Нe сьмяшыце мае прыназоўнікі
Вінцук Вячорка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2017
(Арт. 1)
Вось такі фундамэнтальны падыход — прыярытэт правам гістарычнай моўнай супольнасьці ды зьберажэньню ўласьцівай тэрыторыі мовы. (Дэклярацыя імкнецца апісаць усе выпадкі: моўныя супольнасьці маюць таксама вандроўныя або расьсеяныя народы.)
Дыскрымінацыя моўных супольнасьцяў недапушчальная. Гістарычныя моўныя супольнасьці, што зазнавалі моўную дыскрымінацыю, „дзеля ўсталяваньня дастатковай сацыялінгвістычнай раўнавагіі1 маюць дадатковае права на „кампэнсацыйныя захады“ (Арт. 2). Інакш зьберагчы моўную разнастайнасьць чалавецтва няма як. Бо мова мае варункі захаваньня й разьвіцьця, a значыць, і пэрспэктыву толькі ў моўных супольнасьцях, што ўзьніклі натуральна:
„Гэтая Дэклярацыя выключае, каб мова магла разглядацца як уласьцівая тэрыторыі на падставе таго, што яна зьяўляецца афіцыйнаю моваю дзяржавы або традыцыйна выкарыстоўвалася на гэтай тэрыторыі ў якасьці мовы адміністрацыі ці ў рамках пэўных відаў культурнай дзейнасьці ” (Арт. 6).
Адсюль вынікае, што расейскамоўныя ў Беларусі (як і ва Ўкраіне) не складаюць гістарычнай моўнай супольнасьці. Хоць індывідуальныя моўныя правы, натуральна, маюць. Мой знаёмы юрыст (які, між іншым, памяняў грамадзянства ЗША на ўкраінскае) Іван Лазавы, будучы „на Ўсходзе“, у інтэрвію для Радыё Свабода пасьля чарговай апэрацыі на Луганшчыне эмацыйна кажа:
„...Нам трэба павялічыць на расейскай мове трансьляцыі ў Луганскай вобласьці? Трэба, наадварот, людзей прывучаць да таго, што гэта Украіна, што існуе ўкраінская мова, трэба яе разумець. Хочаце сумовіцца на расейскай — калі ласка, ці на іншай мове, але гэта Ўкраіна! Каб людзі не засталіся ў гэтым падвешаным стане, калі яны самі ня ведаюць і ня дбаюць, Украіна там ці Расея, хто там ваюе, абы яно ўсё спынілася...”
Менавіта моўная супольнасьць, паводле Дэклярацыі, мае на сваёй тэрыторыі неад’емнае права „...валодаць любымі сродкамі, неабходнымі для забесьпячэньня пераемнасьці сваёй мовы і яе перадачы ў будучыню” (Арт. 8). А мове групы або індывіда такія гарантыі пэрспэктывы павінна даваць свая моўная супольнасьць на яе гіста-
рычнай тэрыторыі. Расейская мова выжыве і без заканадаўчай падтрымкі ў Беларусі ці Ўкраіне, дзеля гэтага ёсьць Расея і фэдэральная праграма „Русскнй язык“ у ёй.
Так вырашаецца складанае пытаньне стасункаў паміж індывідуальнымі і супольнымі моўнымі правамі. Кожны, прыкладам, у Беларусі павінен мець права і магчымасьць ужываць беларускую мову ў любой сфэры і сытуацыі.
Ёсьць і адказ на „кітайскі аргумэнт" супраць беларускай мовы ва ўнівэрсытэтах. Індывідуальнае права чужамоўнага ня можа парушаць правы гістарычнай моўнай супольнасьці:
„Кожны мае права ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць у грамадзтве на сваёй уласнай мове ў той меры, у якой гэтая мова зьяўляецца таксама моваю, уласьціваю тэрыторыі, на якой ён жыве“ (Арт. 12); „Кожны мае права атрымліваць адукацыю на мове, уласьцівай тэрыторыі, дзе ён жыве“ (Арт. 29).
***
Брашура з Дэклярацыяй па-беларуску (інтэрнэту яшчэ не было) у 1990-я гады хадзіла па руках; мацнела ўражаньне, што неўзабаве Дэклярацыю ўхваліць ААН і афіцыйны Менск хоцькі-няхоцькі будзе вымушаны яе выконваць.
Пасьля зацьверджаньня УДМП павінна была стаць у шэраг асноватворных міжнародных пагадненьняў — Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакту „Аб грамадзянскіх і палітычных правах“ і г.д.— і легчы
ў аснову дзейнасьці Рады моваў пры ААН ды кансультацыйнай Усясьветнай камісіі моўных правоў. Але ўсё пайшло ня так гладка.
Гаворка ў гнезьдзішчы
Я сустрэўся зь лідэрамі міжнароднай арганізацыі CIEMEN, якая разам з моўна-перакладніцкай камісіяй Міжнароднага ПЭН-цэнтру цяпер адказвае за Дэклярацыю.
У сустрэчы ўдзельнічаў Аўрэлі Аржэмі, сустаршыня Кіроўнага камітэту Усеагульнай дэклярацыі моўных правоў, заснавальнік і ганаровы старшыня CIEMEN, колішні сакратар каталёнскага абата і незалежніка A. М. Эскарэ. Аўтар „Поклічу салідарнасьці ў абароне мовы, культуры і каталёнскай нацыі“, стваральнік Фундацыі за калектыўныя правы народаў, дырэктар міжнароднага Цэнтру моўных правоў і заканадаўства „Мэркатар“ і г.д.— патрыярх моўнага змаганьня.
Другім суразмоўцам быў маладзейшы Давід Фарньес — кіраўнік дасьледніцкага дэпартамэнту CIEMEN. Вось што распавялі мне каталёнскія калегі.
Ідэі Дэклярацыі у выглядзе гатовых формулаў ужо рэалізуюцца ў канстытуцыйнай і заканадаўчай практыцы асобных дзяржаваў. Паўднёваамэрыканцы цытуюць УДМП у канстытуцыях; урад Гішпаніі выкарыстоўвае Дэклярацыю ў афіцыйных дакумэнтах моўнага права.
Гэта добра. Але што адбываецца на глябальным роўні, — пытаюся я.
У канцы 1990-х моўная структура UNESCO (Адукацыйная, навуковая і культурная арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў) LinguaPax ухваліла Дэклярацыю ў цэлым, хоць парэкамэндавала скараціць. Старшынём UNESCO тады быў каталёнец — Фэдэрыка Маёр Сарагоса. Але, на жаль, ён асабіста ня змог удзельнічаць у сэсіі UNESCO ў Парыжы, дзе Дэклярацыю мелі ўключыць у парадак дня Генэральнай Асамблеі ААН. Іншы спавяшчальнік ставіўся да Дэклярацыі ня надта прыхільна, і ў выніку наконт яе нават не галасавалі.
Стратэгію памянялі. CIEMEN і PEN спрабавалі давесьці Дэклярацыю моўных правоў наўпрост да Генэральнай Асамблеі ААН. На розных этапах гэтыя намаганьні асабіста падтрымлівалі прадстаўнікі ў ААН Францыі, Мэксыкі, Румыніі, Армэніі, Нарвэгіі, Этыёпіі (як бачым, зусім розных дзяржаваў). Урэшце надарыўся шанец — прадстаўніца Балівіі, прызначаная Эва Маралесам (аўтахтонным амэрыканцам з паходжаньня), узялася паставіць пытаньне ў парадак дня. Але справу здыскрэдытаваў сам Маралес — сваёй антыдэмакратычнай палітыкай; Балівію слухаць не схацелі.
Галоўнае пытаньне — клясыфікацыя права на мову. Абаронцы Дэклярацыі дамагаюцца залічэньня моўных правоў да падставовых, жыцьцёва важных правоў чалавека. У 2008 г. на Радзе правоў чалавека ААН у Жэнэве Аўрэлі Аржэмі падкрэсьліў, што моўная разнастайнасьць мае абараняцца ў рамках правоў чалавека, а не
кулыпурных правоў. „Мовы ня маюць правоў, a вось людзі маюць моўныя правы. Менавіта з гэтай прычыны мы звычайна праводзім адрозьненьне паміж мовамі і культурамі“,— сказаў ён і заклікаў ухваліць Дэклярацыю моўных правоў ААН, якая б дапоўніла дзейную Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Але, на жаль, выніку не было.
Мяркую, адна з прычынаў — ніводная з буйных дзяржаваў або, прыкладам, Эўразьвяз не ўзяліся падтрымаць такі прарыў у міжнародным праве. Натуральна, я спытаў, як сябе паводзілі ў ААНаўскіх структурах прадстаўнікі Рэспублікі Беларусі, аднак каталёнцы іх проста не заўважылі.
Калегі запэўнілі мяне, што CIEMEN ня спыніць спробаў дзейнічаць праз Камітэт правоў чалавека ААН. Тымчасам Камітэт перакладу і моўных правоў Міжнароднага ПЭН-клюбу ўзначаліў Жузэп Марыя Тэрыкаўрас (Josep Maria Terricabras) з каталёнскае Жыроны, і ён жа нядаўна стаў дэпутатам Эўрапейскага Парлямэнту. Ён бярэцца правесьці ідэі Дэклярацыі праз Эўрапарлямэнт. Але, зноў жа мяркую я, іх мае падтрымаць якая-небудзь вялікая фракцыя ЭП, вялікія дзяржаўніцкія партыі.
Суразмоўцы разумелі гэта. Давід Фарньес зазначыў, што CIEMEN каардынуе вырашэньне моўных праблемаў ня толькі з прадстаўнікамі несувэрэнных народаў, але, напрыклад, з ірляндцамі. (А іншых прыкладаў у Эўропе і няма, акрамя беларускага, падумаў сабе я...)
Менскі амон і франкісцкая паліцыя
Спыталі, ці гаворыць па-беларуску Лукашэнка. Прыйшла пара мне распавесьці пра нашае моўнае становішча — з гістарычным экскурсам, статыстыкай і прыкладамі з жыцьця. Пачуўшы, што ў нас падчас абвастрэньня палітычнае сытуацыі міліцыя „бярэ“ беларускамоўных (мова як прыкмета неляяльнасьці), ягомасьць Аўрэлі тут жа адрэагаваў: як у нас у Каталёніі за часы генэрала Франка.
Я сказаў, што пасьля перамогі Незалежнасьці у 1991 годзе хто-ніхто супакоіўся і думаў, што працэс адраджэньня незваротны, але аказалася, што нібыта незалежная дзяржава можа стаць варожаю беларускай мове. А потым, падрыхтаваўшы такім чынам глебу, прыходзіць Пуцін з „рускім мірам“. Значыць, грамадзтва не павінна спадзявацца толькі на дзяржаву нават у самых спрыяльных умовах. Каталёнцаў гэта зацікавіла, распытваліся, думаючы пра сваё.
Выслухаўшы мяне, Аўрэлі Аржэмі папрасіў: „Напішыце, калі ласка, пра моўную сытуацыю ў Беларусі ў наш бюлетэнь. I абавязкова патлумачце, што „рускі мір“ Пуціна — гэта не аднаўленьне мадэлі СССР з роўнасьцю народаў і моваў...“. Старыя міты жывуць — ва ўсякім разе, на процілеглым канцы Эўропы.
Жыронскі маніфэст моўных правоў
Барацьбу за моўную разнастайнасьць сьвету вядзе цэлы архіпэляг арганізацыяў. Гэта EBLUL — Эўрапейскае бюро менш ужываных
моваў; Інстытут Linguapax, які заснавалі экспэрты UNESCO (і які асеў у Барсэлёне); Абсэрваторыя моўных правоў (стварылі баскі) і г.д. Гэта пераважна меншынёвыя арганізацыі. Пэўна, негалосна лічыцца, што калектыўныя правы моваў дзяржаватворчых народаў і так абароненыя іхнымі дзяржавамі.
Але разьмешчаны ў Лёндане Міжнародны ПЭН-клюб і яго Камітэт перакладаў і моўных правоў ня мае кляйма „мінарытарнае“ структуры. У верасьні 2011 году 77-ы кангрэс Міжнароднага ПЭН-клюбу ў каталёнскай Жыроне ўхваліў Жыронскі маніфэст моўных правоў, які ўжывае паняцьці й сьцісла паўтарае ідэі Ўсеагульнай дэклярацыі лінгвістычных правоў — з акцэнтам на патэнцыял мовы як творчага інструмэнту.
1. Моўная разнастайнасьць— гэта ўсясьветная спадчына, якую трэба шанаваць і берагчы.
2. Павага да ўсіх моваў і культураў — гэта аснова для наладжваньня і падтрыманьня міжкультурнага дыялёгу і міру ў сьвеце.
3. Усе людзі вучацца гаварыць у той супольнасьці, якая дае ім жыцьцё, мову, культуру ды ідэнтычнасьць.
4. Розныя мовы і розныя спосабы выказваньня — гэта ня толькі сродкі сувязі, але і асяродзьдзе, у якім выхоўваюцца людзі і будуецца культура.
5. Кожная моўная супольнасьць мае права выкарыстоўваць на сваёй тэрыторыі сваю мовуяк афіцыйную.
6. Школьнае навучаньне мусіць умацоўваць прэстыж мовы, якою карыстаецца моўная супольнасьць на сваёй тэрыторыі.
7. Пажадана, каб грамадзяне мелі ўяўленьне пра моўную разнастайнасьць, бо гэта спрыяе ўзаемаразуменьню ды інтэлектуальнай адкрытасьці, а таксама дапамагае лепш зразумець уласную мову.
8. Пераклад тэкстаў, асабліва вялікіх твораў розных культураў, надзвычай важны для глыбейшага разуменьня і ўзаемнай павагі людзей.