• Часопісы
  • Нe сьмяшыце мае прыназоўнікі  Вінцук Вячорка

    Нe сьмяшыце мае прыназоўнікі

    Вінцук Вячорка

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 316с.
    2017
    56.41 МБ
    ***
    Зразумела, імя па бацьку на -віч/-ўна за апошнія дзесяцігодзьдзі ўгнязьдзілася ў Беларусі.
    Многія нават не падазраюць, што зусім нядаўна (паводле гістарычнага маштабу) беларусы ня ведалі такой антрапанімічнай мадэлі. Мой тэкст — ня спроба яе выкараніць, хай сабе будзе. (Хаця яшчэ зьвярнуся да праблемы імёнаў па бацьку ад беларускіх народных формаў імёнаў — Алесь, Міхась, Пётра).
    Але спадар Вусовіч стварыў важны прэцэдэнт. Калі дзяржава, якая называе сябе беларускаю, ня дбае пра замацаваньне нацыянальнага іменаслоўнага канону, то яна прынамсі не павінна перашкаджаць сьведамым грамадзянам вяртацца да нацыянальнай традыцыі. I тады само жыцьцё вызначыць, якія формы найменьняў замацуюцца як нацыянальны стандарт.
    Колькі беларускіх імёнаў у Вэнэры і што такое Зорны Кол?
    Усе асноўныя зоркі й сузор’і маюць спрадвечныя беларускія імёны. Сіта, Вялікі Воз, Воўчая Зорка і нават Тры Каралі — на жнівеньскім небе.
    Жнівень — пара высока ўзьняць галаву. Прынамсі да зорнага неба. Паглядзім на яго зь беларускага моўнага гледзішча. Вось суседзі-літоўцы поруч зь міжнароднай астранімічнай намэнклятурай грэцка-рымскага паходжаньня ўжываюць свае народныя назвы. Групу зорак зь міжнароднаю назваю Пляяды палітоўску завуць Sietynas (я б пераклаў як Сітаўё, а менавіта Сіта — беларуская народная назва тае групы).
    Нацыянальныя астронімы (імёны нябесных целаў) у Літве любяць. Sietynas — гэта і падпольная арганізацыя XIX ст., і часопісы — як адраджэнцкія пачатку дзяржаўнасьці, гэтак і адраджэнцкія канца 1980-х, і каапэратывы, і спартовыя клюбы, і фірма сьвяцільнікаў.
    Мілавіцу стварыў дэміюрг — Ластоўскі
    I нам беларускі нябесны іменаслоў — дзякуючы магнэтызму астранамічных зьяваў — служыў бы невычэрпнаю крыніцаю найменьняў. Пакуль што ў нас у аналягічнай намінацыі ў лідэрах Вэнэра — дзякуючы многім беларускім най-
    меньням, якія яна мае. Скажам, Мілавіца. Мала якія беларускія назвы сёньня параўнаюцца зь ёю ў міжнароднай вядомасьці. Натуральна, я пра „Мілавіцу“ — вытворцу жаночае бялізны. Хіба што трактар „Беларус“ больш чуваць у сьвеце. Любяць слова Мілавіца і паэты, і сьпевакі:
    Водар закінутага саду,
    У небе зорка Мілавіца...
    Таямніцы паркавых прысадаў Пэўна, неаднойчы на чужыне Будуць мроіцца і сьніцца.
    Верш напісаў Сяржук Сокалаў-Воюш для Палянэзу ля-мінор Міхала Кляофаса Агінскага ў музычны альбом „Я нарадзіўся тут“.
    Але, пры ўсёй паэтычнасьці назвы, у яе народнасьці сумняваецца дасьледнік Цімох Авілін, які нядаўна выдаў грунтоўную кнігу „Этнаастраномія“ (выдавецтва „Тэхналёгія“, 2015).
    Навуковым падыходам фізык Авілін дэканструяваў некаторыя моўныя прапановы нашых вялікіх адраджэнцаў. Так, ён даказвае, што імя Мілавіца для Вэнэры ўвёў ва ўжытак у 1926 годзе ковенскі часапіс „Крывіч“, дакладней, артыкул Андрэя Красьневіча „Крывічанскія назовы гвёзд“, напісаны на падставе пачутага аўтарам у Вопсе на Браслаўшчыне. Што ж, магчыма, рэдактар — рамантык і моватворца Вацлаў Ластоўскі — сёе-тое прыпісаў, у тым ліку паэтычнае імя Вэнэры. Але нават калі і так, імя Мілавіца бясспрэчна пацэліла.
    Палявыя ж дасьледаваньні сьцьвярджаюць: вечаровую і ранішнюю Вэнэру нашыя продкі звалі адпаведна (і ня менш паэтычна J) Вечарніца (Вячорка) ды Зараніца (Заранка).
    Яе вобраз пад рознымі імёнамі не адпускаў Багдановіча.
    Ты ня згасьнеш, ясная зараначка,
    Ты яшчэ асьвеціш родны край.
    Беларусь мая! Краіна-браначка!
    Ўстань, свабодны шлях сабе шукай!
    Тая ж улюбёная Багдановічава зорка, але ня ранішняя-адраджэнцкая, а рамантычна-вечаровая, пад сваім лацінскім імем — у песенным вершы пра зорку Вэнэру. Музыка Сымона РакаМіхайлоўскага, пра што часта забываюць, бо яго рэпрэсавалі бальшавікі ды забаранілі згадваць.
    Карацей, маем выбар сынонімаў (У старабеларускай акадэмічнай традыцыі Вэнэру-плянэту і Вэнэру — жарснае каханьне звалі Вэнус, бо ведалі лацінскую граматыку.) А сярод народных назваў яшчэ Сьвітальная зорка — пра ранішнюю Вэнэру, Месяцова памочніца, а нават Воўчая зорка — пра вечаровую.
    Думаю, многія з вас, як і я, былі некалі ўражаныя пачаткам Караткевічавага раману „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“. Нябёсныя знакі не абяцалі нічога добрага ў тым годзе:
    ...3 самага пачатку году і кожны вечар заранкі былі чырвоныя, як кроў a ветру наступнага дня не было	Казалі: коньнік на „маці мора“ скача як шалёны і дзідай сваёй паказвае авама і сема,
    туды і сюды, на захад і на поўдзень і на ўсход, абы толькі не на Зорны Кол, як пю належыць.
    Паразьбівалася ў той год караблёў — Божа ты мой!
    „Маці мора“ — компас. Ён не хацеў паказваць на Зорны Кол — Палярную зорку. Народныя мэтафарычныя назвы падкрэсьліваюць яе нерухомасьць і тое, што як бы вакол яе абяртаецца астатняе неба. Зьбіральнікі зафіксавалі Зорны Гвозд, што ж да Зорнага Кала —то думалі, ці не стварыў ці скалькаваў гэтую назву зь цюрскіх моваў сам Караткевіч (а ён мог!). Але Цімох Авілін сьведчыць, што 10 гадоў таму так казалі людзі, прыкладам, на Барысаўшчыне.
    Дарога ў вырай
    Нашую Галяктыку мы бачым як паласу мірыядаў зорак. ГаЛаДад [galaxias] na-грэцку і азначае „малочны“, ёсьць і адпаведны міт пра разьлітае грудное малако Геры, Дзэўсавай жонкі. Але афіцыйная назва „Млечны шлях“, хоць яна і ад грэцкай, аднак не кладзецца ў гукавы лад беларускае мовы. Беларускія словы маюць поўнагалосьсе, а паўднёваславянскія, у тым ліку так званыя царкоўнаславянскія,— адпаведна няпоўнагалосныя карані (якія пазычала адтуль расейская мова). Малочны — млечный, палон — плен, халодны — хладный, вароты — врата, горад — град, нораў — нрав, варона — врана, сарочка... Зрэшты, прыкладаў шмат.
    Няма патрэбы называць сьціжму зорак ня грэцкім і не сваім словам, а русізмам. Пагатоў
    маем выбар народных назваў: Дарога Птушкам абоДарогаў Вырай, Божая Дарога, Зорны Шлях, Дарогаў Рым ці Ерусалім ці Кіеў. Сустракаецца, як ва Украіне, і Чумацкі Шлях — зоры паказвалі дарогу чумакам, што хадзілі ў Крым па соль.
    Слова Дарога для апісаньня гэтай велічнай нябеснай праявы ў палявых запісах народнае мовы часьцейшае, чым Шлях або Гасьцінец. Але, здаецца, менавіта спалучэньне Птушыны Шлях як асноўнае замацоўваецца ў новай беларускай культуры і адпаведна ў літаратурнай мове. Анатоль Сыс:
    А хто ня верыць, ведайце: Багрым пачаў з кажана, скончыў жаўрукамі. Мы нават і ў нябёсах не згарым, Птушыны Шлях намацаем нагамі!
    Задыяк клясычны й свой
    Для некаторых задыякальных сузор’яў, імёны якіх антычнага радаводу, беларускія тэрмінолягі ў 1920-я гады замацавалі больш беларускія назвы, без стылізацыі пад царкоўнаславяншчыну: Баран, Бык, Дзяўчына, Казларог, Вадаліў. Але, магчыма, нашыя продкі мелі і свой задыяк, які не супадаў з грэцка-рымскім.
    Літоўскі этнаастраном Ёнас Вайшкунас — мой даўні знаёмец яшчэ з часоў супольнае барацьбы за нацыянальнае адраджэньне двух народаў сярэдзіны 1980-х, калі нашая „Талака“ ды аднайменны літоўскі клюб „Та1ка“ падтрымлівалі адно аднаго. Дык вось ён перакананы, што дванаццаць
    выяваў XVI ст. на браціне (рытуальным каўшы) з Горадні, што захоўваецца ў раўбіцкім музэі, і ёсьць тутэйшы задыяк. Вайшкунас кажа, што коўш балцкі, а балцкі складнік — неад’емная частка этнагенэзу беларусаў.
    Браціна (рытуальны коўш). Горадзеншчына. Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, Музэй беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. Адпаведнасьць выяваў знакаў задыяку паводле Ёнаса Вайшкунаса: Рыбы — Пярун (маланка), Баран — аўчына, Бык — коньнік (Пагоня), Блізьняты — два Ваяры за Сонца, Рак — Пава (дакладней, відаць, Паўлін), Леў — Пава, Дзяўчына — Жораў, Шалі — два Сонцы (восеньскае раўнадзенства?), Скарпіён — Алень з аленяняткам, Стралец — Ваяр зь дзідай, Казларог — Казёл з Сонцам на сьпіне, Вадаліў— Конь.
    Надзвычай цікава. Але задыяк нашых продкаў — самастойная вялікая тэма, якая закранае міталёгію, народную касмалёгію, узыходзіць да індаэўрапейскіх гарызонтаў, і тут яе разьвіваць пакуль ня будзем.
    Пярун сеў на калёсы
    Найбольш вядомыя незадыякальныя сузор’і спрадвеку маюць народныя назвы і, натуральна, міталягічнае значэньне. Вялікі і Малы Воз — гэта адпаведныя грэцкія Мядзьведзіцы. Сапраўды, канфігурацыя найярчэйшых зорак нагадвае аглоблю і калёсы.
    Ёсьць варыянт Ільлёў Воз. Народны Ільля ўвабраў у сябе многія рысы Перуна. Існуе і літоўская назва Perkiino Ratal. Таму можна рэканструяваць і беларускую форму Перуновыя Калёсы / Перуноў Воз.
    А пра якое сузор’е сьпявае гурт „Ветах“? (Дарэчы, назва гурту таксама астранімічная, ветах — чацьвертая квадра месяца. Маладзік, поўня, сход, ветах/вятох.)
    Былі ў бацькі тры сыны, Усе ж яны Васілі.
    Этнакасмоляг Сяргей Санько тлумачыць: гэта сузор’е Тры Каралі, бо слова PaotXevg [basileus] па-грэцку і азначае манарха. Песьня калядная, калі адпаведнае сузор’е — Пояс Арыёна паводле міжнароднай клясыфікацыі — асабліва прыкметнае. А складаюцца Тры Каралі з трох зорачак. Завуць у нас гэтае сузор’е таксама Касцы. Запомнім проці ночы:
    Млечны Шлях — Птушыны Шлях, Дарога ў Вырай, Божая Дарога, Зорны Шлях Палярная зорка — Зорны Кол
    Вэнэра — Зараніца, Заранка, Вечарніца, Вячорка, Воўчая Зорка, Мілавіца
    Вялікая і Малая Мядзьведзіца — Вялікі і Малы Воз
    Пляяды — Сіта
    Пояс Арыёна — Тры Каралі, Касцы
    Авен — Баран
    Цялец — Бык
    Дзева — Дзяўчына
    Казярог — Казларог
    Вадалей — Вадаліў
    беларускае
    слова
    Бацька ў кожнага свой
    Словы, а дакладней значэньні, якія мы ім надаём, могуць мяняць рэальнасьць у лепшы ці горшы бок. Ёсьць тэхналёгіі маніпуляцыі значэньнем словаў. Скажам, словы сьвядомы ці змагар у векавой беларускай моўнай і літаратурнай традыцыі цалкам пазытыўныя, маюць сваю сэмантычную нішу. Але імпэрская прапаганда раней паціху, а цяпер з выкарыстаньнем сучасных інфармацыйных тэхналёгіяў больш агрэсіўна падмяняе, выварочвае значэньне беларускага і ўкраінскага слова сьвядомы/свідомйй. Нам варта не патураць такім маніпуляцыям нават у гарачыні палемікі, а бараніць сваё сэмантычнае поле.
    Словамі з катэгорыі сямейнай лексыкі, здавалася б, маніпуляваць немагчыма. Але спрабуюць. Я пра слова бацька як мянушку кіраўніка дзяржавы.
    А. Лукашэнка з канца 1990-х гадоў сыстэматычна называе сябе ў трэцяй асобе „бацька“. Гэта самая простая тэхналёгія ўкараненьня неўласьцівага значэньня слова ў аўтарытарных умовах.