Нe сьмяшыце мае прыназоўнікі
Вінцук Вячорка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2017
Вінцук Вячорка
HG
сьлмяшыце мае прыназоунікі
радыё свабода
не сьмяшыце мае прыназоўнікі
Вінцук Вячорка
не сьмяшыце мае прыназоўнікі
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
Вінцук Вячорка. He сьмяшыце мае прыназоўнікі. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017. 316 с.: іл.
Бібліятэкар Свабоды
Аляксандар Лукашук
Мастак Генадзь Мацур
Карэктар Марына Сідаровіч
Другая кніга нарысаў пра беларускую мову, што гучалі на хвалях і публікаваліся на сайце Радыё Свабода пачынаючы з 2014 г. (Першая кніга выбраных тэкстаў гэтай сэрыі „Пабеларуску зь Вінцуком Вячоркам" выйшла ў „Бібліятэцы Свабоды" ў 2016 г.)
Кніга інтрыгуе чытача невядомымі або наноў адкрытымі фактамі пра нашую мову ды яе багацьцямі, нязмушана натхняючы прыгожа гаварыць па-беларуску.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017 FOL
ISBN 978-0-929849-84-3
Зьмест
Простыя рэчы. Аляксандар Лукашук 8
Мова як імунітэт. Ад аўтара 9
БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА? 11
3 красавіка — Дзень дзяржаўнасьці беларускае мовы 12
Прыгоды адсоткаў у каралеўстве крывых люстэркаў 19
Унікальнасьць, якою не выпадае хваліцца 30
Чаму кітайцы мусяць вучыцца па-беларуску 37
Вышэйшая адукацыя па-беларуску:
у 205 разоў меней шанцаў 52
„Савушка“ і „бабушка“. Беларускія малочнікі
баяцца беларускае мовы 61
БЕЛАРУСКАЯ ГОДНАСЬЦЬ 69
Як нас заве сьвет — „Беларашэн“ ці Belarus(i)an? 70
Ці абароніць Belarus Сьвятлана Алексіевіч? 76
Пішам па-расейску: Беларусь, беларус, беларусскйй 85
БЕЛАРУСКАЕ ІМЯ 93
Украінскі горад Дніпро і беларускі горад Шміт.
Пра дэкамунізацыю тапонімаў 94
He Акцябарскі, а Рудобелка; не Дзяржынск, а Койданаў; ня Кіраўск, а Качэрычы 99
Ігумен —> Чэрвень. Шацілкі —> Сьветлагорск.
Паўзучая тапанімічная прапаганда 103
Як расейскія пісьменьнікі пакрыўдзілі наш старажытны Прапойск 107
Як палюбіць Савецкі раён? 112
Квасыч, Капірыч і Рыгорыч: імя па бацьку як чужы брэнд 117
Колькі беларускіх імёнаў у Вэнэры і што такое Зорны Кол? 133
БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА 141
Бацька ў кожнага свой 142
Я мужык-беларус, пан сухі і касы 151
Прэзыдэнтка, дырэктарка... А Ярмошына — старшынька ці старшыня? 158
Ян Станкевіч на сваё 125-годзьдзе спрачаецца зь Сьвятланай Калінкінай 162
Эўра — яно маё? (Граматычная загадка) 171
Былі ў нас талеры — усе патаялі, застаўся толькі даляр 177
БЕЛАРУСКІ ТЭРМІН 181
Як па-беларуску „пылесос“ і якой нацыянальнасьці Зьмей Гарынавіч 182
Сьцяг ці флаг? 188
Як страхавацца па-беларуску 195
Што ішча саіскальнік? 200
Міліцыя і паліцыя — розныя словы, розныя рэчы 204
БЕЛАРУСКАЯ ЭКСПРЭСІЯ 211
He сьмяшыце мае прыназоўнікі 212
„Я маю“ ці „ў мяне ёсьць“? 221
Як па-беларуску „пнр во время чумы“? 230
„Орёл нлн решка“? Пагоня ці лічба! 235
Як эканоміць у CMC і твітах 240
Моўныя парады дармаедам
і падатковай інспэкцыі 247
Беларускі шкалярскі жаргон. Як па-нашаму „шпаргалка“ і „камчатка“ 254
БЕЛАРУСКАЯ НАГОДА 259
Дзень Волі. Дзень Незалежнасьці. Як называць галоўнае сьвята 260
Сьвята — Вялікдзень, а велікодны пірог — паска ці булка 267
Гадуйся! Разьвітацца па-беларуску і нікога не пакрыўдзіць 270
Калі ў роце ёлка 277
У беларусаў апошняя чарка — толькі адна. Як яна называецца? 283
Паказьнік 290
Пра аўтара 302
Summary 304
Простыя рэчы
Каб напісаць гэтую кнігу, трэба проста ведаць астраномію, сацыялёгію, матэматыку, паліталёгію, дзяржаўнае будаўніцтва, замежныя адносіны, канстытуцыйнае права, фінансавы лексыкон, дзяржаўныя стандарты, гандлёвыя маркі, міталёгію, літаратуру, паэзію, музыкалёгію, фальклёр, багаслоўе, псыхалёгію, астралёгію, філязофію, лаціну, арамейскую, славянскія, германскія, раманскія, фіна-вугорскія мовы, дыялекты свае і суседзяў, жаргон, выбарчае заканадаўства, археалёгію, адміністрацыйны кодэкс, грашовыя сыстэмы, рок-музыку, кампутарную тэрміналёгію, інтэрнэт-слэнг, вайсковы статут, канцылярыт, эстэтыку, батаніку, іхтыялёгію, геаграфію, гісторыю ды іншыя нацыянальныя навукі, a таксама чытаць лекцыі, выдаваць слоўнікі, складаць падручнікі, ствараць нефармальныя рухі, узначальваць партыі, весьці мітынгі, сядзець за кратамі, прадстаўляць сваю краіну на міжнародных форумах — іншымі словамі, жыць па-беларуску.
Каб прачытаць гэтую кнігу, трэба проста яе разгарнуць — бо закрыць ужо немагчыма.
Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода
Мова як імунітэт
Гэта другая кніга маіх тэкстаў, што гучалі на хвалях і публікаваліся на сайце Беларускай службы Радыё Свабода пачынаючы з 2014 году. (Першая, „Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам выйшла ў 2016 г.)
Акрамя дасьледніцкага і асьветніцкага імпэту, мною кіруе пачуцьцё справядлівасьці. Як магла б разьвіцца — на ўласнай аснове — нашая мова ў XX стагодзьдзі, каб беларускае мовазнаўства не палягло ў курапацкіх ямах 1930-х гадоў?
Таму спрабую масьціць масты: паміж моўнай практыкай міжваенных Менску і Вільні ды постсавецкаю цяпершчынай; паміж старабеларускай мовай і сучаснаю тэрміналёгіяй; паміж фантастычным багацьцем дыялектаў і нэафіцкаю беларускаю моваю маладых гіпстэраў.
Пражыць дзень па-беларуску. Чуць беларускія словы — ад крамніцы да страхавога агента і паліцыянта. На дарожных паказьніках бачыць не Акцябарскія-Кіраўскі-Дзяржынскі, а спрадвечныя беларускія назвы гарадоў і вёсак. Дзецям спазнаваць у школе беларускія назвы сузор’яў ды зьвяртацца да настаўніцы „спадарыня“. Такая Беларусь цалкам магчымая. Таму сягаю ў розныя сфэры жыцьця
й пазнаньня, учытваюся ў тэксты іншых дасьледнікаў — толькі каб пераканацца: пабеларуску вычарпальна й прыгожа сказаць можна пра ўсё.
Ёсьць канцэптуальная гіпотэза Эдварда Сэпіра і Бэнджамэна Ўорфа пра ўплыў мовы на ўспрыманьне сьвету. Але і лад жыцьця ўплывае на моўныя інструмэнты. Прыналежнасьць народу да пэўнага цывілізацыйнага абшару ўзаемазьвязаная з моваю. Вось жа і я міжволі шукаю повязяў мовы з мэнталітэтам ледзьве ня ў кожным прыназоўніку. Часам, магчыма, перабольшваю — але няхай мяркуе чытач.
***
„Атляс моваў сьвету ў небясьпецы“ UNESCO — дакумэнт даволі змрочны, нагадвае эпідэміялягічную мапу. Беларуская мова там пазначаная як vulnerable (аслабленая, уразьлівая). Гэта першая ступень небясьпекі, ніжэй яшчэ чатыры — да поўнага зьнікненьня мовы. Але мы зможам зрабіць наступны крок угару, а ня ўніз. А перажытае забясьпечыць імунітэт і мове, і празь яе ўсім нам. Уласна кажучы, кніга пра гэта.
беларуская
дзяржава?
3 красавіка — Дзень дзяржаўнасьці беларускае мовы
Ужо праз тыдзень пасьля 25 Сакавіка 1918 году айцы-заснавальнікі БНР, поруч зь іншымі дзяржаватворчымі захадамі, задбалі пра статус беларускае мовы:
Народны Сакратарыят Беларускае Народнае Рэспублікі прыняў пастанову пра абвешчаньне беларускае мовы дзяржаўнаю і абавязковаю моваю Рэспублікі. Нацыянальным мяншыням Беларусі дазваляецца карыстацца сваёю моваю ў афіцыйных дачыненьнях зь дзяржаўнымі ўстпановамі. Усе акты, дакумэнты і ліставаньне ўрадавых установаў павінны адбывацца на дзяржаўнай беларускай мове.
(Архівы БНР. Укл. С. Шупа. Т. I, кн. 1. С. 74)
Гэта, як сказалі б цяпер, урадавы прэс-рэліз ад 3 красавіка 1918 году. Пісаны яшчэ па-расейску, пераклад мой. Ключавыя словы тут — беларуская мова дзяржаўная і абавязковая.
(Дарэчы, тамы „Архіваў БНР“ варта перачытаць з гледзішча вось такіх актаў ды іхных да-
таў — там пачаткі беларускіх дзяржаўных службаў новага часу. Ужо добра-такі муляе штогадовы набор нейчых „дзён“ — мэдыка, паштара, пажарніка, міліцыі, мытнай службы і г.д. Яны выводзяцца ад савецкіх актаў і падзеяў, часта супадаюць з расейскімі. А калі для „прафэсійных сьвятаў“ падшукваюць тутэйшыя падзеі, то зьвязаныя з імпэрыяй ці БССР — як „Дзень міліцыі", які адлічваецца ад прызначэньня сумнавядомага М. Фрунзэ часовым начальнікам міліцыі Ўсерасейскага земскага саюзу ў Менску).
Але вярнуся да дзяржаўнасьці мовы.
Натуральна, мусім памятаць і Статут ВКЛ 1566 году з істотнаю праўнаю навацыяй:
А пісар земскі маець па-руску, літарамі і словы рускімі, усі лісты і позвы пісаці, а ня іншым языком і словы...
(Разьдзел 4, арт. 1)
Была і інструкцыя часоў Першае ўсясьветнае вайны, якую падпісаў нямецкі генэрал-фэльдмаршал Паўль фон Гіндэнбург 16 студзеня 1916 г. і дзе беларуская мова пасьля доўгага перапынку набывала роўныя зь іншымі мясцовымі мовамі правы ў адукацыі ды рабілася адною з афіцыйных у грамадзкай і самакіравальнай дзейнасьці. (Вядома, бяз захадаў беларускіх дзеячоў гэта было б немагчыма.)
Памятаем і пастановы раньняй ССРБ-БССР пра выкарыстаньне ва ўстановах чатырох моваў,
а менавіта беларускай, расейскай, польскай ды ідыш, прычым беларуская мова вызначалася як „пераважная для дачыненьняў“. Такі стан быў з 1920-га фармальна да 1938 году.
Зрэшты, тэрміну „дзяржаўнасьць мовы“ і за бальшавікамі, і ў вышэйпералічаных дакумэнтах не было. 26 студзеня 1990 году — гістарычны дзень прыняцьця (у выніку працяглае грамадзкае кампаніі) Закону аб мовах, паводле якога беларуская ўрэшце вярнула сабе статус адзінай дзяржаўнай.
***
Але ўсё ж першым рашэньнем аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай, адпаведным сучасным дзяржаўна-праўным нормам і прынятым самімі беларусамі, была тая пастанова Народнага Сакратарыяту БНР ад трэцяга красавіка.
A 24 траўня 1918 г., паводле гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага, Рада БНР прыняла і закон пра абвешчаньне на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнага статусу беларускай мовы.
Такі крок БНР насьпяваў, хоць трэба было адольваць і непрыхільнае стаўленьне расейскіх і польскіх вялікадзяржаўнікаў, і прарасейскія настроі ў земскіх самакіраваньнях, і інэрцыю некаторых беларускіх дзеячоў. Аргумэнты супраць дзяржаўнасьці беларускае мовы, што гучалі тады, прынцыпова не зьмяніліся і цяпер. Яшчэ на Ўсебеларускім зьезьдзе ў сьнежні 1917 году гучалі галасы, што па-беларуску немагчыма вы-
кладаць усе прадметы, бо мова нібыта ня можа перадаваць усе навуковыя паняцьці.
Але глеба рыхтавалася: прыкладам, яшчэ да абвешчаньня незалежнасьці Беларускі вайсковы зьезд Паўночнага фронту ў Віцебску ў сьнежні 1917 г. пастанавіў, што беларуская мова павінна прызнавацца афіцыйнай мовай ва ўсіх дзяржаўных і грамадзкіх установах краю — праўда, разам з агульнадзяржаўнаю тады расейскаю.
А вось Беларускі нацыянальны камітэт у Магілёве 5 чэрвеня 1918 г. рэагаваў на прыняцьце закону аб дзяржаўнасьці беларускае мовы інакш: „Вітаючы адраджэньне беларускай народнай мовы і росквіт беларускай літаратуры, паэзіі і мастацтва, Камітэт лічыць, што ўвядзеньне ў дзяржаўнае справаводзтва беларускай мовы як абавязковай [ёсьць] нясвоечасовым крокам“. (Прыклады і цытаты з манаграфіі У. Ляхоўскага „Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 г.“. Беласток Вільня, 2010.)