Назвы зямлі беларускай

Назвы зямлі беларускай

Выдавец: Універсітэцкае
Памер: 128с.
Мінск 1994
44.53 МБ
душныя ў тым, што ў аснове разглядаемай назвы ляжыць фінскі фармант — ліна, што значыць замак, умацаванне.
Затое намі вельмі свабодна, прадметна, як штосьці надзвычай блізкае, успрымаецца назва горада Браслава Віцебскай вобласці, асабліва сваёй другой часткай — слава. Каму вядома гісторыя старажытнай Полаччыны, той, напэўна, назву гэтага горада звяжа з імем князя данай зямлі Брачыславам. I такой легенды сапраўды сёй-той прытрымліваецца, хаця больш аўтарытэтныя спецыялісты лічаць, што гэты на першы погляд зусім незагадкавы тапонім трэба тлумачыць балтыйскім словам brasta ’брод’, што добра дапасоўваецца да геаграфічнага становішча Браслава.
Прыгожа гучыць пры вымаўленні і не прымушае многіх заглядваць у тлумачальны слоўнік назва вёскі Кудзеркі Шчучынскага раёна, бо слова, якое легла ў яго аснову, бытуе і па сённяшні дзень, абазначаючы невялікі вузкі ўчастак лесу, неўзаранае месца сярод раллі, хмызнякі ўздоўж палявой дарогі. Але калі прыслухацца да голасу добрага знаўцы нашай беларускай тапанімікі В. А. Жучкевіча, дык не выключана, што гэты тапонім вытвараны ад літоўскага kudra ’сажалка’ Улічваючы сумежнасць Шчучынскага раёна да Літвы, такое тлумачэнне паходжання назвы вёскі Кудзеркі зусім верагоднае, але толькі нельга настойваць на катэгарычнасці такога пункту гледжання.
Назвы населеных пунктаў Беларусі, у якіх увасоблены яе геаграфічныя, прыродна-кліматычныя асаблівасці, дэмаграфічныя рысы, бытавыя ўмовы, часта вызначаюцца паўтаральнасцю і шматварыянтнасцю, што ўвогуле зразумела, таму што на яе зямлі багата месцаў, якія маюць шмат чаго агульнага паміж сабой. У прыродным асяроддзі Беларусі такім агульным, для любога не будзе сакрэтам, з’яўляюцца балоты. Да таго як у мірнае, спакойнае жыццё беларускай прыроды не ўварвалася магутная меліярацыйная тэхніка, у кожным раёне рэспублікі можна было знайсці па некалькі балот. Таму і лагічна, што на нашай зямлі маецца так шмат назваў населеных пунктаў з абазначэннем такой з’явішчы прыроднага ландшафту: Белае Балота (Рэчыцкі раён), Вялікае Балота (Расонскі), Сасновае Балота (Бярэзінскі), Цёмнае Балота (Шчучынскі), Белыя Балоты (Гродзенскі), Балотнікі (Шчучынскі і іншыя раёны), Балотня (Рагачоўскі раён), Балотавічы (Аршан-
скі), Балотаўкі (Шумілінскі), Балотчыцы (Слуцкі), Балоты. (Кобрынскі), Балоча (Пухавіцкі). Пры гэтым можна смела сцвярджаць, што пералічаныя тапонімы ўзніклі даволі даўно, бо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі новым населеным пунктам ужо не прынята было даваць такія бедныя назвы, бясконца далёкія, як пераконвалі людзей, ад характару палітыкі Савецкай дзяржавы.
Багаты наш край яшчэ і пасёння на азёры. «Пасёння» таму, што з-за вялікіх хібаў меліярацыі, пад уплывам змен у самім клімаце многія азёры спынілі сваё існаванне альбо немінуча ідуць да такога становішча. Паколькі жыццё чалавека ў мінулым і цяпер так цесна звязана з вадой, людзі імкнуліся будаваць свае паселішчы ля азёр. Калі апошнія былі вялікімі па памерах, мелі ўласнае імя, яно магло перадавацца і назве паселішча. У многіх жа выпадках найменне проста ўключала ў сябе само слова возера ў яго самых разнастайных варыяцыях, дзякуючы чаму на нашай геаграфічнай карце мы бачым такія тапонімы: Азярэцк, Азярычын, Азярышча, Азёрная, Азярніца, Азярок, Азярцо, Азерцы, Азерйічына, Азяранкі, Возера, Чырвонае Возера і інш.
Падобнае назіраецца і ў назвах населеных пунктаў, у аснове якіх слова рака. На Беларусі, бадай, няма ніводнай рэчкі, назва якой не ўвайшла б у імя той ці іншай вёскі альбо горада. Звычайна найбольш «шчаслівыя» ў гэтых адносінах вялікія паводле сваёй даўжыні рэкі, хаця ёсць і выключэнні, да прыкладу Дняпро. Паасобныя населеныя пункты Беларусі нясуць у сваіх імёнах і назвы рэк, якіх па розных прычынах ужо даўно няма ў прыродзе. Сярод тапонімаў, утвораных ад асновы рака, найбольш характэрныя: горад Рэчыца Гомельскай вобласці, такой жа назвы рабочы пасёлак Столінскага і вёскі Камянецкага, Чэрыкаўскага і іншых раёнаў, Рэчкі (Веткаўскі, Вілейскі, Івацэвіцкі і інш.), Рачныя (Докшыцкі), Рачэнь (Любанскі).
Наяўнасць на беларускай зямлі спрадвеку вялікай колькасці хваёвых лясоў тлумачыць, чаму тут вельмі папулярная назва населеных пунктаў, якая мае ў сваёй аснове корань бор. У адрозненне ад назваў вёсак з асновай балота гэта слова такое паважанае ў народзе, што ім ахвотна карысталіся мясцовыя Саветы для замены на іх погляд немілагучных найменняў. У выніку тапонімаў з коранем бор цяпер значна больш, чым іх
было пяцьдзесят гадоў таму назад. Есць раёны, дзе трапляюцца па некалькі такіх назваў. Шырока распаў сюджаны тапонімы з гэтай асновай у спалучэнні з азначэннямі: Белы Бор, Вялікі Бор, Добры Бор, Зялёны Бор, Красны Бор, Сасновы Бор, Сухі Бор, Чорны Бор і інш. Аснова бор выступае ў складзе тапаніміі ў розным структурным афармленні: Боркі, Барок,, Баравая, Бароўка, Бараўляны, Баравое, Баравуха, Бараўшчына, Баравіца, Бароўна, Бароўцы, Баравічы, Баравыя, Забор’е, Падбор'е і інш. I напэўна жыхарам любога з пералічаных населеных пунктаў здаецца, што самае прыгожае слова ад кораня бор утварылі менавіта яны.
Здольнасць беларускага народа ў словатворчасці вельмі добра праявілася ў назвах з коранем лес, што таксама тлумачыцца і маштабамі распаўсюджання яго на нашай зямлі, і адносінамі саміх людзей да такой катэгорыі расліннага свету. Я не стану прыводзіць назвы, дзе слова лес прысутнічае без усялякіх змяненняў, бо іх даволі багата. А вось розныя словаўтварэнні з дапамогай яго, думаецца, зацікавяць чытача: Лесань Жлобінскага раёна, Лясец—Калінкавіцкага, Лясіны — Мінскага і Полацкага, Лясішча — Бабруйскага і Слуцкага, Ляскі — Веткаўскага, Вілейскага, Акцябрскага і іншых раёнаў, Лясок — Хойніцкага, Белы Лясок — Пружанскага, Лясная — Баранавіцкага, Віцебскага, Міёрскага, Вілейскага, Гродзенскага і іншых раёнаў, Лясное— Капыльскага, Лясныя — Круглянскага, Леснікі — Ваўкавыскага, Лідскага і іншых раёнаў, Леснікова — Верхнядзвінскага, Міёрскага і Сенненскага, Лесагорская — Гарадоцкага раёна. Шкада толькі, што з прычыны варварскіх адносін многіх гаспадарнікаў да гэтага прыроднага багацця ў некаторых месцах падобныя назвы ўжо не адпавядаюць сучаснаму наваколлю вёсак: лесу ці зусім няма, ці ён знаходзіцца на вялікай адлегласці ад іх.
Там, дзе сам характар прыроды даваў нашым далёкім і блізкім продкам падставы ўжыць для назвы свайго паселішча слова лес, яны, аднак, не заўсёды спыняліся на такім простым варыянце. У акаляючым іх лесе яны заўсёды стараліся вызначаць пераважную пароду дрэў і пры неабходнасці ўтвараць з яе назву свайго роднага кута. Такія назвы маюць немалаважнае значэнне, бо паводле іх можна меркаваць пра колішняе ці цяперашняе распаўсюджанне тых ці іншых парод дрэў у данай канкрэтнай мясцовасці.
Аналізуючы перададзеную нам на захаванне ад былых пакаленняў нацыянальную тапанімію, няцяжка заўважыць, што ў ёй вельмі добра прадстаўлены ўсе без выключэння характэрныя для беларускіх лясоў пароды дрэў: хвоя (сасна), елка, ліпа, бяроза, клён, дуб, ясень. Найбольш папулярныя з іх ліставыя пароды дрэў, асабліва бяроза, дуб, ліпа. Сваю любоў да гэтых драўняных парод беларускі народ выказаў праз іх найменне памяншальна-ласкальнымі словамі, ужыванне ў спалучэнні з якаснымі прыметнікамі.
Зайздросную лінгвістычную здольнасць выявілі нашыя продкі ў выкарыстанні слова ліпа для наймення сваіх паселішчаў. Вось якія тапонімы ўтвораны на яго аснове: Ліпна (Сенненскі раён), Ліпень (Асіповіцкі), Ліпінічы (Буда-Кашалёўскі), Ліпічанка (Шчучынскі), ЛіпЛ (Аршанскі, Барысаўскі, Валожынскі і інш.), Ліпкунцы (Воранаўскі), Ліпна (Міёрскі і Камянецкі), Ліпнікі (Брэсцкі, Драгічынскі і інш.), Ліпніца (Клічаўскі), Ліпнішкі (Іўеўскі), Ліпнягі (Шаркаўшчынскі), Ліпнякі (Лоеўскі), Ліпавая (Полацкі), Ліпавец (Чашніцкі і Ушацкі), Ліпаў (Калінкавіцкі), Лі.паўк.а (Быхаўскі, Расонскі, Касцюкевіцкі і інш.), Ліпава (Глыбоцкі, Калінкавіцкі, Міёрскі і інш.), Ліпск (Круглянскі, Докшыцкі і інш.).
He менш шырокі спектр словаўтваральных сродкаў прымяняецца пры афармленні тапонімаў з асновамі дуб і дубняк (у сэнсе дубовыя зараслі ці малады дубовы лясок), дуброва (спачатку абазначала дубовы, а цяпер ліставы гай). У мэтах эканоміі месца ў кнізе прывядзём назвы такога роду без пазначэння раёнаў іх распаўсюджання: Дубечна, Дубінка, Дубіны, Дубінцы, Дублін, Дубна, Дубіца, Дубішча, Дубкі, Дубнікі, Дубнякі, Дубавая, Дубавік, Дубавіца, Дубаўка, Дубава, Дубовае, Дубок, Дубы, Дубнавічы, Дубянец, Дубянцы, Дубінава, Дубінкі, Дуброва, Дубровы, Дуброўка, Дубровіца, Дуброўкі, Дуброўна, Дуброўскія. Найбольш пашыраныя да гэтай назвы азначэнні: добры, зялёны, белы, доўгі., чырвоны, мокры, новы. Натрапіўшы на назвы Мокрая Дуброва, можна было не сумнявацца, што пазначаныя такімі словамі вёскі і сапраўды размяшчаліся дзесьці ў нізкім забалочаным месцы. Такім жа беспамылковым арыенцірам служылі для чалавека і іншыя падобнага роду тапонімы. Але пазней, калі на нашай зямлі так добра прыжыўся вірус перайменавання назваў населеных пунктаў, хтосьці з іх мог зай-
мець назвы з асновамі ліпа, клён, дуб і іншых парод, якія не надта ж распаўсюджанымі былі ў гэтых мясцовасцях. Асабліва «пашчасціла» ў час перакройкі геаграфічнай карты Беларусі тапоніму, утворанаму ад слова бяроза, якім ахрышчвалі населеныя пункты незалежна ад наяўнасці ў данай мясцовасці такой пароды дрэў. Гэтым словам беспадстаўна замянілі такія народныя назвы, як Трапуціха (Іўеўскі раён), Лежні (Віцебскі), Сінебрухі (Гарадоцкі), Заграззе (Міёрскі), Паршэвічы (Пінскі), Божадары (Барысаўскі), Мартышкі (Смаргоньскі).
* * *
Працавіты беларускі народ любіў спрадвеку называць месцы свайго пражывання словамі, якія ўвасаблялі характэрны для таго ці іншага куточка нашай зямлі від вытворча-гаспадарчай дзейнасці. Каштоўнасць такой катэгорыі тапаніміі ніяк нельга прыменшваць, бо на падставе яе можна дакладна ўявіць, чым некалі займаліся нашы далёкія і блізкія прашчуры. Зусім зразумела, паколькі ў беларускага народа незалежна ад месца пражывання так шмат чаго агульнага ў прыроднагеаграфічных умовах і характары вытворча-гаспадарчай дзейнасці, дык у дадзенай катэгорыі тапаніміі павінна быць вельмі багата назваў-паўтораў. I яны сапраўды ёсць. Аднак гэта той від паўтораў, прычым нават у межах аднаго і таго ж адміністрацыйнага раёна, які не павінен насцярожваць, служыць падставай для перайменаванняў, паколькі тут мае месца шырокае распаўсюджанне аднаго і таго ж віду дзейнасці чалавека, што абумоўлена спецыфікай данай мясцовасці, паколькі ў гэтых жа назвах увасабленне саміх адносін людзей да такога занятку і таму дакараць іх за нібыта няўменне прыстойна, разнастайна назваць месца свайго пражывання было б проста несправядлівым.