Назвы зямлі беларускай

Назвы зямлі беларускай

Выдавец: Універсітэцкае
Памер: 128с.
Мінск 1994
44.53 МБ
Адзінае, што нас можа радаваць цяпер,— гэта ледзь не канчатковае знікненне свербу перайменавання назваў населеных пунктаў. Сёння практычна ўжо ніхто не носіцца з такой ганебнай ідэяй. Нацешыліся!.. Але колькі намаганняў было прыкладзена нацыянальна свядомымі прадстаўнікамі беларускага народа, каб давесці органам улады ўсіх звёнаў аб шкоднасці ломкі тапаніміі. А раней жа сёй-той лічыў, што, замяніўшы народную назву прыгожанькім слоўцам, можна і самому яшчэ пры жыцці ўвайсці ў гісторыю. I сапраўды такіх слоўцаў напрыдумалі багата, але ў гісторыю аматары перакройкі назваў зямлі беларускай усё ж не трапілі. Цяпер на такую ініцыятыву былых гадоў мы глядзім зусім іншымі вачыма. I правільна, бо шчыраваць мы маем права толькі ў прыдумванні назваў вёсак і гарадоў, якія непасрэдна створаны нашымі рукамі, і абавязаны быць паважлівымі да ўсяго таго, што прыйшло да нас з мінулага.
Пры выкарыстанні ўсяго свайго моўнага патэнцыялу для вынаходніцтва новых назваў таксама трэба мець меру, рабіць абдумана і з вялікім розумам, бо можна напладзіць шмат тапонімаў, якія будуць выглядаць чымсьці чужародным ці цьмяным на нашай геаграфічнай карце. Згодна з раней прынятымі і досыць разумнымі нарматыўнымі актамі адным з найважнейшых патрабаванняў намінацыі населеных пунктаў з’яўляец-
ца ўлік у іх назвах «геаграфічных, гістарычных, нацыянальных, бытавых і іншых мясцовых умоў». Найменні павінны давацца «ў першую чаргу па законах мовы насельніцтва той тэрыторыі, на якой размешчаны геаграфічныя аб’екты, лёгка ўпісвацца ва ўжо складзеную сістэму назваў данага рэгіёна»1. Гэта менавіта тыя патрабаванні, якія больш за сем дзесяткаў гадоў парушаліся органамі Савецкай улады Беларусі, што прывяло ў непрыдатнасць яе тапаніміі да мясцовых умоў.
Даючы станоўчую ацэнку прагрэсіўным сілам беларускай нацыі, якія аб’явілі «стоп!» далейшаму разбурэнню народнай тапаніміі, мы павінны ўсвядоміць, што гэта толькі першы крок у сплочванні даўгоў сваёй гісторыі і культуры. Цяпер магутнаму махавіку, які дзесяцігоддзямі трушчыў наш духоўны скарб, трэба даць задні ход. Мая непахісная пазіцыя ў гэтым пытанні адназначная: усё каштоўнае з тапаніміі для гісторыі і культуры беларускага народа, што было згублена па недагляду ці непаразуменні, а часта — свядома, належыць абавязковаму вяртанню ў імя нашай павагі да сваіх прашчураў і нашчадкаў. Гэта трэба рабіць неадкладна, каб у кнігі па гісторыі вёсак і гарадоў Беларусі ўваходзілі іх сапраўдныя, спрадвечныя назвы, а не штучна, без густу прыдуманыя. Нельга, каб апошнія трапілі і ў новыя пашпарты. Гэту неабходную і адказную справу трэба пачынаць у першую чаргу з адраджэння найбольш каштоўных для нашай гісторыі і культуры назваў.
Пільнай увагі патрабуе да сябе лінгвістычны аспект тапаніміі. Наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай абавязвае да сур’ёзных клопатаў пра яе чысціню. Таму цяпер вельмі недарэчным уяўляецца наяўнасць у нашай нацыянальнай тапаніміі новаўтварэнняў, якія нічога агульнага не маюць з лексікай беларускай мовы. Выйсце адно: патрэбна поўная замена іх нацыянальным лексічным матэрыялам. Істотна належыць «урэзаць» лік даволі распаўсюджаных у нас палітызаваных, мемарыяльных тапонімаў, а таксама тых, што паказваюць гарызонты свету (Ўсход, Захад, Поўдзень, Поўнач), датычаць розных касмічных з’яў (Зорка, Сонечная, Вясёлка, Світанне).
Вычарпальны пералік тапонімаў, што падлягаюць
1 Практнческое руководство по нанменованню н перенменованню географнческнх обьектов СССР. М., 1987. С. 9.
абавязковаму і тэрміноваму вяртанню, павінна мець кожная спецыяльна створаная пры аблвыканкамах Саветаў народных дэпутатаў тапанімічная камісія. Пры мэтазгоднасці яны могуць арганізоўвацца і ў найбольш буйных гарадах. У склад такіх камісій трэба, каб уваходзілі кампетэнтныя, высокаэрудзіраваныя ў данай галіне навукі мовазнаўцы, географы, гісторыкі, энцыклапедысты, прадстаўнікі органаў улады, якія разумна і паважліва ставяцца да гісторыі і культурнай спадчыны свайго народа. Працаваць такія камісіі павінны ў найцяснейшым кантакце з тымі катэгорыямі мясцовага насельніцтва, у якіх пад уплывам адраджэнскіх працэсаў абуджаецца нацыянальная самасвядомасць, расце цяга да пазнання сваёй гісторыі.
Актыўнымі змагарамі за аднаўленне народнай тапаніміі добра праяўляюць сябе многія сябры краязнаўчых таварыстваў, таварыстваў беларускай мовы імя Ф. Скарыны і іншых нацыянальна-патрыятычных аб’яднаііняў. Першымі ў рэспубліцы стварылі тапанімічную камісію пры сваім абласным таварыстве Беларускага фонду культуры гамяльчане, бо менавіта ў гэтым рэгіёне ў сувязі з Чарнобыльскай трагедыяй вельмі востра стаіць пытанне аб захаванні геаграфічных назваў. На адрас камісіі рэгулярна паступаюць з месцаў матэрыялы аб паходЖанні назваў населеных пунктаў, найменняў малых геаграфічных аб’ектаў. «Збіранне такіх моўных фактаў, сапраўдных скарбаў розных гаворак, складанне на іх аснове так званай „Чырвонай кнігі“ геаграфічных назваў,— паводле слоў выкладчыка ГДУ А. Ф. Рогалева, які ўзначальвае камісію,— з’яўляецца галоўным напрамкам работы нашага тапанімічнага савета».
Ад сябе дадам, што такі напрамак можа стаць галоўным і для іншых тапанімічных саветаў такога роду аб’яднанняў і суполак. Цяпер у іх ёсць магчымасць па ўсіх пытаннях, што датычаць назваў вёсак і гарадоў, звяртацца ў Тапанімічную камісію пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Тапанімічную камісію Акадэміі навук Беларусі (калі справа датычыць лінгвістычнага аспекту тапаніміі), у Тапанімічную камь сію Рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Пералічаныя Тапанімічныя камісіі вельмі ўважліва прыслухоўваюцца да голасу ўсіх і асабліва да прапаноў творчай і навуковай інтэлігенцыі як найважнейшай сілы нашага нацыянальна-культур-
нага Адраджэння адносна вяртання найбольш характэрных і каштоўных для беларускай гісторыі і культуры найменняў.
Аднак даводзіцца здзіўляцца, што сёння, калі з’явілася рэальная магчымасць істотна паправіць гаротны стан нашай тапаніміі, гэта праблема не знаходзіць належнага асвятлення ў сродках масавай інфармацыі. Такое маўчанне можа парадзіць у людзей думку, што ў наш нялёгкі і супярэчлівы час ураду і грамадству няма аніякай справы да гэтага. А без зацікаўленага ўдзелу актывістаў на месцах практычна немагчыма на салідным прафесійным узроўні аднавіць нашу колішнюю багатую, адмысловую тапанімію.
У сваёй практычнай дзейнасці дзяржаўным і гаспадарчым органам, выдавецтвам, рэдакцыям газет і часопісаў, іншым установам і арганізацыям даводзіцца карыстацца дзвюма мовамі пры перадачы тапонімаў; пры гэтым вельмі часта дапускаюцца сур’ёзныя памылкі, бо адзін і той жа геаграфічны аб’ект перакладаюць з адной мовы на другую замест таго, каб транскрыбіраваць яго, г. зн. беларускую назву напісаць рускім правапісам ці наадварот. Толькі пры захаванні прынцыпу транскрыбіравання назвы можна пазбегнуць разнабою ў яе разуменні, памылак пры вусным і пісьмовым ужыванні. Цяпер, калі беларускай мове нададзены статус дзяржаўнай, калі мы жывём у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, ні ў кога не можа быць сумненняў, што адзіна афіцыйнымі на беларускай зямлі павінны быць толькі мясцовыя назвы. Усё тое, што па віне непісьменных у беларускай мове работнікаў Савецкай улады трапіла ў нашу тапанімію і супярэчыць мове карэннага насельніцтва рэспублікі, павінна ўступіць сваё месца беларускім назвам.
У канкрэтных адносінах да народнай тапаніміі заключаецца вялікая сіла фарміравання такога чалавека, які будзе глыбока адчуваць сваю повязь з гісторыяй, ахвотна аддаваць усяго сябе росквіту дарагой і адзінай Бацькаўшчыны. Руйнуючы ж масточкі да мінулага, чым дзесяцігоддзі ў нас безнаказана займаліся службовыя асобы розных рангаў, мы рызыкуем апынуцца ў такім становішчы, што перад нашым позіркам не толькі мінуўшчына засцелецца густой заслонай туману, але і сучаснасць будзе бачыцца не інакш, як у прыцемку. Верыцца, што нацыянальная самасвядомасць і павага
да гістарычных, духоўных традыцый у беларускага народа цяпер знаходзяцца на такім узроўні, што пры сур’ёзным, узважаным падыходзе да вяртання беспадстаўна вынішчаных назваў будуць пераадолены любыя цяжкасці.
Вырашаючы гэта ў многіх аспектах нялёгкае і складанае пытанне, не варта кіравацца толькі лакальнымі інтарэсамі і меркаваннямі жыхароў таго ці іншага горада, вёскі (калі мо і сапраўды па іх ініцыятыве было ўчынена перайменаванне), а агульнанацыянальнымі, веліччу тых гістарычных падзей, віто некалі адбываліся ў населеных пунктах, якія сёння застаюцца без свайго законнага імя. Толькі такім шляхам нам удасца адрадзіць былую адметнасць, невычэрпнае багацце геаграфічных назваў Бацькаўшчыны, аўтарам якіх быў сам народ. Патрэбныя на аднаўленне нацыянальнай тапаніміі фінансавыя сродкі і звязаныя з гэтым арганізацыйныя клопаты не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, што мы губляем у плане свайго духоўнага Адраджэння ад бытавання велізарнай колькасці штучных, пакалечаных, чужародных назваў. Больш лагічна самім пазбавіцца ад іх, чым чакаць і спадзявацца, што такое некалі зробяць улюбёныя ў родны край яго новыя пакаленні.
Ад продкаў дасталася нам пераўтвораная іх працавітымі рукамі, выведзеная на шлях цывілізацыі наша родная Беларусь. На яе далёка не ўрадлівай зямлі нашы дзяды і бацькі ўмелі атрымліваць высокія ўраджаі, гадаваць вялікае пагалоўе кароў і свіней. Шмат набудавана заводаў і фабрык, жылых дамоў, школ і бальніц, устаноў навукі і культуры. I не віна радавых працаўнікоў, што сёння нас агарнуў страшэнны эканамічны крызіс. Будзем спадзявацца, што і на яго знойдзецца ўправа, Беларусь стане на ногі. Але да якога прагрэсу мы ні дайшлі б, трэба ведаць, што ля яго вытокаў стаялі нашы далёкія і блізкія продкі. Гэта нас абавязвае і будзе стала абавязваць шанаваць у па.мяці ўсё, што звязана з іх жыццём, каб гэтак жа сама некалі шанавалі і нас будучыя пакаленні. Яны наўрад ці даруюць нам, калі мы не вернем людзям не па іх віне страчаную тапанімічную спадчыну, у якой так яскрава было некалі адлюстравана ўсё нялёгкае жыццё беларускага народа. Народжаная ў яго асяроддзі прымаўка: «Хто бацькоў не шануе, той сабе такую долю рыхтуе», абавязвае ісці на любыя крокі, каб спаўна вяр-