў літаратуры замест звыклага Менеска (Менска) сталі ўжываць Мінск. На гэты фактар не звярнулі аніякай увагі і царскія чыноўнікі, пасля таго як Мінск у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) быў далучаны да Расійскай імперыі.
Аднак гэта перакручаная на польскі лад назва ніколі не задавальняла шчырых беларусаў-патрыётаў. Таму як толькі з перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. узнікла рэальная магчымасць беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, і Мінск стаў сталіцай БССР, неўзабаве яе ўрад прыняў рашэнне называць яго Менск. Жыхары горада, як і ўвесь беларускі народ, з разуменнем успрынялі гэты справядлівы акт маладой беларускай дзяржавы, бачачы ў ім важны крок да ўсталявання новага жыцця на трывалым нацыянальным грунце.
На жаль, наш нацыянальна-культурны Рэнесанс ў міжваенны перыяд быў гранічна кароткатэрміновым. 3 разгулам сталінска-яжоўска-берыеўскіх рэпрэсій стаў наносіцца ўдар за ўдарам па нацыянальных заваёвах беларускага народа, і таму прызналі нават немэтазгодным захоўваць назву яго сталіцы ў старажытным напісанні. Палічылі за лепшае пісаць па-ранейшаму, г. зн. па-польску. Цяпер, калі звязаная з развіццём грамадскага жыцця дэмакратызацыя міжнацыянальных адносін абудзіла этнічную самасвядомасць людзей, выклікала ў іх прагу да ведаў свайго гістарычнага мінулага, усё больш і больш раздаецца галасоў аб вяртанні Мінску яго спрадвечнай назвы Менск. I я лічу, што гэта зусім абгрунтаваныя жаданні. Гістарычная справядлівасць рана ці позна павінна ўзяць верх.
Шмат таямнічага ўтойваецца і ў назвах некаторых нашых абласных цэнтраў. Паводле шчаслівага збегу акалічнасцей так сталася, што ўсе яны маюць даволі багатае гістарычнае мінулае, а гэта дае падставы для ўзнікнення розных легендаў аб паходжанні іх назваў. Прычым дапытлівы чалавечы розум па некаторых з іх яшчэ і па сённяшні дзень не дакапаўся да ісціны, працягваючы задавальняць сваю зацікаўленасць усяго толькі здагадкамі, гіпотэзамі. Узяць, да прыкладу, Гомель. Хаця многія вучоныя ледзь не катэгарычна выводзяць яго са старажытнага тэрміна гаміла (гамо-
ла) — магіла1, узгорак, сёй-той на ўзроўні спрошчанага падыходу да разгадкі схільны тлумачыць этымалогію тапоніма тым, што паблізу горада, размешчанага на рацэ Сож, было мелка, і людзі, каб папярэдзіць адзін аднаго ў час руху па вадзе, выкрыквалі: «Го-гого! Мель!» He навукова, але досыць займальна!
He задаволіўся народ і навуковым вытлумачэннем этымалогіі тапоніма Магілёў. 3 пункту гледжання навукі тут усё вельмі проста: у аснове яго дахрысціянскае асабовае імя Магіла, да якога дадаецца суфікс -ёў. Такіх назваў населеных пунктаў патранімічнага паходжання ва ўсходнеславянскіх народаў нямала. Але ў беларускім народным паданні існуе наконт гэтага даволі цікавае меркаванне, якое ў свой час захапіла і фантазію Я. Купалы. Паводле існуючай легенды, Магілёў быў закладзены ля магілы бясстрашнага змагара з сацыяльнай несправядлівасцю Машэкі. Вось гэты фальклорны сюжэт і апрацаваў народны пясняр ЯКупала для сваёй паэмы «Магіла льва», a Е. ЛАіровіч і В. Вольскі паклалі яго ў аснову п’есы «Машэка». Распаўсюджанню легенды садзейнічала і напісанне беларускім кампазітарам Р. Пукстам оперы «Машэка». Аўтару гэтых радкоў вядома яшчэ і такое, нібыта Магілёў хацелі перайменаваць у гонар ураджэнца яго выдатнага савецкага вучонага ў галіне матэматыкі, астраноміі, геафізікі, даследчыка Арктыкі О. Ю. Шмідта, які памёр у 1956 г. Што й казаць, Ота Юльевіч — сапраўдны буйны вучоны, заслугоўвае ад сваіх землякоў права на бессмяротнасць. I трэба аддаць належнае розуму і разважлівасці магіляўчан, што яны не згадзіліся на ахвяраванне гістарычнай назвы, а знайшлі іншыя, больш прымальныя сродкі захаваць памяць пра свайго слыннага сына.
He пашчасціла на легенды астатнім абласным цэнтрам Беларусі — Брэсту, Віцебску, Гродне. Назву першага выводзяць — і зусім справядліва — ад слова бяроста ’бярозавая кара’, таму выказваюцца слушныя думкі вярнуцца да яго старажытнай летапіснай назвы Берасце (Бярэсцеў. Назву другога з упамянутых гара-
1 Апаненты гэтай легенды не пагаджаюцца з такім тлумачэннем, паколькі на Віцебшчыне ёснь возера Гомель.
2 У XVII —XIX стст. меў назву Брэст-Літоўск, што падкрэслівала колішняе ўваходжанне ў склад Вялікага Княства Літоўскага, у 1921 —1939 гг.— Брэст-над-Бугам, што тлумачыла нежаданне польскіх улад прызнаць яго прыналежным да іншага народа.
доў звязваюць з р. Віцьба. А вось само апошняе слова — гідронім — не такое простае ў разуменні. Бясспрэчна, яно не мае нічога агульнага з дзеясловам віць ці віцца. Віць, як многія лічаць,— гэта вільготнае месца, багна, а фармантам ба ў нашай тапаніміцы абазначаецца прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці. Да таго як з’явіцца сучаснай назве гэтага горада, ён быў вядомым са старонак летапісаў, гістарычнай літаратуры, як Віцепск, Відзьбеск, Віцьбеск. Як бачым, па вымаўленні сённяшняя назва Віцебск зусім не адрозніваецца ад сваёй першаасновы.
Адзін з самых распаўсюджаных славянскіх тэрмінаў горад, гарадзьба ляжыць у аснове апошняга з вышэй пералічаных абласных цэнтраў Беларусі. Паколькі прыняты для ўтварэння імя горада тэрмін зведаў на сваім доўгім вяку шмат варыянтаў, дык і сучасная назва гэтага абласнога горада не заўсёды была такой, якой мы карыстаемся сёння. Паводле розных старажытных пісьмовых крыніц вядомы наступныя яго варыянты: Городень, Городна, Городня. Апошнім часам на старонках мастацкай літаратуры, літаратурна-мастацкіх часопісаў, выданняў нефармальных аб’яднанняў усё часцей і часцей замест афіцыйна прынятай цяпер назвы Гродна ўжываецца старажытны тапонім Гародня, што, несумненна, можна вытлумачыць законным жаданнем людзей аднавіць сваю гістарычную і духоўную спадчыну.